Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Рэно чэмпіён, Фэвр, Гайсэр і Херлінгс пакуль не. І героямі мотакросавага Гран Пры Гарды сталі не толькі яны

Рэно чэмпіён, Фэвр, Гайсэр і Херлінгс пакуль не. І героямі мотакросавага Гран Пры Гарды сталі не толькі яны

Пасля трэцяга этапу чэмпіянату свету па мотакросе ў італьянскай П’етрамураце, які стаў шаснаццатым у гэтым сезоне, усе вырашылася толькі ў малодшай катэгорыі MX2. А вось у MXGP у чарговы раз змяніўся лідар, але барацьба за чэмпіёнства ад завяршэння далёкая.

4 ноября 2021, 16:24
Рэно чэмпіён, Фэвр, Гайсэр і Херлінгс пакуль не. І героямі мотакросавага Гран Пры Гарды сталі не толькі яны

Фота: mxgp.com

Пасля трэцяга этапу чэмпіянату свету па мотакросе ў італьянскай П’етрамураце, які стаў шаснаццатым у гэтым сезоне, усе вырашылася толькі ў малодшай катэгорыі MX2. А вось у MXGP у чарговы раз змяніўся лідар, але барацьба за чэмпіёнства ад завяршэння далёкая.

Ну як далёкая… Да канца сезону засталося ўсяго два этапы ў Мантуе, якая раней прыняла Мотакрос Нацый, і вырашыцца ўсё ўжо на наступным тыдні. І вырашыцца можна як заўгодна, улічваючы становішча ў турнірнай табліцы ў MXGP. Рамэн Фэвр, Цім Гайсэр і Джэфры Херлінгс па-ранейшаму ўмяшчаюцца ў трох ачках, толькі ўжо ў іншым парадку, так што шанцы на заваяванне чэмпіёнскага тытулу ў іх роўныя.

Затое ў малодшай катэгорыі MX2 чэмпіён ужо вызначаны. Ім чакана стаў завадскі гоншчык Monster Energy Yamaha Factory Racing Максім Рэно. Папярэднія два этапы ў П’етрамураце склаліся для яго з падзенняў і ўзлётаў, а вось апошні, што прайшоў у мінулыя выхадныя, малады француз правёў у традыцыйнай для сябе манеры, фінішаваўшы ў абедзвюх гонках на высокіх пазіцыях.

Адкласці пытанне аб каранацыі Максіма або нават пры пэўных негатыўных для яго раскладах заваяваць тытул замест яго мог толькі яго бельгійскі партнёр па камандзе Яга Гіртс. Адразу пасля старту ён апынуўся наперадзе Рэно, паблізу ад першай пазіцыі (Максім на той момант быў у раёне восьмай), аднак на першым жа кругу на прызямленні пасля трампліну сутыкнуўся з дацкім гоншчыкам WZ Racing Team Басціанам Бёг Дамам, які таксама добра стартаваў.

Упаўшы, абодва, вядома, страцілі шмат пазіцый, але гонку працягнулі (на шчасце, ні самі траўм не атрымалі, ні матацыклы не пашкодзілі) і нават фінішавалі. Гіртс дык яшчэ не так і дрэнна – на трынаццатай пазіцыі (Бёг Дам быў толькі дваццаць другім), але шанцы на чэмпіёнства для Яга пасля гэтага ўсё роўна рабіліся хіба што матэматычнымі.

Таму што Рэно якраз выступіў на Гран Пры Гарды выдатна. У першым заездзе адзіным, каму ён саступіў, быў герой папярэдняга Гран Пры П’етрамураты Рэнэ Хофер. Хол-шот выйграў яго партнёр па Red Bull KTM Factory Racing і цяпер ужо былы чэмпіён Том Віаль, аднак аўстрыец апярэдзіў яго на першым жа кругу. Віаль у выніку фінішаваў толькі чацвёртым, прапусціўшы Рэно, а таксама іспанца Рубэна Фернандэса з каманды Honda 114 Motorsports.

Ну а ў другой гонцы Максім стаў чэмпіёнам на першых жа кругах, пасля таго, як Гірст сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы. Спачатку Яга прабіўся на пятую пазіцыю, але амаль адразу стаў прапускаць супернікаў аднаго за адным – яго матацыкл проста не ехаў. Рэно ж на пятым кругу абагнаў Віаля, які спачатку выйграў хол-шот, а потым перамог у гонцы і ў чэмпіянаце. Віаль фінішаваў другім, Фернандэс ізноў замкнуў першую тройку.

На тых жа месцах і ў тым жа парадку два французы і іспанец размясціліся ў выніковым пратаколе Гран Пры Гарды. Пры гэтым Віаль падняўся і на другую пазіцыю ў чэмпіянаце, апярэдзіўшы Гіртса – у Тома 532 ачкі супраць 516 у Яга. Ну а новы чэмпіён зараз мае 642 балы, але яшчэ напэўна павялічыць іх колькасць. Вось пераможца заліку вытворцаў у MX2 пакуль не вызначаны. KTM з 723 ачкамі лідзіруе, але Yamaha, займаючы другую пазіцыю, мае 709. Husqvarna па-ранейшаму трэцяя, у яе 541 ачко.

Пра перамогу KTM можна казаць больш ці менш упэўнена ў старэйшай катэгорыі MXGP, а вось спрагназаваць вынікі спаборніцтва ў яе асабістым заліку я не бяруся. І падзеі абедзвюх нядзельных гонак у П’етрамураце ў старэйшай катэгорыі толькі пацвердзілі, што я правільна раблю – без прыгод яны не прайшлі амаль ні для каго.

У першым заедзе адносна камфортна сябе адчуваў толькі швейцарскі гоншчык Monster Energy Yamaha Factory MXGP Джэрэмі Сівер, які лідзіраваў пасля хол-шоту і фінішаваў першым. Яго партнёр па камандзе Глэн Колдэнхоф спачатку быў другім, але доўга трымаць высокі тэмп не здолеў, фінішаваўшы толькі на шостай пазіцыі.

Другую Глэн у самым пачатку аддаў іспанскаму прадстаўніку Red Bull KTM Factory Racing Хорхе Прада, а вось трэцюю нідэрландзец утрымліваў даволі доўга. Толькі ззаду ў яго сабраліся ўсе тры лідары чэмпіянату, якія таксама біліся за пазіцыі. Першым з іх, каго Колдэнхоф ужо ў другой палове заезду прапусціў наперад, быў Фэвр. Француз з завадской каманды Monster Energy Kawasaki Racing Team да таго моманту пасля працяглага супрацьстаяння ўжо пакінуў ззаду Гайсэра.

Славенцу з завадской Хонды пасля гэтага прыйшлося не толькі даганяць Джэрэмі, але і адбівацца ад атак з боку яго суайчынніка з завадскога ж KTM Херлінгса. Гайсэра Джэфры абагнаць здолеў, а Фэвра – не, хаця той правёў гонку не ідэальна, вельмі непрыемна ўпаўшы на апошнім кругу. Уратаваў Рамэна толькі адрыў, які ён паспеў напрацаваць перад гэтым – другую пазіцыю ён утрымаў, захапіўшы ў выніку і лідарства ў чэмпіянаце.

Херлінгс і Гайсэр фінішавалі трэцім і чацвёртым адпаведна у першым заездзе і ледзь не дыяметральна супрацьлеглым чынам правялі другі. Цім адразу пасля старту апынуўся на трэцяй пазіцыі, за спінай у шматразовага чэмпіёна з KTM Антоніа Кайролі. Якога ён даволі хутка абагнаў, як і аўтара хол-шоту Прада. Абараняцца ж пакуль яшчэ дзейснаму чэмпіёну прыйшлося ад Херлінгса, які хутка прарваўся з шостай пазіцыі на другую.

Здавалася, што ўсё складаецца на карысць Джэфры, бо Фэвру прыйшлося прарывацца з трынаццатай пазіцыі. Што, аднак, Рамэн паспяхова рабіў, тады як Херлінгс пачаў дапускаць нетыповыя для яго памылкі, праз якія двойчы ўпаў. Прычым першы раз нідэрландзец заваліўся ледзь не на роўным месцы, прапусціўшы ў выніку наперад некалькіх супернікаў, у тым ліку і Фэвра.

Джэфры гонку працягнуў і нават адыграў частку страчаных пазіцый, прабіўшыся на чацвёртую. Але ўсе высілкі аказаліся марнымі за дзесяць з паловай хвілін да сканчэння асноўнага часу, калі ўжо былы лідар чэмпіянату навярнуўся болей сур’ёзна – на прызямленні пасля трампліну і на даволі высокай хуткасці.

Да гонару нідэрландца, якога завуць Куляй (пра тое, што ён як мінімум жалезны, мы даведаліся яшчэ на яго хатнім Гран Пры Нідэрландаў), ён і пасля гэтай непрыемнасці не здаўся. І чацвёртым усё ж фінішаваў, хай і яўна не без дапамогі з боку Кайролі, які прапусціў яго на апошнім кругу.

Вось Сівэр раней абагнаў Антоніа ў сапраўднай барацьбе. І не толькі яго, а і Фэвра таксама, прарваўшыся на другую пазіцыю. Таму менавіта Джэрэмі стаў пераможцам Гран Пры возера Гарда. Гайсэр, які ў другой гонцы перамог, заняў другое месца па выніках этапу. Фэвр падняўся на ніжнюю ступень подыуму, а вось у чэмпіянаце захапіў лідарства.

Выражаецца тое лідарства 614 ачкамі, што на адно болей, чым у Гайсэра і на тры, чым у Херлінгса. Толькі KTM з 745 ачкамі камфортна лідзіруе ў заліку вытворцаў, а Honda і Kawasaki працягваюць аспрэчваць другую пазіцыю, маючы 622 і 619 ачкоў адпаведна.

Так што на фінале ў Мантуе (яна ж Мантава) дакладна будзе горача. Тым больш што фінал будзе падвоены – ужо заўтра там пачынаецца Гран Пры Ламбардыі, а ў сераду 10 кастрычніка адбудзецца Гран Пры ўласна Мантуі. Так ці інакш, праз тыдзень мы ўжо падвядзём вынікі не толькі абодвух этапаў, але і ўсяго сезону.

Другие посты блога

Все посты