Tribuna/Гандбол/Блогі/«Мяшкоў» вывез 8 бусаў з заўзятарамі ў Піцер, а «Мінск» адсвяткаваў 19-ю паразу рэкордам Лігі па гледачах – такі розны спартыўны ажыятаж

«Мяшкоў» вывез 8 бусаў з заўзятарамі ў Піцер, а «Мінск» адсвяткаваў 19-ю паразу рэкордам Лігі па гледачах – такі розны спартыўны ажыятаж

У чыю папулярнасць вы верыце болей?

Аўтар — KentYara98
26 снежня, 16:59
«Мяшкоў» вывез 8 бусаў з заўзятарамі ў Піцер, а «Мінск» адсвяткаваў 19-ю паразу рэкордам Лігі па гледачах – такі розны спартыўны ажыятаж

«Мяшкоў Брэст» завяршаў каляндарны год выязным матчам супраць расійскага «Зеніта» ў Санкт-Пецярбургу. Відаць, расійскіх арганізатараў «SEHA-лігі» не моцна збянтэжыў той факт, што на 25 снежня выпадае вялікае рэлігійнае свята, якое адзначаюць многія жыхары Беларусі, і яны паставілі на гэты дзень гульню. Што ж, атрымаўся постсавецкі Boxing Day.

Але і ў такі дзень мяшкоўцы не засталіся адны. Яшчэ 1 снежня ў сацсетках з'явілася абвестка, што клуб гатовы арганізаваць бясплатныя аўтобусы для паездкі на гульню ў Санкт-Пецярбург. Прыкладны план для заўзятараў прапанавалі такі:

23.12 - Адпраўленне ад «Вікторыі» ў другой палове дня

24.12 - Прыбыццё ў Санкт-Пецярбург у першай палове дня, вольны дзень, начлег у гатэлі

25.12 - Высяленне з гасцініцы, матч Зеніт – БГК, адпраўленне ў Брэст адразу пасля гульні

26.12 - Прыбыццё ў Брэст у сярэдзіне дня

І прапанова атрымала водгук. 11 снежня клуб паведаміў, што прыпыняе прыём заявак з-за празмернага попыту. На той момант ужо 300 чалавек паведамілі аб сваёй гатовасці суправаджаць каманду на выездзе.

23 снежня ў Расію адправіліся восем аўтобусаў з Беларусі – 6 стартавалі з Брэста і яшчэ 2 з Мінска.

Іскры супрацьстаянню «Мяшкова» і «Зеніта» дадаваў той факт, што абодва галоўныя трэнеры каманд, Эдуард Какшараў і Дзмітрый Таргаванаў, больш за 15 гадоў разам выступалі за зборную Расіі, з якой станавіліся пераможцамі Алімпійскіх гульняў-2000 у Сіднэі.

Мяшкоўцы нядрэнна пачалі сустрэчу: змаглі завалодаць перавагай у два мячы і нават нейкі час утрымлівалі яе. Гаспадары здолелі выраўняць гульню да 10-й хвіліны, а пры ліку 8:8 нешта зламалася ў гульні Брэста. Серыя страт і недакладных перадач прывяла да таго, што піцерцы ўцяклі на адлегласць у 6 мячоў і сышлі на перапынак лідарамі.

У гэты час на трыбунах ішло сваё змаганне. Заўзятары абедзвюх каманд не давалі гульцам раслабіцца.

Пасля перапынку мяшкоўцы здолелі скараціць адставанне да двух мячоў, але падабрацца бліжэй ніяк не атрымлівалася. За пяць хвілін да канца гаспадары павялічылі перавагу яшчэ на мяч. І ўсё ж Брэст, які падганяў вялізны фан-сектар, здолеў дамагчыся раўнавагі за 37 секунд да канца. У «Зеніта» яшчэ быў час на атаку, але давесці яе да дакладнага кідка гаспадары не змаглі – 33:33.

Адразу пасля гульні каманда падзякавала сваім заўзятарам.

Нічыя ў Санкт-Пецярбургу дазволіла «Мяшкову» скончыць каляндарны год без параз у SEHA-лізе. Чатыры перамогі, тры нічыі - і першае месца ў групе з 11 пунктамі. «Зеніт» ідзе трэцім і мае на чатыры пункты меней.

У той жа дзень у беларускай сталіцы гуляў баскетбольны «Мінск», які прымаў на «Мінск-Арэне» маскоўскі ЦСКА. Пасля гульні клуб, які атрымаў 19-ю паразу запар, бадзёра адсправаздачыўся аб новым рэкордзе сезона ў Адзінай лізе ВТБ – гульню наведалі 9017 «заўзятараў».

Куды знікаюць гэтыя фанаты баскетбольных пакут на іншых матчах «Мінска», застаецца загадкай - у звычайныя дні экс-«драконы» не збіраюць нават маленькую Falcon Club Арэну, чыя ўмяшчальнасць не перавышае 1600 чалавек.

Падобна, што ў клубе змянілі кіраўніцтва, але не метады працы – у мінулым сезоне такая ж гісторыя была на матчы з красандарскім «Лакаматывам». Тады мінчане таксама абнавілі рэкорд лігі па наведванні, нягледзячы на пасрэдныя вынікі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты