Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Барацьба на піт-стопах і першая перамога Скота МакЛафліна. Серыя IndyCar пачала свой сезон у Сэнт-Пітэрсбергу

Барацьба на піт-стопах і першая перамога Скота МакЛафліна. Серыя IndyCar пачала свой сезон у Сэнт-Пітэрсбергу

Новы сезон IndyCar пачаўся ў мінулы ўік-энд на гарадской трасе ў Сэнт-Пітэрсбергу, што ў штаце Фларыда. Новазеландскі гоншчык каманды Penske Скот МакЛафлін адкрыў яго першай перамогай у сваёй кар’еры ў амерыканскай формульнай серыі.

4 марта 2022, 12:22
2
Барацьба на піт-стопах і першая перамога Скота МакЛафліна. Серыя IndyCar пачала свой сезон у Сэнт-Пітэрсбергу

Фота: indycar.com

Новы сезон IndyCar пачаўся ў мінулы ўік-энд на гарадской трасе ў Сэнт-Пітэрсбергу, што ў штаце Фларыда. Новазеландскі гоншчык каманды Penske Скот МакЛафлін адкрыў яго першай перамогай у сваёй кар’еры ў амерыканскай формульнай серыі.

Нажаль, у гэтыя дні ўсяму свету не да гонак. Асабліва не да іх нашым дарагім суседзям і братам украінцам. Страшэнная навала з усходу, і, на сорам беларусам, з поўначы абрынулася на іх 24 лютага. Крамлёўскі дыктатар прынёс на іх зямлю смерць, пакуты, боль і слёзы.

Пакуль пішуцца гэтыя радкі расійскія армія, флот і ваенна-паветраныя сілы выконваюць злачынныя загады, забіваючы мірных жыхароў Украіны, якія нікому нічога дрэннага не зрабілі. Многія з іх рускамоўныя, хоць, здаецца, гэта іх закамплексаваны крамлёўскі карлік узяўся вызваляць.

Але разам з тым моцныя і мужныя ваяры Ўзброеных сіл Украіны і яе Тэрытарыяльнай абароны разам з простымі ўкраінцамі ўпарта і адважна супрацьстаяць ворагу. Супраць яго паўсталі, здаецца, нават камяні і дрэвы. Такіх страт ён не нёс даўно, а такіх сораму і ганьбы дык увогуле ніколі раней не ведаў.

І я ў чарговы раз выражаю захапленне і павагу вам, дарагія ўкраінцы. Веру ў вашу перамогу і спадзяюся, што хутка трагічны час міне, і не толькі для вашай зямлі. Увесь свет і ўсе сумленныя беларусы на вашым баку. Вы сапраўдныя ваяры святла і дабрыні, за вамі праўда, а вашу галоўную зброю – з’яднанасць перад ворагам і любоў да радзімы – ніхто ў вас не адбярэ. Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

ЗША актыўна Украіне дапамагаюць, за што ім асаблівая падзяка. Не дзіўна, што ў такой нацыі і аўтамабільныя гонкі цікавыя. Напрыклад, серыя IndyCar, пра якую «Гоначная псіхапатыя» па просьбах сваіх чытачоў, дый па ўласнаму жаданню будзе цяпер таксама пісаць.

Новы сезон яе пачаўся ў сонечнай Фларыдзе, на гарадской трасе ў Сэнт-Пітэрсбергу даўжынёй 1,8 мілі (каля 2,9 кіламетра). Будучы пераможца гонкі Скот МакЛафлін стаў на ёй найхутчэйшым і ў суботняй кваліфікацыі. Стартаваў ён у нядзелю таксама ўдала, захаваўшы лідарства, а затым яму дапамагла пісьменная тактыка піт-стопаў.

Яна гэтым разам вырашыла больш, чым барацьба непасродна на трасе. МакЛафліну ўдалася пераадолець дыстанцыю з двума прыпынкамі, як і дзейснаму чэмпіёну серыі з каманды Chip Ganassi Racing Алексу Палоў. Аднак тэмп у новазеландца ўсё роўна быў вышэй, і Палоў падабраўся да яго блізка толькі на апошніх кругах і толькі дзякуючы кругавым, якія запаволілі Скота.

Іспанец, зрэшты, хіба што толькі абазначыў намер атакаваць пілота Penske, не знайшоўшы для таго рэальных магчымасцей. Так што, пралідзіраваўшы сорак дзевяць кругоў з сотні, МакЛафлін атрымаў сваю першую перамогу ў IndyCar. Палоў фінішаваў другім, трэцяе месца заняў партнёр МакЛафліна па камандзе Уіл Паўэр.

Стан у чэмпіянаце пасля першага этапу адпавядае пратаколу першай гонкі. МакЛафлін лідзіруе з 54 ачкамі, Палоў мае 41 і займае другую пазіцыю, Паўэр, у якога 36 ачкоў, замыкае першую тройку.

Наступны этап гэтага сезону пройдзе 18-20 сакавіка на палутарамільным (2,4-кіламетровым) авале Texas Motor Speedway у Форт-Уэрце. Даўжыня гонкі складзе 248 кругоў або 600 кіламетраў, і хуткасці там будуць такія, што пазайздросціць і Формула 1.

Другие посты блога

Все посты