Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Фабіа Куартарара – Хэмілтан MotoGP?

Фабіа Куартарара – Хэмілтан MotoGP?

На матацыклетным Гран-пры Партугаліі Фабіа Куартарара перамог за такой яўнай перавагай, што падалося, быццам бы ён узяў на сябе ролю Льюіса Хэмілтана ў MotoGP. Хаця насамрэч усё моцна складаней.

20 апреля 2021, 15:15
Фабіа Куартарара – Хэмілтан MotoGP?

Фота: www.motogp.com

На матацыклетным Гран-пры Партугаліі Фабіа Куартарара перамог за такой яўнай перавагай, што падалося, быццам бы ён узяў на сябе ролю Льюіса Хэмілтана ў MotoGP. Хаця насамрэч усё моцна складаней.

Аднак дакладна цяжка спрачацца з тым, што Фабіа і завадская каманда Monster Energy Yamaha MotoGP падышлі да новага сезону чэмпіянату ў значна лепшай форме ў параўнанні з мінулагодняй. Хай сабе японцы і не маглі дапрацоўваць рухавік сваёй YZR-M1 (гоншчыкі на гэтых матацыклах у мінулым годзе перамагалі), аднак шасі машыны значна палепшылася.

Стаў лепей і Куартарара, на што звярнулі ўвагу многія эксперты. Француз і сам пацвердзіў, што ў міжсезонне шмат працаваў са сваім фізіятэрапеўтам. Відавочна, ён стаў мацнейшым і болей устойлівым і з пункту гледжання псіхалогіі. І цяпер можна ўпэўнена казаць, што рашэнне перавесці Эль Д’ябла з каманды-сатэліта ў завадскі калектыў было слушным і своечасовым.

На другім этапе запар аналіз вынікаў свабодных заездаў на  трасе Альгарвэ ў Парцімане ў пятніцу і суботу сведчыў аб тым, што менавіта Куартарара з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на перамогу. І нават калі б у кваліфікацыі перамог не ён, гэта сутнасці не змяніла б. Да таго ж мы ведаем, што поўл у MotoGP ніколі не гарантуе перамогу ў гонцы. Хоць і тут у Фабіа гэтым разам усё атрымалася – новы рэкорд трасы (у матацыклетным заліку), які склаў 1:38,862, на сябе запісаў менавіта гоншчык Ямахі.

З гэтым паспрачаўся быў яго канкурэнт з завадской Ducati Франчэска Баньяя, які ў фінальнай спробе быў хутчэйшым за француза. Аднак італьянец не звярнуў увагу на жоўтыя сцягі, якія з’явіліся пасля падання завадскога гоншчыка KTM Мігеля Алівейры, праз што яго вынік быў ануляваны, а стартаваць ён мусіў толькі адзінаццатым.

Поўл жа застаўся за Куартарара, але не гэты факт прыцягваў да сябе найбольшую ўвагу. Нашмат важнейшым для ўсіх быў шосты вынік Марка Маркеса. Так, шасціразовы чэмпіён, які 265 дзён аднаўляў сваё здароўе пасля мінулагодняй аварыі на іспанскім Гран-пры, урэшце вярнуўся ў гонкі і праводзіў свой першы пасля паўзы паўнавартасны этап. І праводзіў яго нядрэнна, хай сабе і не ўзначальваючы пратаколы сесій свабодных заездаў, але кожны раз не саступаючы лідару і секунды.

Вось і ў кваліфікацыі ад Куартарара яго аддзяліла ўсяго 0,259 секунды, што было заяўкай калі не на перамогу альбо подыум, то як мінімум на ачкі па выніках гонкі. Канечне, недахоп фізічнага стану даваў пра сябе ведаць. Косці яго траўмаванай правай рукі ўрэшце зрасліся, аднак цягліцы яшчэ толькі маюць аднавіць лад.

Натуральна, рука ў Марка баліць, таму цудаў ад яго ніхто не патрабуе. І тое, што ў фінал кваліфікацыі ён не прайшоў аўтаматычна пасля чацвёртай свабоднай практыкі, а прабіўся туды з першага сегменту разам з дзейсным чэмпіёнам і сваім суайчыннікам Жоанам Мірам, не павінна ўводзіць у зман і быць падставай для выкрэслівання яго з ліку мацнейшых гоншчыкаў сучаснага MotoGP.

Як не варта спісваць і Жоана Зарко, і Алекса Рынса, і таго ж Міра, і Джэка Мілера, якія на першым кругу абагналі Куартарара. Нават Маркеса француз прапусціў тады! Але як кваліфікацыя не гарантуе перамогі, так і правал на старце не ставіць на ёй аўтаматычна крыж. І адыгрывацца Фабіа пачаў амаль адразу, ужо на чацвёртым кругу вярнуўшыся ў першую тройку.

Значна меней пашанцавала яго напарніку Маверыку Віньялесу, які і кваліфікаваўся толькі дванаццатым, і старт праваліў, згубіўшы некалькі пазіцый, і адзінаццатым фінішаваў толькі дзякуючы шматлікім сходам канкурэнтаў. Верагодна, у пераможцы Гран-пры Катара рэзервы для самаўдасканалення яшчэ далёка не вычарпаныя.

Ну а сам Куартарара, падняўшыся на трэцюю пазіцыю, пачаў назіраць за барацьбой за лідарства паміж Зарко і Рынсам. Яна скончылася на карысць іспанца з Suzuki на чацвёртым кругу, калі ён перахапіў першую пазіцыю. Французу ж з Pramac не надта дапамагала і магутнасць рухавіка яго Ducati Desmosedici GP21, бо хутка ён саступіў і Куартарара. Які ў сваю чаргу на дзявятым кругу перахапіў лідарства ў Рынса.

Варта адзначыць, што Зарко выступаў у Парцімане ў адзіноце, і прыкрываць яго не было каму. Яго напарнік Хорхе Марцін выбыў з барацьбы пасля аварыі на першай суботняй сесіі свабодных заездаў. Іспанец моцна пашкодзіў пясцевыя косці правай рукі і правую медыяльную шчыкалатку, на якіх у яго маюць адбыцца аперацыі. Але сам Хорхе разлічвае вярнуцца ўжо на наступным этапе ў Херэсе ў канцы красавіка – пачатку мая. Чаго мы таксама моцна жадаем.

Здаецца толькі, Марцін стаў першай ахвярай нейкага праклёну. Хто толькі не падаў у мінулы ўік-энд. Праз гэта гонка датэрмінова скончылася і для Мілера з Полам Эспаргара (на першых кругах), і для Валянціна Росі (прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі), а на апошніх кругах падзенні пачаліся ў групе лідараў.

Першым тут сышоў з дыстанцыі Рынс, які на дзевятнаццатым кругу ўпаў у пятым павароце. Гэта аўтаматычна вывела на другую пазіцыю Зарко, якога канкурэнты, у тым ліку Мір, паспелі былі выцесніць з першай тройкі. Але затым гоншчык Pramac змог абагнаць дзейснага чэмпіёна. Праўда, і на другой пазіцыі пасля сходу яго напарніка Зарко пабыў нядоўга. Таму што на дваццатым кругу яго самога апярэдзіў Баньяя, пасля чаго француз сам упаў і выбыў з барацьбы.

Куартарара ж пераканаўча перамог – Баньяя, які фінішаваў другім, саступіў яму амаль пяць секунд. Затое італьянец нядрэнна рэабілітаваўся пасля няўдачы ў кваліфікацыі, а заадно намякнуў, што не ўсё кату масленіца. У перакладзе на мову MotoGP, што зноў зарана называць Куартарара адназначным лідарам чэмпіянату. Бо і ў Ducati ўзімку не сядзелі склаўшы рукі, а таксама добра папрацавалі над матацыклам. Desmosedici GP21 сапраўды часта нядрэнна выглядае не толькі на прамых, але канкурэнтаздольны і ў віражах.

Вось з новым Suzuki GSX-RR пытанняў пакуль болей. Яго выдатная збалансаванасць пакуль не заўсёды дазваляе Міру з Рынсам спаборнічаць за перамогу. Дакладней, чарговы раз прыходзіцца прызнаць, што гэта новая Yamaha YZR-M1 аказалася грознай зброяй. Таму ў Парцімане два іспанцы і не знайшлі што супрацьпаставіць ёй з Куартарара ў сядле, а таксама гоншчыкам на новых Ducati. І Мір замкнуў першую тройку з большага дзякуючы сходу Зарко.

Зрэшты, траса Альгарвэ, як і Ласаіл у Катары, таксама не надта тыповая для MotoGP, таму шанцы адыграцца яшчэ атрымаюць прадстаўнікі і Suzuki, і Хонды. У другім выпадку гаворка ідзе ў першую чаргу, канечне, пра Маркеса, які ў Партугаліі заняў нядрэннае пасля працяглага перарыву сёмае месца. Поспеху яму зараз зычаць нават тыя, хто яго фанатам ніколі не быў, таму што гэта будзе вялікая карысць для чэмпіянату. Можна не сумнявацца, што на наступным этапе Марк будзе яшчэ мацнейшым.

Аднак не вызывае сумневаў і што Куартарара з’яўляецца зараз галоўным фаварытам. Менавіта ён пасля партугальскага этапу ўзначаліў турнірную табліцу – у Эль Д’ябла 61 ачко супраць 46 у Баньяі, які займае другую пазіцыю. Замыкае першую тройку цяпер Віньялес, у якога 41 ачко – на адно болей, чым у былога лідара Зарко, які апусціўся на чацвёртую пазіцыю.

З Парціманам мы не развітваемся – сюды, як я пісаў учора, праз два тыдні прыедзе Формула-1. Тады ж, як адзначалася вышэй, траса імя Анхеля Ніета будзе прымаць матацыклетны Гран-пры Іспаніі. У мінулым годзе яна стала месцам двайнога трыумфу Куартарара, і пакуль яго шанцы паўтарыць поспех (часткова – у гэтым годзе ў Херэсе пройдзе толькі адна гонка) выглядаюць высокімі. Аднак і пра яго пераўтварэнне ў Льюіса Хэмілтана MotoGP казаць заўчасна – канкурэнты могуць нанесці зваротны ўдар у любы момант.

Другие посты блога

Все посты