Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ператрус. Матацыклетны Гран Пры Інданэзіі моцна змяніў турнірную табліцу MotoGP

Ператрус. Матацыклетны Гран Пры Інданэзіі моцна змяніў турнірную табліцу MotoGP

Вынікі першага ў гісторыі чэмпіянату MotoGP Гран Пры Інданэзіі атрымаліся нечаканымі, хаця чакаць менавіта гэтага было варта. Затое дзякуючы дажджу сваю трэцюю ў кар’еры перамогу атрымаў Мігель Алівейра.

23 марта 2022, 01:04
Ператрус. Матацыклетны Гран Пры Інданэзіі моцна змяніў турнірную табліцу MotoGP

Фота: motogp.com

Вынікі першага ў гісторыі чэмпіянату MotoGP Гран Пры Інданэзіі атрымаліся нечаканымі, хаця чакаць менавіта гэтага было варта. Затое дзякуючы дажджу сваю трэцюю ў кар’еры перамогу атрымаў Мігель Алівейра.

А яшчэ мы дакладна ведаем, што ў сваім змаганні за сваю і нашу свабоду пераможа Украіна. Амаль месяц яе мужны народ супрацьстаіць расійска-фашысцкім захопнікам і злачынцам. Бліцкрыг абламаўся, як усё заўсёды абломвалася ў бесталковай імперыі. Карлік, які ўявіў сябе рэстаўратарам імперыі, канчаткова яе разваліць.

Беларусы смуткуюць аб ахвярах гэтай страшнай вайны, мірных украінцах, старых і малых. Беларусы захапляюцца мужнасцю і з’яднанасцю ўкраінцаў і іх любоўю да радзімы, якая сілкуе іх і дапамагае ім біць нашага агульнага ворага. Беларусам баліць ад таго, што калгасны тыран зрабіў агрэсарам іх краіну, і цяпер праз гэта пакутуюць нашы добрыя сябры і суседзі, нашыя браты і сёстры ва Украіне.

Але беларусы ведаюць, што ўкраінцы перамогуць. Таму што за імі праўда, а яны самі – дабрыня і святло. Ратавальнікі і дактары, якія дапамагаюць параненым, прадстаўнікі Ўзброеных сіл і Нацыянальнай гвардыі Украіны, а таксама ваяры яе Тэрытарыяльнай абароны. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

У аглядзе Гран Пры Бахрэйна, першага этапу новага сезона Формулы 1, я ўжо падзяліўся з чытачамі марай, каб у прыгожай Украіне будучыні праводзіліся каралеўскія аўтагонкі. А дзе яны, там і для MotoGP месца знойдзецца. Тым больш калі сезон, у які мотачэмпіянат наведае Украіну, будзе такім жа цікавым, як цяперашні.

Два тыдні таму нас перамогай на Гран Пры Катара здзівілі Энеа Басціаніні і каманда Gresini Racing MotoGP. А яшчэ дзейсны чэмпіён Фабіа Куартарара, які тады фінішаваў толькі дзявятым, хоць ад яго мы чакалі ну калі не перамогі, то дакладна ўжо ўпэўненага подыуму. Але мотагонкі – справа непрадказальная. Дый траса Ласаіл, здаецца, у лік любімых Эль Д’ябла не ўваходзіць.

Ці палюбіць ён Мандаліку, пакажа час, хоць вось у кваліфікацыі ў гоншчыка завадской каманды Monster Energy Yamaha MotoGP якраз усё атрымалася – ён выйграў поўл. Толькі, як усе мы ведаем, ён у мотагонках мала што вырашае, асабліва калі перад пачаткам гонкі кардынальна мяняецца надвор’е. А ў Паўднёва-Усходняй Азіі зменлівасць надвор’я – гэта яго нармальны стан. І трапічная залева, якая абрушылася на інданэзійскі трэк у нядзелю, не была нечым анамальным.

Пры гэтым ранішні ворм-ап прайшоў яшчэ па сухой трасе, што, аднак, не перашкодзіла ўпасці шматпакутнаму Марку Маркесу. Ды так, што іспанец атрымаў струс мозга і да старту гонкі, зразумела, не быў дапушчаны. Значна горай, што ў завадскога гоншчыка Хонды ізноў абвастрыліся праблемы са зрокам – у яго пачало дваіцца ў вачах.

Не хачу разводзіць паніку, але як бы гэтая непрыемнасць не паставіла канчаткова крыж на кар’еры шасціразовага чэмпіёна. Ён яшчэ малады, яму толькі нядаўна споўнілася 29 гадоў, але шматлікія траўмы здароўя не дадаюць, праз іх і некаторыя маладзейшыя гоншчыкі вымушаныя былі заўчасна завяршаць свае прафесійныя шляхі. Будзе шкада, калі чэмпіянат застанецца без такога таленавітага і яркага спартсмэна.

Што ж да нядзельнага дажджу, то анамаліяй-та ён не быў, але гонкі праз яго прыйшлося скарачаць, а старт заезду прэм’ер-катэгорыі яшчэ і затрымаўся болей чым на гадзіну. Траса, вядома, была мокрай, але для Куартарара гэта ўжо не праблема – ён у такіх умовах ехаць навучыўся, таму і на старце лідарства ўтрымаў. А вось Хорхе Марцін, які пачынаў гонку з другой пазіцыі, наадварот, адкаціўся назад, а пазней гоншчык Pramac увогуле ўпаў і сышоў з дыстанцыі.

Здзівіў жа адразу будучы пераможца. Алівейра стартаваў сёмым, а ў першы паварот увайшоў другім! А ўжо на наступным кругу ён на пару з гоншчыкам завадской каманды Ducati Джэкам Мілерам, які перад гэтым прарваўся з шостай пазіцыі на трэцюю, абагнаў Куартарара. Пасля чаго Партугалец і аўстраліец пачалі ад’язджаць ад француза і адначасова біцца за лідарства адзін з адным.

Мілер на тым жа другім кругу абагнаў быў Алівейру, але той на шостым кругу сам атакаваў у дванаццатым павароце і вярнуў першую пазіцыю сабе. На тым жа кругу, але перад першым паваротам, напарнік Мілера Франчэска Баньяя памыліўся перад першым паваротам. На гэты раз італьянец не ўпаў, і у гонцы застаўся, але фінішаваў толькі пятнаццатым, зарабіўшы адзіны бал.

Джэк жа фінішаваў хоць і вышэй, але ўсё роўна не на подыуме. На другой палове дыстанцыі ён прапусціў спачатку напарніка Марціна па Pramac Жоана Зарко, які раней абагнаў Куартарара, а пазней і самога Фабіа. Французы на апошніх кругах, якіх усяго было дваццаць, былі хуткія, і калі б дыстанцыя гонкі была поўнай, магчыма, і за перамогу паспрачаліся б.

Ну а так яны вырашалі паміж сабой, у якім парадку яны фінішуюць за Алівейрай. На шаснаццатым кругу Куартарара правёў вырашальную і выніковую атаку, фінішаваўшы затым другім. Зарко падняўся на ніжнюю ступень подыуму, Мілер задаволіўся толькі чацвёртым месцам.

Трыумфатар Гран Пры Катара Энеа Басціаніні кваліфікаваўся нядрэнна, пятым, але ў гонцы ўжо ў самым пачатку адкаціўся далёка назад, і біўся за пазіцыі ўнізе ачковай зоны. На апошніх кругах, прабіваючыся скрозь шчыльную групу супернікаў, італьянец амаль прарваўся ў першую дзясятку, але памыліўся і фінішаваў адзінаццатым.

Аднак лідарства ў чэмпіянаце гоншчык Gresini пры гэтым захаваў! Толькі канкурэнты падабраліся блізка. У Звера (бо яго мянушка La Bestia, сугучная з яго прозвішчам, з італьянскай перакладаецца менавіта так) 30 ачкоў, што ўсяго на два болей, чым у Брэда Біндэра з завадскога калектыву Red Bull KTM Factory Racing, які ў Інданэзіі фінішаваў восьмым, і на тры, чым у Куартарара, які падняўся на трэцюю пазіцыю.

У камандным жа заліку лідарства захапіў якраз завадскі KTM, у якога цяпер 53 ачкі. Завадская Ямаха паднялася на другую пазіцыю і мае 41 бал, на адзін апярэджваючы завадскую Team Suzuki Ecstar, чыі гоншчыкі на трасе Мандаліка выступілі даволі нядрэнна, фінішаваўшы пятым (Алекс Рынс) і шостым (Хоан Мір).

Новы сезон набірае абароты і, як я і прадказваў у мінулы раз, выяўляе і новых герояў або старых новых. Вось і той жа Куартарара вярнуўся ў кола фаварытаў. Не будзе дзіўна, зрэшты, калі ўсё зусім інакш складзецца на наступным этапе – Гран Пры Аргенціны, які пройдзе на трасе Termas de Río Hondo 1-3 красавіка.

Другие посты блога

Все посты