Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Узорнапаказальны сезон! Топрак Разгітліоглу і Джонатан Рэй зладзілі прыгожую дуэль на этапе WSBK у Маньі-Куры

Узорнапаказальны сезон! Топрак Разгітліоглу і Джонатан Рэй зладзілі прыгожую дуэль на этапе WSBK у Маньі-Куры

На французскім этапе сусветнага Супербайка адбыўся чарговы эпізод эпічнага супрацьстаяння Топрака Разгітліоглу і Джонатана Рэя. Шасціразовы чэмпіён серыі ўрэшце сустрэў роўнага і годнага канкурэнта.

7 сентября 2021, 16:22
Узорнапаказальны сезон! Топрак Разгітліоглу і Джонатан Рэй зладзілі прыгожую дуэль на этапе WSBK у Маньі-Куры

Фота: worldsbk.com

На французскім этапе сусветнага Супербайка адбыўся чарговы эпізод эпічнага супрацьстаяння Топрака Разгітліоглу і Джонатана Рэя. Шасціразовы чэмпіён серыі ўрэшце сустрэў роўнага і годнага канкурэнта.

Гэты сезон сусветнага Супербайка я ў загалоўку не дарэмна назваў узорнапаказальным. Падобны напал барацьбы за чэмпіёнства мы ў гэтым годзе бачым хіба што ў Формуле-1 (нарэшце!) тады як MotoGP і чэмпіянат свету па ралі, якімі мы захапляліся ў 2020-м, цяпер болей прадказальныя, і ў іх сітуацыя значна меней напружаная.

Канечне, Джонатан Рэй не ўпершыню сустракае моцнага канкурэнта. У свой гоншчыку Kawasaki Racing Team WorldSBK барацьбу навязвалі і Альвару Баўціста, калі ён выступаў у складзе Aruba.it Racing-Ducati, і Скот Рэдзінг, які яго там замяніў. Аднак толькі Топрак Разгітліоглу з Pata Yamaha with Brixx WorldSBK здолеў у гэтым годзе весці такую працяглую барацьбу з брытанцам.

На асобных этапах Рэю кідае выклік і Рэдзінг, але завадская Ducati Panigale V4 R, у адрозненні ад Kawasaki ZX-10RR і Yamaha YZF R1, меней універсальная. Камбінацыя фактараў (канфігурацыя трасы, надворныя ўмовы, гоначны стыль наезніка) часам даюць Скоту перавагу, і ў Мосце і Навары ён быў у стане перамагаць. А вось на Маньі-Куры хуткасці яму ўжо не хапала, і ў кваліфікацыі ён паказаў толькі восьмы вынік.

Рэй жа ў чарговы раз заваяваў поўл, адначасова ўсталяваўшы новы рэкорд трасы для матацыклаў – 1:35,683. Толькі ізноў даводзіцца адзначаць, што ў мотагонках ён мала што вырашае. І ўжо са старту першай гонкі ў суботу пачалася іх з Разгітліоглу дуэль.

Турак захапіў лідарства на старце, на некалькіх наступных кругах яны з Рэем некалькі разоў абменьваліся ўдарамі, абганяючы адзін аднаго. Але ўрэшце Топрак змог вырвацца наперад, адарвацца ад Джонатана амаль на чатыры з паловай секунды і атрымаць яшчэ адну важную перамогу. Рэй задаволіўся другім месцам, а трэцім фінішаваў напарнік Разгітліоглу па камандзе Андрэа Лакатэлі.

На загалоўным фота Топрак і Джонатан не лаюцца, а віншуюць адзін аднаго з выдатным нядзельным ранішнім спрынтам. У якім першым фінішную лінію ізноў перасек турэцкі гоншчык Ямахі, а брытанец з Kawasaki заняў другое месца. Толькі пазней фінішнымі пазіцыямі яны абмяняліся, і перамога дасталася Рэю – Разгітліоглу ніжэй перамясцілі суддзі, згледзеўшы парушэнне ім меж трасы на апошнім кругу ў дзясятым павароце.

А парушыў іх Топрак, абараняючыся ад свайго канкурэнта, які на гэты раз здолеў утрымацца ў аднолькавым з ім тэмпе. І на тым самым апошнім кругу Рэй пайшоў у атаку ў шыкане Imola, дзе і вярнуў быў страчанае ізноў на другім кругу лідарства. Але Разгітліоглу контратакаваў у пятнаццатым павароце, і ўсё ж вырваў перамогу з рук Джонатана. Ненадоўга, праўда, аднак і другое месца прынесла яму дастаткова важных ачкоў. Трэцяе ж заняў напарнік на гэты раз ужо Рэя Алекс Лоўс.

Цікава, дарэчы, што хоць Разгітліоглу і пазбавіўся перамогі ў суперпоўл-спрынце, першую стартавую пазіцыю ў фінальнай гонцы яму пакінулі. Так што пачынаць яму было ў нейкім сэнсе прасцей. Адзінае што Рэй не быў згодны вось так проста аддаць канкурэнту перамогу і лідарства ў чэмпіянаце, і на першым жа кругу ў павароце Estoril абагнаў турка, скарыстаўшыся яго памылкай.

Хуткасць Топрака, аднак, нікуды не дзелася, і некалькі кругоў ён трымаўся ўшчыльную за Рэем. А на дзясятым кругу пачалася іх кульмінацыйная дуэль. Спачатку гоншчык Ямахі апярэдзіў канкурэнта з Kawasaki ў шпільцы Adelaide, той амаль адразу адказаў у шыкане Imola і вярнуў сабе лідарства. Аднак на адзінаццатым кругу Разгітліоглу ўжо лепей падрыхтаваў атаку перад усё той жа Адэлаідай, канчаткова адабраўшы там у Рэя першую пазіцыю. Чым адказаць на гэта, Джонатан ужо не знайшоў, хутка пачаў адставаць ад Топрака і фінішаваў у выніку другім, саступіўшы канкурэнту амаль тры секунды.

Рэдзінг у суботняй гонцы заняў толькі дванаццатае месца, аднак часткова ў Ducati змаглі разабрацца з яго праблемамі. У нядзельным ранішнім спрынце Скот ужо замкнуў першую пяцёрку, а па выніках фінальнага заезду нават падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Некаторы час па ходу гонкі ён нават трымаўся блізка да Разгітліоглу і Рэя, але на фінішы саступіў турку, які перамог, амаль восем з паловай секунд.

Далёка гоншчык Aruba.it Racing-Ducati ад Топрака і Джонатана і ў чэмпіянаце, дзе ён таксама трэці і мае 298 ачкоў. Бо ў Разгітліоглу, які пасля французскага этапу вярнуўся на першую пазіцыю, ужо 370 балаў. Рэй, які апусціўся на другі радок, саступае яму сем. У заліку вытворцаў лідарства захапіла Yamaha, у якой 390 ачкоў. Kawasaki паднялася на другую пазіцыю і мае 377 балаў, а Ducati, у якой на дзевяць ачкоў меней, цяпер толькі трэцяя.

Адыграцца італьянскай марцы і Рэдзінгу дакладна будзе складана, бо сезон сусветнага Супербайка можа скончыцца і датэрмінова – правядзенне двух апошніх этапаў у Аргенціне і Інданэзіі пад пытаннем. Але наступны ў Барселоне пройдзе 17-19 верасня гарантавана. Гэтак жа гарантавана ён будзе цікавым.

Другие посты блога

Все посты