Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Апошні нецікавы Ле Ман? Дзевяносты ў гісторыі сутачны марафон адлюстраваў крызіс WEC

Апошні нецікавы Ле Ман? Дзевяносты ў гісторыі сутачны марафон адлюстраваў крызіс WEC

Такі Ле Ман нам дакладна не патрэбны! Калі пераможцы ў абсалютным заліку перамогу сваю атрымліваюць практычна ў падарунак, цікавай гонку назваць ну ніяк не атрымліваецца. Чакаем наступнага года і ўспамінаем драмы, якія ўсё ж былі ў малодшых катэгорыях.

4
Апошні нецікавы Ле Ман? Дзевяносты ў гісторыі сутачны марафон адлюстраваў крызіс WEC

Такі Ле Ман нам дакладна не патрэбны! Калі пераможцы ў абсалютным заліку перамогу сваю атрымліваюць практычна ў падарунак, цікавай гонку назваць ну ніяк не атрымліваецца. Чакаем наступнага года і ўспамінаем драмы, якія ўсё ж былі ў малодшых катэгорыях.

Галоўная драма, якая тычыцца ўсіх у свеце, ужо амаль чатыры месяцы разварочваецца ва Украіне. Яна пакутуе ад фашысцкай агрэсіі з боку войска закамплексаванага дыктатара. Падпарадкаваўшы сабе праз свайго калгаснага гаўляйтэра Беларусь, ён канчаткова пераканаўся ў тым, што можа аднавіць імперыю. І люта ўзненавідзеў украінцаў, якія адмовіліся быць яе часткай.

Зараз яны вымушаныя плаціць страшэнную цану за свой выбар. Вораг не спыняецца ні перад чым, спрабуючы скарыць іх, хаця яшчэ ў першы дзень вайны стала зразумела, што гэта немагчыма фізічна. Украінцы разам абараняюць свой дабрабыт, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, здабылі за мінулыя гады. Іх чалавечая годнасць і мужнасць натхнілі ўвесь свет, і грамадзяне свабодных краін, у адрозненні ад прадажных палітыкаў, разумеюць, што следам за таннымі нафтай і газам раней ці пазней атрымаюць грукат у свае дзверы з боку рускага свету.

Украінцам можна дапамагчы прадухіліць катастрофу пастаўкамі сучаснай зброі, якая павысіць эфектыўнасць працы іх войска. Вызваленне Украіны ў кароткатэрміновай перспектыве прывядзе і да вызвалення нашай зямлі, і цывілізацыя атрымае падвоеную перамогу. Беларусы, якія зараз дапамагаюць украінцам абараняць іх радзіму, нарэшце дапамогуць вызваліцца і сваім суайчыннікам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Калі ў светлай будучыні Украіны і Беларусі сумневаў няма, то сказаць тое ж самае пра чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць у мяне не атрымліваецца. Гадоў дваццаць таму, калі яго яшчэ як чэмпіянату не існавала, роўных ў доўгіх гонках і канкрэтна ў Ле Мане сабе не ведалі Audi. Па адным разе на кальцы Сарт атрымалася перамагчы ў Bentley і Peugeot, але сапраўды цікава стала, калі ўжо якраз у чэмпіянат свету прыйшлі Porsche і Toyota.

Прычым гэта было сапраўднае спаборніцтва тэхнічных канцэпцый: у Audi выкарыстоўвалі дызельныя рухавікі, у Porsche бензінавыя з турбанаддувам, а ў Таёце – атмасферныя (але пазней таксама перайшлі на турбіраваныя). У 2015 годзе збіраўся, але так да WEC і не далучыўся Nissan з пярэднематорным і пярэднепрывадным (!) прататыпам.

Аднак пазней канцэрну Volkswagen AG, якому належаць абодва нямецкіх брэнда, стала не да гонак праз агромністы штраф, што быў накладзены на яго ў ЗША пасля скандалу з выхлапам дызельных матораў дарожных легкавікоў. У тым ліку праз гэта, як і праз дарагавізну прататыпаў катэгорыі LMP1, Audi і Porsche сышлі з гонак на цягавітасць, і з 2018 года ў іх пануе Toyota.

Натуральна, такая сітуацыя не падабалася арганізатарам чэмпіянату, і яны пачалі распрацоўваць новую катэгорыю гіперкараў, якая у мінулым годзе замяніла сабой прататыпы LMP1. Стваралася яна ў значнай ступені пад Aston Martin з яго суперкарам Valkyrie, які мог бы стаць ле манаўскім гіперкарам – рэгламент дазваляе ствараць іх на базе серыйных машын або стылізаваць пад іх. Толькі брытанцы, што называецца, зліліся, бо ўжо паглядалі ў бок Формулы 1, і Toyota так і засталася адна.

Зрэшты, вытворцы ўсё ж зацікавіліся новым класам і паступова пачалі анансаваць свой прыход у WEC. Амерыканская кампанія Scuderia Cameron Glickenhaus, што якраз вырабляе дробнасерыйныя спорткары, са сваім SCG 007 у мінулым жа годзе і прыйшла. Толькі, канечне, адразу не бліснула ні ў Ле Мане (у мінулагодняй гонцы яе экіпажы нават у першую тройку не патрапілі), ні ў сезоне ў цэлым, бо нават не на ўсіх этапах стартавала. Тым больш што яе гіперкар не гібрыдны, у адрозненні ад той жа Toyota GR010 Hybrid, праз што саступае ёй у хуткасці.

Ва ўсіх была надзея на Peugeot, чый Hypercar 9X8 павінен быў з’явіцца ў WEC у гэтым годзе. Ён і з’явіцца, але толькі на наступным этапе ў Монцы. Падрыхтаваць яго да Ле Мана каманда не паспела. Затое вядомыя склады экіпажаў: пад нумарам 93 паедуць Жан-Эрык Вернь, Пол дзі Рэста і Мікел Йенсэн, пад нумарам 94 – Лойк Дзюваль, Густава Менезэс і Джэймс Росітэр. Апошні, дарэчы, замяніў адкліканага назад у Haas у Формулу 1 Кэвіна Магнусэна.

Сапраўднае ж адраджэнне можа адбыцца ў наступным годзе, калі з’явіцца катэгорыя LMDh. Гэтыя прататыпы, шасі для якіх будуць рыхтаваць на базе шасі LMP2 новага пакалення некалькі кампаній і якія будуць мець стандартызаваную гібрыдную сістэму, змогуць выкарыстоўваць і вытворцы. Яны вольныя ставіць на іх уласныя РУЗ і стылізаваць машыны пад сваю серыйную прадукцыю. Па характарыстыках яны будуць адпавядаць гіперкарам і спаборнічаць будуць з імі на роўных у адным класе.

Але і тут адразу ўзніклі пытанні. Audi спачатку зацікавіла гэта катэгорыя, і ў Інгальштаце аднымі з першых разам з Porsche дамовіліся з кампаніяй Multimatic пра шасі. Аднак, як і некалі Aston Martin, пазней зацікавіліся Формулай 1, куды збіраюцца праз некалькі гадоў паўнавартаснай камандай. Таму праграма ў WEC там пакуль што стаіць на паўзе.

Добра што хоць у Porsche задні ход даваць не сталі, хоць таксама збіраюцца ў Вялікія Прызы (праўда, толькі ў якасці пастаўшчыка сілавых установак). Таму ў 2023-м чакаем у WEC і іх разам з Кадылакам, які ўжо паказаў свой прататып, і, магчыма, з японскай Акурай, якая кааперуецца з кампаніяй Oreca. Апошняя, праўда, можа абмежавацца амерыканскай серыяй IMSA, арганізатары якой разам з арганізатарамі чэмпіянату свету уніфікавалі тэхнічныя рэгламенты.

Пакуль што толькі там з 2024 года плануе завадской камандай выступаць і BMW. Яны таксама ўжо паказалі сваю машыну, шасі для якой, як і для Кадылака, будзе будаваць італьянская Dallara. Затое менавіта ў WEC з прататыпамі LMDh з таго ж 2024-га будуць выступаць каманды Alpine, якая супрацоўнічае з Oreca, і ні многа, ні мала Lamborghini, чыім партнёрам будзе Ligier.

Катэгорыя LMDh, дарэчы, разлічвалася ў тым ліку на прыватныя каманды, якія могуць набываць машыны ў завадскіх каманд. У Porsche, напрыклад, адразу абвясцілі, што ў іх будуць кліенты. На прыватнікаў у сусветным чэмпіянаце найперш разлічваюць у BMW.

Толькі ці дастаткова знойдзецца прыватнікаў, гатовых адваліць два з паловай мільёны еўра толькі за адну машыну? А калі дадаць яе абслугоўванне, бюджэт на сезон (толькі для адной машыны, паўтаруся) складзе 6-8 мільёнаў еўра. Для параўнання, сезон у катэгорыі LMP2 танейшы разоў у дзесяць.

Так што надзея ўся ўсё роўна на завадскія каманды, некаторыя з якіх ствараюць сапраўдныя гіперкары, як згаданая Peugeot, і Ferrari, якая прыходзіць у наступным годзе. Пры гэтым не губляе надзею з гіперкарам распрацоўкі яго ўласнай каманды вярнуцца ў вышэйшую лігу WEC і Колін Колес.

Застаецца толькі спадзявацца, што шанцы на перамогу будуць ва ўсіх. У адваротным выпадку вытворца можа хутка нагуляцца ў такія гонкі і сысці. Тым больш што WEC – гэта не Формула 1, сезон тут нават у лепшыя часы складаў не больш за восем этапаў. Нават калі на кожным будзе перамагаць новая каманда, усё роўна гонак не хопіць на ўсіх. Карацей, пытанняў пакуль хапае, і пытальнік у першай фразе загалоўка стаіць не проста так.

Каб зразумець, чым прыкладна скончыцца сутачны марафон на кальцы Сарт у гэтым годзе, дастаткова было паглядзець на спіс яго ўдзельнікаў у катэгорыі гіперкараў. Дзве Таёты: сёмая Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыі Лопеса і восьмая Себасцьена Буэмі, Брэндана Хартлі і Ро Хіракавы. Два Глікенхаўзы: семсот восьмы Алів’е Пла, Рамэна Дзюма і Луіса Феліпэ Дэрані і семсот дзявяты Раяна Брыска, Рычарда Вэстбрука і Франка Маё. Ну і трыццаць шосты экіпаж Alpine ELF Team у складзе Андрэ Нэграна, Нікаля Лап’ера і Мацьё Ваксів’ера.

Пераможцы вызначыліся ў кваліфікацыі, што ў дачыненні да сутачнай гонкі гучыць дзіўна. Тым не менш, Хартлі, заваяваўшы поўл у чацвер, фактычна забяспечыў поспех сабе і сваім калегам па экіпажы. Спаборнічаць паміж сабой сваім гоншчыкам Toyota забараніла адразу, таму як максімум яны мяняліся пазіцыямі на піт-стопах, пакуль бліжэй да раніцы на восьмай машыне не ўзніклі праблемы з рухавіком, што запатрабавала рамонту.

Конвэй, Кабаяшы і Лопес адсталі ад Буэмі, Хартлі і Хіракавы на круг, але на другой пазіцыі ўтрымаліся, на ёй жа і фінішаваўшы. У экіпажа Alpine праблемы пачаліся на першых жа гадзінах – спачатку зламалася счапленне і выйшла з ладу сістэма запальвання (перасталі працаваць два з васьмі цыліндраў рухавіка), а ўжо раніцай, калі тры чвэрці дыстанцыі былі амаль пераадоленыя, Ваксів’ер, абганяючы кругавы Porsche катэгорыі LMGTE Am, вылецеў з трасы і моцна пашкодзіў прататып. Фінішаваць-та трыццаць шосты экіпаж фінішаваў, але толькі дваццаць трэцім.

Таму Glickenhaus гэтым разам у першую тройку патрапіў. Болей пашанцавала Брыска, Вэстбруку і Маё, у якіх на раннім этапе гонкі ўзніклі праблемы ўсяго толькі з адным з электронных датчыкаў на іх машыне. Пла, Дзюма і Дэрані фінішавалі чацвёртымі, у тым ліку праз вылет у гравій у павароце Tertre Rouge на дванаццатай гадзіне, за якім быў рамонт.

Расказваючы пра катэгорыю прататыпаў LMP2, я звычайна знаходжу, на што звярнуць увагу. Усё ж такі, экіпажаў там багата, і барацьба паміж імі ідзе шчыльная. Так яно, у прынцыпе, было і ў мінулыя суботу і нядзелю, толькі пераможцы былі вядомыя ўжо амаль пасля самага старту.

З першай пазіцыі гонку пачынаў трыццаць першы экіпаж каманды WRT у складзе Шона Гелаэля, Робіна Фрайнса і Рэнэ Раста, з другой – дваццаць другі экіпаж United Autosports USA у складзе Філіпа Хансана, Філіпэ Альбукерке і Уіла Оўэна. Вось паміж імі на самым старце адбыўся кантакт, у выніку якога машына амерыканскай каманды апынулася ў гравіі з пашкоджанай пярэдняй часткай.

Таму пакуль Оўэн дацягнуў да боксаў (а яму прыйшлося павольна «пілаваць» амаль усе болей чым трынаццаць з паловай кіламетраў, пакуль машыну адрамантавалі, час быў безнадзейна згублены, і экіпаж фінішаваў толькі чатырнаццатым. Раст, які быў за стырном прататыпа WRT быў прызнаны вінаватым у тым інцыдэнце, за што атрымаў хвілінны штраф Stop&Go, у выніку чаго яны з Гелаэлем і Фрайнсам былі класіфікаваныя толькі пяцьдзесят пятымі.

Пасля іх сутыкнення ў лідары выйшаў трыццаць восьмы экіпаж Jota у складзе Рабэрта Гансалеса, Антоніу Фелікса да Кошты і Уіла Сцівэнса. У кожнага з іх да самага фінішу ўсё было добра, яны ў выніку і перамаглі. Другімі фінішавалі Роберт Кубіца, Луі Дэлетраз і Ларэнца Каломба з дзявятага экіпажа Prema Orlen Team, замкнулі тройку мацнейшых калегі пераможцаў па калектыве на дваццаць восьмай машыне Олівер Расмусэн, Эдвард Джонс і Джонатан Абердэйн.

Дарэчы, немаведама, што ў будучыні будзе з катэгорыяй LMP2. Дакладней, вядома – другое пакаленне гэтых машын з’явіцца ў 2025 годзе. Але што будзе, калі для каманд, якія зараз удзельнічаюць у ёй, больш прывабнымі стануць прататыпы LMDh, на якіх можна будзе змагацца за перамогу ў абсалюце?

А наколькі хуткімі будуць новыя LMP2? Нават цяперашнія задушаныя, каб не абганялі гіперкары, якія значна павольнейшыя за колішнія LMP1. З 610 конскіх сіл магутнасць іх атмасферных 4,2-літровых рухавікоў Gibson паніжаная да 550-540, і, відавочна, новыя таксама будуць балансавацца. Інакш кажучы, як бы не атрымалася, што мы слухаем лебядзіную песню LMP2.

Дзе драмы было праз край, дык гэта ў катэгорыі LMGTE Pro. З ёй якраз усё зразумела – гэты год для яе апошні, у наступным застанецца толькі аматарская. Ну а яшчэ праз год у нябыт сыдзе і ўся катэгорыя LMGTE, якую заменіць тэхніка катэгорыі GT3. У новы клас не будуць дапушчаныя завадскія каманды, а гэта значыць, што ў каманды Corvette Racing адыграцца не атрымаецца. А як было б прыгожа, калі б дубль заваявалі экіпажы на гэтых прыгожых машынах, ужо новага пакалення C8 з сярэдне-, а не пярэднематорнай кампаноўкай, як раней!

Шэсцьдзесят чацвёрты экіпаж у складзе Томаса Мілнэра, Ніка Тандзі і Алекса Сімса стартаваў першым, шэсцьдзесят трэці ў складзе Антоніа Гарсіі, Джордана Тэйлара і Нікі Катсбурга – другім. Першыя гадзіны яны мяняліся лідарскай пазіцыяй, калі калегі заязджалі на піт-стоп, але на восьмай гадзіне гонкі на шэсцьдзесят трэцяй машыне зламалася падвеска, на чым гонка для экіпажа скончылася.

Іх калегам да пары шанцавала болей, хоць праз праблемы з тармазамі, на ўхіленне якіх быў патрачаны час у боксах, праз што лідарства перайшло да дзевяноста другога экіпажа Porsche GT Team, у якім ехалі Міхаэль Крыстэнсэн, Кэвін Эстрэ і Лоўрэнс Вантор. Але раніцай, блізка да моманту, калі таймер абвясціў, што наперадзе яшчэ восем гадзін, Мілнэр, Тандзі і Сімс вярнуліся на лідарскую пазіцыю.

Алекс прыгожа адваяваў яе ў канкурэнтаў з пяцьдзесят першага экіпажа AF Corse Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймса Калада і Даніэля Сэры. Чый калега па калектыве, але з катэгорыі LMP2 Алесандра Перадо, разам з якім у восемдзесят трэцім экіпажы выступалі Ніклас Нільсэн і Алесіа Равэра, на прамой Mulsanne падчас барацьбы з адным са сваіх непасродных супернікаў выпадкова падтараніў шэсцьдзесят чацвёрты Corvette, які ў выніку быў моцна разбіты. Гонка на гэтым скончылася і для яго экіпажа.

Вядома, расчараванай была ўся каманда. Балюча глядзець было і на Франсуа Перадо, які разумеў, што вінаваты толькі ён (суддзі з ім былі згодныя, і навесілі на яго экіпаж хвілінны Stop&Go). Да ўласнага гонару, ён знайшоў у сабе мужнасць прыйсці ў боксы Chevrolet і папрасіць прабачэння ў каманды. Якая да свайго гонару іх прыняла і не лаялася з французам.

Спрачацца за лідарства пасля сходу Мілнэра, Тандзі і Сімса сталі згаданы пяцьдзесят першы экіпаж AF Corse і прадстаўнікі Porsche. Але не дзевяноста другі – той сам выбыў з кола прэтэндэнтаў за дзве гадзіны да непрыемнасцей дзевяноста чацвёртай машыны Corvette Racing, калі на 911 RSR узарвалася пярэдняя шына, шматкі якой разбурылі ўсю пярэднюю частку машыны.

За калег пачалі адыгрывацца Джанмарыя Бруні, Рыхард Літц і Фрэдэрык Макавецкі. Яны ў выніку і перамаглі, а Гуідзі, Калада і Сэра фінішавалі другімі. Трэцяе месца занялі іх калегі з пяцьдзесят другога экіпажа – Мігель Маліна, Антоніа Фуока і Давідэ Рыгон.

Лепшымі ў катэгорыі LMGTE Am сталі Бэн Кіцінг, Энрыке Чавес і Марка Сорэнсэн з трыццаць трэцяга экіпажа TF Sport. Стартавалі яны далёка не першымі – гэта рабіў шэсцьдзесят першаы экіпаж AF Corse ў складзе Луі Прэта, Конрада Грунвальда і Вінсэна Абрыля. Але яны з кола прэтэндэнтаў на перамогу выпалі даволі хутка, і будучыя трыумфатары спаборнічалі апроч іншых з семдзесят дзявятым экіпажам WeatherTech, за які выступалі Купер МакНіл, Жульен Андлаэ і Томас Мэрыл.

Іх Porsche 911 RSR раніцай у нядзелю і пакінуў ззаду Aston Martin Vantage будучых пераможцаў. Другую ж пазіцыю экіпаж WeatherTech утрымаў, а трэцімі фінішавалі Пол Дала-Лана, Дэвід Пітард і Нікі Тіім з дзевяноста восьмага экіпажа Northwest AMR (яны таксама пілатавалі Aston Martin).

Той, хто ў гонцы 24 гадзіны Ле Мана ачкі зарабляў, атрымліваў іх у двайным памеры. Але Хартлі, Хіракава і Буэмі ў заліку гоншчыкаў катэгорыі гіперкараў лідарства не захапілі – яно засталося ў Нэграна, Ваксів’ера і Лап’ера, у якіх 81 ачко (чацвёртае месца ў сваім класе яны ў Ле Мане фармальна занялі, за што атрымалі 24 балы). Трыа ж новазеландца, японца і швейцарца паднялася на другую пазіцыю, у іх 78 ачкоў. Трэція ж цяпер Дзюма і Пла, якія маюць 69 ачкоў. Затое ў заліку вытворцаў гіперкараў Toyota захапіла лідарства і мае 103 ачкі. Alpine са сваім 81 балам апусцілася на другую пазіцыю, Glickenhaus, у якога 69 ачкоў, трэці.

Гансалес, да Кошта і Сцівэнс ачолілі залік гоншчыкаў катэгорыі LMP2, дзе ў іх 77 ачкоў, што на адзінаццаць болей, чым у Джошуа Пірсана і Олівера Джарвіса з дваццаць трэцяга экіпажа United Autosports, якія ў Ле Мане фінішавалі дзясятымі. Ад іх у сваю чаргу на шэсць адстаюць Каломба, Дэлетраз і Кубіца, яны замыкаюць першую тройку.

Бруні і Літц выйшлі на першую пазіцыю ў заліку гоншчыкаў катэгорыі GT. Яны маюць 84 ачкі, на тры апярэджваючы Эстрэ і Крыстэнсэна, якія самі ўсяго на два балы адарваліся ад П’ер Гуідзі і Калада. Porsche працягвае лідзіраваць у заліку вытворцаў у GT, маючы 165 балаў. Ferrari са 139 ачкамі на другой пазіцыі, Chevrolet, у якіх 40 ачкоў, трэція.

Чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць, як было адзначана вышэй, працягнецца ў італьянскай Монцы, і ўжо меней чым праз месяц – этап там пройдзе 8-10 ліпеня. Спадзяемся, надыходзячае вяртанне Peugeot атрымаецца прыгожым.

Другие посты блога

Все посты