Усе навіны

Літвінчук пра магчымае вяртанне на міжнародныя старты: «Няхай у нейтральным статусе, няхай са сцягам, будзем адстойваць гонар краіны»

29 траўня, 11:55

Беларуская вяслярка Марына Літвінчук падзялілася меркаваннем аб магчымым вяртанні беларусаў на міжнародныя старты. Адзначым, што Асацыяцыя байдаркі і каноэ Германіі не дазваляе прымаць удзел у кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў-2024 чэмпіянаце свету ў Дуйсбургу, які пройдзе ў жніўні.

«Мы мэтанакіравана рыхтуемся да чэмпіянату свету, мы рыхтуемся ехаць браць алімпійскую ліцэнзію.

І няхай гэта будзе ў нейтральным статусе, няхай гэта мы будзем са сцягам, з гербам, мы ўсё роўна будзем стаяць і адстойваць гонар сваёй краіны», – сказала Літвінчук.

Нагадаем, што Літвінчук з'яўляецца падпісанткай прарэжымнага ліста.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.