Tribuna/Футбол/Блогі/Найгоршы клуб топ-ліг на старце – «Ліён»: Блан прасіў яго звольніць, ультрас прысаромілі гульцоў

Найгоршы клуб топ-ліг на старце – «Ліён»: Блан прасіў яго звольніць, ультрас прысаромілі гульцоў

Да гэтага часу не вялі ў ліку – ні хвіліны.

9 кастрычніка, 13:10
1
Найгоршы клуб топ-ліг на старце – «Ліён»: Блан прасіў яго звольніць, ультрас прысаромілі гульцоў

Футбольны сезон у Еўропе доўжыцца ўжо недзе прыблізна два месяцы. Але каманды, якія да гэтага часу не перамагалі, у топ-лігах яшчэ можна адшукаць – тут і «Борнмут», і «Кальяры», і «Альмерыя».

Але нечакана іншае – сярод іх усіх вылучаецца даволі знакаміты «Ліён».

«Ліён» набраў усяго два пункты за 7 тураў і забіў 3 мячы – ні хвіліны не вёў у ліку

У табліцы Лігі 1 «Ліён» апошні – мае ўсяго два пункты пасля сямі матчаў. Столькі ж у «Клермона» – аднак той і забіў больш (пяць супраць трох), і прапусціў менш (12 супраць 13).

Агулам у топ-5 ліг горшыя вынікі толькі ў «Шэфілда» – 1 пункт пасля 7 тураў (у «Кёльна» таксама адзін, але пасля шасці матчаў).

Што яшчэ больш дзіўна – гэтыя тры галы «Ліён» забіў тады, калі яны не рабілі надвор'е:

• «Страсбуру» – Нікалас Тальяфіка на 88-й хвіліне пры ліку 0:2;

• «Манпелье» – Аляксандр Ляказет на 69-й пры 0:3;

• «ПСЖ» – Карэнтэн Талісо на 74-й пры 0:4.

Усе астатнія клубы топ-5 ліг на любых адрэзках сваіх матчаў ужо вялі ў ліку ў гэтым сезоне. Свае адзіныя два пункты каманда ўзяла нічыімі з «Ніцай» і навічком «Гаўрам» – абедзве з лікам 0:0.

Яшчэ пасля матча з «ПСЖ» ультрас «Ліёна» прымусілі гульцоў каманды – сярод якіх некалькі вядомых імёнаў, як вышэйзгаданыя Ляказет, Тальяфіка, Талісо, а таксама Дуе Чалета-Цар, Раян Шэркі, Эйнслі Мэйтленд-Найлз – выслухоўваць прэтэнзіі да сябе.

«Вам, камандзе «Ліёна» сезона 2023/24. Гэтае паведамленне для вас. Да тых, хто ўжо зарабіў статус галоўных галасоў у распранальні. Паведамленне дакладнае. Калі ў распранальні ёсць сэрца, вы не маеце права далей маўчаць.

Вы апранаеце форму «Ліёна». Вы! Вы! Так, вы – не трэба хавацца. Калі вы хочаце пагаварыць асобна, калі хочаце нам што-небудзь расказаць, не праблема, мы можам пагаварыць пазней. Але зараз слухайце мяне, слухайце нас. Вы – тыя, хто апранае форму «Ліёна», іншыя апраналі яе да вас. Яны ўслаўлялі гэтую форму. Вы не маеце права яе пляміць. Вы не маеце права зараз дуцца, хіба маеце? Трансфернае акно зачынена».

Матывацыя пакуль не падзейнічала – пасля той прамовы «Ліён» не змог нават забіць.

Клуб уваходзіў у сезон з Бланам – той сам папрасіў яго звольніць, а Гласнер адмовіўся прыходзіць

У мінулым сезоне «Ліён» таксама штарміла – праз гэта ў кастрычніку звольнілі Петэра Боса, замест якога прызначылі вядомага экс-трэнера зборнай Францыі і «ПСЖ» Ларана Блана. Атрымалася так сабе – клуб фінішаваў сёмым і па-за еўракубкамі, аднак спецыяліста пакінулі яшчэ на сезон.

На старце гэтага сезона пасля паразы 1:4 ад «Манпелье» Блана на флэш-інтэрвʼю спыталі – што ж трэба змяніць, каб выправіць сітуацыю. Той шакіраваў адказам: «Трэба змяніць трэнера».

У выніку, кіраўніцтва клуба прыслухалася – і звольніла Блана, няхай і двума матчамі пазней.

Пошукі замены былі таксама «вясёлымі»: з самага пачатку кандыдатам на прызначэнне быў Джэнара Гатуза, быццам бы дамовіліся, аднак кіраўніцтва клуба на чале з Джонам Тэкстарам сумнявалася. Пайшлі запрашаць экс-трэнера «Айнтрахта» Олівера Гласнера – але той паглядзеў стартавыя матчы «Ліёна» ў сезоне і адмовіўся. Маўляў, занадта вялікі «маштаб выкліку». Звалі і Грэма Потэра – але той нібыта да гэтага часу не гатовы вяртацца да працы.

У рэшце рэшт, клуб узначаліў экс-гулец «Ліёна» Фабіа Гроса, які ў мінулым сезоне вывеў «Фразінонэ» ў Серыю А, пасля чаго пакінуў каманду. Кіраўніцтва на прэзентацыі трэнера было амбіцыйным – італьянец казаў пра вяртанне клуба «туды, дзе ён заслугоўвае быць» (пакуль з 16-га месца апусціўся на 18-е), уласнік Джон Тэкстэр казаў, што ў планах – вяртанне ў еўракубкі.

Пасля паражэння «Рэймсу» 0:2 ён звярнуўся да заўзятараў з адкрытым лістом – заклікаў працягваць падтрымліваць каманду і паабяцаў у студзені сур'ёзнае трансфернае акно:

«Фабіа зрабіў сур'ёзную працу. Кожны дзень ён даведваецца больш пра сваіх гульцоў. Некаторыя футбалісты добра рэагуюць на працу, якая ад іх патрабуецца, тады як іншыя відавочна не. На жаль, калі Фабіа тэстуе пэўных гульцоў у гэтай сітуацыі, ён не заўсёды атрымлівае станоўчы вынік, але ён уносіць адпаведныя карэктывы.

Як вы ведаеце, у студзені ў нас не будзе ніякіх абмежаванняў па ўзмацненні каманды. Будзьце ўпэўненыя, я ніколі не дазволю гэтаму клубу страціць свой прэстыж».

З уласнікам таксама не ўсё проста: на клуб наклалі абмежаванні па выдатках (абыходзіў праз бельгійскі фарм), кампанія, якая дапамагала выкупіць клуб, жадае сысці

Так, «Ліён» летам дакладна не быў узорным на трансферным рынку – DNCG, французскі футбольны орган, які кантралюе клубныя фінансы, наклаў на яго абмежаванні праз няздольнасць прадаставіць 60-мільённы дэпазіт. Гэтае рашэнне вельмі абурыла новага ўласніка клуба, які стаў яго мажарытарным акцыянерам толькі падчас мінулага сезона:

«Нас запрасілі набыць адзін з сапраўдных скарбаў футбола ў Францыі. Нас прасілі выплаціць чыстымі амаль 400 мільёнаў еўра яго даўнім акцыянерам, выплаціць 65 мільёнаў еўра наяўнымі зацікаўленым публічным акцыянерам, пагасіць доўг банка на 50 мільёнаў еўра, а затым знайсці яшчэ 60 мільёнаў еўра наяўнымі (і тэрмінова) толькі для «страхоўкі»…але нас яшчэ не просяць выконваць бізнес-план, заснаваны на нашых перакананнях, на карысць супольнасці, якой мы служым».

У рэшце рэшт, адно з набыццяў «Ліёна» ўдалося правесці дзякуючы «схематозу» – нападаючага Эрнэста Нуаму клуб узяў у арэнду ў бельгійскім клубе РВДМ. У чым праблема? У тым, што РВДМ за дзень да таго за 25 мільёнаў еўра набыў яго ў «Нардшэланда», а сам бельгійскі клуб належыць таксама Тэкстэру. УЕФА ўжо расследуе гэты выпадак.

Да таго ж кампанія Iconic, якая інвеставала 75 мільёнаў еўра ў набыццё 19% акцый «Ліёна», актывавала пункт пра перапродаж і патрабуе, каб Тэкстар вярнуў ім сваю долю. Iconic, якая з'яўляецца акцыянерам Eagle Football, холдынгавай кампаніі Тэкстара, дапамагла яму завяршыць набыццё «Ліёна» ў снежні-2022. Але цяпер Iconic хоча вярнуць свае сродкі, таму што «пагадненне паміж двума партнёрамі не было выканана». Магчыма, гэта датычыцца правалу IPO Eagle Football праз спецыяльную кампанію па куплі акцый.

Фота: Frederic Chambert, Panoramic/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты