Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дзень KTM. Гоншчыкі аўстрыйскай каманды бліснулі на этапе MXGP у чэшскім Локеце

Дзень KTM. Гоншчыкі аўстрыйскай каманды бліснулі на этапе MXGP у чэшскім Локеце

Прадстаўнікі завадскога калектыву KTM на этапе чэмпіянату свету па мотакросе ў Чэхіі атрымалі перамогу ў адной гонцы катэгорыі MX2 і ў абедзвюх у MXGP. Аднак і іх канкурэнты таксама выступілі зусім нядрэнна.

Дзень KTM. Гоншчыкі аўстрыйскай каманды бліснулі на этапе MXGP у чэшскім Локеце

Фота: mxgp.com

Прадстаўнікі завадскога калектыву KTM на этапе чэмпіянату свету па мотакросе ў Чэхіі атрымалі перамогу ў адной гонцы катэгорыі MX2 і ў абедзвюх у MXGP. Аднак і іх канкурэнты таксама выступілі зусім нядрэнна.

1 586-метровую трасу ў Локеце многія мотакрасмэны з сусветнага першынства называюць складанай. Зразумела, гэта часцей за ўсё суб’ектыўныя меркаванні, а хуткасць канкрэтнага гоншчыка ў кожным канкрэтным выпадку вызначаюць шматлікія фактары, у тым ліку і стыль кіравання. Але тым не менш з аднолькава выдатным вынікам фінішаваць тут у абедзвюх гонках у мінулы ўік-энд не атрымалася ні ў каго.

Галоўным героем першага заезду катэгорыі MX2 я б назваў французскага райдэра Monster Energy Yamaha Factory Racing Максіма Рэно. Старт у яго не атрымаўся – на першым кругу ён апынуўся на сямнаццатай пазіцыі. Аднак яго наступны прарыў, калі ён ішоў скрозь пелатон гэтак жа лёгка, як гарачы нож скрозь масла, заслугоўвае апладысментаў, як і фініш на пятым месцы.

Канечне, выдатную гонку правёў і яе пераможца – малады італьянец Маціа Гуаданьіні з як раз Red Bull KTM Factory Racing. Проста яго дэманстрацыя ўласных здольнасцей абмежавалася стартавым хол-шотам і лідзіраваннем да фінішу. Гэта не папрок ні ў якім разе, проста рэжысёры трансляцыі праз адсутнасць барацьбы за перамогу не часта факусавалі ўвагу на Маціа.

Не часта ў кадр трапляў і адзін з партнёраў Гуаданьіні па камандзе Том Віаль. І дарэмна! Дзейсны чэмпіён і трыумфатар абедзвюх гонак у Расіі, які праз траўму ў брытанскім Матэрлі Байсіне фактычна прапусціў тры этапы (яго старт у Маджыоры, нагадаю, скончыўся нічым), у Локеце з ходу фінішаваў другім у першай гонцы MX2. Трэцяе месца ў ёй заняў аўстраліец Джэд Бітан з Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing, а чацвёртым адмашку клецістым сцягам атрымаў іспанскі гоншчык Honda 114 Motorsports Рубэн Фернандэс.

Але, як я адзначаў раней, два разы запар выступіць аднолькава хораша цяжкавата ў MXGP увогуле, а на трасе ў Локеце тым больш. Вось і той жа Віаль у другой гонцы, стаўшы ахвярай стартавага завалу ў першым павароце, затым скончыў яе датэрмінова, сышоўшы з дыстанцыі на дзявятым кругу. Гуаданьіні пашчасціла не стаць удзельнікам таго непрыемнага эпізоду, але ў яго другі запар хол-шот не атрымаўся, і да фінішу італьянец прыйшоў толькі пятым.

Аўтарам лепшага старту ў другой гонцы стаў Цібольт Беністан, які і атрымаў перамогу (у першым заездзе ён фінішаваў дзявятым). Ягоны напарнік па завадской Ямахе і суайчыннік Рэно другі старт правёў значна лепей чым першы. Ужо ў пачатку апынуўшыся на трэцяй пазіцыі, ён хутка адваяваў другую ў аўстрыйца Рэнэ Хофэра з завадской каманды KTM. Але паспаборнічаць за перамогу з Беністанам у яго не атрымалася – Цібольт быў значна хутчэйшы за яго, і толькі павялічваў адрыў да самага фінішу.

Зрэшты, і другім месцам Рэно ўсё роўна быў задаволены. Радая была і ўся каманда Yamaha, чыі гоншчыкі занялі тры першыя месцы ў другім заездзе, дзе трэцім фінішаваў яе бельгійскі прадстаўнік Яга Гіртс. Тым больш што Максім другое месца заняў і па выніках чэшскага Гран Пры, на якім перамог Гуаданьіні, а Беністан падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

А галоўнае, што Рэно застаўся лідарам чэмпіянату ў MX2, дзе ў яго цяпер 179 ачкоў. Гуаданьіні, які займае другую пазіцыю, наважваецца вярнуць, праўда, вярнуць сабе першую – у яго ўсяго на два балы меней. Замыкае першую тройку па-ранейшаму Фернандэс, у якога 165 ачкоў. Затое ў заліку вытворцаў KTM ужо вярнуў сабе лідарства. Хоць у сваю чаргу аўстрыйская марка, маючы 217 ачкоў, усяго на два апярэджвае Ямаху, якая апусцілася на другую пазіцыю. Kawasaki захоўвае трэцюю пазіцыю і мае 174 ачкі.

Нажаль, у галоўнай катэгорыі MXGP мы не пабачылі на старце яшчэ аднаго прадстаўніка завадскога калектыву KTM Джэфры Херлінгса. Наступствам прызямлення італьянца Іва Мантычэлі з Monster Energy Kawasaki Racing Team на яго спіну ў першай гонцы мінулага этапу ў Осе (якую нідэрландзец, дарэчы, выйграў) стаў пералом яго левага пляча. Так што ў Локеце Херлінгс прысутнічаў фізічна, але толькі ў ролі заўзятара сваёй каманды. Тэрмін яго вяртання ў гонкі па-ранейшаму невядомы.

Ну а Мантычэлі адзначыўся і ў першай гонцы ў Чэхіі. На гэты раз, на шчасце, ніхто не пацярпеў, бо Іва проста зачапіўся за стартавыя вароты, калі яны апусціліся, адпусціўшы ўсіх канкурэнтаў далёка. Пры гэтым ён затым здолеў здзейсніць эфектыўны прарыў і фінішаваў чатырнаццатым.

Хол-шот жа, а затым і перамогу ў першым заездзе атрымаў як раз завадскі гоншчык KTM Хорхе Прада. Увесь заезд яго галоўным пераследнікам быў дзейсны чэмпіён з завадской Хонды Цім Гайсэр. На апошніх кругах славенец паспрабаваў узмацніць уціск на іспанскага канкурэнта, але абагнаць яго не змог, так другім і фінішаваўшы.

Трэцім у першай гонцы фінішаваў Рамэн Фэвр, які змог абагнаць некалькіх супернікаў. Хуткім французскі гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team быў і ў другім заездзе, аднак там выявіўся такі яго галоўны слабы бок – нестабільнасць. Крыўднае падзенне на апошніх хвілінах не дазволіла яму фінішаваць вышэй дзясятага месца. Канечне, ён і ішоў на момант сваёй непрыемнасці толькі восьмым, аднак абгоны і першая калі не тройка, то хаця б пяцёрка былі для яго ў прынцыпе дасягальнымі.

У тым ліку таму, што яшчэ на першых кругах, ідучы на чацвёртай пазіцыі, упаў Гайсэр, памыліўшыся на рытм-секцыі. Пасля гэтага Цім заехаў у боксы, бо падазраваў, што ягоны байк пашкоджаны (сам гоншчык, на шчасце, не пацярпеў). Ён і быў пашкоджаны, аднак толькі вонкава. Таму славенец вярнуўся ў гонку і стаў яе героям, прарваўшыся з апошняй пазіцыі на пятнаццатую і заваяваўшы некалькі важных ачкоў.

Дамінаваў жа ізноў прадстаўнік KTM, толькі ўжо не Прада. Іспанец хоць і заваяваў другі запар хол-шот, але амаль адразу саступіў першую пазіцыю свайму італьянскаму партнёру Антоніа Кайролі. Шматразовы чэмпіён правёў гонку ў дамінуючым стылі і атрымаў у ёй перамогу.

А вось Прада не ўтрымаў і другую пазіцыю, саступіўшы яе швейцарскаму завадскому гоншчыку Ямахі Джэрэмі Сіверу, а на апошніх кругах падпусціў блізка да сябе яшчэ і яго партнёра па камандзе Глэна Колдэнхофа. Яго, аднак, Хорхе здолеў стрымаць і фінішаваў трэцім. А па выніках чэшскага этапу дык і ўвогуле перамог першы раз у сезоне. Другое месца заняў Кайролі, трэцяе Сівер.

У чэмпіянаце Прада цяпер замыкае першую тройку, маючы 177 ачкоў. Ён падняўся адразу на дзве пазіцыі, а Кайролі, які цяпер другі, на адну. На рахунку італьянца 183 балы, і Гайсэру, які сваё лідарства захаваў, ён цяпер саступае адзінаццаць.

KTM у заліку вытворцаў галоўнай катэгорыі MXGP паступова замацоўвае сваё лідарства – у аўстрыйскай маркі ўжо 234 ачкі, тады як у Хонды, якая застаецца другой 195. Пры гэтым Yamaha, падняўшыся на трэцюю пазіцыю, адстае усяго на пятнаццаць ачкоў.

Чэмпіянат свету па мотакросе працягвае сваю бесперапынную серыю, і ўжо ў гэтыя выхадныя правядзе свой шосты этап у Бельгіі на трасе ў Ломелі.

Другие посты блога

Все посты