Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Французская дуэль і славенскі рэванш на мотакросавым Гран Пры Германіі. Рэно і Гайсэру пашанцавала ў Тойчэнтале

Французская дуэль і славенскі рэванш на мотакросавым Гран Пры Германіі. Рэно і Гайсэру пашанцавала ў Тойчэнтале

Нямецкі этап чэмпіянату свету па мотакросе на трасе Талкесэль у Тойчэнтале, што прайшоў у мінулы ўік-энд, стаў паспяховым для фаварытаў абедзвюх катэгорый. Максім Рэно зноў замацаваў лідарства ў MX2, а Цім Гайсэр вярнуў яго сабе ў MXGP.

6 октября 2021, 17:35
Французская дуэль і славенскі рэванш на мотакросавым Гран Пры Германіі. Рэно і Гайсэру пашанцавала ў Тойчэнтале

Фота: mxgp.com

Нямецкі этап чэмпіянату свету па мотакросе на трасе Талкесэль у Тойчэнтале, што прайшоў у мінулы ўік-энд, стаў паспяховым для фаварытаў абедзвюх катэгорый. Максім Рэно зноў замацаваў лідарства ў MX2, а Цім Гайсэр вярнуў яго сабе ў MXGP.

Цікава, дарэчы, што Рэно фізічна не перасек лінію фінішу першым ні ў адным заездзе. Дамінаваў на 1 590-метровай нямецкай трасе яго суайчыннік з  Red Bull KTM Factory Racing Том Віаль. Першую гонку ён пачаў з хол-шота, саступіўшы, праўда, лідарства на першым жа кругу свайму аўстрыйскаму партнёру па камандзе Рэнэ Хоферу. За яго спінай француз правёў адзінаццаць кругоў, аднак у выніку зламаў яго супраціў.

Рэно не надта саступаў двум катээмаўцам у хуткасці, але першыя чатыры кругі ён правёў яшчэ ззаду нямецкага гоншчыка DIGA Procross GasGas Factory Racing Сімона Лагенфельдэра. Яшчэ адзін суайчыннік Максіма, а таксама яго партнёр па Monster Energy Yamaha Factory Racing Цібольт Беністан таксама мог бы паспрабаваць навязаць барацьбу Хоферу з Віалем, але ўпаў у самым пачатку і фінішаваў толькі шаснаццатым.

Зрэшты, і трэцяя пазіцыя Рэно цалкам задавальняла. Віаль, які ў выніку фінішаваў першым, у чэмпіянаце ад яго далёка, не кажучы ўжо пра Хофера, які атрымаў адмашку клецістым сцягам другім. Ды і другая пазіцыя ў другім заездзе – ізноў ззаду Віаля – дакладна катастрофай не была, тым больш што хутка пасля фінішу яна пераўтварылася ў першую.

Віаль у другой гонцы таксама узяў хол-шот, і на гэты раз утрымаў лідарства да канца. Але пазней быў пакараны пазбаўленнем дзвюх пазіцый за ігнараванне жоўтых сцягоў, таму ў пратаколе Том размясціўся толькі на трэцім месцы. Перамога, такім чынам, дасталася Рэно, а яшчэ адзін яго партнёр па завадской Ямахе Яга Гіртс забяспечыў камандзе ў другім заедзе пераможны дубль, заняўшы другую пазіцыю.

Рэно з Віалем па выніках нямецкага этапу набралі аднолькавую колькасць ачкоў – па 45. Аднак паколькі Максім быў прызнаны пераможцам другой гонкі, на вяршыню подыуму падняўся менавіта ён. Віаль заняў другое месца, а трэцім стаў Хофер, які ў другім заездзе фінішаваў чацвёртым.

У чэмпіянаце Рэно таксама адчувае сябе выдатна, лідзіруючы з 448 ачкамі. Гіртс цяпер прыкрывае яму тыл – бельгіец, у якога 363 ачкі, падняўся на другую пазіцыю, абышоўшы Маціа Гуаданьіні. Для саўладальніка Кубку Мотакросу Нацый з KTM нямецкі этап чэмпіянату склаўся цяжка: няўдалыя старты ў абедзвюх гонках (а ў другой яшчэ і падзенне), трынаццатае і дзясятае месцы і як вынік – трэцяя пазіцыя і 351 бал у асабістым заліку. Затое ў заліку вытворцаў MX2 KTM даганяе Ямаху. Японская марка па-ранейшаму лідзіруе, маючы 491 ачко, але аўстрыйская адстае толькі на дзесяць. Husqvarna з 370 баламі ўсё так жа замыкае першую тройку.

У старэйшым класе MXGP падзей важных падзей было болей, і некаторыя з іх былі ну зусім нечаканымі. Асабліва нечаканай была бойка ў першай гонцы паміж як раз партнёрамі па KTM – Хорхе Прада і напярэдадні нямецкага этапу яшчэ лідарам чэмпіянату Джэфры Херлінгсам. Дакладней, нечаканай была не сама бойка (хоць у жорсткасці і прынцыповасці ёй было не адмовіць), а яе развязка праз імгненне пасля фінішу.

Пачаўся заезд з таго, што прадстаўнікі KTM занялі ўсе тры першыя пазіцыі. Прада стаў аўтарам хол-шоту, але амаль адразу саступіў лідарства Херлінгсу, а Антоніа Кайролі замкнуў першую тройку. Ну а следам за ім размясціўся Цім Гайсэр. Двухразоваму і дзейснаму чэмпіёну з завадской Хонды зараз выступаць няпроста – на папярэднім этапе на Сардыніі яму моцна замінаў боль у левай ключыцы, заламанай на трэніроўцы ў Харватыі і праапераванай крыху болей чым за тыдзень да італьянскіх гонак.

Наступствы траўмы заміналі Ціму і ў Германіі, аднак разабрацца з Кайролі на першых жа кругах першага заезду гэта яму не перашкодзіла. Італьянец да таго моманту ўжо паспеў прапусціць наперад Рамэна Фэвра, і менавіта французскі гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team і стаў наступным дуэльным супернікам Гайсэра. З ім славенец змагаўся долей, але ў выніку змог яго абагнаць.

А там ужо і да Херлінгса было рукой падаць. Прада раней апярэдзіў яго і спачатку адарваўся на некалькі секунд. Нідэрландзец апынуўся пад уціскам з боку спачатку Фэвра, а затым Гайсэра. Аднак на апошніх кругах Джэфры ўзняў тэмп і дагнаў Прада, пасля чаго абодва зладзілі сапраўднае рубілава.

Херлінгс атакаваў ва ўсіх месцах, дзе толькі мог, аднак Хорхе эфектыўна абараняўся. Захаваць лідарства ў яго атрымалася да канца апошняга круга, але ў фінішны створ, які знаходзіўся на трампліне, яны з Джэфры ўляцелі амаль што разам, а ўжо ў паветры сутыкнуліся і прызямліліся зусім не на колы. І калі Херлінгс, якому да прыгод не прывыкаць, сышоў з месца аварыі на сваіх нагах, то Прада яго пакінуў на медычных насілках, а пазней апынуўся ў мясцовым шпіталі.

На старт другога заезду іспанец, вядома, не выйшаў, так што і ў хол-шота аўтар быў іншы – Фэвр. Француз надоўга ўзначаліў заезд, аднак на дванаццатым кругу ўсё ж прапусціў Гайсэра. Цім стартаваў ізноў не ідэальна, але за некалькі першых паваротаў прарваўся на другую пазіцыю, таму захоп ім першай пазіцыі быў справай часу. Гоншчык Хонды ў выніку і перамог, яго канкурэнт з Kawasaki фінішаваў другім. Херлінгс пасля не самай простай гонкі змог прабіцца на трэцюю пазіцыю.

Па выніках нямецкага Гран Пры Джэфры заняў другое месца, тады як Фэвр падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Ну а перамог Гайсэр, які адначасова вярнуў сабе чырвоную таблічку лідару чэмпіянату. У яго 415 ачкоў, на два болей, чым у Херлінгса. Па-ранейшаму блізка і Фэвр, які займае трэцюю пазіцыю і мае 407 балаў. У заліку вытворцаў не так цесна – KTM лідзіруе, маючы 518 балаў супраць 424 у Хонды, якая захоўвае другую пазіцыю. Яе адрыў ад Kawasaki, якая працягвае замыкаць першую тройку, павялічыўся да дванаццаці ачкоў.

Чэмпіянат свету па мотакросе працягнецца ўжо ў бліжэйшы ўік-энд у французскім Лакапэль-Марывалі, і гэта будзе апошні адзіночны этап. Італьянскія П’етрамурата і Мантова затым прымуць, адпаведна, тры і два запар.

Другие посты блога

Все посты