Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Маленькі стрыптыз Вялікага прызу Каталоніі

Маленькі стрыптыз Вялікага прызу Каталоніі

Этап MotoGP у Барселоне ў мінулыя выхадныя меўся скончыцца чарговай перамогай Фабіа Куартарара. Аднак француз сутыкнуўся з вельмі арыгінальнай перашкодай на сваім шляху, якая адначасова дазволіла бліснуць Мігелю Алівейры.

Маленькі стрыптыз Вялікага прызу Каталоніі

Фота: motogp.com

Этап MotoGP у Барселоне ў мінулыя выхадныя меўся скончыцца чарговай перамогай Фабіа Куартарара. Аднак француз сутыкнуўся з вельмі арыгінальнай перашкодай на сваім шляху, якая адначасова дазволіла бліснуць Мігелю Алівейры.

Драма першаформульнага Гран Пры Азербайджана разгарнулася ў нядзелю ўжо пасля гонкі прэм’ер-катэгорыі MotoGP. Арганізатары двух чэмпіянатаў разважліва клапоцяцца аб сваіх аматарах і разводзяць свае спаборніцтвы па часе, каб гледачам было зручна, за што ім шчыры дзякуй. І гэтым разам галоўная мотагонка ўік-энду стала такім нядрэнным аперытывам перад галоўнай аўтамабільнай.

Хоць спачатку ўсё ішло па завядзёнцы, да якой у гэтым годзе ўсе паспелі прывыкнуць. Куартарара традыцыйна стартаваў з поўлу, традыцыйна ж не ірваў жылы на першых кругах, саступіўшы некалькі пазіцый канкурэнтам (хоць тут не абышлося і без памылкі з боку Эль Д’ябла), а затым зноў жа традыцыйна пачаў іх адыгрываць.

За першыя дзесяць кругоў ён пакінуў ззаду і гоншчыка Ducati Джэка Мілера, які стартаваў другім і ў пачатку гонкі на кароткі перыяд яе ўзначаліў, потым страціўшы тэмп, і дзейснага чэмпіёна Жоана Міра з Suzuki, які на першых кругах здолеў прарвацца з дзясятай пазіцыі ў першую тройку, і свайго хуткага суайчынніка з Pramac Жоана Зарко, які стартаваў трэцім. Ну а на дванаццатым кругу пачалася яго сутычка з яшчэ адным удзельнікам спаборніцтва, які выдатна правёў старт – гоншчыкам завадской каманды KTM Мігелем Алівейрай.

Партугалец на самой справе выдатна праводзіў гонку ад пачатку, на старце прарваўшыся з чацвёртай пазіцыі на другую, а на другім кругу абагнаўшы Мілера. Галоўнае ж, што Мігель здолеў захаваць свой высокі тэмп болей чым на некалькі першых кругоў. І Куартарара выявіўся ледзь не адзіным, хто ў пачатковай фазе заезду быў хутчэйшым за яго.

Дакладней, такім жа хуткім, бо хоць на тым самым дванаццатым кругу болей удалы выхад з пятага павароту барселонскай трасы і дазволіў яму лепей – па ўнутранай траекторыі – увайсці ў пяты, абагнаўшы Алівейру, той удала контратакаваў на галоўнай прамой на мяжы трынаццатага і чатырнаццатага кругоў. Лепшае счапленне з трасай яго RC16 і сліпстрым аказаліся эфектыўным сродкам у супрацьстаянні з лідарам чэмпіянату на яго завадской Yamaha YZR-M1 і дазволілі ізноў ўзначаліць гонку.

Шыны на трасе Каталунья-Монтмела традыцыйна вырашаюць шмат, бо мясцовы асфальт моцна іх нагружае. Але цяпер ужо цяжка судзіць, чый выбар быў болей удалы – Алівейры з жорсткімі кампаўндамі на абодвух колах альбо Куартарара з камбінацыяй «медыюму» спераду і «харду» ззаду. Таму што праблемы, з якімі француз сутыкнуўся за пяць кругоў да фінішу, былі звязаныя зусім не з шынамі.

Алівейра тады нечакана павялічыў адрыў ад яго амаль да секунды, а Зарко гэтак жа нечакана сваё адставанне ад яго скараціў і затым абагнаў яго на галоўнай прамой. Пры гэтым у першым павароце Куартарара ледзь не ўпаў, праехаўшы ў ім шырока. Прычына страты тэмпу ў дадзеным выпадку была не тэхнічная – у гоншчыка Monster Energy Yamaha MotoGP расшпіліўся яго камбінезон, з-пад якога вылецела абарона!

Працягваць гонку ў такой сітуацыі не толькі нязручна, але і элементарна небяспечна. Але Фабіа працягнуў, бо заставаліся лічаныя кругі, і нават фінішаваў трэцім. Толькі амаль адразу атрымаў пакаранне за зрэзку першага і другога паваротаў – дадатковыя тры секунды да яго выніку на фінішы адразу перамясцілі яго на чацвёртае месца, а на ніжнюю ступень подыуму замест яго падняўся Мілер.

Без увагі суддзі не пакінулі і яго эфектную і прывабную для жаночай аўдыторыі язду з аголеным торсам. За яе пазней Куартарара атрымаў яшчэ тры штрафных секунды, у выніку адкаціўшыся ў фінішным пратаколе на шостае месца, і саступіўшы нават свайму напарніку Маверыку Віньялесу, які апынуўся на пятым.

Ну а за перамогу на апошніх двух кругах спаборнічалі Алівейра і Зарко. Жоан быў яўна хутчэй і ўздзейнічаў на нервы Мігеля, не знаходзячы, праўда, магчымасцей для ўдалай атакі. Аднак на фінішы ад партугальца яго аддзялілі нейкія 0,175 секунды! І другое месца гоншчыка Pramac усё роўна стала годнай узнагародай за яго працу.

Гэтыя словы справядлівыя і для перамогі Алівейры – ужо трэцяй у яго кар’еры ў топавай катэгорыі чэмпіянату. Хуткасць Мігеля на апошніх двух этапах (нагадаю, ён быў другім у Муджэла) наводзіць на думку, што і за чэмпіянат ён яшчэ можа пабіцца, хоць зараз займае ў чэмпіянаце толькі сёмую пазіцыю, маючы 54 ачкі. Урэшце рэшт, на аналагічным адрэзку мінулага сезону мала хто ўсур’ёз разглядаў у якасці чэмпіёнаў і Жоана Міра і Suzuki. Дарэчы, а яны ці не канчаткова выбылі з барацьбы за тытул ў бягучым сезоне?

У Барселоне Мір пасля ўсіх пакаранняў Куартарара заняў чацвёртае месца, і практычна ўсе яго галоўныя канкурэнты фінішавалі перад ім. Да таго ж, каманда Team Suzuki Ecstar у мінулы ўік-энд была аслабленая – Алекс Рынс удзел у Гран Пры Каталоніі не прыняў праз пералом правай рукі. Атрымаў ён яго ў дурных абставінах пры падрыхтоўцы да этапу і падчас катання па трасе на веласіпедзе. Адцягнуўшыся на смартфон, Алекс урэзаўся ў грузавік, які развозіў рэкламныя шчыты.

Выснова простая: не адцягвайцеся на смартфоны, кіруючы любым транспартным сродкам дзе б тое ні было! А то, як мінімум зламаеце руку, якую прыйдзецца аперыраваць, як у выпадку з Рынсам. Калі ж вы яшчэ, як і ён, гоншчык MotoGP, вы яшчэ і камандзе сваёй праблем падкінеце. Напрыклад, Алекса ў Барселоне ніхто не замяняў, Мір выступаў адзін, таму ачкоў Suzuki зноў не дабрала. Спадзяемся, Рынс вернецца ў гонкі ўжо з наступнага этапу на Заксэнрынге.

Пакуль жа ад групы лідараў ён далёка – ажно на пятнаццатай пазіцыі з усяго 23 ачкамі. Міру лягчэй – ён пяты і мае 78 ачкоў, саступаючы дзесяць Франчэска Баньяйі. Італьянскі гоншчык завадской каманды Ducati у Барселоне заняў сёмае месца, апусціўся ў чэмпіянаце на чацвёртую пазіцыю і прапусціўшы наперад свайго напарніка Мілера, у якога 90 ачкоў. І які наблізіўся да двух лідараў. Аўстраліец ўсяго 11 ачкоў стаступае Зарко, які займае другую пазіцыю, і 25 Куартарара, за якім, не гледзячы на ўсе яго ліхтугі на Гран Пры Каталоніі, засталося лідарства.

Наступны этап MotoGP – Гран Пры Германіі – пройдзе 18-20 чэрвеня на трасе Заксэнрынг, як было адзначана вышэй. На якой, дарэчы, часцей за ўсё ў апошнія гады перамагаў шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес. Нажаль, наўрад ці яго цяперашнія фізічныя кандыцыі дазволяць яму прадоўжыць серыю яго тамтэйшых поспехаў. На хатняй гонцы ў мінулы ўік-энд, напрыклад, гоншчык завадской каманды Repsol Honda Team выбыў у самым яе пачатку праз падзенне. Аднак ад якіх-небудзь прагнозаў я, бадай што, устрымаюся. Таму што ў MotoGP магчымыя любыя неспадзяванкі.

Нават лёгкі стрыптыз ад удзельнікаў.

Другие посты блога

Все посты