Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Змена фаварытаў

Змена фаварытаў

Orlen Team WRT – каманда-дэбютант Еўрапейскай серыі Ле Ман, але на яе другім этапе на трасе Red Bull Ring яна ў мінулы ўік-энд атрымала ўжо другую запар перамогу. А што ж былыя фаварыты – калектыў United Autosports?

Змена фаварытаў

Orlen Team WRT – каманда-дэбютант Еўрапейскай серыі Ле Ман, але на яе другім этапе на трасе Red Bull Ring яна ў мінулы ўік-энд атрымала ўжо другую запар перамогу. А што ж былыя фаварыты – калектыў United Autosports?

Нажаль, пачынаю я гэты артыкул не з аповеду пра аўстрыйскі этап ELMS, а з драматычных падзей у Беларусі. Пануючы рэжым распачаў новую атаку на айчынныя незалежныя СМІ і спрабуе знішчыць партал TUT.BY. Сам ён заблакаваны, многія з яго супрацоўнікаў (журналісты і кіраўнікі) апынуліся за кратамі па адміністрацыйных альбо крымінальных справах, многія знаходзяцца пад пераследам.

Тэрмінова вызваліць усіх тутбаеўцаў (як і іх калег з іншых СМІ, якія таксама зараз знаходзяцца ў турмах) я мясцовых аўтакратаў не заклікаю – бессэнсоўна. Толькі нагадваю і ім, і ўсім астатнім, што свабодную прэсу душылі ўсе ранейшыя таталітарныя рэжымы. Аднак гэта іх не ратавала, і рознымі шляхамі яны непазбежна прыходзілі да краху і ганьбы. Таму што свабода – гэта жывое, а яны – мёртвае. А жывое заўсёды мацнейшае за мёртвае.

І я не сумняваюся, што TUT.BY вытрывае і выйдзе з гэтай сітуацыі мацнейшым чым быў. Журналістыка такога высокага ўзроўню будзе запатрабаваная ў будучай Беларусі, дзе адновяцца павага да правоў чалавека і вяршэнства права. Усе мае думкі з вамі, шаноўныя калегі і сябры! Верым! Можам! Пераможам! Жыве TUT.BY! Жыве Беларусь!

Гонкі – гэта таксама жывое і, як следства, прыгожае і цікавае. У тым ліку гонкі на цягавітасць, у якіх вялікае значэнне мае не толькі чыстая хуткасць, але і надзейнасць. А часта – яшчэ і поспех і шанцаванне.

Вось апошнія два фактары і дапамаглі ў аўстрыйскім Шпільбергу ў мінулую нядзелю экіпажу Orlen Team WRT у складзе Роберта Кубіцы, Луі Дэлетраза і Е Іфэя на гонцы 4 гадзіны Рэд Бул Рынгу. Пасля суботняй кваліфікацыі, дзе сорак першы экіпаж паказаў пяты вынік, наўрад ці хто з яго гоншчыкаў адчуваў пах будучай перамогі ў старэйшай катэгорыі прататыпаў LM P2 і, адпаведна, у абсалюце. І дзесьці гадзіны за дзве да сканчэння часу гонкі не адчувалі.

Затое ён біў у насы прадстаўнікам United Autosports! Так, тыя ж Кубіца, Дэлетраз і Іфэй і дваццаць шосты экіпаж расійскай каманды G-Drive Racing (Раман Русінаў, Франка Калапінта і Нік дэ Врыс) часам пасля піт-стопаў узначальвалі пелатон, але за рэальную перамогу спрачаліся менавіта экіпажы Юнайтэда: Філ Хансан, Джонатан Абердэйн і Том Гамбл (дваццаць другі) і Йоб ван Уітэрт, Нікаля Жамэн і Мануэль Мальданада (трыццаць другі).

Пры гэтым пачыналася гонка для іх не сказаць што проста. Трыццаць другі экіпаж стартаваў з трэцяй пазіцыі, а дваццаць другі – увогуле з восьмай. Аднак ужо на першым кругу Жамэн абагнаў абедзве машыны канкурэнтаў – уладальнікаў поўла Саліха Юлука, Чарлі Іствуда і Логана Сарджанта з Racing Team Turkey (трыццаць чацвёрты нумар) і Дыега Менчаку, Фердзінанда Габзбурга і Рычарда Брэдлі з Algarve Pro Racing (дваццаць чацвёрты нумар).

Праўда, іх усіх апярэдзіў, захапіўшы лідарства, дваццаць пяты экіпаж G-Drive Racing у складзе Джона Фальба, Руі Андрадэ і Рабэрта Мэры, які стартаваў чацвёртым. Аднак Фальб, які і кіраваў прататыпам Oreca 07 на стартавым адрэзку, зрабіў гэта з парушэннем меж трасы, за што атрымаў ад суддзяў штрафны праезд па піт-лэйне. Але тое было пазней, і Жамэн паспеў абагнаць яго на трасе, пасля чаго амерыканец апынуўся пад атакай з боку… Хансана!

Брытанскі гоншчык нічога не адыграў ні на старце, ні на першым кругу, але яму мімаволі моцна дапамог прадстаўнік з малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3. На першым жа кругу на тармажэнні перад паваротам Remus (трэцім на Рэд Бул Рынгу) развярнула Ligier JS P320 дваццатага экіпажу каманды Team Virage. Роб Хоўдс, які і быў у той момант за стырном, у выніку не перадаў змену сваім калегам па экіпажы Гарэту Грытсу і Чарльзу Крузу, таму што моцна пашкодзіў свой аўтамабіль, зачапіўшы яшчэ і два іншых экіпажаў, у тым ліку з катэгорыі LM P2.

Абломкаў на трасе пасля таго інцыдэнту было шмат, таксама патрабавалася эвакуацыя пашкоджаных прататыпаў, таму на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі. Гонка узнавілася праз некалькі кругоў, і вось на рэстарце Хансан і прарваўся з восьмай пазіцыі на трэцюю.

У хуткім часе пасля гэтага свой згаданы вышэй абгон у спрэчцы за лідарства здзейсніў і Жамэн, а літаральна на наступным кругу ў дзявятым павароце, што названы ў гонар Йохена Рындта, Хансан і сам пакінуў ззаду Фальба, які на дваццатым кругу ўжо мусіў быў у штрафным парадку праехацца па піт-лэйне.

Аднак і дваццаць другі экіпаж не здолей пераадолець дыстанцыю гонкі без пакаранняў. І першы штрафны праезд па піт-лэйне яшчэ на першай гадзіне атрымаў як раз Хансан – таксама за незахаванне меж трасы. Хаця цягам далейшага і працяглага часу рэальнае лідарства аспрэчвалі паміж сабою экіпажы United Autosports, пры гэтым перспектывы перамагчы сур’ёзней былі як раз у дваццаць другой машыны. Але гэта пакуль свяціла сонца і было суха і сонечна. Усё моцна змянілася на сярэдзіне дыстанцыі (праз дзве гадзіны і дзесяць хвілін пасля старту).

Хмары, якія перад гэтым пачалі спаўзацца над Рэд Бул Рынгам, адразу давалі зразумець, што робяць яны гэта не проста так, і ўсё роўна такі моцны дождж стаў для ўсіх удзельнікаў гонкі нечаканасцю. Але ж за гэта мы дажджы і любім! Асабіста калі яны прыводзяць да памылак галоўных дзейсных асоб. Вось і гэтым разам сярод тых многіх, хто вылятаў з трасы, аказаўся і трыццаць другі экіпаж United Autosports.

У выніку ў юнайтэдаўскага прататыпу Oreca 07 моцныя пашкоджанні атрымала пярэдняя частка. На шчасце экіпажу, які здолеў вярнуцца ў гонку, да сходу з дыстанцыі гэта не прывяло, а рамонт быў даволі хуткім. Не згубіць шмат пазіцый дапамог і аўтамабіль бяспекі, які выехаў на трасу за паўтары гадзіны да сканчэння гонкі – дождж не сціхаў, а таму хутка рухацца па трасе было дужа рызыкоўна.

Рэстарт быў дадзены за пяцьдзесят сем хвілін да сканчэння часу. І пасля ўсіх перастановак пад пэйс-карам на лідарскай пазіцыі апынуўся экіпаж будучых пераможцаў. Непасродна перад зялёным сцягам яму саступіў яе дваццаць шосты экіпаж G-Drive Racing, з якім трыа Кубіцы, Дэлетраза і Іфэя і спаборнічала затым за перамогу.

Аднак 17-гадовы Франка Калапінта, які быў за стырном Aurus 01 (нагадваю, гэта тая ж Oreca 07, толькі інакш названая) на фінальным адрэзку крыху пакутаваў ад недахопу счаплення з трасай, якая паступова высыхала. І Дэлетраз у пэўны момант скарыстаўся памылкай маладога аргентынца ў трэцім павароце і абагнаў яго.

У выніку Русінаў, Калапінта і дэ Врыс занялі другое месца. Ну а трэцім фінішаваў… не, не дваццаць другі экіпаж United Autosports! Ён фінішаваў толькі сёмым, усяго на адну пазіцыю вышэй чым стартаваў. Таму што Том Гамбл, які пад канец гонкі адпрацоўваў сваю змену, перасек лінію на выездзе з піт-лэйну, за што атрымаў другі штрафны праезд па ім. Так што замкнуў першую тройку на фінішы гонкі дваццаць пяты экіпаж G-Drive Racing.

У малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3 падзей было не меней. Як гэта часцей за ўсё бывае ў доўгіх гонках, вырашыла тут усё акурат гонка, а не кваліфікацыя. Чацвёрты экіпаж каманды DKR Engineering у складзе Лорэнца Хёра, Леанарда Вайса і Жана-Філіпа Дайро заваяваў тут напярэдадні поўл, але тэхнічныя праблемы з іх Duqueine M30-D08 ужо на першым кругу запатрабавалі умяшання механікаў. Так што фінішавала нямецка-французскае трыа толькі на восьмым месцы.

На перамогу ў класе па ходу заезду прэтэндавалі многія экіпажы, уключаючы другі United Autosports у складзе Ўэйна Бойда, Роберта Ўэлдана і Эдуарда Кагопа, якія стартавалі другімі і пасля праблем у канкурэнтаў з DKR Engineering надоўга ўзначалілі пелатон у LM P3. Але і яны, як і іх калегі-старшакласнікі, нашкодзілі ў гонцы!

Падчас другога перыяду аўтамабіля бяспекі Кагоп пасля піт-стопу вярнуўся на трасу на чырвоны сігнал святлафора на выездзе з піт-лэйну. Штрафны праезд па ім адкінуў другі экіпаж далёка назад, і фінішаваў ён толькі шостым.

Нажаль, праблемы па ходу гонкі не дазволілі паспаборнічаць за перамогу сёмаму экіпажу каманды Nielsen Racing – Энтані Ўэлсу і Коліну Ноўблу, якія на пачатку былі самымі хуткімі. За першыя дваццаць хвілін Ноўбл прарваўся з трынаццатай стартавай пазіцыі на трэцюю, а праз трыццаць шэсць хвілін пасля старту ўвогуле выйшаў у лідары ў LM P3. Аднак фінішаваў брытанскі дуэт толькі на адзінаццатым месцы.

Затое прыгожую барацьбу за перамогу да самага фінішу падарылі дзевятнаццаты экіпаж Cool Racing (Нікаля Маліні, Мэцью Бэл і Ніклас Круэтэн) і адзінаццаты Eurointernational (Андрэа Драмедары, Цэм Балукбасі і Джоэй Альдэрс). За стырном Ligier JS P320 першай каманды на фінальным адрэзку быў Бэл, які лідзіраваў і якому таксама не хапала зачэпу на трасе, што высыхала. Ён здолеў утрымаць пазіцыю да фінішу і прынёс экіпажу і камандзе другую запар перамогу, але Альдэрс адстаў ад яго на нікчэмныя 0,117 секунды, заняўшы другое месца!

У гэтай барацьбе фізічна ўдзельнічаў і восьмы экіпаж каманды Graff – Эрык Трулье, Себасцьен Пэйжд і Давід Дру, але яны на апошніх хвілінах таксама атрымалі ад суддзяў штрафны праезд па піт-лэйне, які быў заменны налічэннем ім 43 секунд. Што, аднак, не перашкодзіла ім утрымаць трэцяе месца.

Другі этап ELMS таксама запомніцца дамінаваннем гоншчыкаў на Ferrari 488 GTE Evo ў кузаўной катэгорыі LM GTE, дзе італьянскія спорткары размясціліся на першых пяці месцах. Дакладней, менавіта што дамінаваў тут адзіны экіпаж AF Corse – Франсуа Перадо, Эмануэль Калар і Алесіа Равэра, якія выступаюць пад нумарам 88. Яны першымі стартавалі, першымі ж і фінішавалі. Праўда, і іх бліжэйшыя пераследнікі саступілі ім нямнога. Пяцьдзесят пяты экіпаж Spirit of Race у складзе Данкана Кэмерана, Мацью Грыфіна і Дэвіда Перэла стартаваў сёмым, а фінішаваў другім у 1,110 секунды ад пераможцаў.

Нават у Iron Lynx не знайшлі што ім супрацьпаставіць. Лепшы васьмідзясяты экіпаж Жалезных рысяў у складзе Матэа Крэсоні, Рына Мастранардзі і Мігель Маліна, якія перамаглі на першым этапе сезону ў Барселоне, на гэты раз занялі толькі трэцяе месца. Вяртаючыся ж да пераможцаў, варта адзначыць, што і яны пераадолелі дыстанцыю гонкі не без штрафнога праезду па піт-лэйне – яго за парушэнне меж трасы на першай гадзіне атрымаў Перадо.

Расклады ў асноўных заліках ELMS пасля першых двух этапаў выглядаюць наступным чынам. Сярод каманд LM P2 лідзіруе Orlen Team WRT, у якой 50 ачкоў. G-Drive Racing на другой пазіцыі з 31 ачком. У United Autosports, якая замыкае першую тройку, на дзесяць ачкоў меней. Адпаведна, 50 ачкоў маюць і Кубіца, Дэлетраз і Іфэй, якія лідзіруюць у заліку гоншчыкаў LM P2. Русінаў, Калапінта і дэ Врыс другія таксама з 31 ачком. І тое ж што і ў іх каманды 21 ачко маюць Хансан, Абердэйн і Гамбл, якія займаюць трэцюю пазіцыю.

Камандны залік LM P3 з 50 ачкамі ўзначальвае Cool Racing. Другую пазіцыю тут займае калектыў Inter Europol Competition, у якога 27 ачкоў. Eurointernational замыкае першую тройку, маючы 18,5 ачка. Маліні, Бэл і Круэтэн, якія і прынеслі Cool Racing гэтыя 50 ачкоў, з імі ж узначальваюць і залік пілотаў LM P3. Другую пазіцыю тут пакуль што ўтрымліваюць Марцін Хіпэ і Уга дэ Вільдэ, у якіх 27 ачкоў, а трэцюю аднаасобна займае Драмедары, які мае 18,5 ачка.

Iron Lynx застаецца лідарам сярод каманд LM GTE і мае 40 ачкоў. У калектыву Spirit of Race, які займае другую пазіцыю, 33 ачкі, Proton Competition замыкае першую тройку з 27 ачкамі.Колькасць балаў з іх каманднай супадае і ў Крэсоні, Мастранардзі і Маліны, якія лідзіруюць у заліку гоншчыкаў LM GTE. Кэмеран, Грыфін і Перэл тут другія, у іх 33 ачкі. Трэцяя пазіцыя і тут таксама належыць аднаму гоншчыку – Крысціану Рыду, у якога 27 ачкоў.

Трэці этап Еўрапейскай серыі Ле Ман пройдзе на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле 4-6 чэрвеня.

Другие посты блога

Все посты