Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Цяжкія гонкі і салодкая перамога. Зборная Італіі стала чэмпіёнам Мотакросу Нацый

Цяжкія гонкі і салодкая перамога. Зборная Італіі стала чэмпіёнам Мотакросу Нацый

Падзенні, штрафы і ўсё роўна выніковая перамога італьянцаў на Мотакросе Нацый, ды яшчэ і на роднай зямлі – у Мантаве. Новымі чэмпіёнамі сталі Антоніа Кайролі, Маціа Гуаданьіні і Алесандра Лупіна.

30 сентября 2021, 16:32
Цяжкія гонкі і салодкая перамога. Зборная Італіі стала чэмпіёнам Мотакросу Нацый

Фота: mxgp.com

Падзенні, штрафы і ўсё роўна выніковая перамога італьянцаў на Мотакросе Нацый, ды яшчэ і на роднай зямлі – у Мантаве. Новымі чэмпіёнамі сталі Антоніа Кайролі, Маціа Гуаданьіні і Алесандра Лупіна.

Чым цяжэй барацьба, тым саладзей перамога ў ёй. А зборнай Італіі за перамогу на Мотакросе Нацый давялося пабароцца моцна. Так званую мотакросавую алімпіяду ў гэтым годзе прымала траса ў Мантаве (або Мантуе), але не скажаш, што дома Кайролі, Гуаданьіні і Лупіна дапамаглі сцены – усе тры гонкі ў мінулую нядзелю сталі для іх няпростым выпрабаваннем.

1 670-метровая звілістая траса імя Тацыа Нувалары і ў сухое надвор’е, якое было падчас трэніровачных і кваліфікацыйных заездаў у суботу, не ёсць простай. А ў нядзелю, калі ў Мантаве пайшоў дождж, трэк зрабіўся яшчэ і экстрэмальна слізкім. Таму падзенняў было шмат па ходу ўсіх трох заездаў.

Кожны з іх, дарэчы, аб’яднаны адразу для двух катэгорый. У першым разам стартуюць гоншчыкі на тэхніцы MXGP (працоўны аб’ём двухтактных рухавікоў 175-250 см3, чатырохтактных – 290-450 см3) і MX2 (100-125 см3 для двухтактных рухавікоў і 175-250 см3 для чатырохтактных), у другім MX2 і Open (дадатковы матацыкл любога класу па выбару каманды), а ў трэцім – Open і MXGP. Кожны гоншчык, такім чынам, стартуе двойчы. Працягласць гонак такая ж, як і ў чэмпіянаце свету – паўгадзіны плюс тры кругі па лідару. Райдэры з чэмпіянату свету па мотакросе выступаюць на матацыклах той жа маркі, што і ў тым самым чэмпіянаце свету.

У першай гонцы і пачаліся выпрабаванні італьянскай каманды, прычым ужо на самым старце. Антоніа Кайролі перад першым паваротам не падзяліў трасу з прадстаўніком цяпер ужо экс-чэмпіёнаў – Глэнам Колдэнхофам на Ямахе са зборнай Нідэрландаў (яна перамагла на Мотакросе Нацый у 2019 годзе, а ў 2020-м спаборніцтва было адменена праз пандэмію).

Зразумела, Антоніа ў выніку гэтай непрыемнасці страціў шмат пазіцый і фінішаваў толькі дваццаць першым. Хоць варта адзначыць, што заняць месца вышэй у яго не атрымалася і таму, што па ходу заезду яму, як і некаторым іншым гоншчыкам, прыйшлося мяняць маску, бо тая, у якой ён стартаваў, хутка заляпілася граззю.

Аднак на шчасце італьянцаў, гэта быў найгоршы іх вынік, а ён, па правілах Мотакросу Нацый, не ўлічваецца. У залік жа трапляе пяць лепшых вынікаў любога гоншчыка ва ўсіх заездах. Ачкі гоншчыкі атрымліваюць у адпаведнасці са сваёй пазіцыяй на фінішы, але пераможца атрымлівае толькі адно, той, хто заняў другое месца – два, тры дастаецца таму, хто фінішаваў трэцім і гэтак далей. Такім чынам, перамагае каманда, у якой ачкоў па выніках усіх гонак найменшая колькасць.

Лепшым вынікам італьянскай каманды ў першым заездзе стала пятае месца Гуаданьіні. Перамогу ж атрымаў дацкі гоншчык на Хускварне Томас К’ер Ольсэн. Стартаваў ён не лепей за ўсіх, размясціўшыся па выніках першага круга на пятай пазіцыі, аднак хутка пачаў прарывацца наперад.

За лідарства спачатку змагаліся латвіец Карліс Сабуліс, які таксама выступаў на Хускварне, і вядомы нам Том Віаль на KTM. Але Ольсэн іх абодвух пакінуў ззаду крыху болей чым праз дваццаць хвілін пасля старту. Сабуліс, нажаль, працягнуў губляць пазіцыі, а на апошніх кругах упаў, фінішаваўшы ў выніку толькі дзясятым. Віаль атрымаў адмашку клецістым сцягам другім, а замкнуў першую тройку Бэн Уотсан на Ямахе са зборнай Вялікабрытаніі.

Пераможцам другой гонкі стаў таксама вядомы нам Джэфры Херлінгс, які на этапе MXGP на Сардыніі захапіў лідарства ў чэмпіянаце свету. У Мантаве нідэрландзец стартваў на матацыкле як раз класу Open, вялікая магутнасць рухавіка якога не стала праблемай для Джэфры нават на слізкай трасе. Швейцарцу Валянціну Жуйлоду на Ямахе, які на старце ўзяў быў хол-шот, а фінішаваў другім, Херлінгс «прывёз» болей чым 49 секунд.

Трэцім да фінішу прыйшоў яшчэ адзін наш знаёмы па чэмпіянату свету – аўстрыец Рэнэ Хофер. Лепшым жа вынікам будучых чэмпіёнаў стала шостае месца Гуаданьіні, які па ходу заезду вельмі непрыемна ўпаў. Следам за ім фінішаваў Алесандра Лупіна. А вось французам не пашанцавала – Віаль сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы, Маціс Байрам упаў, і да фінішу дабраўся толькі дзевятнаццатым. Пры гэтым ён на адну пазіцыю абышоў суайчынніка і, адпаведна, партнёра Херлінгса па камандзе Роана ван дэ Моосдайка, які таксама ўпаў.

У фінальным заездзе перамог таксама Херлінгс, а для італьянскай зборнай ізноў з самага старту пачаліся прыгоды. Лупіна ў таўханіне не змог увайсці нават у першы паварот, моцна яго зрэзаўшы, за што пазней атрымаў штраф у дзесяць пазіцый, размясціўшыся ў фінішным пратаколе толькі на сямнаццатай (адпаведна, фізічна ён фінішаваў сёмым). Пры гэтым па ходу заезду Алесандра яшчэ і па разу ўпаў і дапусціў памылку.

Затое трэцяя гонка выдатна склалася для Кайролі – за Херлінгсам было не ўгнацца, і нідэрландзец апярэдзіў італьянца на фінішы амаль на пяцьдзесят з паловай секунд, затое апошні фінішаваў другім, што ў значнай ступені і паспрыяла выніковай перамозе італьянскай зборнай.

Тройку мацнейшых у трэцяй гонцы замкнуў Колдэнхоф, таму каманда Нідэрландаў стала срэбраным прызёрам Мотакросу Нацый. Бронза на ім дасталася брытанскай зборнай – у залік пайшлі трэцяе месца ў першым заездзе і чацвёртае ў трэцім Уотсана, дванаццатае ў другім і шостае ў трэцім Шона Сімпсана на KTM, а таксама чатырнаццатае ў другой гонцы Конрада М’юза ў другой гонцы. Уотсан адначасова перамог у класе MXGP, Хофер у MX2, а Херлінгс у Open.

Дата і месца правядзення Мотакросу Нацый у наступным годзе стане вядома пасля публікацыі календара чэмпіянату свету. Яго ж бягучы сезон працягнецца ўжо ў бліжэйшы ўік-энд у нямецкім Тойчэнтале.

Другие посты блога

Все посты