Tribuna/Футбол/Блогі/У Італіі скандал: гулец «Ювентуса» прызнаўся, што ставіў на футбол, падазраюць i легiянераў з АПЛ

У Італіі скандал: гулец «Ювентуса» прызнаўся, што ставіў на футбол, падазраюць i легiянераў з АПЛ

Юрысты гульца «Ромы» пагражаюць судом за паклёп.

15 кастрычніка, 04:41
У Італіі скандал: гулец «Ювентуса» прызнаўся, што ставіў на футбол, падазраюць i легiянераў з АПЛ

Расследаванне пракуратары Турына па сетцы незаконных букмекерскіх кампаній (выяўлена ўжо мінімум тры платформы) прывяло да скандалу ў iтальянскiм футболе: гульцоў вiнавацяць у стаўках на свой вiд спорту, якiя ў краiне цалкам забароненыя. За апошні тыдзень пад падазрэнні трапілі Нікало Фаджолі («Ювентус»), Сандра Таналі («Ньюкасл»), Нікало Дзаньёла («Астан Віла») і Нікола Залеўскі («Рома»). La Repubblica дадае, што ў падобнай сітуацыі могуць аказацца яшчэ мінімум 6 італьянскіх гульцоў.

Фаджолі пагражае дыскваліфікацыя – ён прызнаў вiну

Адным з першых, каго дапытала пракуратура, стаў 22-гадовы Фаджолі. На яго выйшлі пры праверцы даных – італьянец аказаўся адным з кліентаў «нелегалаў». Як iнфармуе Corriere della Sera, Фаджолі ўжо прызнаўся, што ставіў на футбольныя матчы, але не на «Ювентус» (хаця гэта не спасе – забарона на футбол у прынцыпе). Цяпер яму пагражае адхіленне на 3+ гады і 25+ тысяч еўра штрафу. Над тым, каб пакаранне было як мага мягчэйшым, будуць працаваць юрысты на аснове супрацоўніцтва са следствам і прызнання віны. Таксама адвакаты заяўляюць, што ў Фаджолi ёсць падазрэнне на лудаманію.

Канчатковае рашэнне чакаецца да канца кастрычніка. Сам хаўбек і «Ювентус» не выступаюць з публічнымі каментарыямі. А тым часам iтальянскія крыніцы паведамляюць, што найбліжэйшым часам будзе агучана імя яшчэ аднаго прадстаўніка першай каманды «Ювентуса» з ідэнтычнымі абвінавачваннямі.

Таналі і Дзаньёла ледзь не плакалі і сцвярджалі, што толькі гулялі ў карты

У чацвер пракуратура Турына паведаміла пра правядзенне следчых дзеянняў яшчэ i ў дачыненні да Таналі і Дзаньёла, якія ў той час знаходзіліся ў лагеры зборнай Італіі. Там іх чакала размова з прадстаўнікамі паліцыі. Па інфармацыі Gazzetta dello Sport, у гульцоў канфіскавалі тэлефоны і ноўтбукі.

«Улічваючы, што ў гэтай сітуацыі абодва гульцы не знаходзяцца ў неабходным стане для выканання сваiх функцый на бліжэйшыя дні, ім дазволена вярнуцца ў размяшчэнне клубаў», – заявiлi ў Федэрацыi футбола Iталii.

Афіцыйныя звесткі чакаюць на наступным тыдні. Але, згодна з інсайдам La Reppublica, футбалісты АПЛ на допыце заявiлi, што не ставiлi ўвогуле нi на якiя спартыўныя падзеi, а толькi гулялi ў карты – покер і блэкджэк. Таксама паведамлялася, што падчас размовы гульцы ледзь не плакалі i адмаўлялi якiя-небудзь размовы з Фаджолі наконт ставак.

Гульца «Ромы» падазраюць у стаўцы на сваю ж жоўтую

Кейс паляка Залеўскага з «Ромы» – самы свежы. Інфармацыю пра яго ўключэнне ў спіс падазраваных апублікаваў журналіст Фабрыцыа Карона – ён дае найбольшую колькасць падрабязнасцяў ва ўсёй гэтай справе. А La Reppublica выдала інсайд, што Залеўскі мог паставіць на ўласную жоўтую картку ў травеньскай гульні з «Салернітанай». Ён атрымаў яе на 94-й хвіліне пры ліку 2:2. Выданне VG адзначыла, што футбаліст адмаўляе ўсе абвінавачанні, а таксама што ён нібыта не атрымліваў ніякіх паведамленняў ад пракуратуры. У той жа час паведамляецца, што юрысты польскага футбаліста настолькі ўпэўненыя ў яго пазіцыі, што разглядаюць магчымасць падаць на iнсайдараў у суд за паклёп.

Фота: Daniele Badolato/Juventus FC, Marco Canoniero/LightRocket, Fabio Rossi/AS Roma

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты