Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: другі этап

Дакар-2022: другі этап

Працягласць шляху з Хаіля ў Аль-Кайсумах, які ўчора прарабілі ўдзельнікі ралі Дакар, склала агулам 791 кіламетр, з якіх на спецучастак другога этапу прыйшлося 338. Не ва ўсіх катэгорыях фаварыты пераадолелі яго гэтак жа удала, як папярэднія.

4 января 2022, 16:30
Дакар-2022: другі этап

Фота: dakar.com

Працягласць шляху з Хаіля ў Аль-Кайсумах, які ўчора прарабілі ўдзельнікі ралі Дакар, склала агулам 791 кіламетр, з якіх на спецучастак другога этапу прыйшлося 338. Не ва ўсіх катэгорыях фаварыты пераадолелі яго гэтак жа удала, як папярэднія.

У матацыклетнай катэгорыі, напрыклад, лідар учора змяніўся. Аўстраліец Даніэль Сандэрс, які выступае за GasGas і на першым этапе лепей за канкурэнтаў справіўся з навігацыяй, узначаліўшы агульны залік, учора сам заблукаў, ды яшчэ адхапіў ад арганізатараў дзесяціхвілінны штраф. На фінішы ён спецучастка ён у выніку быў дваццаць восьмым, адстаўшы ад пераможца амаль на 35 хвілін. У генеральнай жа класіфікацыі Даніэль цяпер сёмы, а яго адставанне ад лідара складае трынаццаць з паловай хвілін. Што, зрэшты, не так і многа.

Хутчэйшым жа ўчора стаў іспанскі ветэран Хоан Барэда Борт з каманды Monster Energy Honda Team, які праехаў доп за 3 гадзіны 31 хвіліну 20 секунд. Праўда, зашмат было страчана на першым этапе, таму, на першы погляд, учарашні поспех у глабальным сэнсе Хоану не надта дапамог – у абсалюце ён зараз дзясяты. Аднак яго адставанне ад лідара складае 20 хвілін 25 секунд, і шанцы на поспех ён пакуль што захоўвае, бо асноўная частка гонкі яшчэ наперадзе.

Узначаліў жа агульны залік брытанскі партнёр Даніэля Сандэрса па GasGas Сэм Сандэрлэнд. Пераможца Дакара 2017 года учора быў павольнейшы за Барэда Борта на 5 хвілін 33 секунды, але гэта быў другі вынік дня. Агульны час Сандэрлэнда складае 8 гадзін 31 хвіліну 29 секунд. Француз Адрыен ван Бэверэн, які прадстаўляе завадскую каманду Monster Energy Yamaha Rally Team, учора прыйшоў да фінішу з восьмым вынікам і адставаннем ад Барэды Борта ў 11 хвілін 44 секунды, аднак у абсалюце ён цяпер з’яўляецца галоўным пераследнікам Сандэрлэнда, саступаючы яму ўсяго 2 хвіліны 51 секунду.

Завадчанін KTM Кэвін Бенавідэс учора паказаў трэці вынік і быў павольнейшы за Барэду Борта на 5 хвілін 54 секунды. Але ў агульным заліку ён якраз за іспанцам, на адзінаццатай пазіцыі і ў амаль што 21 хвіліне ад лідара, таксама праз праблемы на першым этапе. Затое яго партнёр па камандзе Маціас Валькнэр учора хоць і быў толькі чатырнаццатым, саступіўшы Барэдзе Борту 14 з паловай хвілін, у генеральнай класіфікацыі зараз замыкае першую тройку, саступаючы Сандэрлэнду 4 хвіліны 8 секунд.

Не без праблем другі этап склаўся і для лідара катэгорыі квадрацыклаў Лайсвідаса Канчыуса. Ён учора таксама заблудзіўся і адхапіў штраф, праўда, толькі ў тры хвіліны, заняўшы чацвёртае месца. Дзейснаму пераможцу Дакара Мануэлю Андухару літовец саступіў пры гэтым 11 хвілін 8 секунд. Андухар у сваю чаргу справіўся са спецучасткам за 4 гадзіны 27 хвілін 51 секунду, на 2 хвіліны 3 секунды апярэдзіўшы француза Александра Жыру і на 5 хвілін 4 секунды амерыканца Пабла Капэці, якія фінішавалі другім і трэцім адпаведна.

Вось толькі ў агульным заліку Андухар пакуль што толькі шосты. Канчыусу, які лідзіруе з агульным часам 10 гадзін 54 хвіліны 36 секунд, аргенцінец саступае амаль 31 хвіліну. Вось Капэці адстае ад Канчыуса толькі на 3 хвіліны 32 секунды, займаючы другую пазіцыю. Жыру трэці, у 16 хвілінах 57 секундах ад літоўца.

У заліку легкавых машын працягваецца дуэль паміж Насэрам Аль-Аціёй і Себасцьенам Лёбам. Учора хутчэй за ўсіх – за 3 гадзіны 25 секунд – спецучастак пераадолеў дзевяціразовы ралійны чэмпіён свету, які разам з Фабіанам Луркенам выступае за каманду Bahrain Raid Xtreme на прататыпе Prodrive BRX Hunter. Экіпаж Аль-Аціі і Мацьё Бамэля яны абагналі прама на трасе, унёсшы ў ралі крыху вочнай барацьбы. Хоць і катарскі гоншчык з завадской Таёты не ўдарыў тварам у гразь, паказаўшы другі вынік і саступіўшы Лёбу 3 хвіліны 28 секунд.

А яшчэ ўчора стрэлілі экіпажы Audi на сваіх тэхнічна мудрагелістых гібрыдных прататыпах RS Q e-tron! Першую тройку, саступіўшы пераможцам 5 хвілін 52 секунды, замкнулі Карлас Сайнс-старэйшы і Лукас Крус, а чацвёртымі фінішавалі Стэфан Петэрансэль і Эдуард Буланжэ (іх пазадарожнік на загалоўным фота), якія ўчора патрапілі ў сур’ёзную аварыю, развараціўшы заднюю падвеску сваёй машыны. Іх адставанне ад Лёба і Луркена склала 7 хвілін 56 секунд, але ў агульным заліку яны, канечне, на многае ўжо не прэтэндуюць, займаючы семдзесят чацвёртае месца і прайграваючы лідарам амаль суткі.

Поспех экіпажа Сайнса падняў яго на трыццаць трэцюю пазіцыю агульнага заліку, ад лідараў яны адстаюць на дзве гадзіны. Трэці экіпаж Audi ў складзе знакамітага Маціаса Экстрома і Эміля Бергквіста ўчора таксама выступіў нядрэнна – дзявяты вынік на спецучастку з адставаннем ад пераможца ў трынаццаць з паловай хвілін. Падняліся яны і ў генеральнай класіфікацыі, дзе цяпер дваццаць чацвёртыя, амаль у дзвюх гадзінах ад уладальніка першай пазіцыі.

Якім па-ранейшаму з’яўляецца Аль-Ація, чый агульны час складае 6 гадзін 59 хвілін 21 секунду. Экіпаж Лёба, які захаваў другую пазіцыю, саступае яму 9 хвілін 16 секунд. А на трэцюю пазіцыю падняліся прадстаўнікі каманды Overdrive Toyota – аргенцінец Лусіа Альварэс і іспанец Арманд Манлеон, якія, як і завадскія экіпажы, выступаюць на пікапе HiLux. Пры гэтым на другім спецучастку яны фінішавалі толькі з адзінаццатым вынікам, саступіўшы экіпажу Лёба 16 хвілін 39 секунд. У абсалюце ж ад Аль-Аціі Альварэс адстае на 40 хвілін 53 секунды.

У класе лёгкіх прататыпаў мы працягваем заўзець за Марыю Апарыну і Андрэя Рудніцкага. Па вынікам другога этапу дуэт расіянкі і нашага суайчынніка падняўся на трыццатую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, адставанне ад лідараў якой складае больш за пяць з паловай хвілін. Учора Марыя і Андрэй фінішавалі трыццаць трэцімі, адстаўшы ад пераможцаў на паўтары гадзіны. Поспеху вам, сябры!

А поспех на Дакары – рэч першай неабходнасці. Вось былым ўжо лідарам катэгорыі лёгкіх прататыпаў Сету Кінтэра і Дэнісу Цэнцу яго ўчора бракавала – усяго за 30 кіламетраў да фінішу яны пашкодзілі картар дыферэнцыяла іх OT3 02, сышоўшы з дыстанцыі. Яны, канечне, гонку працягваюць, але з дзесяцігадінным штрафам, амаль семнаццацігадзінным адставаннем ад новых лідараў і на трыццаць дзявятай пазіцыі.

Мацнейшым выявіўся OT3 04 бельгійца Гіёма дэ Мэвіуса і амерыканца Келана Уолча – гэта яны перамаглі на другім этапе, справіўшыся са спецучасткам за 4 гадзіны 2 хвіліны 24 секунды. Праўда, у агульным заліку яны толькі трыццаць восьмыя, бо і самі ўжо паспелі сысці з дыстанцыі. Таму іх дуэт больш за шаснаццаць з паловай гадзін саступае лідарам.

А лідары гэтыя – Франсіска Лопес і Хуан-Пабла Латрах – учора былі другімі, саступіўшы пераможцам 4 хвіліны 18 секунд. Іх партнёры па камандзе EKS South Racing Себасцьян Эрыксан і Вутэр Росгаар адсталі на 6 хвілін 46 секунд і замкнулі першую тройку. А ў генеральнай класіфікацыі швед і нідзерландзец цяпер другія, Лопесу і Латраху, чый агульны час складае 8 гадзін 30 хвілін 15 секунд, яны саступаюць 7 хвілін 22 секунды. Замыкаюць жа першую тройку расіяне Павел Лебедзеў і Кірыл Шубін, якія ўчора фінішавалі на сваім Can-Am Maverick чацвёртымі, саступіўшы пераможцам 16 хвілін 23 секунды. Ад лідараў абсалюту яны адстаюць на 23 хвіліны 48 секунд.

У катэгорыі SSV перамаглі ізноў палякі, але на гэты раз Міхал Гочал і Жымон Гаспадарчык на Can-Am Maverick XRS. Спецучастак скарыўся ім за 4 гадзіны 10 хвілін 34 секунды, што дапамагло ім падняцца на чацвёртую пазіцыю агульнага заліку, у якім яны саступаюць лідарам 16 хвілін 52 секунды. Як і ў лёгкіх прататыпаў, лідары тыя ўчора былі другімі – амерыканец Осцін Джонс і бразілец Густава Гужэльмін адсталі на 1 хвіліну 21 секунду.

Па суме двух этапаў іх час складае 8 гадзін 51 хвіліну 19 секунд, апярэджваючы на 2 хвіліны 28 секунд бразільцаў Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкеля Жуста, якія займаюць другую пазіцыю, а ўчора замкнулі першую тройку, адстаўшы ад пераможцаў на 1 хвіліну 45 секунд. У абсалюце ж трэція іспанцы Жэрар Фарэс і Дыега Артэга, чыё адставанне ад лідараў складае 7 хвілін 21 секунду. Учора яны паказалі пяты вынік, саступіўшы пераможцам этапу 5 хвілін 16 секунд.

Пра катэгорыю грузавікоў цяпер, можа, ужо і распавядаць не варта? Зразумела ж, што там ёсць КамАЗ-Мастер і ўсе астатнія. Вось расіяне па-ранейшаму і займаюць усе чатыры першыя пазіцыі абсалюту. Лідзіруюць з агульным часам 7 гадзін 59 хвілі 7 секунд Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў. Толькі на другім этапе яны фінішавалі другімі, прапусціўшы наперад Андрэя Каргінава, Андрэя Макеева і Івана Малькова і саступіўшы ім усяго 38 секунд. Лепшы час жа склаў 3 гадзіны 52 хвіліны 7 секунд.

Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў учора былі павольнейшымі сваім калегам, якія перамаглі, 2 хвіліны 14 секунд. Аднак у агульным заліку другія яны, а экіпаж Нікалаева трэці. Ад экіпажа Сотнікава яны адстаюць на 2 хвіліны 7 секунд і 18 хвілін 34 секунды адпаведна. Антон Шыбалаў, Дзмітрый Нікіцін і Іван Татарынаў чацвёртыя ў абсалюце, чацвёртымі фінішавалі і ўчора, саступіўшы Каргінаву 4 хвіліны 25 секунд. Ад Сотнікава іх аддзяляе 22 хвіліны 43 секунды.

Нарэшце, Алеш Лапрайс, Петр Пакора і Яраслаў Вальтр пятыя ў абсалюце, аўтарамі пятага выніку сталі і ўчора. Іх адставанне ад экіпажа Каргінава склала 6 хвілін 51 секунду, а экіпажу Сотнікава ў агульным заліку саступаюць 31 хвіліну 11 секунд. Што, дарэчы, не ёсць катастрофай. І хай Praga V4S DKR – гэта не КамАЗ 43509, здарыцца на Дакары можа што заўгодна з кім заўгодна. Таму за класам цяжкай тэхнікі мы працягваем сачыць.

Сёння ж мы сочым за падзеямі трэцяга этапу. Ён кальцавы, са стартам і фінішам у Аль-Кайсумаху, яго агульная працягласць складае 636 кіламетраў, але спецучастак адносна кароткі – 255 кіламетраў. Кароткі-та кароткі, але дакладна не просты: камяні, дзюны, перапад вышынь – усё ў наяўнасці. Нечаканасці там магчымыя з абодвума знакамі.

Другие посты блога

Все посты