Электрычны Калізей

Трэці і чацвёрты этапы Formula E, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя ў Рыме, часам нагадвалі баі гладыятараў. Падзей адной толькі суботняй гонкі хопіць на ўвесь сезон.

14 апреля 2021, 20:19
Электрычны Калізей

Фота: fiaformulae.com

Трэці і чацвёрты этапы Formula E, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя ў Рыме, часам нагадвалі баі гладыятараў. Падзей адной толькі суботняй гонкі хопіць на ўвесь сезон.

Не, гэта не камень у бок электрычных гонак. Як і ўсе астатнія, яны бываюць і сумнымі, і цікавымі, і падзейнымі, і «паравознымі», калі перастановак у пелатоне моцна бракуе. Абедзве рымскія гонкі як раз былі цікавымі, і цалкам магчыма, што і астатнія этапы цяперашняга сезону будуць такімі ж.

Проста календар гэтага сезону ўжо моцна сціснуўся. Першапачаткова ён уключаў у сябе дванаццаць этапаў і чатырнаццаць гонак (з падвоеным фіналам у Лондане), але пандэмійныя абмежаванні не далі арганізатарам здзейсніць гэтыя планы.

Так, у Лондан Formula E ў гэтым годзе дакладна не прыедзе. Пад пытаннем і этап у мараканскім Маракешы, запланаваны на 22 мая. Калі не адбудзецца і ён, то атрымаецца, што наперадзе застанецца толькі пяць гонак – па дзве ў іспанскай Валенсіі (24 і 25 красавіка) і сталіцы Чылі Санцьяга (5 і 6 чэрвеня) і адна ў Манака (8 мая).

Таму два мінулыя этапы могуць аказацца жамчужынай сезону. Інтрыгі дадавала траса, канфігурацыя якой была змененая на 80 адсоткаў. Новая ўключала ў сябе дзевятнаццаць паваротаў на 3 385 метрах. Плюс тыповыя для гарадскіх трас кочкі і дарожная разметка, якая ў дажджавых умовах, якія панавалі ўвесь уік-энд, робіцца слізкай. Ну і без лужын у такім выпадку не абыходзіцца.

І ў выніку суботні этап дык увогуле можна назваць дыяментам Формулы Е! У ім першым ролю гладыятара прымерыў на сябе пілот каманды NIO Олівер Цёрві, які ўжо пасля сканчэння першай трэніроўкі, калі многія гоншчыкі збіраліся адпрацоўваць старт пасля дзевятнаццатага паварота, проста забыўся пра тое, што яны будуць гэта рабіць, і поўным ходам уляцеў у іх.

Брытанец пашкодзіў і свой электрабалід, і машыны Жана-Эрыка Верня, Джэйка Дэніса і Алекса Ліна. За гэта Цёрві мусіў быў стартаваць з піт-лэйна, але і гэтага не атрымалася – адрамантаваць яго разбіты балід механікі не паспелі.

Праз дождж суботняя гонка стартавала ў рэжыме аўтамабіля бяспекі. Натуральна, першыя некалькі кругоў пра барацьбу гаворкі не ішло, а гоншчык Mercedes-EQ Стофель Вандорн быццам бы атрымаў перавагу, бо пачынаў гонку з поўла (па трасе ў суперпоўле ён праехаў за 1:38,484). Аднак на яго бяду пасля таго, як рэжым аўтамабіля бяспекі быў зняты і гонка пачалася ў баявым рэжыме, яго далёка не адпусціў канкурэнт з Porsche Андрэ Лотэрэр.

Немец пайшоў у атаку на бельгійца ў сёмым павароце, аднак атака тая была дрэнна падрыхтаваная – баліды, заместа таго, каб павярнуць засталіся ў тым павароце. Лотэрэр уткнуўся носам машыны ў бар’ер бяспекі, а Вандорн вымушаны быў заехаць у кішэнь для вылету. У выніку абодва страцілі шмат пазіцый, а новым лідарам стаў пілот Nissan e.dams Олівер Роўланд.

Аднак у чарговы раз выклікала пытанні судзейства Формулы Е. Олівер атрымаў штраф у выглядзе праезду па піт-лэйне за перарасход энергіі падчас… шляху на стартавую пазіцыю на ўсталявальным кругу – за тое, што ў гонцы не мае ніякага значэння! І ўжо чэмпіён другога сезону Формулы Е (тады яшчэ яна не насіла статус чэмпіянату свету) Лукас ді Грасі з Audi перахапіў лідарства і атрымаў магчымасць перарваць беспераможную серыю, якая для яго моцна зацягнулася.

Праўда, непасродна за яго спінай быў яшчэ адзін былы і адзіны двухразовы чэмпіён электраформулы – Вернь, таксама ахвочы да перамог. Француз з DS TECHEETAH пачаў ціснуць на бразільца, але хутка свядома страціў некалькі пазіцый, адправіўшыся на актывацыю рэжыму максімальнай атакі. Што, зрэшты, не моцна яму перашкодзіла, бо амаль адразу гэта пачалі рабіць і астатнія ўдзельнікі гонкі, уключаючы і ді Грасі.

Таму ў хуткім часе Вернь ужо дабраўся да пазіцыі лідара, каб амаль адразу зноў саступіць яе ді Грасі, у другі раз актывававаўшы рэжым максімальнай атакі праездам па шырокім радыусе ў пятнаццатым павароце. З гоначным тэмпам у француза і так усё было добра, а з дадатковай магутнасцю ён без праблем справіўся з супернікамі перад сабой (якія, зноў жа, самі мусілі заязджаць на актывацыю рэжыму максімальнай атакі) і нават тактычна перайграў ді Грасі, вярнуўшы сабе лідарства.

Лукас, праўда, Жана-Эрыка далёка не адпускаў, і сам ціснуў на яго, каб на дваццатым кругу здзейсніць выдатны абгонны манеўр у чацвёртым павароце. Да сканчэння часу гонкі на той момант заставалася меней сямі хвілін (плюс адзін круг па правілах Формулы Е), таму, здавалася, зыход быў зразумелы. Але ўсяго праз пару хвілін – на наступным кругу – ді Грасі сышоў з дыстанцыі праз паломку паўвосі.

Болей таго, яго праблемы прывялі да сутыкнення пілотаў Мерсэдэса! Вандорн выдатна рэабілітаваўся пасля мастацтваў Лотэрэра ў пачатку гонкі, і непасродна перад зыходам ді Грасі падняўся на пятую пазіцыю, з дапамогай фан-бусту абагнаўшы свайго напарніка па камандзе Ніка дэ Врыса – пераможцу першага этапу сезону. Але на выхадзе з дугі шостага паварота Вандорн крыху памыліўся, аб’язджаючы павольны аўтамабіль ді Грасі, і атрымаў лёгкую пстрычку ад дэ Врыса, урэзаўся ў адбойнік і сам датэрмінова скончыў гонку. Не фінішаваў у ёй і дэ Врыс.

Пасля гэтага здарэння на трасу зноў выехаў аўтамабіль бяспекі, пад якім гонка і скончылася. Перамогу атрымаў Вернь, а вось на другую і трэцюю ступені подыума падняліся тыя, ад каго гэтага перад стартам не надта і чакалі.

Брытанец Сэм Бёрд і новазеландзец Мітчэл Эванс з каманды Jaguar стартавалі адзінаццатым і дванаццатым адпаведна, але і самі былі хуткімі падчас гонкі, здзейсніўшы шмат абгонаў, і самі праблем пазбеглі, і скарысталіся непрыемнасцямі астатніх удзельнікаў, фінішаваўшы ўжо другім і трэцім.

У нядзелю, праўда, Верню, Бёрду і Эвансу ўжо так не пашчасціла – француз і новазеландзец атрымалі адмашку клецістым сцягам адзінаццатым і шостым адпаведна, а брытанец не фінішаваў увогуле. Дый увогуле героямі другой гонкі ў Рыме сталі іншыя.

У кваліфікацыі, напрыклад, перамог пілот Envision Virgin Racing Нік Кэсідзі. Аднак у гонцы, як толькі яна пачалася ў баявым рэжыме (як і першая, яна пачалася пад аўтамабілем бяспекі), на першым жа сур’ёзным тармажэнні перад сёмым паваротам, дзе напярэдадні сутыкнуліся Лотэрэр і Вандорн, новазеландзец памыліўся і адкаціўся за межы першай дзясяткі.

Лотэрэр, дарэчы, не пазбег непрыемнасцей і ў нядзельнай гонцы, атрымаўшы штраф Stop&Go за шматлікія замены дэталяў перад стартам. Гэта пры тым, што ў суботу за здарэнне з Вандорнам ён быў пазбаўлены дзявятага месца.

Ну а за лідарства пасля самаўхілення Кэсідзі, які паспрабаваў быў адыграцца, але на чацвёртым кругу урэзаўся ў адбойнік пасля кантакту з Роўландам, пачалі спрачацца Нарман Нато з ROKiT Venturi Racing і Паскаль Верляйн з Porsche. За чым на ўласныя вочы назіраў адзін з галоўных няўдачнікаў папярэдняга дня – Вандорн.

Бельгіец спачатку стаў сведкам крыху вар’яцкага абгону Нато Верляйнам усё перад тым жа сёмым паваротам, а праз вельмі кароткі час ужо атакаваў Нармана. Першая спроба на прамой перад шпількай імя Марконі поспехам не скончылася, але ў самой шпільцы Вандорн Нато ўжо даціснуў, падняўшыся на другую пазіцыю. А затым перайграў і Верляйна, як выявілася, вельмі своечасова першы раз актываваўшы рэжым максімальнай атакі.

Бо мала таго, што апярэдзіў Верляйна, калі той сам адправіўся на актывацыю, дык яшчэ і больш поўна скарыстаўся дадатковай магутнасцю, тады як у Паскаля значную яе частку «з’еў» рэжым жоўтых сцягоў на ўсёй трасе, які быў уведзены праз некалькі хвілін пасля аварыі ді Грасі, да якой прывёў яго кантакт з пілотам Nissan e.dams і былым чэмпіёнам электраформулы Себасцьенам Буэмі.

Ну а калі жоўтыя сцягі зноў змяніліся зялёнымі, Верляйну не пашанцавала яшчэ раз – яго абагнаў пілот каманды Mahindra Алекс Сімс. А бліжэй да фінішу немца паспяхова атакаваў і Нарман Нато. Паскаль можа і паспрабаваў бы контратакаваць француза, але на апошніх кругах на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі – непадалёк ад месца, дзе раней у аварыю патрапіў ді Грасі, сышоў з дыстанцыі і яго напаранік Роўланд, які ў адным з папярэдніх паваротаў пашкодзіў падвеску свайго баліда аб адбойнік.

Аднак хоць больш перастановак у першай тройцы і не адбылося, замкнуў яе ўсё роўна Верляйн, бо ўжо пасля фінішу Нато быў дыскваліфікаваны за перарасход энергіі. Добра што хоць Сімс і Вандорн не былі пакараныя і атрымалі ўзнагароды за выдатную для абодвух гонку.

ансПерамога Вандорна была асабліва важнай пасля наўдачы днём раней, а яшчэ яна вывела яго на чацвёртую пазіцыю ў асабістым заліку чэмпіянату, дзе ў Стофеля 33 ачкі. Усяго на адно болей у гоншчыка Virgin Робіна Фрайнса, які апусціўся на трэці радок. Эванс наадварот падняўся на другую пазіцыю і мае 39 ачкоў. Ну а лідарам, як ні дзіўна, застаўся Бёрд, у якога 43 ачкі.

Камандны залік з 82 ачкамі ўзначальвае Jaguar. Mercedes, у якога 65 ачкоў, падняўся другую пазіцыю, а DS TECHEETAH цяпер замыкае першую тройку і мае 46 ачкоў.

Наступныя два этапы Формулы Е, як было сказана вышэй, пройдуць 24 і 25 красавіка ў Валенсіі. Але не на гарадской трасе, а на кароткай версіі аўтадрома імя Рыкарда Торма.

Другие посты блога

Все посты