Tribuna/Футбол/Блогі/Бензема адхілілі ад збору «Аль-Іціхада». Гэта ўжо другі яго канфлікт з трэнерам за паўгода

Бензема адхілілі ад збору «Аль-Іціхада». Гэта ўжо другі яго канфлікт з трэнерам за паўгода

Але чыноўнікі краіны не жадаюць адпускаць гульца.

19 студзеня, 03:59
Бензема адхілілі ад збору «Аль-Іціхада». Гэта ўжо другі яго канфлікт з трэнерам за паўгода

Уладальнік «Залатога мяча»-2022 Карым Бензема, нягледзячы на тое, што з'ехаў дагульваць у чэмпіянат Саудаўскай Аравіі, зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі. Канешне, праз скандал.

Некалькі дзён таму стала вядома, што 36-гадовы форвард адхілены ад трэнавальных збораў «Аль-Іціхада». Гулец мусіў з'явіцца ў размяшчэнні клуба пасля міні-адпачынка, аднак не зрабіў гэтага ва ўстаноўленыя тэрміны. Па гэтай прычыне галоўны трэнер каманды Марсела Гальярда вырашыў праводзіць падрыхтоўку ў Дубаі да другой часткі сезона без Карыма.

Прычынай затрымкі атачэнне француза назвала непрадбачаныя абставіны – кажуць, што Карым не змог выбрацца з Маўрыкія праз цыклон.

Бензема ўсяго крыху больш за паўгода ў новай камандзе і новым для сябе чэмпіянаце, аднак гэта ўжо другі яго канфлікт з галоўным трэнерам каманды. Увосень стала вядома, што французскі бамбардзір пасварыўся з Нуну Эшпірыту Санту, у выніку чаго трэнера звольнілі ў лістападзе. Хаця спачатку сам партугальскі спецыяліст, яшчэ быўшы ля руля каманды, абвяргаў чуткі пра канфлікт з зоркай, але ў выніку Нуну ўсё ж такі пакінуў клуб.

А пасля саудаўскае выданне Al Riyadiah падзялілася інсайдам. Аказваецца, Эшпірыту Санту пасварыўся з Карымам у перапынку матча азіяцкай ЛЧ:

«Ты выдатны гулец, але, здаецца, табе лянотна прэсінгаваць суперніка», – сказаў Нуну.

«Гаварыце не толькі са мной, але і з усёй камандай», – адказаў Бензема.

«Ты лідар каманды, прыклад для гульцоў і найважнейшы спартсмен. Ты павінен браць на сябе ініцыятыву і даваць прыклад», – заявіў Нуну.

Таксама паведамлялася, што за некалькі тыдняў да гэтага Бензема намякнуў кіраўніцтву «Аль-Іціхада», што Нуну на пасадзе галоўнага трэнера «перашкаджае працэсу арганізацыі». Прыблізна ў той жа час стала вядома, што партугальскі трэнер увогуле не быў прыхільнікам падпісання Карыма, паколькі той не адпавядаў яго стылю гульні. Аднак француз стабільна выходзіў і дэманстраваў вынік пад кіраўніцтвам Нуну – 6+3 за 12 матчаў. Па ходзе сезона ён таксама атрымаў капітанскую павязку, якую Нуну спачатку не даваў, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва клуба абяцала яе французу, калі вяліся перамовы па трансферы.

Пад кіраўніцтвам Гальярда справы ў Карыма таксама ішлі нядрэнна, асабліва калі глядзець на статыстыку – 3+1 у 7 матчах. Аднак аргенцінскі спецыяліст, здаецца, не мае намеру цярпець выхадкі з боку галоўнай зоркі каманды.

На фоне ўсяго гэтага Бензема выдаліў свой акаўнт у інстаграме, на які падпісана больш за 76 мільёнаў. А яшчэ некалькі месяцаў таму Карым распавядаў, як яму камфортна на новым месцы:

«Вельмі шчаслівы быць тут сярод людзей, якія любяць спорт. Я прыбыў у Саудаўскую Аравію не толькі каб проста гуляць у футбол, але і дзеля гіганцкага спартыўнага праекту. Я быў вельмі здзіўлены тым сардэчным прыёмам, які мне аказалі заўзятары. Яны не толькі добрыя, але і захопленыя, яны выклікаюць у нас энтузіязм, і мы, футбалісты, зробім усё, каб яны былі рады.

Саудаўская Аравія – мая другая краіна, і людзі тут цудоўныя, яны любяць футбол і поўныя энтузіязму», – казаў Бензема ў інтэрв'ю Ariyadhiah.

Пасля адхілення ад збораў з «Аль-Іціхадам» цалкам прадказальна з'явіліся чуткі пра вяртанне Карыма ў еўрапейскі футбол. Інсайдар Нікола Скіра паведаміў, што француз хоча зноў гуляць у топ-чэмпіянаце.

Экс-гульцы «МЮ» Рыа Фердынанд і Луі Саа пачалі сватаць форварда ў манчэстэрскі клуб.

«Як можна сказаць «не» такому падпісанню? Я скажу адно. Той, хто цяпер мае патрэбу ў гэтым больш, чым хто-небудзь іншы, – гэта Расмус Хёйлунд. Яму патрэбен хтосьці, на каго можна было б глядзець і вучыцца», – сказаў Фердынанд.

«Бензема ўскалыхне пярэднюю лінію «Юнайтэд», а гэта тое, што неабходна. Карым будзе забіваць і значна лепш звяжа гульню. Гэта толькі мара, але Бензема па-ранейшаму вялікі прафесіянал. Ён той тып нападаючага, у якога Хёйлунд будзе вучыцца, але гэта толькі фантазія», – кажа Саа.

Аднак журналіст Бэн Джэйкабс у той жа час заявіў, што чуткі пра магчымы пераход нападаючага ў «Чэлсі», «Манчэстэр Юнайтэд» або яшчэ кудысьці пакуль не маюць канкрэтных падстаў. Па яго звестках, чыноўнікі Інвестыцыйнага фонду Саудаўскай Аравіі і Міністэрства спорту краіны маюць намер утрымаць 36-гадовага француза.

Падобна, Карым сапраўды не возьме ўдзел у двух спарынгах «Аль-Іціхада», што запланаваныя на другую палову студзеня. Але вырашэнне сітуацыі павінна адбыцца ўжо ў канцы месяца. 4 лютага яго каманда сустрэнецца з «Аль-Фейсалі» ў Кубку, а ўжо праз тры дні адновіцца і чэмпіянат. Каманда Бензема будзе гуляць на выездзе супраць «Аль-Таі». Улічваючы, што сёння «Аль-Іціхад» ідзе ажно на 7-м месцы і ўжо развітаўся з марамі пра чэмпіёнства (да «Аль-Хіляля», які ідзе першым, 25 пунктаў), дапамога французскай зоркі лішняй дакладна не будзе.

Але хто пойдзе на саступкі?

***

Пакуль што галава Карыма, падобна, занятая іншым. 17 студзеня стала вядома, што Бензема падаў скаргу ў суд на міністра ўнутраных спраў Францыі. Сутнасць у тым, што раней форвард напісаў у сацсетках цытату, калі ў чарговы раз разгарэлася вайна ў Ізраілі: «Молімся за жыхароў Газы, якія зноў сталі ахвярамі несправядлівых бамбардзіровак, якія не шкадуюць ні жанчын, ні дзяцей». Пасля гэтага міністр унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманен заявіў пра сувязь Карыма з тэрарыстамі: «Бензема звязаны з «Братамі-мусульманамі» (тэрарыстычная арганізацыя, занесеная ў чорны спіс нават у Саудаўскай Аравіі, дзе гуляе Карым – Tribuna.com), як мы ўсе ведаем».

Адвакат футбаліста Х'ю Віж'е паведаміў, што бок Бензема падаў судовы пазоў у сувязі з гэтым выслоўем міністра. Футбаліст сцвярджае, што ён не звязаны з «Братамі-мусульманамі», а выказванне міністра наносіць шкоду яго гонару і рэпутацыі.

«Вось так мы асуджаем людзей на агульную ганьбу. Праз гэта таксама ўзнікаюць сур'ёзныя наступствы для іх сем'яў. Мы сеем раскол у Францыі, але ў нас шмат людзей, якія не разумеюць падобных выказванняў. Некаторыя хочуць выгнаць Бензема, а іншыя пачуваюцца ізгоямі праз тое, што пра яго кажуць. Гэта поўная супрацьлегласць таму, дзеля чаго павінен працаваць чалавек, які называе сябе палітыкам», – сказаў адвакат.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты