Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Маленькая перамога Iron Lynx і вялікая Team WRT. Этапам у Барселоне завяршыўся сезон серыі GT World Challenge Europe

Маленькая перамога Iron Lynx і вялікая Team WRT. Этапам у Барселоне завяршыўся сезон серыі GT World Challenge Europe

Доўгая трохгадзінная гонка на трасе ў Барселоне стала апошняй у сезоне GT World Challenge Europe і прынесла перамогі камандам Iron Lynx і Team WRT. Пры гэтым першым фінішаваў экіпаж Akka ASP.

15 октября 2021, 15:32
Маленькая перамога Iron Lynx і вялікая Team WRT. Этапам у Барселоне завяршыўся сезон серыі GT World Challenge Europe

Доўгая трохгадзінная гонка на трасе ў Барселоне стала апошняй у сезоне GT World Challenge Europe і прынесла перамогі камандам Iron Lynx і Team WRT. Пры гэтым першым фінішаваў экіпаж Akka ASP.

Сусветныя гонкі пакрысе рыхтуюцца да міжсезоннай спячкі (хоць на самой справе ні ў якую спячку яны не ўпадаюць – важных падзей хапае і ў зімовы перыяд). Першай яшчэ ўлетку свой сезон завяршыла Формула Е, а ў мінулыя выхадныя ў Барселоне адбыўся і фінал серыі GT World Challenge Europe.

Напярэдадні яго яшчэ не ва ўсіх катэгорыях усё было вырашана. У прыватнасці, менавіта апошні этап, які праходзіў у фармаце Endurance, мусіў быў выявіць чэмпіёнаў у адпаведным Кубку ў асабістым заліку. Прэтэндэнтаў на гэта было багата, уваходзілі ў іх кола і гоншчыкі Team WRT Шарль Віртс і Дрыс Вантор, якія ў Брэндс-Хэтчы ўжо выгралі тытул у Кубку Sprint і амаль забяспечылі сабе перамогу ў абсалютным заліку серыі.

Аднак ім поспеху ў заліку Endurance не гарантаваў нават фініш на подыуме, прытым што стартаваў іх з Робінам Фрайнсам экіпаж толькі дзясятым. У гонцы нікому з трох гоншчыкаў трыццаць другой Audi R8 LMS GT3 не было ў чым сябе папракнуць – яны ўдала прарываліся і фінішавалі трэцімі. Толькі і гэта ім не дапамагло.

А вось для пяцьдзесят першага экіпажу Iron Lynx – пераможцаў гонкі 24 гадзіны Спа Алесандра П’ер Гуідзі, Кома Ледагара і Нікласа Нільсэна – 3 гадзіны Барселоны выдаліся няпростымі. Гонку яны пачыналі ўвогуле адзінаццатымі, затым прарываліся, але за сорак хвілін да канца сітуацыя для іх ізноў ускладнілася.

У той момант на трасе з’явіўся аўтамабіль бяспекі, які спрасаваў пелатон і нейтралізаваў адрывы. Што было на руку шэсцьдзесят трэцяму экіпажу Orange 1 FFF Racing Team – Мірка Барталоці, Марка Мапэлі і Андрэа Кальдарэлі. Яны мусілі пачынаць гонку з поўлу, але спачатку былі пазбаўленыя трох пазіцый за ігнараванне жоўтых сцягоў у кваліфікацыі, а ў гонцы атрымалі штрафны праезд па піт-лэйне за сутыкненне з Ferrari 488 GT3 чатырыста восемдзесят восьмага экіпажу каманды Rinaldi Racing (Крысціана Хука, Мануэля Лока і Йеруна Блекемолена).

Так што італьянскаму трыа Orange 1 FFF Racing Team нейтралізацыя гонкі была выгадная, чым яны і скарысталіся, прыняўшыся адыгрываць пазіцыі, прарываючыся з сёмай. Што натуральна нервавала і П’ер Гуідзі, Ледагара і Нільсэна, якія маглі згубіць тытул у Кубку Endurance і Ferrari якіх таксама апынулася ззаду Lamborghini Huracan GT3 Evo Барталоці, Мапэлі і Кальдарэлі.

Пры гэтым семдзесят першы экіпаж Iron Lynx, у якім выступалі Калум Айлат, Алесіа Равэра і Антоніа Фуока і які быў буферам паміж пяцьдзесят першым і яго пераследнікамі, на апошніх кругах сышоў з дыстанцыі праз пракол у выніку кантакту са сто шесцьдзесят трэцяй Lamborghini каманды Emil Frey Racing (экіпаж Норберта Зідлера, Джакама Альтоэ і Альберта Косты).

Гэты інцыдэнт стаў прычынай яшчэ аднаго перыяду аўтамабіля бяспекі, які скончыўся меней чым за дзесяць хвілін да заканчэння часу гонкі, у якой кругоў заставалася не болей за тры. Экіпаж Барталоці, Мапэлі і Кальдарэлі ўжо дабраўся быў да чацвёртай пазіцыі, аднак і П’ер Гуідзі, Ледагар і Нільсэн, экіпаж якіх на той момант ішоў сёмым, маглі дазволіць сабе страціць яшчэ нават дзве пазіцыі, але ўсё роўна захавалі б першую пазіцыю ў Кубку Endurance.

Аднак сітуацыя на іх шчасце па найгоршым сцэнарыі не пайшла. П’ер Гуідзі утрымаў сёмую пазіцыю, захаваўшы і свой тытул у Endurance (менавіта ён быў там адным з дзейсных чэмпіёнаў), і дазволіў заваяваць другі Ледагару і першы Нільсэну. Першую тройку, як было адзначана вышэй, замкнулі Віртс, Вантор і Фрайнс, а другое месца заняў пяцьдзесят чацвёрты экіпаж каманды Dinamic Motorsport – Клаус Бахлер, Крысціан Энгельхарт і Матэа Кайролі.

Падмуркам іх поспеху стала ўдалая пачатковая фаза гонкі, а таксама апошні піт-стоп, пасля якога іх Porsche 911 GT3-R і апынуўся на другой пазіцыі. Ну а пераможцы – восемдзесят восьмы экіпаж Akka ASP у складзе Рафаэле Марчэла, Фэліпэ Фрагі і Жуля Гунона – проста дамінавалі цягам усёй дыстанцыі.

Ціснуць на іх у першыя дзве гадзіны паспрабавалі былі толькі Мэт Кэмпбэл, Эрл Бамбер і Мацьё Жамінэ з дваццаць другога экіпажу GPX Racing, аднак пры абслугоўванні іх Porsche на другім піт-стопе былі выяўлены нейкія парушэнні, за што аўстраліец, новазеландзец і француз былі пакараныя штрафным праездам па піт-лэйне.

Канечне, асабліва Марчэла і Гунону перамога не прынесла такой радасці, як магла б. У Кубку Endurance, дзе яны таксама прэтэндавалі на тытул, яны ў выніку занялі другую пазіцыю, набраўшы за сезон 79 ачкоў і саступіўшы чатыры П’еру Гуідзі, Ледагару і Нільсэну. Аднак пры гэтым за кошт перамогі ў Барселоне Рафаэле і Жуль абышлі Віртса з Ванторам, якія зарабілі тыя ж 79 балаў.

Затое Team WRT перамаглі ў камандным заліку Кубку Endurance, праўда, з перавагай усяго ў адзін бал перад Iron Lynx – 91 супраць 90. Akka ASP з 88 ачкамі замкнулі тройку мацнейшых. Team WRT сталі першымі па выніках сезону і ў зводным камандным заліку серыі GT World Challenge Europe, набраўшы там 210,5 ачка. Akka ASP са 184 баламі занялі другое месца, трэцімі сталі Emil Frey Racing, у якіх 139 балаў.

Віртс з Ванторам адыграліся ў зводным асабістым заліку, заваяваўшы там тытул са 182,5 ачка. Марчэла і тут стаў віцэ-чэмпіёнам, набраўшы 140,5 ачка, а замкнулі тройку мацнейшых Лука Штольц і Мара Энгель з чацвёртага экіпажу каманды HRT (аўтамабіль Mercedes-AMG GT3), якія ў Барселоне разам з Ніка Басціанам занялі пятае месца, а ў чэмпіянаце набралі 120 балаў.

Гэты сезон серыі GT World Challenge Europe скончаны, аб чым асабіста я крыху шкадую – надта ўжо цікавымі і падзейнымі былі яго гонкі. Новы пачнецца, як было анансавана перад этапам на Нюрбургрынгу, у красавіку. Будзем цешыць сябе тым, што і ў гэтым годзе наперадзе яшчэ шмат цікавага, і міжсезонне праляціць хутка, і новы сезон еўрапейскіх гонак Gran Turismo будзе не меней цікавым.

Другие посты блога

Все посты