Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Прырода за Разгатліоглу! Нябесная канцылярыя палегчыла яму перамагчы ў сусветным чэмпіянаце па Супербайку

Прырода за Разгатліоглу! Нябесная канцылярыя палегчыла яму перамагчы ў сусветным чэмпіянаце па Супербайку

Фіналу WSBK у Інданэзіі чакалі ўсе. Менавіта ён мусіў быў вызначыць чэмпіёна серыі ў сезоне-2021. Ён і вызначыў – ім стаў гоншчык каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топрак Разгатліоглу. Прычым стаў, не надта напружваючыся.

24 ноября 2021, 14:42
Прырода за Разгатліоглу! Нябесная канцылярыя палегчыла яму перамагчы ў сусветным чэмпіянаце па Супербайку

Фота: worldsbk.com

Фіналу WSBK у Інданэзіі чакалі ўсе. Менавіта ён мусіў быў вызначыць чэмпіёна серыі ў сезоне-2021. Ён і вызначыў – ім стаў гоншчык каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топрак Разгатліоглу. Прычым стаў, не надта напружваючыся.

Перавага турка перад яго галоўным пераследнікам у чэмпіянаце Джонатанам Рэем з Kawasaki Racing Team WorldSBK пасля папярэдняга этапу ў Аргенціне складала 30 ачкоў. Самавіта, але адыграць цалкам магчыма – перамогі ў двух асноўных гонках у суме даюць 50 балаў, а яшчэ 12 прыносіць першае месца ў нядзельным суперпоўл-спрынце. Вось толькі з апошнім у мінулы ўік-энд на новай для ўсіх 4 310-метровай трасе Мандаліка адбыўся аблом.

Дакладней, не аблом, змыванне. Надвор’е ў Паўднёва-Усходняй Азіі ў гэты перыяд стабільнасцю не адрозніваецца. Ды і вясной у тым рэгіёне магчымыя моцныя ліўні, якія мы неаднаразова бачылі падчас этапаў Формулы-1 на трасе Сепанг у суседняй з Інданэзіяй Малайзіі. Канечне, змяшчэнне этапу ў Мандаліцы ўнізе календара сусветнага Супербайка было для яго арганізатараў вымушаным крокам, але таго, што адбылося, яны дакладна не чакалі.

Калі кваліфікацыя, якую выйграў якраз Разгатліоглу, прайшла на сухой трасе, то напярэдадні старту суботняй гонкі на трасу абрушылася сцяна вады. Яна не толькі заліла ўсё гоначнае палатно, але і моцна пагоршыла бачнасць. Старт некалькі разоў адкладаўся, і ў выніку быў перанесены на раніцу нядзелі – першая гонка замяніла сабой ранішні спрынт і была скарочаная на адзін круг, да дваццаці баявых.

Гэта было на рука лідару чэмпіянату, бо Рэй губляў магчымасць набраць 62 ачкі за этап. Разгатліоглу, зрэшты, трэба было проста не падпусціць Джонатана занадта блізка да сябе, неабходнасці перамагаць у яго не было. Ён і не перамог ні ў адной гонцы, а чэмпіёнам 2021 года стаў ужо па выніку першай.

Выйграў яе якраз Рэй, і выйграў у рашучай барацьбе. Губляць брытанцу не было чаго, і лідарства ён захапіў ужо на старце. Разгатліоглу, праўда, вярнуў яго сабе ў пачатку трэцяга круга, у першым павароце, а на наступным кругу ўжо ў дванаццатым павароце Джонатана абагнаў і малады італьянскі гоншчык каманды Motocorsa Racing Аксэль Басані. Які на наступным кругу пакінуў ззаду і Разгатліоглу, узначаліўшы гонку!

Ненадоўга – Топрак з Джонатанам хутка адцяснілі яго назад і пачалі абменьвацца ударамі і пазіцыямі. Першая некалькі разоў пераходзіла ад Разгатліоглу да Рэя, чым скарыстаўся і Скот Рэдзінг, які праводзіў апошні ўік-энд у складзе Aruba.it Racing-Ducati і падбіраўся да турка і свайго суайчынніка, пакуль яны высвятлялі адносіны паміж сабой. Пакінуўшы ззаду Басані, ён на дзясятым кругу паспяхова атакаваў Рэя, а пазней выйшаў у лідары дзякуючы памылцы Разгатліоглу у перадапошнім павароце.

Топрак тады прапусціў наперад і Рэя, аднак і трэцяе месцам пры другім Джонатана дазваляла яму выйграць тытул. Брытанец паспрабаваў адкласці гэта, абагнаўшы на шаснаццатым кругу Рэдзінга, але ён хутка прапусціў і Разгатліоглу, задаволіўшыся трэцім месцам. Ну а турак, фінішаваўшы другім, стаў новым чэмпіёнам сусветнага Супербайка па выніках перадапошняй гонкі сезону.

Апошнюю ж таксама ледзь не змыла. Перад яе пачаткам ізноў пайшоў моцны дождж, і старт таксама прыйшлося адкладаць. Але ён усё ж быў дадзены, хаця дыстанцыя заезду была скарочаная ўжо да дванаццаці кругоў. Якія, аднак, былі падзейнымі.

Новаспечаны чэмпіён утрымаў лідарства на старце, аднак хутка прапусціў Рэя з Рэдзінгам, якія былі хутчэйшымі на мокрай трасе. Іх барацьба за перамогу працягвалася амаль да самага фінішу – толькі на апошнім кругу ў дзясятым павароце Джонатан канчаткова захапіў першую пазіцыю. Скот паспрабаваў контратакаваць у перадапошнім павароце, але памыліўся і выйшаў занадта шырока.

Разгатлілогу ж не ўтрымаўся нават у першай тройцы, фінішаваўшы чацвёртым. Спачатку яго на чацвёртым кругу абагнаў Басані, ад якога Топрак адбіўся. Аднак на італьянца ззаду накочваў Міхаэль ван дэр Марк, і на выхадзе з сямнаццатага павароту паміж імі адбыўся кантакт, у выніку якога Басані ўпаў і выбыў з барацьбы, паспеўшы толькі паказаць гоншчыку BMW Motorrad WorldSBK Team сярэдні палец.

Гэты інцыдэнт суддзі разгледзелі, але прызналі яго гоначным. Так што свайго трэцяга месца, якое ван дэр Марк здабыў на сёмым кругу, абагнаўшы Разгатліоглу, ён не пазбавіўся. Ну а сам Топрак застаўся пры сваім чэмпіёнстве, выражаным 564 ачкамі. Рэй, дадаўшы да свайго чэмпіёнства прыстаўку «віцэ-», саступіў яму 13. Рэдзінг з 501 балам замкнуў першую тройку. Залік вытворцаў выйграла Yamaha – яе гоншчыкі прынеслі ёй 607 ачкоў. Ducati з 594 ачкамі стала другой, а Kawasaki з 570 трэцяй.

Нажаль, пакуль што няма ніякай інфармацыі, калі і дзе пачнецца наступны сезон сусветнага Супербайка. Таму нам застаецца толькі спадзявацца, што ён будзе такім жа цікавым і непрадказальным, як ужо мінулы. Да харошага прывыкаеш хутка!

Другие посты блога

Все посты