Tribuna/Футбол/Блогі/Прэзідэнт «Крузейра» закруціў раман з жонкай арбітра – кажуць пра помсту за прайграны фінал

Прэзідэнт «Крузейра» закруціў раман з жонкай арбітра – кажуць пра помсту за прайграны фінал

Бразільскі серыял.

20 ліпеня, 13:10
1
Прэзідэнт «Крузейра» закруціў раман з жонкай арбітра – кажуць пра помсту за прайграны фінал

У бразільскім футболе здарылася гісторыя, якая па сваім сюжэце і драматургіі нагадвае мыльную оперу. У эпіцэнтр скандалу патрапіў прэзідэнт клуба «Крузейра», адзін з мясцовых арбітраў і яго жонка. Сітуацыя, калі ўсё складана.

***

Серхіа Сантас Радрыгес разам з жонкай выхоўваюць траіх агульных дзяцей. У траўні гэтага года 40-гадовы прэзідэнт «Крузейра» (галоўны акцыянер клуба – Раналда) стаў бацькам у трэці раз. Пра што з гонарам паведаміў на сваёй старонцы ў інстаграме.

«Місія: засяліць свет! Можа, яшчэ па адным, Фернанда?» – жартам звярнуўся Серхіа да сваёй жонкі.

На гэтым тыдні бразільскі журналіст Леа Дыяз выдаў вогненны эксклюзіў. Прэзідэнта «Крузейра» 15 чэрвеня знялі на відэа ў адным з начных клубаў, дзе мужчына горача абдымаўся і цалаваўся з брунеткай. У жанчыне пазналі жонку арбітра арбітра Феліпэ Фернандэса Лімы.

Мясцовыя СМІ адразу знайшлі матыў гэтага ўчынку прэзідэнта «Крузейра». Маўляў, мужчына спакусіў жанчыну, каб адпомсціць арбітру за яго працу на матчы свайго клуба. У мінулым годзе Ліма судзіў фінальны матч чэмпіянату штата Мінейра. «Крузейра» саступіў «Атлетыка Мінейра» з лікам 1:3, а Сантас Радрыгес быццам бы быў вельмі злы на суддзю.

І хаця тады больш пісалі пра тое, што «Атлетыка Мінейра» скарыстаўся памылкамі ў абароне суперніка, але трэці мяч каманда забіла пасля пенальці – Халка збіў брамнік «Крузейра» пасля выхаду сам-насам у штрафной плошчы.

(момант на 2:25)

Жонка Лімы, якую завуць Тасіяна Валім, таксама дастаткова вядомы і публічны чалавек. Яна з“яўляецца генеральным сакратаром Бразільскай асацыяцыі юрыстаў штата Мінас-Жэрайс. А яшчэ іронія ў тым, што Тасіна – віцэ-прэзідэнт камісіі па пытаннях права і сям'і гэтага штата.

Удзельнікі гэтага любоўнага трыкутніка ці квадрата не каментуюць сітуацыю. Арбітр толькі сказаў журналістам: «Я размаўляю з ёй (Тасіянай)». Старонкі мужа і жонкі ў сацсетках не актыўныя пасля таго, як успыхнуў скандал. Прэзідэнт «Крузейра» таксама маўчыць пра свае прыгоды, а профіль яго жонкі ў інстаграме мае статус «Гэта прыватны ўліковы запіс».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты