Tribuna/Футбол/Блогі/Фантастычны шлях «Уніяна»: яшчэ 15 гадоў таму былі ў 3-м дывізіёне, а сёння падпісваюць Банучы і гуляюць з «Рэалам» у ЛЧ

Фантастычны шлях «Уніяна»: яшчэ 15 гадоў таму былі ў 3-м дывізіёне, а сёння падпісваюць Банучы і гуляюць з «Рэалам» у ЛЧ

«Мы не павінны былі быць настолькі паспяховымі!»

21 верасня, 05:18
Фантастычны шлях «Уніяна»: яшчэ 15 гадоў таму былі ў 3-м дывізіёне, а сёння падпісваюць Банучы і гуляюць з «Рэалам» у ЛЧ

Напярэдадні дэбютнага матчу берлінскага «Уніяна» ў Лізе чэмпіёнаў супраць «Рэала» па сеціве гуляла прымітыўная, але дастаткова паказальная статыстыка:

Матчаў у ЛЧ: «Рэал» 474:0 «Уніён»; Перамог у ЛЧ: «Рэал» 283:0 «Уніён»; Галоў у ЛЧ: «Рэал» 1042:0 «Уніён»; Кубкаў ЛЧ: «Рэал» 14:0 «Уніён». Знаёмства нямецкага клуба з самым прэстыжным клубным турнірам адбылося ў сераду на «Санцьяга Бернабеу». Няхай яно атрымалася не самым удалым («Рэал» вырваў перамогу на апошніх хвілінах 1:0), але, як ні круці, гэта чарговая прыгожая гісторыя ў летапісе берлінскага клуба.

Яшчэ 15 гадоў таму «Уніён» рыхтаваўся да матчаў трэцяй лігі

Гісторыя берлінскага клуба адлічваецца ад далёкага 1906 года, але менавіта пад назвай «Уніён» ён фактычна пачаў гуляць на агульнанямецкім узроўні з сезона 1991/92 - амаль праз год пасля ўз'яднання краіны.

З тых часоў як каманду на футбольным полі, так і клуб як структуру ў цэлым увесь час гойдала - «Уніён» блукаў паміж другім і трэцім нямецкімі дывізіёнамі і пакутаваў ад фінансавых праблем (апагею яны дасягнулі менавіта пасля выхаду ў другую Бундэслігу). Мясцовыя заўзятары здавалі кроў і данацілі атрыманыя сродкі, каб клуб працягнуў існаванне, але ў 2004-м, калі бізнэсмэн і адзін з фанатаў «Уніёна» Дырк Цынглер стаў прэзідэнтам клуба, сітуацыя значна палепшылася.

Прынамсі, сітуацыя фінансавая, бо з футбольнага пункта гледжання эра Цынглера пачалася з вылету ў Оберлігу - чацвёрты на той момант (сёння - пяты) нямецкі дывізіён. Упэўнена можна сказаць, што менавіта тады берлінцы ўпалі на дно, ад яго можна было адштурхнуцца. Хутка калектыў зрабіў прамоўшэн, а ўсё, што было далей - толькі крокі наперад.

У сезоне 2008/09 «Уніён» перамог у розыгрышы трэцяй лігі, дзе гуляў з другімі камандамі «Баварыі», «Вердэра» і «Штутгарта» і вярнуўся ў другую Бундэслігу, і там правёў наступныя 10 гадоў. Гэта былі дзесясць зусім неправальных сезонаў, бо берлінцы ні разу не падалі ніжэй за 12-е месца і часам выдавалі вельмі нядрэнныя серыі матчаў, якія зараджалі заўзятараў. «Уніён» нават мог часам заскочыць у топ-3, але свой поспех каманда ўсё ніяк не магла пацвердзіць на дыстанцыі, праводзіла ўсё такія ж серыі, але ўжо з адмоўным вынікам, і падала ў табліцы.

Напярэдадні сезона-2018/19 каманду ўзначаліў знакаміты (прынамсі для «Уніяна») Урс Фішэр. Апошнім месцам працы швейцарца быў «Базэль», з якім ён двойчы браў чэмпіёнства і выйграваў Кубак Швейцарыі. Па збегу розных абставін ужо ў тым жа сезоне берлінцы скончылі рэгулярны чэмпіянат на трэцім месцы, а ў пераходных матчах прайшлі «Штутгарт» дзякуючы правілы выязнога голу.

Далей было так:

Затым так:

А ў выніку - вось так:

Але на гарызонце быў дэбютны сезон у Бундэслізе.

Яго «Уніён» скончыў 11-м, далей апынуўся на 7-й пазіцыі, затым на 5-й, а ў мінулым сезоне, на працягу якога дастаткова доўгі час узначальваў табліцу, заскочыў у топ-4 - то-бок у зону Лігі чэмпіёнаў.

Поспех берлінскай каманды на футбольным полі хаваецца ў прымітыўным футболе. Бундэслігу любяць за відовішчны футбол - там шмат забіваюць, нямала прапускаюць, атакай адной каманды перарываецца контратакай іншай, і ад усяго гэтага «гараць» заўзятары, якія ствараюць фенаменальную атмасферу на трыбунах.

Але ў гэты час у чэмпіянаце з'яўляецца «Уніён», які гуляе зусім інакш і навязвае свой стыль. Трывалы нізкі блок не дазваляе супернікам развіваць хуткія атакі і прымушае шукаць іншыя падыходы да брамы. Тут берлінцы ўжо бягуць у контрнаступ, бум - гол! А тут зарабілі кутні, падача - гол. «Як яны гэта робяць?» – пытанне, на якое да гэтага часу ў большасці клубаў Бундэслігі няма адказу.

Фішар неяк давёў да каманды, што шмат момантаў на працягу матча ў яе не будзе, таму карыстацца трэба кожным шанцам. У сезоне-2019/20 «Уніён» заняў 12-е месца, забіўшы ўсяго толькі 41 гол, - менш было толькі ў трох каманд, дзве з якіх вылецелі. У сярэднім каманда швейцарца наносіла ўсяго 4 удары ў створ варот за матч, а сярэдні xG калектыву спыніўся на паказніку 0,34.

З агульным xG 46,9 «Уніён» забіў 50 галоў у наступным сезоне, ідэнтычная сітуацыя была і ў сезоне-2021/22 (47 xG, 50 галоў), а ў мінулую кампанію 51 мяч прыйшоўся на 37,9 чаканых галоў. Мянялася толькі пазіцыя берлінцаў у табліцы - яны ўвесь час рухаліся ўверх.

Цяперашні сезон у чэмпіянаце Германіі каманда Фішэра пачала з дзвюх перамог з лікам 4:1, пасля чаго ўжо двойчы прайграла. Удзел у Лізе чэмпіёнаў таксама скіруе сезон каманды ў лагічнае рэчышча, але ўжо на дыстанцыі «Уніён» не толькі стаў галоўным клубам Берліна, але і сур'ёзным супернікам у Бундэслізе, у матчах з якім і «Баварыя», і «Дортмунд» ужо не раз гублялі пункты.

Яшчэ 15 гадоў таму «Уніён» рыхтаваўся да матчаў з браўншвейгскім «Айнтрахтам», «Вуперталерам» і «Вакерам» з мястэчка Бурггаўзен, а на гэтым тыдні ён згуляў на «Санцьяга Бернабеу» супраць самага паспяховага клуба ў гісторыі ЛЧ, і не сказаць, што моцна праваліўся.

Казка, у якую ніхто не паверыў бы ні 15, ні 5 гадоў таму.

Улетку «Уніён» добра ўзмацніўся: прыйшлі Банучы (!) і Гозенс, у арэнду прыехаў гулец «Чэлсі» і рэкордны трансфер «Лідса» ў гісторыі

Таксама тады ніхто не паверыў бы, што так хутка ў складзе «Уніяна» будуць гуляць футбалісты міжнароднага ўзроўню. Напярэдадні дэбютнага сезона ў Лізе чэмпіёнаў берлінскі клуб вельмі сур'ёзна ўзмацніўся, хоць і патраціў на трансферы ўсяго 32 млн еўра.

Самым дарагім набыццём берлінцаў стаў Робін Гозенс, які ў мінулым сезоне выходзіў у фінале Лігі чэмпіёнаў за «Інтэр». 29-гадовы немец упершыню ў сваёй кар'еры гуляе ў Бундэслізе і пачаў нядрэнна - мае 3 галы ў чатырох стартавых сустрэчах.

Цэнтральны абаронца Дыёгу Лейтэ, які ў мінулым сезоне гуляў за «Уніён» на правах арэнды, гэтым летам аформіў паўнавартасны трансфер з «Порту» за 7,5 млн еўра. Цэнтрфорварды Кевін Фоланд, Мікел Каўфман і Бенедыкт Холербах прыйшлі з «Манака», «Капенгагена» і «Веена» адпаведна, а ў арэнду прыехалі Брэндан Аарасан з «Лідса», Датра Фафана з «Чэлсі» і экс-футбаліст «Вэст Хема» Алекс Крал, які правёў мінулы сезон у «Шальке»

Цікава, што «Уніён» таксама ўзмацніўся двума гульцамі «Герты» - іншага берлінскага клуба і свайго прынцыповага суперніка. Апорнік Люк Тузар прыйшоў усяго за 2,8 млн еўра (у 2020-м пераходзіў у «Герту» за 25 млн еўра), а галкіпер Аляксандэр Шволаў прыйшоў на правах свабоднага агента.

Зрэшты, самае зорнае падпісанне «Уніяна» летам 2023-га - Леанарда Банучы. Італьянец са скандалам пакінуў «Ювентус», у якім зарабіў статус легенды сусветнага футбола і меў некалькі прапаноў з Серыі А, але «Уніён» з Лігай чэмпіёнаў аказаўся прыярытэтным варыянтам для 36-гадовага цэнтрбека.

Банучы ва «Уніяне» – такое нават гучыць фантастычна. Але гэта рэальнасць. Капітан берлінцаў Крыстафер Трымель распавёў The Athletic цікавую гісторыю напярэдадні матчу ў Мадрыдзе: «На мінулым тыдні мы сядзелі ў распранальні і гаварылі пра Бернабеу». Хтосьці спытаў Леа: «Ты калісьці гуляў там?» Трымель, калі цытаваў адказ Банучы, гучна смяяўся: «Ён сказаў, што гуляў там 5 разоў!»

Але галоўныя героі «Уніяна» - не навічкі. Капітан з клубам ужо 9 гадоў, 32-гадовы форвард гуляў у нямецкіх нізах, а сёння дае інтэрв'ю пра зборную Германіі

«Уніён» - гэта клуб з традыцыямі. Неверагодная фан-база, гісторыі пра здачу крыві, больш за 2000 заўзятараў, якія ўдзельнічалі ў рэнавацыі стадыёна, віншаванне кіроўцы аўтобуса ў афіцыйным твітары - усю гэтую рамантыку і клуб, і фанаты адчайна імкнуцца захаваць, але нават на футбольным полі ў каманды дастаткова гісторый, якія прымушаюць ёю захапляцца.

Напрыклад, усё той жа капітан Трымель далучыўся да «Уніёна» ў далёкім 2014-м, і ўжо тады выводзіў каманду ў некаторых матчах з капітанскай павязкай і прайшоў з ёю амаль увесь шлях у другім дывізіёне да выхаду ў Лігу чэмпіёнаў.

Крыстафер акрамя ўсіх сваіх футбольных дасягненняў улюбёнец фанатаў яшчэ і праз сваю асобу. Сам аўстрыец называе сябе неардынарным футбалістам, бо любіць татуіроўку (ягоная жонка - тату-майстарка), ездзіць на амерыканскім чоперы Harley-Davidson і ходзіць на панк-рок канцэрты. У Трымеля ёсць тату з колькасцю заўзятараў «Уніяна», ён разам з імі і кіраўніцтвам клуба абмяркоўваў кошты на піва і каўбаскі на стадыёне і ўвесь час мае зносіны з фанатамі і выслухоўвае іх меркаванне.

У лютым яму споўнілася 36, ён ужо не безальтэрнатыўны гулец старту, але менавіта яго асацыююць са ўсімі каманднымі поспехамі ў апошнія гады.

Яшчэ адна мясцовая зорка - 32-гадовы Кевін Берэнс. У актыве немца больш за 150 матчаў за розныя клубы Рэгіянальнай лігі (чацвёрты па іерархіі дывізіён Германіі) і амаль 100 матчаў у другой Бундэслізе. Летам 2021 года «Уніён» бясплатна падпісаў Берэнса пасля таго, як у яго скончыўся кантракт з другалігавым «Зандгаўзенам». У эліце нямецкага футбола Кевін дэбютаваў у 30 гадоў, і за мінулы сезон забіў 8 галоў у Бундэслізе, а сёлета яго ўжо сватаюць у зборную Германіі - пасля хет-трыка ў вароты «Майнца» ў першым туры. Усе тры мячы Берэнс забіў галавой (цікава, што 7 з 9 галоў гэтага сезона гульцы «Уніяна» забілі менавіта галавой), а пасля матчу па традыцыі сеў на свой ровар і з'ехаў дадому.

Ажыятажу адносна свайго перасоўвання роварам Берэнс не разумее: «Я езджу на ровары дадому ці на трэнаванні яшчэ з таго часу, як пачаў гуляць за «Уніён». Не чакаў і пасмяяўся, што гэта стварыла такі бум».

У гэтым кантэксце цікава ўзгадаць былога форварда берлінцаў Макса Крузэ, які на трэнаванні каманды прыязджаў на Lamborghini Urus.

***

У 2022 годзе журналіст Кіт Голдэн выпусціў кнігу пад назвай «Вось лайно! Мы рухаемся ўверх!» пра «нечаканы уздым паўстанцкага футбольнага клуба Берліна». Адна з найлепшых цытат у ёй належыць работніку медыя-каманды «Уніёна»: «Мы не павінны былі быць настолькі паспяховымі! Мы не павінны былі быць клубам Бундэслігі… Мне падабалася, калі мы гулялі супраць рэзервовай каманды «Вольфсбурга».

«Часам лоўлю сябе на думцы, што ўсё адбываецца вельмі хутка. Але мы не можам запаволіць гэты працэс», – кажа пра фантастычны шлях «Уніёна» Крысціян Арбайт, клубны дырэктар па камунікацыях і адначасова дыктар стадыёна «Штадыён ан дэр Альтэн Ф'ёрстэрай».

Арбайт - яшчэ адзін упарты заўзятар каманды, які знаходзіўся на трыбунах, калі на матчы «Уніёна» хадзілі 700 заўзятараў. Цяпер берлінцы распрадалі 60 тысяч сезонных абанементаў, іх гадавы абарот набліжаецца да 200 мільёнаў еўра, у складзе каманды гуляе Леанарда Банучы, а супернікі ў Лізе чэмпіёнаў - "Рэал" і "Напалі".

Шкада толькі, што матчы ЛЧ «Уніён» будзе гуляць не на сваім «Альтэн Ф'ёрстэрай», а на берлінскім «Алімпіяштадыёне». Трымель прызнаўся, што хацеў бы гуляць на родным атмасферным стадыёне, але разумее рашэнне прэзідэнта даць магчымасць большай колькасці заўзятараў наведваць сустрэчы Лігі чэмпіёнаў. Ужо праз два тыдні на матчы з «Брагай» чакаюць аншлаг - 74 тысячы заўзятараў.

Фота: Maja Hitij, Stuart Franklin/Bongarts, Jörg Carstensen/picture alliance/Global Look Press, DANIEL ROLAND/AFP/Global Look Press,

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты