Tribuna/Футбол/Блогі/5 самых стыльных футбалістаў свету: спадніца Кундэ, дэфіле Бельерына, брэнд Дэпая

5 самых стыльных футбалістаў свету: спадніца Кундэ, дэфіле Бельерына, брэнд Дэпая

Зоркі могуць сабе дазволіць дарагія рэчы, а што ў іх з густам?

24 студзеня, 14:20
5 самых стыльных футбалістаў свету: спадніца Кундэ, дэфіле Бельерына, брэнд Дэпая

З сацсетак футбалістаў і іх «выхадаў у свет», як правіла, можна зрабіць нейкія высновы пра густы, хобі і нават стыль. Мы не прэтэндуем на ўзровень кампетэнтнасці, як у галоўных рэдактараў GQ ці Vogue, але ўласную падборку дазволім сабе зрабіць.

Удакладнім, што ўлічвалася не столькі наяўнасць гадзіннікаў з дыяментамі і спартыўных гарнітураў Gucci, колькі свецкае жыццё футбалістаў, кантракты з брэндамі, стыль у паўсядзённым жыцці і на афіцыйных мерапрыемствах.

Паехалі!

5) Лерой Санэ

Лерой Санэ, у адрозненне ад наступнага калегі, рэдка робіць рэкламныя публікацыі ці выхваляецца супрацай з вядомымі брэндамі, аднак мае немалое «партфоліа». Напрыклад, з ім супрацоўнічаюць такія люксавыя брэнды, як Christian Louboutin, KENZO і іншыя.

Санэ аддае перавагу апошняй модзе кэжуала, пра што сведчыць яго адзенне ў паўсядзённым жыцці – NAMESAKE, Beautiful Struggles і іншыя брэнды, якія карыстаюцца папулярнасцю ў вузкіх колах. Ну і куды ж футбаліст яго ўзроўню без асабістага кантракту са спартыўным экіпіроўцам – сёння Лерой працуе з Nike, хаця «Баварыю» апранае Adidas (так-так, мы ведаем, што гэта распаўсюджаная з'ява, проста ўдакладнілі).

4) Сон Хын Мін

Сон Хын Мін за свае тры дзясяткі гадоў ужо меў столькі кантрактаў з рознымі кампаніямі, што яго асобу ў роднай краіне мусяць ведаць нават самыя далёкія ад футбола людзі. Burberry, Calvin Klein, Tumi, Tiger Beer, Adidas, Prada – і гэта толькі ў адзенні, абутку і аксэсуарах.

Што там па іншых кантрактах? Усё яшчэ лепей: Volvo, Pepsi, Gatorade, Samsung, гульнявая тэхніка ROG Global, Gillette і іншыя.

Як сапраўдны карэец, Сон вельмі адказна ставіцца да кожнай сваёй супрацы. Такую выснову можна зрабіць з мілай сітуацыі, якая адбылася з ім дома – заўзятарка папрасіла футбаліста патрымаць яе iPhone для сэлфі, аднак ён адмовіўся, папрасіў прабачэння і ветліва намякнуў, што супрацоўнічае з іх канкурэнтам.

Таксама Сон – запатрабаваная мадэль, яго фатаграфіі можна знайсці ў такіх часопісах як Elle, Gentle Monster і іншых.

3) Мемфіс Дэпай

Мемфіс Дэпай – сапраўдны гігант не толькі праекцыі стылю, але і яго стварэння. Ён мае ўласны брэнд, які часта рэкламуе, апранаючы яго рэчы, нават арганізаваў калабу з Puma – што ўжо шмат кажа пра ўзровень сур'ёзнасці яго намераў. Гэта лагічны, аднак усё роўна круты мув, бо Дэпай – амбасадор Puma, таму па «спрошчанай працэдуры» мог дамовіцца з брэндам.

Калі вас ніколькі гэта не ўразіла, то пераходзім да наступнага факту – Мемфіс робіць музыку (так, сам спявае) і нават здымае кліпы. Апошняя яго праца выглядае як мінімум дорага, а вось пра ўсё астатняе ўжо самі рабіце высновы.

Калі раптам і музычная кар'ера Дэпая вас не даціснула, то адпачынак з каралём Ганы дакладна павінен.

А яшчэ зацаніце яго здымкі для часопісаў, у прыватнасці, для L’OFFICIEL – вельмі годна.

2) Эктар Бельерын

Эктар Бельерын змог пераплюнуць нават Сон Хын Міна ў колькасці маркетынгавых дагавораў. Але яго галоўная асаблівасць у тым, што ён запатрабаваны для брэндаў, у першую чаргу, як прафесійная мадэль, а не вядомы спартсмен. І так, нават у такіх здымках ёсць сур'ёзнае адрозненне, калі ты пазіруеш на камеры па бартэрнай сістэме, і ў гэтым выпадку каштоўнасць футбаліста – не толькі яго гучнае імя і знешнасць, але і досвед у мадэльнай індустрыі.

Таксама Эктара смела можна назваць амбасадорам блоккора – укараненне футбольных джэрсі ў паўсядзённы стыль.

Вы дакладна чулі пра амерыканскага рэпера Tyler, the Creator. У 2011-м ён стварыў свой брэнд адзення GOLF, а нядаўна Эктар зняўся ў якасці мадэлі для яго новай калекцыі. Акрамя таго ён з'яўляўся ў сэтах многіх фатографаў і брэндаў, такіх як H&M, Adidas, Puma, Louis Vuitton. Для апошніх нават дэфіляваў на паказе мод, а гэта, можна сказаць, самы высокі ўзровень менавіта ў мадэльнай кар'еры.

Бельерын патрапіў у гэтую індустрыю праз добры густ і адчуванне стылю, што не раз адзначалася Season, GQ і іншымі выданнямі. Аднойчы ён нават атрымаў узнагароду ад моднага часопіса.

1) Жуль Кундэ

Нарэшце пераходзім да галоўнага стылягі сучаснага футбола не толькі ў Еўропе, але і ў свеце – Жуля Кундэ. Яго інстаграм – гэта ўжо асобны твор мастацтва, які можна запатэнтаваць праз неверагодныя аўфтіты гульца «Барсы».

Кантракты з Adidas, Moncler, Kenzo, Homies from Paris і шмат кім яшчэ - гэта, вядома, крута, але не так раскошна як званне самага стыльнага футбаліста па версіі спартыўнага моднага партала Footballer Fits. У адным з інтэрв'ю GQ Жуль прызнаўся, што аддае перавагу стрыт-стайлу і любіць эксперыментаваць - вось адкуль так шмат дзіўных шапак, штаноў і іншых элементаў лукаў.

Прыхільнасць да стылю і моды да яго прышчапіла НБА, дзе ў кожным знакамітым клубе ёсць па некалькі такіх Жуляў Кундэ. А таксама музыка, пераважна рэп, дзе таксама знаходзяцца вядомыя стылягі. Што цікава – свае вобразы француз стварае сам. На яго думку, любоў да смелых эксперыментаў стварыла яго асаблівы стыль. Напрыклад, калісьці яму па душы прыйшліся высокія боты, зараз – спадніцы.

Кундэ актыўна крытыкуюць праз яго сур'ёзнае захапленне стылем, маўляў, лепш бы гэты час удзяліў футболу. Аднак футбаліста не турбуе такое меркаванне, вось як ён гэта тлумачыць:

«Я бачу ў гэтым спосаб самавыяўлення як асобы. Мне падабалася апранацца з дзяцінства. Адзінае, што змянілася цяпер, – тое, што ў мяне значна больш вялікая аўдыторыя. Я больш у цэнтры ўвагі, але мне гэта заўсёды падабалася. Канешне, мяне за гэта крытыкуюць, я чытаю некаторыя каментары. Людзі лічаць, што я больш увагі надаю адзенню, чым футболу. Я ўсміхаюся, калі бачу падобныя каментары, бо гэта не адно і тое ж. Можна рабіць і тое, і іншае».

Фота: інстаграм-акаўнты футбалістаў, Footballer Fits, Adidas, GQ, Elle

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты