Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Мінус адна Toyota і першая перамога Alpine. Новы сезон WEC пачаўся нестандартным чынам

Мінус адна Toyota і першая перамога Alpine. Новы сезон WEC пачаўся нестандартным чынам

Гонка на амерыканскай трасе Себрынг мусіла быць 1 000-мільнай, але праз чырвоныя сцягі пераможцы пераадолелі толькі 725 міль або 1 168 кіламетраў. Затое сюжэт першага этапу новага сезона WEC адрозніваўся ад большасці ранейшых.

23 марта 2022, 21:07
Мінус адна Toyota і першая перамога Alpine. Новы сезон WEC пачаўся нестандартным чынам

Фота: fiawec.com

Гонка на амерыканскай трасе Себрынг мусіла быць 1 000-мільнай, але праз чырвоныя сцягі пераможцы пераадолелі толькі 725 міль або 1 168 кіламетраў. Затое сюжэт першага этапу новага сезона WEC адрозніваўся ад большасці ранейшых.

Галоўным жа сюжэтам для ўсяго свету ўжо месяц застаюцца не гонкі, а вайна ва Украіне. Ужо месяц яе мірныя жыхары гінуць ад рук рускіх фашыстаў. Знішчаныя Марыупаль і Харкаў, моцна пашкоджаныя Кіеў, Чарнігаў, Нікалаеў, Жытомір, Сумы і іншыя гарады і мястэчкі. Некалькі мільёнаў украінцаў сталі бежанцамі, некалькі дзясяткаў тысяч загінулі.

Здрадзіўшы свайму народу, калгасны дыктатар зрабіў саўдзельніцай злачынства дагэтуль мірную Беларусь. Кожны сумленны беларус не можа змірыцца з гэтым і адчувае сваю асабістую адказнасць і свой асабісты боль. Аніводны сумленны беларус ніколі не падтрымае ўваход беларускага войска ва Украіну, а калі такое здарыцца, то толькі пажадае ўкраінцам добрага палявання на ворага.

Я, як і кожны сумленны беларус, перакананы ў перамозе Украіны, вызваленні яе захопленых ворагам тэрыторый і аднаўленні ўсяго разбуранага вайной. Мужнасць і з’яднанасць украінцаў перад агульнай бядой натхняе ўвесь свет, а прафесіяналізм і стараннасць украінскіх ваяроў увяло ворага ў жах. Адстаяўшы сваю свабоду, украінцы ўратуюць і нас. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

Расія, дарэчы, за сваю ваенную агрэсію адхіленая ад удзелу ва ўсіх сусветных гоначных серыях, у тым ліку ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць, які ў мінулы ўік-энд распачаў у Сэбрынгу свой дзясяты сезон. У ЗША традыцыйна больш любяць свае ўласныя чэмпіянаты, таму WEC выконваў ролю падтрымкі чэмпіянату IMSA, 12-гадзінная гонка якога праходзіла ў суботу.

Таму сваю гонку чэмпіянат свету правёў у пятніцу. Па часе яна, дарэчы, была не надта карацейшай, і мусіла праходзіць восем гадзін. Мусіць-та мусіла, але не прайшла. Прычым па абставінах, зусім непрывычных для еўрапейцаў. Зрэшты, у гэты раз у прынцыпе было мала прывычнага.

Поўл Alpine навіной не быў, такое дасягненне ў Андрэ Нэграна, Нікаля Лап’ера і Мацьё Ваксів’ера, якія працягваюць выступаць пад нумарам 36, было ў мінулым годзе ў Парцімане. А вось што Glickenhaus Racing перакваліфікавалі Таёту (семсот восьмы экіпаж у складзе Алів’е Пла, Рамэна Дзюма і Раяна Брыска размясціўся на першым шэрагу разам з Alpine) – гэта ўжо было цікава.

Японскай камандзе не ехалася найперш праз карэктыроўкі балансу прадукцыйнасці. Гіперкары GR010 Hybrid сталі цяжэй, максімальныя абароты іх рухавікоў былі паменшаныя, як і колькасць даступнай кінетычнай энергіі. А галоўнае, што электраматор пярэдняй восі ў Сэбрынгу мог далучацца да РУЗ толькі пасля 190 км/г (на астатніх трэках ён уступае ў дзеянне са 120 км/г у сухіх умовах і са 150 км/г у дажджавых). Таму ў павольных паваротах, якіх на амерыканскай трасе хапае, эфектыўнасць гібрыднай сілавой устаноўкі рэзка абмежавалася.

Вось і атрымалася, што ў кваліфікацыі Toyota саступіла нават некаторым экіпажам з малодшай катэгорыі прататыпаў LM P2, якім у гэтым годзе таксама дадаткова падрэзалі крылы, каб яны не абганялі гіперкары. Лепшым экіпажам каманды стаў восьмы, у якім у гэтым годзе едуць Себасцьен Буэмі, Брэндан Хартлі і Рыа Хіракава і які размясціўся на чацвёртай пазіцыі. Сястрынскі сёмы ў складзе Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыі Лопеса якраз сёмым і кваліфікаваўся.

Стартавая рашотка мала што значыць у доўгіх гонках, але ў Сэбрынгу значных перастановак не было амаль усе першыя тры з паловай гадзіны, пакуль у аварыю не патрапіў сёмы экіпаж Таёты. Гіперкарам у той момант кіраваў Лопес, які спачатку неакуратна аб’ехаў семдзесят сёмы Porsche каманды Dempsey-Proton Racing з катэгорыі LM GTE Am, дапусціўшы кантакт.

Таётаўскі гіперкар развярнула, пасля чаго ён пярэдняй часткай зачапіў бар’ер са старых шын. Аўтамабіль, на першы позірк, значных пашкоджанняў не атрымаў, і Хасэ-Марыя працягнуў рух, спрабуючы дабрацца да боксаў і адправіцца на рамонт. Але ў нейкі момант пярэдні сплітар адламаўся, патрапіў пад колы, і гіперкар на высокай хуткасці адправіўся ў іншы адбойнік, пасля сутыкнення з якім перакуліўся.

Гэты інцыдэнт прывёў да чырвоных сцягоў на паўгадзіны, а паколькі ў доўгіх гонках хранаметраж не спыняецца нават у такіх выпадках, то на столькі ж скараціўся і час, адведзены на спаборніцтва. І адзіная, бадай, значная перастаноўка адбылася толькі пасля рэстарту. Экіпаж Glickenhaus пайшоў на абгон кругавых раней, чым было дадзенае зялёнае святло, за што атрымаў штраф і быў адкінуты на трэцюю пазіцыю.

Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер захавалі лідарства, але Буэмі, Хартлі і Хіракава яшчэ маглі іх нагнаць. Можа, і нагналі ці нават абагналі б, але за адну гадзіну і дзесяць хвілін гонка была спыненая чырвонымі сцягамі ізноў. Тое, што пачало змяркацца, праблемай не было – фары ва ўсіх машын у доўгіх гонках ёсць, і цалкам функцыянальныя, а не дэкаратыўныя. Не надта перашкаджаў і дождж, а вось навальніца, якая рухалася на аўтадром, прадстаўляла небяспеку найперш для яго персаналу.

Прыкладна гадзіну ўдзельнікі гонкі чакалі рэстарту, але аб’яўлены ён ужо так і не быў, і замест болей чым 250 кругоў было пераадолена 194 (дакладней, па такой колькасці былі залічаныя вынікі). Так сваю першую перамогу ў WEC атрымаў экіпаж Alpine, восьмая Toyota заняла другое месца, а семсот восьмы экіпаж Glickenhaus трэцяе.

Як і заўсёды, значна больш барацьбы і абгонаў было ў катэгорыі LM P2. Хоць і тут вынікі былі не тое каб сенсацыйныя. Не, поўл каманды AF Corse, якая з гэтага года прадстаўленая і ў прататыпах восемдзесят трэцім экіпажам у складзе Франсуа Перадо, Алесіа Равэры і Нікласа Нільсэна, здзівіў многіх. Але па ходу гонкі многае паўстала на прывычныя месцы.

Дваццаць трэці экіпаж United Autosports USA, у якім выступаюць Пол дзі Рэста, Олівер Джарвіс і 16-гадовы Джошуа Пірсан, стартаваў трэцім і ўвесь час трымаўся ў групе лідараў. А ў другой палове гонкі выйшаў на лідарскую пазіцыю, замацаваўся і фінішаваў на ёй. Другое месца занялі Шон Гелаэль, Робін Фрайнс і Рэнэ Раст з трыццаць першага экіпажа WRT, а замкнулі першую тройку іх партнёры з Realteam by WRT, сорак першы экіпаж у складзе Руі Андрадэ, Фердзінанда Габсбурга і Нармана Нато.

Даволі цікава ў Сэбрынгу было назіраць і за катэгорыяй LM GTE Pro. Хаця б з прычыны, што ў ёй была прадстаўленая каманда Corvette Racing. Экіпаж на ярка-жоўтым Chevrolet Corvette C8.R быў адзіным – на машыне пад шэсцьдзесят чацвёртым нумарам выступалі Томі Мілнэр і Нік Тандзі. Затое яны заяўленыя на поўны сезон, і на першым этапе выглядалі зусім не статыстамі.

Галоўнымі дзейнымі асобамі, праўда, былі экіпажы Porsche GT – дзевяноста другі Міхаэля Крыстэнсэна і Кэвіна Эстрэ, якія стартавалі з поўлу, і дзевяноста першы Джанмарыі Бруні і Рыхарда Літца, якія дзялілі з партнёрамі першы шэраг. Спачатку менавіта яны і аспрэчвалі лідарства, але хутка прэтэндэнтамі на перамогу сталі і Мілнэр з Тандзі, якія доўгі час нават лідзіравалі, але ў выніку саступілі Крыстэнсэну і Эстрэ, заняўшы другое месца. Бруні і Літц фінішавалі трэцімі.

Ferrari 488 GTE Evo каманды AF Corse гэтым разам пахваліцца хуткасцю не маглі. У адным кругу з лідарамі, на чацвёртым месцы, фінішавалі толькі Алесандра П’ер Гуідзі і Джэймс Калада з пяцьдзесят першага экіпажа, тады як іх партнёры Мігель Маліна і Антоніа Фуока адсталі на тры кругі.

У катэгорыі LM GTE Am панавалі экіпажы на Aston Martin Vantage AMR. Перамога дасталася дзевяноста восьмаму экіпажу каманды Northwest AMR у складзе Пола Дала-Ланы, Нікі Тііма і Давіда Пітардзі. Яны пачыналі гонку з другой пазіцыі і спрачаліся за лідарства з уладальнікамі поўлу Бэнам Кіцінгам, Фларыанам Латарэ і Марка Сорэнсэнам з трыццаць трэцяга экіпажа каманды TF Sport, якія фінішавалі другімі. Трэцяе месца заняў экіпаж на Porsche 911 RSR – прадстаўнікі Team Project 1 Брэндан Ірыбэ, Олівер Мілрой і Бэн Барнікот, якія выступаюць пад нумарам 56.

Становішча ў турнірных табліцах пасля першага этапу прадставіць сабе лёгка, варта толькі ўлічыць, што балы пасля Сэбрынга налічваліся з павышаным каэфіцыентам. У чэмпіянаце гоншчыкаў катэгорыі гіперкараў з 39 ачкамі лідзіруюць Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер, другую пазіцыю, маючы 27 балаў, займаюць Буэмі, Хартлі і Хіракава, а Пла, Дзюма і Брыска, у якіх 23 ачкі, замыкаюць першую тройку. Такую ж колькасць балаў маюць і каманды ў сваім заліку, дзе Alpine лідзіруе, Toyota займае другую пазіцыю, а Glickenhaus трэцюю.

У трафеі гоншчыкаў на першай пазіцыі дзі Рэста, Джарвіс і Пірсан, у якіх 38 ачкоў, Гелаэль, Фрайнс і Раст з 27 ачкамі другія, Андрадэ, Габсбург і Нато трэція, у іх 23 балы. Па столькі ж балаў у Сэбрынгу зарабілі прызёры катэгорыі GT, сярод якіх лідзіруюць Эстрэ і Крыстэнсэн, Тандзі з Мілнэрам займаюць другую пазіцыю, а Бруні і Літц размяшчаюцца на трэцяй. Толькі ў заліку вытворцаў там з 62 баламі лідзіруе Porsche, Ferrari мае 33 ачкі і знаходзіцца на другой пазіцыі, а Chevrolet, маючы 27 балаў, замыкае першую тройку.

Другім этапам чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць будзе гонка 6 гадзін Спа-Франкаршам. Перабудаваная і змененая ў міжсезонні траса прыме яе 7 мая.

Другие посты блога

Все посты