Tribuna/Футбол/Блогі/Гюндаган нарэшце ў «Барсе»: касмічная клаўсула, цікавы пункт у кантракце, пакуль што без нумара

Гюндаган нарэшце ў «Барсе»: касмічная клаўсула, цікавы пункт у кантракце, пакуль што без нумара

Цёпла развітаўся з «Сіці».

26 чэрвеня, 18:00
Гюндаган нарэшце ў «Барсе»: касмічная клаўсула, цікавы пункт у кантракце, пакуль што без нумара

Цяпер афіцыйна – мінус адзін топавы свабодны агент гэтага лета. Ілкай Гюндаган нарэшце вызначыўся са сваёй будучыняй, падпісаўшы кантракт з «Барселонай». 32-гадовы нямецкі паўабаронца дастаўся каталонцам традыцыйным для апошніх гадоў спосабам – бясплатна. Яго кантракт з «Манчэстэр Сіці» падышоў да канца.

Галоўныя факты пра гэтае падпісанне:

🔶 здзелка разлічаная да 2025 года з опцыяй падаўжэння на адзін сезон;

🔶 клаўсула Гюндагана складае аж 400 млн еўра, нягледзячы на ўзрост;

🔶 пра цікавы пункт у кантракце паведаміла выданне Diario Sport – калі «Барселона» не паспее зарэгістраваць гульца да 1-га тура Ла Лігі, то ён бясплатна сыдзе. Яшчэ свежая ў памяці гісторыя мінулага сезона, калі перад першым матчам чэмпіянату каталонцы не маглі заявіць усіх навічкоў. У клубе далі Ілкаю гарантыі, што гэта не паўторыцца, але сам гулец захацеў задакументаваць гэта;

🔶 часткова па гэтай прычыне нумар Гюндагана пакуль што не абвясцілі.

Адразу пасля навіны пра падпісанне афіцыйны акаўнт «Барселоны» ў Twitter апублікаваў відэазварот Гюндагана да заўзятараў «блаўгранас»:

«Прывітанне, кулес! Я вельмі шчаслівы, што падпісаў кантракт з «Барсай». Я натхніўся перад пачаткам гэтай новай прыгоды і рады далучыцца да гэтага цудоўнага клуба».

А пазней была апублікаваная калонка Гюндагана для The Players' Tribune, у якой ён больш падрабязна распавёў пра пераход:

«Калі і быў сэнс пераходзіць, дык толькі ў адзін клуб свету. Або «Барселона», або нічога. З дзяцінства я марыў надзець гэтую футболку. Упэўнены, у мяне наперадзе яшчэ некалькі гадоў гульні на найвышэйшым узроўні, і я проста хачу дапамагчы «Барсе» вярнуцца на заслужанае месца.

Мы з маім старым сябрам Робертам Левандоўскім уз'яднаемся. Я рады згуляць пад кіраўніцтвам яшчэ аднаго трэнера, якім доўгі час захапляўся. Калі мы з Хаві размаўлялі пра праект, усё здавалася такім натуральным. Я бачу, што нашыя характары вельмі падобныя. Мы падобна глядзім на гульню. Я не магу дачакацца, калі згуляю ў футболцы «Барселоны», – напісаў гулец.

Хаві вельмі хацеў, каб «Барселона» падпісала Гюндагана. Трэнер паабяцаў Ілкаю ключавую ролю ў камандзе і месца ў стартавым складзе, ён бачыць немца карысным адразу на чатырох пазіцыях. У трэнера і гульца было як мінімум тры размовы.

Упершыню пра цікавасць каталонскага клуба да Гюндагана загаварылі яшчэ ў 2022-м. За гульца, па чутках, таксама змагаліся «ПСЖ», «Арсенал», «Мілан» і шэраг іншых каманд, але менавіта з «Барселонай» часцей за ўсё звязвалі яго будучыню ў выпадку пераезду з Манчэстэра.

У мінулым сезоне ён выйграў АПЛ, Кубак Англіі і Лігу чэмпіёнаў, быў адным з найлепшых футбалістаў каманды Пепа і нават патрапіў у топ-4 гульцоў сезона па версіі выдання Goal. Дык чаму ён не працягнуў кантракт з найлепшай камандай свету на дадзены момант?

Першапачаткова паведамлялася, што праблема ў перамовах палягае ў тым, што Ілкай хацеў атрымаць кантракт мінімум на 2 гады (паколькі цяжарная жонка хацела ўпэўненасці ў найбліжэйшай будучыні), у той час як кіраўніцтва «Сіці» прапаноўвала пагадненне па схеме 1+1. Паралельна «Барселона» кантактавала з гульцом. А калі, паводле інфармацыі As, манчэстэрскі клуб усё ж такі пагадзіўся на двухгадовы кантракт, было ўжо позна.

Аднак дакладная прычына няўдалых перамоў паміж клубам і гульцом да гэтага часу невядомая, магчыма, калісьці сам Ілкай распавядзе дэталі. Пеп Гвардыёла неаднаразова і адкрыта паведамляў, што хацеў бы, каб Гюндаган застаўся ў складзе яго каманды, але кардынальна паўплываць на сітуацыю ўжо не мог.

Але развітанне з ужо былым клубам усё роўна прайшло цёпла. Афіцыйны сайт «Манчэстэр Сіці» апублікаваў словы футбаліста, які выступаў за іх з 2016 года:

«Быць часткай «Манчэстэр Сіці» на працягу сямі гадоў – гэта сапраўдны гонар і задавальненне для мяне. Манчэстэр быў маiм домам, у «Сіці» я пачуваўся часткай адмысловай сям'і.

Мне пашчасціла перажыць так шмат незабыўных момантаў, а капітанства гэтага асаблівага сезона – самы вялікі досвед у маёй кар'еры.

Перш за ўсё я хацеў бы падзякаваць Пепу. Магчымасць так доўга гуляць пад яго кіраўніцтвам і вучыцца ў яго – гэта тое, што я ніколі не забуду. Таксама я хацеў бы падзякаваць усім партнёрам па камандзе – і цяперашнім, і папярэднім. Яны адыгралі асаблівую ролю ў тым, каб зрабіць мой час тут такім неверагодным. І, вядома, я хачу падзякаваць неверагодным фанатам «Ман Сіці». Яны падтрымлівалі мяне з моманту пераходу, і я дзякую за гэтую падтрымку.

Я захаваю «Сіці» у сэрцы. Назаўжды сіні», – сказаў Гюндаган.

Нагадаем, што ў складзе «Манчэстэр Сіці» Гюндаган правёў 304 матчы, у якіх забіў 60 мячоў і зрабіў 40 асістаў. А таксама выйграў:

🏆 АПЛ х 5

🏆 Кубак Англіі х 2

🏆 Кубак лігі х 4

🏆 Суперкубак Англіі х 2

🏆 Ліга чэмпіёнаў х 1

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты