Tribuna/Тэніс/Блогі/Мірны шмат каго здзівіў рэспектам рэжыму з дзяржсцягам: беларусы нагадалі пра палітвязняў, экс-супернік – пра вайну

Мірны шмат каго здзівіў рэспектам рэжыму з дзяржсцягам: беларусы нагадалі пра палітвязняў, экс-супернік – пра вайну

Выглядаў нязвыкла, жонка запосціла прытчу пра памыi.

Аўтар — KentYara98
28 кастрычніка, 19:00
Мірны шмат каго здзівіў рэспектам рэжыму з дзяржсцягам: беларусы нагадалі пра палітвязняў, экс-супернік – пра вайну

На тыдні адбылося тое, чаго не было даўно – публічнае прыбыццё ў Мiнск Максіма Мірнага, які ўжо доўгі час жыве з сям'ёй у ЗША. Пра прыезд былой першай ракеткі свету ў парным разрадзе з тытулам чэмпіёна АГ-2012 паведаміла ў чацвер беларуская тэнісная федэрацыя, назваўшы гэта «для айчыннага тэніса падзеяй, якая далёка выходзіць за рамкі шараговай». У доказ было прыведзенае фота з рэжымным кіраўніком федэрацыі Сяргеем Рутэнкам на фоне любімага ім лукашэнкаўскага сцяга. На здымку былы тэнісіст выглядаў нязвыкла – у каментарыях нават выказалі меркаванне пра хваробу.

У пятніцу пра свой візіт распавёў і сам Мірны – для гэтага зрабіў першыя з 2020 года пасты ў сваім Instagram. Як аказалася, экс-спартсмен праводзіў нейкі «адкрыты ўрок» у тэнісным цэнтры свайго імя, якім даўно кіруе бацька Максіма Мікалай. У пастах былы тэнісіст замацаваў свой піетэт да рэжыму – паўтарыў яго любімую мантру пра нібыта «унікальныя ўмовы для развіцця спорту», заявіў пра задачу «выхаваць пачуццё гонару за краіну», прымацаваў пару эмоджы чырвона-зялёнага сцяга і тэнгул акаўнт алімпійскага камітэта Лукашэнкi, з якім звязаны яшчэ з 2021-га, калі ўвайшоў у тамтэйшую «камісію спартсменаў».

У каментарыях да запісаў Мірнага было некалькі пазітыўных рэакцый, у асноўным на англійскай мове – відаць, ад амерыканскіх сяброў Максіма. Але большую колькасць людзей учынак экс-тэнісіту здзівіў – бо да гэтага апошні пост у яго Instagram, выпушчаны 15 жніўня 2020 года, быў накіраваны супраць гвалту ў Беларусі. Яго, нагадаем, тады зладзіў рэжым Лукашэнкі, незадаволены тым, што народ не праглынуў фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў-2020, а выйшаў на мірныя пратэсты. Праўда, ужо праз некалькі месяцаў пасля апублікавання заклік Мірнага знік з яго акаўнта – засталіся толькі скрыншоты.

Цяпер Мірнаму нагадваюць, у якіх умовах існуе сучасная Беларусь – амаль паўтары тысячы палітвязняў, саўдзел у вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Мяркуюць, што Мірны «пастараўся» дзеля заробку.

У іншым выпадку заклікаюць не быць наіўным.

Проста канстатуюць перамены.

І не жадаюць у іх верыць.

Зайшоў у каментарыi і ўкраінскі экс-тэнісіст Сяргей Стахоўскі. Падчас кар'еры ён некалькі разоў супрацьстаяў Мірнаму на корце, а ў 2022-м, жывучы ў Венгрыі, пакінуў усё і вярнуўся ва Украіну, каб уступіць у шэрагi абаронцаў краіны. Цяпер Стахоўскі напісаў: «Ганарышся развіццём тваёй краіны, угу. Ну-ну, Макс. У рэшце рэшт табе давядзецца прызнаць сваё маўчанне пра вайну, якую твая краіна прынесла ва Украіну. І тваё бяздзеянне таксама будуць памятаць».

Замест адказу беларускі тэнісіст проста адключыў магчымасць каментавання ў сваім інстаграм.

Да цяперашняга візіту ў Мінск апошнія навіны пра Мірнага былі звязаныя з яго працай трэнерам у камандзе японскага тэнісіста Кеі Нісiкоры. Летам 2023-га 33-гадовы спартсмен вярнуўся на корт пасля паўтара года лячэння ад траўмаў – згуляў некалькі чэленджараў, адзін з якіх выйграў, і дайшоў да чвэрцьфіналу турніру ATP у амерыканскай Атланце. Мірны з гэтай нагоды расказваў, што Нісікоры «ўвесь час паводзіў сябе вельмі прафесійна, праявіў шмат цярпення, і выдатна бачыць, што ён зноў гуляе на ўзроўні сусветнага тура». Праўда, неўзабаве японец атрымаў чарговую траўму, і яго кар'ера зноў устала на паўзу – як і трэнерская дзейнасць Мірнага.

Пра сямейнае жыццё Мірных у амерыканскім штаце Флорыда перыядычна расказвае ў сваім акаўнце жонка Максіма і маці чацвярых яго дзяцей Ксенія. Яна вядзе профiль па-беларуску, а ў суботу апублікавала прытчу пра людзей, адзін з якіх «нічога не рабіў», толькі «спадзяваўся на сварку», а другі «пабудаваў сабе вялікі дом» і ўхіліўся ад канфлікту – пры жаданні можна ўгледзець алюзію.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты