Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не толькі Рэй! На трэцім этапе сусветнага Супербайка ў італьянскім Мізана Джонатан не атрымаў аніводнай перамогі

Не толькі Рэй! На трэцім этапе сусветнага Супербайка ў італьянскім Мізана Джонатан не атрымаў аніводнай перамогі

Добрыя навіны для прыхільнікаў WSBK: Джонатан Рэй – чалавек, а не бяздушная машына, якая штампуе перамогі адну за адной. І памыляцца здольны і ён. Інтрыга ў чэмпіянаце жывая?

Не толькі Рэй! На трэцім этапе сусветнага Супербайка ў італьянскім Мізана Джонатан не атрымаў аніводнай перамогі

Фота: worldsbk.com

Добрыя навіны для прыхільнікаў WSBK: Джонатан Рэй – чалавек, а не бяздушная машына, якая штампуе перамогі адну за адной. І памыляцца здольны і ён. Інтрыга ў чэмпіянаце жывая?

Зрэшты, гэта і для балельшчыкаў самога шасціразовага і дзейснага чэмпіёна сусветнага Супербайка добрыя навіны. Адна справа, калі твой кумір не сустракае ніякага істотнага супраціву з боку супернікаў, і зусім іншая, калі за перамогі яму даводзіцца змагацца па-сапраўднаму, даказваючы, што ён сапраўды лепшы.

Альбо нават увогуле саступаць канкурэнтам, як на этапе ў Мізана. Красамоўны спойлер: у мінулы ўік-энд Рэй ва ўсіх трох гонках фінішаваў трэцім. Гэта, канечне, не сведчыць аб нейкіх праблемах у яго і яго каманды Kawasaki Racing Team WorldSBK – яны па-ранейшаму адны з мацнейшых у сусветным мотаспорце. Але дае надзею на тое, што не ўсё ў бягучым сезоне прадвызначанае.

Будучыя пераможцы гонак на трасе імя Марка Сіманчэлі – завадскія гоншчыкі Aruba.it Racing-Ducati і Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK Міхаэль Рубэн Рынальдзі і Топрак Разгітліоглу – зрабілі намёкі на гэта яшчэ ў свабодных практыках у пятніцу і суботу. Турак першынстваваў у першы дзень, італьянец у другі. Рэй пачаў быў адказваць ім, заваяваўшы затым поўл, аднак на доўгай дыстанцыі ў гонках ужо не здолеў угнацца за канкурэнтамі.

Першую гонку ён прайграў ужо на старце, які выдатна правёў Рынальдзі, прарваўшыся з чацвёртай пазіцыі на першую. Ён адным махам пакінуў ззаду свайго напарніка і на той момант яшчэ галоўнага пераследніка Рэя ў чэмпіянаце Скота Рэдзінга і Разгітліоглу, а затым у звязцы першых двух паваротаў атакаваў і лідара чэмпіянату.

Іх барацьбой скарыстаўся Разгітліоглу, на кароткі момант захапіўшы лідарства ў гонцы, аднак хутка саступіў яго, прапусціўшы наперад і Рынальдзі з Рэем, і Рэдзінга. З апошнім, праўда, Топрак даволі скора разабраўся, абагнаўшы яго на пятым кругу. А яшчэ праз пяць ззаду яго апынуўся і Рэй.

Джонатан з Рынальдзі да гэтага моманту ўжо паспелі ад’ехаць ад пераследнікаў на бяспечныя некалькі секунд, і спаборнічалі адзін з адным – чэмпіён прапусціў Міхаэля Рубэна наперад на першым кругу, аднак адарвацца не даваў і ўвесь час ціснуў на яго. Але на дзясятым кругу памыліўся ў першым павароце, ледзь не ўпаўшы там. На колах утрымацца брытанец здолеў (сэйф у яго выкананні ўсе ўжо параўналі з тымі, што ў MotoGP у свае лепшыя часы рабіў Марк Маркес), але зрабіў кароткі візіт за межы трасы, вярнуўшыся на яе ўжо за спінай Разгітліоглу.

Атакаваць гоншчыка Ямахі Рэю магчымасцей не прадставілася, як і ў Рэдзінга не атрымалася атакаваць яго. Так Джонатан і Скот і фінішавалі трэцім і чацвёртым. Разгітліоглу задаволіўся другім месцам – яму таксама было далёка да Рынальдзі, які атрымаў другую перамогу ў сваёй кар’еры ў Супербайке.

Ізноў спойлер: Рынальдзі, Разгітліоглу, Рэй і Рэдзінг у такім жа парадку занялі першыя чатыры месцы і ў нядзельным ранішнім спрынце. Толькі ў гонцы падзеі развіваліся інакш. У Рынальдзі на старце не атрымалася паўтарыць свой суботні прарыў, чарга браць хол-шот перайшла да Разгітліоглу, які лідарам увайшоў у першы паварот.

Рынальдзі ўсё ж абагнаў Рэдзінга на першым кругу, Рэя на другім, а на трэцім распачаў бойку з Разгітліоглу. Топрак паспяхова супраціўляўся некалькі кругоў, але на шостым Рынальдзі знайшоў магчымасць для паспяховай атакі і выйшаў наперад, атрымаўшы затым трэцюю ў кар’еры і другую за ўік-энд перамогу.

Ну а Разгітліоглу адказаў у фінальнай гонцы ўік-энду. Толькі спачатку сказаць сваё слова паспрабаваў Рэй. Скарыстаўшыся недасканалай атакай Топрака на Рынальдзі на першым кругу, брытанец абагнаў іх абодвух у чацвёртым павароце, а на другім адбіў атаку італьянца, скарыстаўшыся яго памылкай.

Аднак Ducati Panigale V4 R і Yamaha YZF R1 канкурэнтаў у мінулы ўік-энд усё роўна былі хутчэйшыя за яго Kawasaki ZX-10RR. Асабіста хуткім у галоўнай нядзельнай гонцы быў Разгітліоглу. І пасля таго, як на трэцім кругу Рынальдзі ўсё ж абагнаў Рэя, Топрак ззаду Джонатана таксама не затрымаўся надоўга, абагнаўшы яго на наступным кругу.

На канкурэнта з Ducati турак патраціў болей часу. Як і сам Разгітліоглу раніцай, Рынальдзі супраціўляўся доўга і эфектыўна. Аднак на восьмым кругу і ён саступіў Топраку, фінішаваўшы ў выніку другім. Ну а Разгітліоглу атрымаў першую ў сезоне перамогу.

А галоўнае, што цяпер менавіта ён з’яўляецца галоўным пераследнікам Рэя ў чэмпіянаце, саступаючы яму 20 ачкоў (у Джонатана іх 149). Рэдзінг жа, які ва ўсіх трох гонках трэцяга этапу фінішаваў чацвёртым, апусціўся на трэцюю пазіцыю і мае 104 ачкі. А вось Ducati ў заліку вытворцаў, наадварот, паднялася на пазіцыю вышэй, заняўшы са 153 ачкамі першую. Kawasaki апусцілася на другую і мае 149 ачкоў, а замыкае першую тройку Yamaha, у якой 132 балы.

Як бачым, інтрыгу ў сусветным Супербайке хаваць усё ж зарана. Пераможным аказаўся нават Рэй! А мы пабачылі прыгожую барацьбу ў гонках, пераможцы якіх вызначыліся не ў кваліфікацыі (зрэшты, кароткая ранішняя нядзельная гонка ўсё ж завецца кваліфікацыйнай).

Магчыма, гэтаму паспрыяла канфігурацыя трасы імя Марка Сіманчэлі ў Мізана – доўгіх прамых тут няма, адпаведна, магутнасць рухавіка вырашае не ўсё. Калі так, то і наступны этап WSBK, што пройдзе 2-4 ліпеня, таксама мае шанцы быць цікавым і непрадказальным – яго прыме траса Донінгтан-Парк у Велікабрытаніі, якая таксама выводзіць на першы план іншыя рысы тэхнікі, апроч аддачы матораў.

Другие посты блога

Все посты