Tribuna/Футбол/Блогі/9 няўдалых вяртанняў гульцоў-легенд у свае клубы, каб трэнаваць

9 няўдалых вяртанняў гульцоў-легенд у свае клубы, каб трэнаваць

Хаві, Сульшэр, Пірла і іншыя.

5 лютага, 13:40
9 няўдалых вяртанняў гульцоў-легенд у свае клубы, каб трэнаваць

Прызначэнне гульца-легенды клуба на пасаду трэнера ў тым жа клубе – гэта, аказваецца, справа рызыкоўная. Хаця часам такі падыход больш чым апраўдвае сябе – спытайце, напрыклад, у Зінедзіна Зідана, які ўвогуле нідзе не працаваў галоўным трэнерам па-за межамі «Рэала».

Але ж бывае і зусім па-іншаму.

Легендарны «Мілан» меў свой перыяд «міланскіх сэрцаў» – прычым не надта паспяховы. Усё пачалося са звальнення Масіміліяна Алегры, на замену якому паклікалі Кларэнса Зеедорфа. Той дзеля працы аператыўна завяршыў кар'еру футбаліста, хаця яшчэ меў кантракт з «Батафога».

«Мілан» на той момант быў 11-м у табліцы, і, нягледзячы на нядрэнны старт, Зеедорфу не ўдалося карэнным чынам змяніць сітуацыю – клуб фінішаваў восьмым, вылецеў у чвэрцьфінале Кубка Італіі і ў 1/8 фіналу ЛЧ ад «Атлетыка» (1:5) .

Яму на замену паклікалі Філіпа Індзагі – трэнера Прымаверы «Мілана». Але яго старт трэнерскай кар'еры таксама склаўся не найлепшым чынам – нягледзячы на знакамітае падпісанне Фернанда Торэса (хай той ужо быў не тым, што ў праймавыя часы), «Мілан» фінішаваў дзясятым у Серыі А. З Індзагі-старэйшым клуб развітаўся па сканчэнні сезона.

Джэнара Гатуза прыйшоў крыху пазней – паміж ім і Індзагі ў клубе папрацавалі яшчэ некалькі трэнераў. У яго ўсё было некалькі лепш, чым у папярэднікаў – усё ж шостае і пятае (у адным пункце ад зоны ЛЧ) месцы лепш за восьмае і дзясятае. Але з клуба ён сышоў, таксама не выканаўшы задачы патрапіць у ЛЧ, – ні ў чэмпіянаце, ні ў ЛЕ, дзе «Мілан» не выйшаў з групы, прапусціўшы наперад «Беціс» і «Алімпіякос».

Яшчэ дакавідны прыклад, але вельмі эпічны. Анры прыйшоў у надзвычай дрэннай сітуацыі ў «Манака»: пад кіраўніцтвам Леанарда Жардзіма каманда апынулася на 18-м месцы ў Лізе 1, таму партугальскага трэнера звольнілі.

Цьеры з досведу меў працу ў моладзеўках «Арсенала» і памочнікам Раберта Марцінеса ў Бельгіі – то-бок галоўным трэнерам, як і футбалістам, ён дэбютаваў менавіта ў «Манака».

Аднак абставіны склаліся не на карысць француза. У 20 матчах на чале клуба ён здабыў толькі чатыры перамогі і быў звольнены 24 студзеня 2019-га – пакінуў каманду на 19-м месцы.

Лэмпард прыйшоў у «Чэлсі» пасля поспеху з «Дэрбі» ў Чэмпіёншыпе – дайшоў да фіналу плэй-оф за АПЛ, дзе прайграў «Астан Віле». Ды яшчэ і не ў самыя лёгкія часы – ФІФА якраз наклала на «сініх» трансферны бан на два вакны за парушэнне правіл трансфераў непаўналетніх гульцоў.

Першы сезон для легенды прайшоў удала – ён выцягнуў моладзь на новы ўзровень (тады, напрыклад, дэбютавалі цяперашні капітан Рыс Джэймс і Мэйсан Маўнт), клуб трапіў у топ-4 АПЛ і дайшоў да фіналу Кубка Англіі. Аднак наступны сезон склаўся інакш – Лэмпард перасварыўся з тады яшчэ расійскім кіраўніцтвам праз трансферы, ды і з некаторымі гульцамі, на поле гэта не кампенсавалася – на момант адстаўкі «Чэлсі» ішоў дзявятым у лізе.

Другая спроба адбылася пры новым кіраўніцтве і была трагікамічнай – «Чэлсі» па стане на красавік 2023-га ўжо гарантавана праваліў сезон (Грэма Потэра больш не маглі трымаць), аднак Лэмпард яго проста завяршыў – 1 перамога ў 11 матчах. Пра пастаянны кантракт ніхто нават не казаў.

Прыход Андрэа Пірла на пасаду галоўнага трэнера «Юве» стаў у чымсьці раптоўным – за дзевяць дзён да прызначэння ён узначаліў каманду U23, аднак пасля вылету з ЛЧ у жніўні 2020-га (кавідны футбол!) клуб звольніў Маўрыцыа Сары. Трэнеру-легендзе адразу пачалі прарочыць яркую будучыню – гаварылі і пра цікавы погляд на футбол, падрабязна разбіралі яго дыпломную працу ў Каверчана.

Аднак поспех, нягледзячы на (ці праз?) наяўнасць у складзе Крышціяну Раналду, не склаўся: у ЛЧ вылецелі ўжо ў 1/8-й ад «Порту», у Серыі А «Юве» ўпершыню за 9 сезонаў не ўзяў чэмпіёнства, стаўшы толькі чацвёртым. Пасля завяршэння сезона клуб звольніў Пірла.

Трэнерская кар'ера даецца Андрэа цяжка: у турэцкім «Фаціх Карагюмрук» ён таксама пратрымаўся толькі сезон, з «Сампдорыяй», якая яшчэ летась гуляла ў Серыі А, цяпер ідзе 14-м у Серыі Б.

Роналд Куман, «Барселона» (2020-2021)

Куман пакінуў зборную Нідэрландаў, каб выратаваць «Барселону» – пытанне, ці застанецца там працаваць Кіке Сецьен, пасля легендарных 2:8 ад «Баварыі», не стаяла.

Пачаў Куман актыўна – з таго, што тэлефонным званком выгнаў з каманды Луіса Суарэса, адну з зорак каманды. Паралельна з тым галоўная зорка – Месі – намагалася праз юрыдычную шчыліну сысці з клуба за год да завяршэння кантракту бясплатна (але не змагла).

На полі ўсё складалася своеасабліва – першы сезон Кумана «Барса» фінішавала на трэцяй пазіцыі, найніжэйшай з сезона 2007/08. Але яшчэ горш распачала сезон наступны, першы без Месі. Куман стаў першым з 1936 года трэнерам «Барсы», які прайграў тры Класіка запар, яшчэ былі дзве паразы на старце групавога этапу ЛЧ (ад «Баварыі» і «Бенфікі») і жудасная форма ў Ла Лізе, дзе клуб боўтаўся ў раёне сёмага-дзевятага месцаў. 28 кастрычніка 2021-га нідэрландца звольнілі – неўзабаве замест яго прыйшоў Хаві, пра якога крыху пазней.

Сульшэр у «МЮ» не ўзнік з ніадкуль – за яго плячыма ўжо быў, хай і не самы паспяховы, але досвед працы ў АПЛ з «Кардыфам» і поспехі ў «Мольдэ» (два чэмпіёнствы і досвед у еўракубках). Ды і ў клуб ён прыходзіў часова – настолькі, што па завяршэнні сезона 2018/19 павінен быў вярнуцца ў Нарвегію.

Аднак старт быў выдатным – 14 перамог з 19 магчымых, з-за чаго ён і падпісаў паўнавартасны кантракт. І нельга сказаць, што ўсё было дрэнна – Сульшэр вывеў клуб у фінал ЛЕ, дзе толькі ў серыі пенальці прайграў «Вільярэалу» Унаі Эмеры, а ў АПЛ у свае паўнавартасныя сезоны фінішаваў трэцім і другім. Пасля завяршэння кар'еры Фергюсана «МЮ» ўпершыню двойчы запар трапіў у топ-4 АПЛ.

Аднак у сезоне 2021/22 усё пайшло не так, хоць у клуб і вярнуўся Крышціяну Раналду – доўгая няўдалая серыя на старце, 0:5 ад «Ліверпуля» і 0:2 ад «Ман Сіці» палохалі. А 1:4 ад «Уотфарда» прымусілі кіраўніцтва сабрацца на тэрміновую нараду – і звольніць трэнера.

Сульшэр пакінуў «МЮ» на сёмым месцы ў АПЛ, Ральфу Рангніку, які яго замяніў, выратаваць сітуацыю не ўдалося.

Найбольш супярэчлівая кандыдатура ў гэтым пераліку – усё ж Хаві, у адрозненне ад іншых, выйграў з клубам нешта больш сур'ёзнае за Суперкубак (і яго таксама). Ён сыходзіць з «Барсы» з тытулам Ла Лігі і вяртаннем клуба ў плэй-оф ЛЧ – тое, пра што ў Каталоніі ўжо, здаецца, сталі забываць.

Аднак у гэтым сезоне ціск на Хаві ўзмацніўся – у прыватнасці, праз даволі адназначныя паразы ад «Рэала» ў Суперкубку і «Атлетыка» ў Кубку і адсутнай барацьбы за чэмпіёнства («Барса» адстае ад «Рэала» на 10 пунктаў). Вядома, сітуацыя ў клубе такая, як ёсць, не толькі праз трэнера – у «Барса» мае процьму пазафутбольных праблем. Але, здаецца, Хаві проста не вытрымаў – гэта вынікае са слоў, якімі ён патлумачыў рашэнне сысці ў канцы сезона:

«Мне здаецца, што мая праца не шануецца. Сітуацыя прымушае цябе кожны дзень адчуваць, быццам ты не варты гэтага. Пеп сказаў мне тое ж самае ў размове. Я бачыў, як пакутаваў Луіс Энрыке. Нам трэба задумацца, у нас ёсць праблема з патрабаваннямі да гэтай пасады. Здаецца, быццам тваё жыццё заўсёды пастаўлена на карту. Таму я і кажу, што гэта жорстка, ты не атрымліваеш ад гэтага задавальнення.

Узровень футбола не той, таму я і вырашыў не заставацца. Я прыйшоў сюды ў адзін з найскладанейшых перыядаў у гісторыі клуба і не думаю, што наша праца шануецца дастаткова высока».

Фота: Panoramic, Michele Nucci, Nigel Keene, Joaquin Corchero, Xinhua, imago sportfotodienst, Daisuke Nakashima/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты