Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Куартарара ў кроку ад тытулу. Але галоўным героем амерыканскага этапу MotoGP стаў Марк Маркес

Куартарара ў кроку ад тытулу. Але галоўным героем амерыканскага этапу MotoGP стаў Марк Маркес

Лідар сезону MotoGP Фабіа Куартарара хоць і не перамог учора на Трасе Амерык, але стратэгічна ўсё зрабіў правільна, і стаць чэмпіёнам можа цяпер датэрмінова. Ну а Марк Маркес, які і заваяваў амерыканскі вялікі прыз, намякнуў французу, што яму будзе цяжка ў наступным годзе

4 октября 2021, 16:51
Куартарара ў кроку ад тытулу. Але галоўным героем амерыканскага этапу MotoGP стаў Марк Маркес

Фота: motogp.com

Лідар сезону MotoGP Фабіа Куартарара хоць і не перамог учора на Трасе Амерык, але стратэгічна ўсё зрабіў правільна, і стаць чэмпіёнам можа цяпер датэрмінова. Ну а Марк Маркес, які і заваяваў амерыканскі вялікі прыз, намякнуў французу, што яму будзе цяжка ў наступным годзе.

Візіт чэмпіянату MotoGP на Трасу Амерык, што ў Осціне, штат Тэхас, што адбыўся ў мінулы ўік-энд, стаў увогуле першым візітам сусветнага гоначнага першынства за межы еўразійскага кантыненту за час пандэміі. Было б проста цудоўна, калі б і гонка прэм’ер-класу на ёй аказалася захапляльнай і падзейнай, але тут ужо як атрымалася, так атрымалася.

Circuit Of The Americas – гэта тэрыторыя Марка Маркеса. З 2012 году, калі гэты трэк упершыню прыняў у сябе гонкі MotoGP, іспанскі гоншчык Repsol Honda Team перамагаў на ёй дагэтуль сем разоў (і столькі ж стартаваў з поўл-пазіцый). І цяпер быў поўны рашучасці працягнуць сваю ўлюблёную традыцыю. Тым больш што і канфігурацыя осцінскай трасы яму асабліва пасуе менавіта цяпер, калі яго траўміраванае на старце мінулага сезону правае плячо яшчэ не да канца зажыло.

Як і на нямецкім Заксэнрынгу, дзе шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі атрымаў першую ў гэтым годзе перамогу, рух на амерыканскай трасе накіраваны супраць гадзіннікавай стрэлкі, ды і левых паваротаў тут болей чым правых – адзінаццаць супраць дзевяці (на Заксэнрынгу дык увогуле дзесяць супраць трох). Адпаведна, пашкоджаная рука Марка нагружаецца меней, што часткова аблягчае яму жыццё.

Зрэшты, летняя паўза паміж Гран Пры Нідэрландаў і Штырыі завадскі гоншчык Хонды, як я і прадказваў, падводзячы прамежкавыя вынікі сезону, пайшла Маркесу на карысць. Ён ужо не так пакутуе ад фізічнага дыскамфорту, як у пачатку сезону, цягліцавая маса ў яго правым плячы паступова аднаўляецца. Таму кваліфікацыйны і гоначны тэмп, які Марк пачаў дэманстраваць у другой палове чэмпіянату, нікога, на самой справе, не здзівіў. Хіба што за тытул іспанец, вядома, не змагаецца.

І пераможную традыцыю ён у мінулы ўік-энд працягнуў толькі часткова, бо поўл ізноў, як і ў Арагоне і Мізана, дастаўся завадскому гоншчыку Ducati Франчэска Баньяі. Зрэшты, трэці вынік Маркеса на гэтым фоне зусім не выглядае паразай, як і другі час лідара чэмпіянату Фабіа Куартарара з Monster Energy Yamaha MotoGP. Таму ўвогуле не было пра што непакоіцца, і нават перамога Баньяі пры фінішы француза на высокай пазіцыі не надта б памяняла сітуацыю ў чэмпіянаце, а склалася ўсё для Эль Д’ябла яшчэ лепшым чынам.

Ужо на старце Фабіа абагнаў Франчэска, які затым адкаціўся ажно н пятую пазіцыю. Італьянцу яўна не хапала тэмпу ў пачатковай фазе заезду, потым Пека быццам бы і паехаў хутчэй, абагнаўшы, напрыклад гоншчыка Team Suzuki Ecstar Алекса Рынса, які ў пачатку быў прарваўся ў першую тройку. Аднак апынуцца на ніжняй ступені подыуму Баньяі дапамагло не толькі гэта.

Па-першае, яго спачатку прапусціў яго аўстралійскі напарнік па камандзе Джэк Мілер, які раней пацвердзіў гатоўнасць дапамагаць Франчэска. А па-другое, на апошніх кругах за зрэзку чацвёртага і пятага паваротаў і атрыманне за кошт гэтага перавагі праезд па штрафной зоне атрымаў трыумфатар Гран Пры Штырыі з каманды Pramac Racing Хорхе Марцін, які і ў Осціне выступаў выдатна. Апошняе і дазволіла Баньяі заняць трэцяе месца.

Куартарара камфортна (у тым ліку з турнірнага гледзішча, але пра гэта пазней) фінішаваў другім, а Маркес не меней камфортна перамог. Яго планам «А» было захапіць лідарства на старце, а затым утрымаць яго да фінішу. Абодва пункты іспанец паспяхова выканаў, чаму, магчыма, паспрыяла адсутнасць агрэсіі з боку Куартарара, якому пры такім раскладзе – калі Баньяя ззаду – неабходнасці ірваць жылы не было. Тым не менш Марк намякнуў Фабіа, што ў наступным годзе ім дваім будзе весела. А значыць, і нам.

На сёння ж інтрыга ў чэмпіянаце MotoGP амаль што знікла. Гандыкап паміж Куартарара, які лідзіруе, і Баньяяй, які займае другую пазіцыю, пасля амерыканскага Гран Пры павялічыўся да 52 ачкоў (254 у Фабіа і 202 у Франчэска). І калі ён хаця б застанецца такім жа па выніках наступнага этапу, Эль Д’ябла датэрмінова (за два этапы да канца сезону) заваюе свой першы тытул. Так што Жоану Міру, які са 175 баламі замыкае першую тройку, быць дзейсным чэмпіёнам дакладна засталося нядоўга.

Наступны этап – Гран Пры Эмільі-Раманьі – пройдзе 22-24 кастрычніка на той жа трасе імя Марка Сіманчэлі ў Мізана, што прымала і папярэдні Гран Пры Сан-Марына і ўзбярэжжа Рыміні.

Другие посты блога

Все посты