Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Glickenhaus – Toyota: 3:2. Гэта лік не па перамогах, а па механічных праблемах, і на 6 гадзінах Монцы ён абнавіўся

Glickenhaus – Toyota: 3:2. Гэта лік не па перамогах, а па механічных праблемах, і на 6 гадзінах Монцы ён абнавіўся

Трэці этап чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць, што прайшоў у мінулыя выхадныя ў італьянскай Монцы, нагадаў, што на то яны і гонкі на цягавітасць, каб быць непрадказальнымі нават для фаварытаў. Хоць у камандзе Toyota, якая ўсё роўна перамагла, і так гэта разумеюць.

Glickenhaus – Toyota: 3:2. Гэта лік не па перамогах, а па механічных праблемах, і на 6 гадзінах Монцы ён абнавіўся

Фота: fiawec.com

Трэці этап чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць, што прайшоў у мінулыя выхадныя ў італьянскай Монцы, нагадаў, што на то яны і гонкі на цягавітасць, каб быць непрадказальнымі нават для фаварытаў. Хоць у камандзе Toyota, якая ўсё роўна перамагла, і так гэта разумеюць.

Менавіта 6 гадзін Монцы ў гэтым годзе сталі генеральнай рэпетыцыяй перад жнівеньскім сутачным марафонам у Ле Мане. І, магчыма, больш паказальнай, калі ўлічыць, што італьянская траса і кальцо Сартэ падобныя па характарах.

Так, Сартэ болей чым удвая даўжэй за Монцу (13 626 метраў супраць 5 793), аднак абодва аўтадромы высакахуткасныя і з адносна невялікай колькасцю паваротаў. Таму праблемы, з якімі ўдзельнікі WEC сутыкнуліся ў Італіі, могуць праз месяц паўтарыцца і ў Францыі. А праблем у мінулы ўік-энд пазбег мала хто з іх.

Узяць тую ж Таёту. Усе ішло да іх чарговага пераможнага дублю (стартавалі сёмы і восьмы экіпажы з першых дзвюх пазіцый), але праз паўтары гадзіны пасля старту праблемы пачаліся ў пераможцаў першых двух этапаў у Спа і Парцімане – Брэндана Хартлі, Казукі Накаджымы і Себасцьена Буэмі.

Спачатку на восьмым гіперкары Toyota GR010-Hybrid выйшла з ладу паліўная помпа. За стырном у той момант знаходзіўся Хартлі, які вярнуўся ў боксы для рамонту. А калі, адкаціўшыся на пятае месца абсалюту, вярнуўся на трасу, то амаль адразу ледзь не патрапіў у аварыю на тармажэнні перад першай шыканай Rettifilo як раз праз праблемы з тармазамі.

Чацвёртае месца ў катэгорыі Hupercar восьмы экіпаж у выніку заняў. Але ў абсалютным заліку Хартлі, Накаджыма і Буэмі занялі толькі трыццаць трэцяе месца. Горш усё было толькі ў семсот восьмага экіпажу каманды Glickenhaus Racing – Густава Менэзэса, Луіса Феліпэ Дэрані і Альв’е Пла. Рухавік іх Glickenhaus 007 LMH яшчэ ў пачатку гонкі фактычна застаўся без аднаго з васьмі цыліндраў (перастала працаваць свечка запальвання), а прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі на машыне зламалася скрыня перадач, праз што экіпаж сышоў з дыстанцыі.

Гэта, аднак, не было катастрофай для калектыву Джэймса Глікенхаўза, бо ў Монцы ён выступаў ужо двума экіпажамі. У складзе семсот дзявятага, які сам перажыў шмат праблем па ходу 8 гадзін Парцімана, засталіся Рычард Вэстбрук і Рамэн Дзюма, а Раяна Брыска замяніў Франк Майо. І для іх італьянскі этап склаўся значна лепей. Без праблем – на гэты раз з тармазамі – праўда, не абышлося, але чацвёртае месца ў абсалютным заліку экіпаж заняў.

Так, чацвёртае, саступіўшы ніжнюю ступень подыуму ў абсалюце пераможцам у катэгорыі LM P2 – дваццаць дрцгому экіпажу United Autosports USA Філу Хансану, Фабіа Шэрэру і Філіпэ Альбукерке. Малодшыя прататыпы па-ранейшаму не так моцна саступаюць у хуткасці гіперкарам, як старым прататыпам LM P1. І слабейшыя прадстаўнікі старэйшага класу часам аказваюцца павольнейшымі за мацнейшых з малодшага, што мы і пабачылі на прыкладзе семсот дзявятага экіпажу Glickenhaus Racing.

Зрэшты, трэцяе месца ў гіперкарах Вэстбрук, Дзюма і Майо ўсё роўна занялі. Хай сабе і саступіўшы пераможцам – Майку Конвэю, Камуі Кабаяшы і Хосэ-Марыі Лопесу з Таёты – чатыры кругі. А вось трыццаць шосты экіпаж Alpine Elf Matmut – Андрэ Нэгран, Нікаля Лап’ер і Мацьё Ваксів’ер, якія выступаюць як раз на прыдушаным прататыпе LM P1, заняў другое месца, фінішаваўшы ў адным кругу з таётаўцамі. У Монцы праблемы абышлі іх бокам, і таму хто ведае, можа ў Ле Мане яны і да перамогі такім чынам даедуць.

Тым больш што і для Конвэя, Кабаяшы і Лопеса мінулая гонка склалася не ідэальна. Быў у іх і пракол, і тэхнічныя праблемы бліжэй да канца гонкі, калі іх прататып спыніўся на трасе. Аднак з гэтым хутка разабраліся (хутчэй за ўсё, тое быў глюк электроніцы, які выправілі перазагрузкай), і брытанска-японска-аргентынскае трыа ўсё ж здолела перамагчы першы раз у гэтым сезоне. Але ж няма гарантыі, што яны, як і іх калегі па камандзе, не сутыкнуцца з такімі ж альбо новымі праблемамі ў Ле Мане і не аддадуць перамогу тым жа Нэграну, Лап’еру і Ваксів’еру.

Ну а калі раптам і экіпаж Alpine з непрыемнасцямі сутыкнецца… У 2017 годзе малодшы прататып Oreca 07 ужо ледзь не перамог у 24 гадзінах Ле Мана. Пасля шматлікіх прыгод экіпажаў каманд Porsche і Toyota гонку ўзначаліў экіпаж Jackie Chan DC Racing у складзе Туна Хапіня, Тама Ларана і Олівера Джарвіса. І толькі на сканчэнні перадапошняй гадзіны гонкі іх абагнаў экіпаж згаданага вышэй Хартлі, Ціма Бернхарда і Эрла Бамбера, якія тады выступалі за Porsche і ў выніку перамаглі.

Так што ў Філа Хансана, Фабіа Шэрэра і Філіпэ Альбукерке, пра якіх таксама ішла гаворка вышэй, ёсць магчымасць стварыць сенсацыю на надыходзячым сутачным марафоне. У Монцы ж яны перамаглі менавіта ў катэгорыі LM P2. Стартавалі з поўлу, адразу прапусціўшы наперад канкурэнтаў з трыццаць першага экіпажу Team WRT Робіна Фрайнса, Фердзінанда Габсбурга і Шарля Мілесі, а потым некаторы час не надта паспяхова за імі гналіся.

Аднак у United Autosports USA у другі раз запар у Монцы пасля этапу ELMS на ёй жа тыднем раней скарысталіся аўтамабілем бяспекі на трэцяй гадзіне. У адрозненні ад Team WRT, чыйму экіпажу зноў жа другі раз запар пасля таго ж этапу Еўрапейскай серыі Ле Ман не пашанцавала. Фрайнс, Габсбург і Мілесі праз зламаную стратэгію піт-стопаў саступілі лідарства Хансану, Шэрэру і Альбукерке, задаволіўшыся другім месцам у LM P2.

Трэцімі фінішаваў дваццаць дзявяты экіпаж Racing Team Nederland, у якім Фрыц ван Эрд гэтым разам дзяліў какпіт Арэкі з Полам-Люпам Шатэнам і Нікам дэ Врысам. Яго звычайныя калегі па экіпажы Гіда ван дэр Гардэ і Йоб ван Уітэрт перад этапам у Монцы здалі станоўчы тэст на каронавірус і не змаглі ўзяць удзел у гонцы. Аднак зменшчыкі ў іх аказаліся добрыя. І хоць экіпаж і губляў пазіцыі праз памылкі на трасе і час праз перавышэнне хуткасці на піт-лэйн, за якое атрымаў штрафны праезд па ім, яго гоншчыкі ўсё ж заваявалі подыум.

Барацьба ў катэгорыі LM GTE Pro ў Монцы была напружаная ад старту да фінішу. Хай сабе і было ў ёй толькі чатыры экіпажы, і фінішавалі яны на тых жа пазіцыях, з якіх стартавалі, але паміж двума лідарамі практычна ніколі не было больш за некалькі секунд.

І толькі неабходнасць хуткай дазапраўкі за тры хвіліны да сканчэння часу павялічыла адставанне Алесандра П’ера-Гуідзі і Джэймса Калада з пяцьдзясят першага экіпажу AF Corse ад Кэвіна Эстрэ і Ніла Яні з дзевяноста другога экіпажу Porsche GT Team, якія і перамаглі, да 32,1 секунды. Гоншчыкі на завадскім Porsche 911 RSR-19 – дзевяноста першы экіпаж у складзе Джанмарыі Бруні і Рыхарда Літца – замкнулі першую тройку, а чацвёртымі і апошнімі ў класе фінішавалі Даніэль Сэра і Мігель Маліна на пяцьдзясят другой аэфкорсаўскай Ferrari 488 GTE Evo.

Затое камандзе AF Corse пашанцавала ва ўмоўна аматарскай катэгорыі LM GTE Am. Там па выніках 6 гадзін Монцы перамогу адсвяткаваў яе восемдзесят трэці экіпаж. Франсуа Перадо, Ніклас Нільсэн і Алесіа Равэра пры гэтым прарваліся з апошняй пазіцыі, на якой апынуліся пасля кваліфікацыі па судзейскім рашэнні – дарожны прасвет іх Ferrari быў меншым за дазволены.

Але ў гонцы кожны з гоншчыкаў экіпажу выступаў выдатна, і ў выніку іх бліжэйшыя пераследнікі – Пол Дала-Лана, Аўгушту Фарфуш і Маркас Гомес з дзевяноста восьмага экіпажу Aston Martin Racing – саступілі ім на фінішы больш за 44 секунды. Пры гэтым ім да самага фінішу пагражаў семсот семдзесят сёмы экіпаж каманды D’Station Racing у складзе японцаў Сатошы Хашіна і Таманобу Фуджы і брытанца Эндру Уотсана, якія таксама выступаюць на Aston Martin Vantage AMR. Яны фінішавалі трэцімі, адстаўшы ад завадчан усяго на 0,8 секунды!

У Монцы сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць дасягнуў сваёй сярэдзіны. Прамежкавае лідарства ў заліку гоншчыкаў на гіперкарах, негледзячы на няўдачу, засталося ў Хартлі, Накаджымы і Буэмі, якія маюць па 75 ачкоў. Аднак Лопес, Кабаяшы і Конвэй цяпер адстаюць ад іх усяго на шэсць. Ды і Нэгран, Ваксів’ер і Лап’ер не так і далёка – у іх па 60 ачкоў.

Вось у заліку вытворцаў гіперкараў Toyota, якая лідзіруе там, ужо моцна апярэджвае Alpine, які захоўвае другую пазіцыю – 90 ачкоў супраць 60. У Glickenhaus Racing, які займае трэцяе і апошняе месца, толькі 13 балаў.

У Трафеі гоншчыкаў LM P2 з 74 ачкамі па-ранейшаму аднаасобна лідзіруе Хансан, у якога калегі па экіпажы ўвесь час мяняюцца. Другую пазіцыю захавалі прадстаўнікі каманды Jota Энтані Дэвідсан, Антоніу Фелікс да Кошта і Рабэрта Гансалес, якія ў Монцы праз механічныя праблемы да фінішу не дабраліся. У іх па 56 ачкоў, усяго на тры болей чым у іх калег па камандзе Шона Гелаэля, Стофеля Вандорна і Тома Бломквіста, якія ў мінулую нядзелю занялі пятае месца.

Эстрэ і Яні выйшлі ў лідары ў заліку гоншчыкаў катэгорыі GT. У іх па 76 ачкоў, але П’ер-Гуідзі з Калада, якія апусціліся на другую пазіцыю, саступаюць ім толькі два балы. Сэра і Маліна замыкаюць першую тройку, маючы па 54 ачкі. У заліку вытворцаў катэгорыі GT Porsche наблізілася да Ferrari, і цяпер паміж імі толькі сем ачкоў (128 у італьянцаў супраць 121 у немцаў).

Нам жа засталося цяпер дачакацца наступнага этапу WEC і яго жамчужыны – гонкі 24 гадзіны Ле Мана. Сама яна пройдзе 21-22 жніўня, але падзеямі традыцыйна будзе насычаны ўвесь папярэдні тыдзень. Таксама нагадваю, што раней мы станем сведкамі іншага сутачнага марафону, які 31 ліпеня – 1 жніўня пройдзе на трасе Спа-Франкаршам і стане шостым этапам серыі GT World Challenge Europe.

«Гоначная псіхапатыя» прасочыць за ўсім і аб усім распавядзе!

Другие посты блога

Все посты