Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Спакой толькі сніцца. Канкурэнты лідараў чэмпіянату свету па мотакросе не даюць ім адпачываць

Спакой толькі сніцца. Канкурэнты лідараў чэмпіянату свету па мотакросе не даюць ім адпачываць

Канкурэнцыя ў MXGP высокая, што гэты сезон чэмпіянату пачаў дэманстраваць ад самага свайго пачатку. А Гран Пры Патагоніі ў Аргенціне толькі гэта дадаткова пацвердзіў.

24 марта 2022, 22:43
Спакой толькі сніцца. Канкурэнты лідараў чэмпіянату свету па мотакросе не даюць ім адпачываць

Фота: mxgp.com

Канкурэнцыя ў MXGP высокая, што гэты сезон чэмпіянату пачаў дэманстраваць ад самага свайго пачатку. А Гран Пры Патагоніі ў Аргенціне толькі гэта дадаткова пацвердзіў.

Украіна ж за мінулы месяц прадэманстравала і пацвердзіла сапраўдныя нязломнасць і непераможнасць. Расійскі дыктатар за пару дзён планаваў узяць Кіеў, а Кіеў узяў, і павыбіваў яму зубы. Ужо не адзін рускі ваенны карабель адправіўся ў вядомым кірунку, ужо больш за сотню і рускіх самалётаў, і рускіх верталётаў пазнаёмілася з украінскай зямлёй значна лепей, чым з украінскім небам, а некалькім сотням рускіх танкаў ад круцізны украінскіх ваяроў пазносіла вежы.

Украіна ўжо цэлы месяц пакутуе. Вораг нішчыць яе гарады, забівае яе жыхароў, дарослых і дзетак. Рускія фашысты нападаюць на яе не толькі са сваёй тэрыторыі, але і з нашай роднай, дагэтуль мірнай Беларусі, якую мясцовы дыктатар размяняў на сваё таннае жыццё і на сваю ўладу, якую гвалтоўна захапіў і ўтрымлівае, хоць перад гэтым прайграў выбары.

Гэта боль кожнага сумленнага беларуса і яго сорам. Заслужыць прабачэння ўкраінцаў будзе няпроста, але паспрабаваць гэта зрабіць мусіць будзе кожны з іх. І я клянуся, што абавязкова паеду адбудоўваць Украіну, прыгожую і вольную. А Батальёну «Кастуся Каліноўскага» зычу новых перамог. Толькі беражыце сябе, хлопцы!

Украіна – наш агульны абаронца. Пакуль сусветныя палітыкі мелюць языкамі, баючыся сутыкнення з Расіяй і ўхіляючыся ад яго, украінцы адстойваюць свабоду ўсяго цывілізаванага свету. Узброеныя сілы, Нацыянальная гвардыя, Тэрытарыяльная абарона Украіны і ўвесь яе народ з’ядналіся ў адзіны вогненны кулак, які разбурыць саўковую імперыю канчаткова. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

Зычу нам усім, каб у будучыні прадстаўнікі розных краін высвятлялі адносіны выключна на арэнах спартыўных спаборніцтваў. Так, як гэта робяць гоншчыкі чэмпіянату свету па мотакросе, які правёў свой трэці этап у Аргенціне, на трасе ў Вілья-Ла-Ангастуры.

Новы сезон MXGP складаецца цікава, хоць перамены пасля мінулага, здавалася, мусілі б аслабіць вастрыню барацьбы. Вось дзейсны чэмпіён катэгорыі MX2 Максім Рэно, напрыклад, перайшоў у старэйшую. Але і яго партнёр па завадской камандзе Monster Energy Yamaha Factory Racing цяпер нядрэнна спраўляецца, дый канкурэнты ў яго вартыя. Хаця іх колькасць пасля этапу ў Аргенціне можа паменшыцца.

Ужо ў самым пачатку першага заезду пелатон застаўся без гоншчыка завадской каманды Nestaan Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа, які раней добра выступіў у кваліфікацыйнай гонцы, заняўшы ў ёй трэцяе месца. Яны з Сімонам Лангенфельдэрам амаль сінхронна, але незалежна адзін ад аднаго (нідэрландзец праз імгненне пасля немца) упалі практычна ў адным і тым жа месцы.

І калі гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing і пераможца першага этапу ў Вялікабрытаніі здолеў падняцца і працягнуць гонку, фінішаваўшы трынаццатым, то дэ Вольф з дыстанцыі сышоў, бо атрымаў сур’ёзныя траўмы. Пакуль што невядома, якія менавіта і як хутка Кай вернецца ў лад, чаго мы яму, вядома, зычым ад усёй душы.

Гіртс, які ў кваліфікацыйнай гонцы перамог, да гэтага моманту ўжо паспеў ад’ехаць разам са сваім канкурэнтам з Red Bull KTM Factory Racing Томам Віалем, які ў кваліфікацыі быў другім, а першы галоўны заезд пачаў з хол-шоту, і цяпер лідзіраваў. Атрымлівалася ў француза гэта добра, але на апошніх кругах бельгіец яго дагнаў, і яны на пару падарылі гледачам відовішчную барацьбу, пераможцам з якой выйшаў Яга.

Віаль фінішаваў другім, а трэцім праз фінішны створ праляцеў Маціа Гуаданьіні, які ў гэтым годзе прадстаўляе завадскую каманду GasGas і якому не надта шанцавала на двух папярэдніх этапах. Затое цяпер італьянец прадэманстраваў свае лепшыя якасці, справіўшыся з такімі моцнымі канкурэнтамі, як Мікель Хааруп з Big Van World MTX Kawasaki, Кэвін Хоргма з F&H Kawasaki Racing і Конрад М’юз з 426 Motorsports.

Другая гонка MX2 у Вілья-Ла-Ангастуры пайшла спачатку не па плане. На другім кругу ўпаў гоншчык KTM Beddini MX2 Джанлука Факеці, якому спатрэбілася медычная эвакуацыя (у італьянца дыягнаставалі пераломы запясце і рэбраў). Заезд праз гэты інцыдэнт быў спынены чырвоным сцягам.

Паўторны старт выйграў Лангенфельдэр, які запісаў на сваё імя хол-шот, але Гіртс хутка яго абагнаў. Сімон працягнуў губляць пазіцыі (фінішаваў ён у выніку пятым), а адным з тых, хто яго абышоў, быў Віаль. Том ішоў настолькі хутка, што Гіртса апярэдзіў ужо на пятым кругу, каб потым і фінішаваць першым. Яга задаволіўся другой пазіцыяй, а на трэцяй гонку скончыў, скарыстаўшыся ў тым ліку падзеннем Хоргма, Хааруп.

Віаль жа па выніках Гран Пры Патагоніі і Аргенціны падняўся на вяршыню подыуму. Гіртс заняў другое месца, Хааруп стаў трэцім. Аднак Гіртс захаваў лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго 137 ачкоў. Віаль займае другую пазіцыю са 111 баламі, усяго на адзін апярэджваючы Лангенфельдэра. Yamaha лідзіруе ў заліку вытворцаў, маючы тыя ж 137 ачкоў, што і Гіртс. GasGas другі, ён мае 128 ачкоў, што толькі на адзін болей, чым у KTM.

Заезды старэйшай катэгорыі MXGP прайшлі без значных здарэнняў, хаця паглядзець там было на што. Лідару чэмпіянату Ціму Гайсэру давялося прарывацца, бо, негледзячы на тое, што яго галоўныя мінулагоднія канкурэнты, дзейсны чэмпіён Джэфры Херлінгс і Рамэн Фэвр, па-ранейшаму залечваюць траўмы, атрыманыя на перадсезонных трэніроўках, вартых канкурэнтаў у славенца ўсё роўна хапае.

Напрыклад, гоншчык завадской Ямахі Джэрэмі Сівэр, які заняў у кваліфікацыйнай гонцы другое месца. Або прадстаўнік Standing Construct Husqvarna Factory Racing Паўльс Йонас, які ў той гонцы перамог. Што, зрэшты, не надта яму дапамагло ў першым з галоўных заездаў. Хол-шот у ім, напрыклад, выйграў гоншчык каманды JM Honda Racing Генры Якобі. Якога, аднак, амаль адразу абагнаў Рэно, які таксама выдатна стартаваў.

Толькі і яго самога практычна тут жа апярэдзілі прадстаўнік Honda 114 Motorsports Рубэн Фернандэс і Йонас. Іспанец, праўда, ухіліўся амаль адразу самастойна, дапусціўшы памылку на трампліне і зляцеўшы з трасы, чым часткова спрасціў задачу для Рэно. Йонас жа вярнуў яму першую пазіцыю таксама самастойна, упаўшы пасля адзінаццаці кругоў лідзіравання.

Гайсэр у кваліфікацыйнай гонцы быў сёмым, у першай галоўнай стартаваў гэтак жа не надта ўдала, але потым прарываўся эфектыўна. На той момант яшчэ трэцюю пазіцыю завадскі гоншчык Хонды заваяваў яшчэ на чацвёртым кругу, абагнаўшы Сівэра, а потым увесь час спрабаваў ціснуць на Рэно. Аднак Максім не лыкам шыты, і пад уціскам выстаяў, фінішаваўшы першым. Гайсэр і Сівэр так і засталіся другім і трэцім адпаведна.

Цім узяў сваё ў другой гонцы, якую пачаў з хол-шота. Звычайна гэта робіць Хорхе Прада з завадской каманды GasGas, таму цяпер ён паспрабаваў быў адняць у Гайсэра лідарства, але той адразу вынікова контратакаваў, захапіўшы першую пазіцыю канчаткова і не саступіўшы яе больш нікому да самага фінішу.

Прада не ўтрымаўся і на другой пазіцыі, паступова адкаціўшыся на чацвёртую, на якой ён гонку і скончыў. Затое Йонаса іспанец абагнаў, як гэта раней зрабілі і Рэно з Фернандэсам, якія фінішавалі другім і трэцім адпаведна. Рэно заадно стаў другім і па выніках Гран Пры Патагоніі і Аргенціны, перамог на якім Гайсэр. Прада заняў трэцяе месца.

Гайсэр яшчэ больш замацаваўся на першай пазіцыі ў чэмпіянаце – у яго 141 ачко супраць 124 у Рэно, які займае другую пазіцыю. Прада са 118 баламі трэці. Адпаведна, Honda, маючы тое ж 141 ачко, лідзіруе сярод вытворцаў у MXGP. Yamaha мае на дзесяць балаў меней і займае другую пазіцыю, GasGas на трэцяй, у яго столькі ж ачкоў, колькі ў Прада.

Наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе пройдзе 2-3 красавіка ўжо ў Еўропе, у партугальскай Агуэдзе.

Другие посты блога

Все посты