Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Двайная перамога каманды Zengő і незаўважны чэмпіён Эрлашэ. Негледзячы на дождж, фінал сезону WTCR у Сочы прайшоў ярка

Двайная перамога каманды Zengő і незаўважны чэмпіён Эрлашэ. Негледзячы на дождж, фінал сезону WTCR у Сочы прайшоў ярка

Траса ў Сочы у гэтым годзе патрапіла ў каляндар сусветнага Турынга выпадкова, як замена аднаму з адмененых этапаў за межамі Еўропы. Многага ад гонак на ёй не чакалі, але прырода ўмяшалася і зрабіла іх цікавымі і падзейнымі.

1 декабря 2021, 10:08
Двайная перамога каманды Zengő і незаўважны чэмпіён Эрлашэ. Негледзячы на дождж, фінал сезону WTCR у Сочы прайшоў ярка

Фота: fiawtcr.com

Траса ў Сочы у гэтым годзе патрапіла ў каляндар сусветнага Турынга выпадкова, як замена аднаму з адмененых этапаў за межамі Еўропы. Многага ад гонак на ёй не чакалі, але прырода ўмяшалася і зрабіла іх цікавымі і падзейнымі.

Драму на Сочы Аўтадроме мы ў гэтым годзе ўжо бачылі – у гонцы Формулы-1 у канцы верасня. Прычым і тады не абышлося без умяшання нябеснай канцылярыі. Відаць, яе начальнік падумаў, што гэта хораша, і таму паліў трасу дажджом і ў мінулую нядзелю.

Надвор’е было непрадказальным і ў суботу падчас кваліфікацыі. Дождж то ішоў, то не ішоў, прымушаючы гоншчыкаў рызыкаваць з выбарам гумы. Іван Мюлер у другім сегменце ў апошні момант выбраў поўнасцю дажджавыя шыны, і прайшоў у фінал, каб там заваяваць поўл у другой гонцы.

Адпаведна, першую чатырохразовы чэмпіён яшчэ WTCC пачынаў з дзясятай пазіцыі, фінішаваўшы ў выніку восьмым. Не так і дрэнна, калі не ведаць, што гоншчык каманды Zengő Motorsport Services KFT Мікел Ацкона, які стартаваў дзявятым у тым жа заездзе, у выніку ў ім перамог. Іспанец, як і яго французскі сусед па стартавай рашотцы, быў пры гэтым у невыгодным становішчы – бачнасць у глыбіні пелатона праз дождж амаль адсутнічала.

І ўсё роўна Ацкона адразу адыграў дзве пазіцыі. А калі гоншчык  ALL-INKL.COM Münnich Motorsport Эстэбан Гер’еры на першым жа кругу ў чацвёртым павароце разбіў сваю Honda Civic TCR, не справіўшыся з яе кіраваннем на мокрай трасе, Мікел скарыстаўся сітуацыяй, і паспеў заскочыць на пятую пазіцыю да таго, як гонка была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі.

Наперадзе таксама было на што паглядзець. Напарнікі па Comtoyou Team Audi Sport Жыль Магнус і Фрэдэрык Вервіш стартавалі з першага шэрагу (Магнус быў наперадзе), але амаль адразу пасля таго, як чырвоныя сігналы святлафора загаслі, паміж імі ўклініўся іх канкурэнт з Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team Жан-Карл Вернэ, чыйму далейшаму прарыву аўтамабіль бяспекі і перашкодзіў.

Жан-Карл аднавіў яго пасля рэстарту, абагнаўшы Магнуса на чацвёртым кругу. Жыль затым даў дарогу Вервішу, бо таму было за што змагацца ў чэмпіянаце, а сам пачаў адбівацца ад атак з боку напарніка Ацконы і чэмпіёна WTCC 2012 года Роберта Хафа, які напярэдадні добра кваліфікаваўся. Ацкона пэўны час назіраў за іх напружанай барацьбой кола ў кола, але ў пачатку пятага круга Роб прапусціў яго самога наперад.

І недарэмна – ужо на наступным кругу Мікел абагнаў Магнуса, і амаль адразу пачаў насядаць на Вервіша, але хутка сам ледзь не стаў ахвярай Магнуса, які спачатку абагнаў Хафа. Яго барацьба з Ацконай за подыум была жорсткай і кантактнай, на мяжы правілаў і часам за межамі трасы. У выніку Мікел саступіў і Жылю, і Роберту, але потым Магнус памыліўся, ізноў апынуўшыся ззаду абодвух гоншчыкаў каманды Zengő Motorsport Services KFT.

Контратака Магнуса на Ацкону поспехам не ўвянчалася, як і атака Вервіша на Вернэ на дзявятым кругу. Які стаў апошнім для Хафа! Роб у сваю чаргу пад’ехаў да Вервіша і атакаваў яго, але ў выніку кантакту паміж імі брытанец пашкодзіў пярэднюю падвеску сваёй CUPRA León Competición TCR, сышоўшы з дыстанцыі. А Ацкона праскочыў міма іх абодвух, падняўшыся на другую пазіцыю!

Ну а на апошніх двух кругах (дзясятым і адзінаццатым) развярнулася барацьба за перамогу. Вынікам якой стаў прыгожы – па вонкавым радыусе зацяжной дугі мокрай сочынскай трасы! – абгон у выкананні Ацконы на фінальным кругу. Мікел памылак не дапусціў і атрымаў заслужаную перамогу, Вернэ фінішаваў другім, а замкнуў першую тройку Магнус. Вервіш не здолеў у ёй утрымацца, адкаціўшыся на шостае месца.

Фрэдэрык скончыў гонку акурат за спінай у Яна Эрлашэ – напарніка Мюлера па камандзе Cyan Racing Lynk & Co і лідара чэмпіянату. На яго амаль ніхто цягам усёй дыстанцыі ўвагі не звяртаў (з такой барацьбой наперадзе і не дзіўна), але яго пятага месца яму хапіла для заваявання другога тытулу.

Новаспечаны двухразовы чэмпіён і ў другім заездзе нікуды не спяшаўся, фінішаваўшы ў ім шостым. Падзеі ж зноў (і зноў пад дажджом) стваралі іншыя ўдзельнікі. Напрыклад, той жа Хаф, які ўдала адыграўся за няўдачу ў першай гонцы.

Пакуль Ацкона абганяў Мюлера, Роб прарваўся з сёмай пазіцыі на чацвёртую, распачаўшы барацьбу з Іванам. Яго былы партнёр яшчэ па завадской камандзе Chevrolet на старце прапусціў яшчэ і Нэстара Жыраламі – напарніка і суайчынніка Гер’еры, якога на старце не было, бо яго аўтамабіль у першай гонцы быў занадта пашкоджаны.

Атаку на француза Хафу, праўда, прыйшлося адкласці. Па-першае, Мюлер сам абагнаў Жыраламі, а па-другое, на трасу ізноў на першым жа кругу выехаў аўтамабіль бяспекі – Магнус спыніўся за зламанай у стартавым кантакце з гоншчыкам каманды ALL-INKL.DE Muennich Motorsport Ацілай Тасі пярэдняй падвескай. Ды і прадстаўнік Cyan Performance Lynk & Co Санцьяга Уруція далей першага кругу не з’ехаў, таксама пашкодзіўшы свой Lynk & Co 03 TCR у кантактах з супернікамі.

Затое адразу пасля рэстарту на трэцім кругу Хаф адыграў разам дзве пазіцыі. Нажаль, цаной удзелу ў гонцы Ацконы – Мюлер уехаў у яго ззаду, памыліўшыся на тармажэнні перад першым паваротам, дзе сам і застаўся, таксама сышоўшы з дыстанцыі. А аўтамабілю бяспекі, які толькі пакінуў трасу, ізноў спатрэбілася на яе выязджаць, каб маршалы змаглі эвакуіраваць машыну Мюлера.

Пасля рэстарту на сёмым кругу Хафу прыйшлося не толькі атакаваць Жыраламі, але і адбівацца ад Вервіша. Аднак таму самому прыйшлося адцягвацца на Вернэ, які наязджаў ззаду, так што Роберт атрымаў магчымасць сканцэнтравацца на барацьбе за перамогу. І зрабіў галоўны крок да яе, на тым жа сёмым кругу і абагнаўшы Жыраламі.

Аргенцінец, забягаючы наперад, хоць і паспрабаваў спачатку контратакаваць Роба, але хутка адстаў ад яго, а на дзясятым кругу нарабіў памылак, спрабуючы абагнаць Вервіша, які раней абагнаў яго самога, адкаціўся на сёмую пазіцыю і на ёй і фінішаваў. Хаф упершыню з японскага этапу на трасе Сузука ў 2018 годзе перамог, Вервіш атрымаў адмашку клецістым сцягам другім, а замкнуў першую тройку гоншчык Comtoyou DHL Team Audi Sport Натанаэль Бертон.

Але галоўнае святкаванне ў мінулую нядзелю было ў стане Cyan Racing Lynk & Co. Эрлашэ выграў тытул, набраўшы 223 ачкі. Вервіш на свой рахунак запісаў 195, стаўшы віцэ-чэмпіёнам. Вернэ скончыў чэмпіянат трэцім са 177 баламі. Cyan Racing Lynk & Co выйгралі і камандны залік, набраўшы ў ім 392 ачкі. Comtoyou Team Audi Sport здолелі ўтрымаць другую пазіцыю, зарабіўшы 334 балы, Cyan Performance Lynk & Co з 308 ачкамі замкнулі тройку мацнейшых.

Напярэдадні фіналу цяпер ужо мінулага сезону Кубка свету па аўтагонках у класе Турынг была апублікаваная папярэдняя версія календара на сезон наступны. Пачацца ён мусіць 8 красавіка ў чэшскім Мосце, які ў гэтым годзе дэбютаваў у сусветных Турынгу і Супербайке, а скончыцца – 20 лістапада ў Макао.

Усяго запланавана дзесяць этапаў, сярод якіх Макао не адзіны, куды WTCR вяртаецца. Напрыклад, у пачатку ліпеня Кубак свету вернецца на гарадскую трасу ў партугальскім Віла Рэалы. А месяцам раней ён ізноў наведае французскае По, але не стацыянарную трасу По-Арно, дзе былі гонкі ў гэтым годзе, а таксама на гарадскую, вядомую яшчэ па часам WTCC.

Засталіся ў календары Нюрбургрынг, Мотарлэнд Арагон і Хунгарарынг, а таксама Сочы, чым пасля мінулых выхадных многія напэўна ўзрадаваныя. Спадзяемся, даедзе WTCR нарэшце і да карэйскага Інджэ і кітайскага Нінба.

Ну а ў гэтым сезоне з сусветных першынстваў засталася толькі Формула-1, якая ўжо ў бліжэйшы ўік-энд правядзе першы ў сваёй гісторыі Гран Пры Саудаўскай Аравіі, а таксама пазадарожная электрычная серыя Extreme E, чый фінальны этап пройдзе ў Вялікабрытаніі бліжэй да каталічных Каляд. Мы ж хутка пачнём падводзіць вынікі мінулага сезону ў асноўных чэмпіянатах. Сачыце за публікацыямі на «Гоначнай псіхапатыі»!

Другие посты блога

Все посты