Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пробкі, здарэнні і прыгоды Валянціна Росі ў Імале. Новы сезон серыі GT World Challenge Europe пачаўся падзейнай гонкай

Пробкі, здарэнні і прыгоды Валянціна Росі ў Імале. Новы сезон серыі GT World Challenge Europe пачаўся падзейнай гонкай

Першы этап еўрапейскіх гонак класу GT ў італьянскай Імале прайшоў у фармаце Endurance, таму гонка была адна, трохгадзінная. Затое яна ўмясціла ў сябе ледзь не ўсё, што ў кальцавых гонках толькі можа быць.

9 апреля 2022, 23:00
Пробкі, здарэнні і прыгоды Валянціна Росі ў Імале. Новы сезон серыі GT World Challenge Europe пачаўся падзейнай гонкай

Першы этап еўрапейскіх гонак класу GT ў італьянскай Імале прайшоў у фармаце Endurance, таму гонка была адна, трохгадзінная. Затое яна ўмясціла ў сябе ледзь не ўсё, што ў кальцавых гонках толькі можа быць.

Ну а ўвесь чалавечы бруд і мярзотнасць умясціла ў сябе расійская армія, якая ўжо паўтары месяцы катуе і гвалціць Украіну. Злачынствы, што «абаронцы» палацаў карлікавага дыктатара, яго памагатых і прапагандыстаў здзейснілі ў Бучы, Барадзянцы, Марыупалі, Херсоне, Харкаве і іншых украінскіх гарадах, жудасныя да такой ступені, што іх страшна нават апісваць.

Але зламаць Украіну і скарыць яе ў гэтых адкідаў не атрымалася. Не могуць адкіды, што ўмеюць толькі забіваць, гвалціць і рабаваць, кагосьці абараніць ці тым больш вызваліць. Свабодныя і мужныя ўкраінцы, якім зараз невыносна балюча ад страт, якія яны нясуць, усё роўна годна супрацьстаяць ворагу і гоняць яго са сваёй зямлі.

Наперадзе ў абаронцаў Украіны яшчэ шмат выпрабаванняў, бо рускі фашызм не думае адмаўляцца ад сваіх вар’яцкіх намераў і плануе новыя наступленні. Толькі цяпер ужо дакладна зразумела, што перамагчы ў гэтай вайне, якую ён вядзе немаведама за што, шанцаў у яго няма.

Занадта моцна для гэтага любяць сваю зямлю і паважаюць саміх сябе і свой народ украінцы. Вельмі прыемна, што дапамагаюць ім і беларусы, якія здабываюць свабоду і для нашай краіны. Слава Україні Героям Слава! Жыве Беларусь!

У сусветных і еўрапейскіх гонках расіян цяпер стала зусім мала. Тыя нямногія што засталіся, мусяць цяпер выступаць пад нейтральным сцягам, як Канстанцін Цярэшчанка і Аляксандр Малыхін, якія ў мінулыя выхадныя бралі ўдзел у першым этапе новага сезона серыі GT World Challenge Europe на трасе імя Энца і Дзіна Феррары ў Імале.

Не яны, праўда, былі галоўнымі героямі трохгадзіннай гонкі ў нядзелю. Асноўная ўвага была прыцягнутая да чэмпіёнскага трыццаць другога экіпажа каманды Team WRT у складзе Дрыса Вантора, Кэвіна ван дэр Ліндэ і Шарля Віртса, якія напярэдадні заваявалі поўл. Яны ж узначалілі гонку і адразу пасля яе старту.

Але праз паўгадзіны Віртс, які праводзіў за стырном Audi R8 LMS Evo II GT3 першы адрэзак, дапусціў памылку, прапусціўшы наперад свайго суайчынніка, таксама бельгійца, Крыстафера Міса з дваццаць пятага экіпажа каманды Sainteloc Junior Team, у якім на этапе ў Імале таксама былі заяўленыя швейцарцы Лукас Легрэ і Патрык Нідэрхаўзэр.

Абганяць у Імале асабліва няма дзе, таму ў Team WRT пайшлі на падрэзку, раней заклікаўшы трыццаць другі экіпаж на піт-стоп пад канец першай гадзіны, што ў выніку дапамагло яму вярнуць лідарства. Ну а Легрэ, які змяніў на піт-стопе Міса, прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі ўжо сам памыліўся, і значна сур’ёзней, здзейсніўшы візіт у гравій, што разам адкінула дваццаць пяты экіпаж з другой пазіцыі на чатырнаццатую.

Гэта было не першае здарэнне ў гонцы, бо са здарэння яна фактычна пачалася. На першым жа кругу з трасы зляцелі сто дванаццаты экіпаж JP Motorsport (Патрык Купінскі, Мацэй Блажак і Крыстафер Брук, McLaren 720 S GT3) і восемдзесят трэці Iron Dames (Рахель Фрэй, Сара Баві і Мішэль Гацінг, Ferrari 488 GT3), у выніку чаго пелатон узначаліў аўтамабіль бяспекі. Але сапраўдная ўтрапёнасць пачалася на другой гадзіне, калі гонка ізноў была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі, што нейтралізавала і перавагу ван дэр Ліндэ, які праводзіў сваю змену.

Спачатку на трасе спыніліся дзевяноста сёмы Aston Martin Vantage AMR GT3 каманды Beechdean AMR (Валянцін Хас-Кло, Тэа Нуэ, Эндру Ховард) і дваццаць сёмы Lamborghini Huracan GT3 Evo каманды Leipert Motorsport (Дэніс Фетцэр, Джордан Уіт, Брэндан Лейтч). Толькі паспелі маршалы прыбраць адзін з аўтамабіляў, а дырэктар гонкі адклікаць аўтамабіль бяспекі, як у глыбіні пелатона сутыкнуліся сто сёмы Bentley Continental GT3 каманды CMR (Найджэл Байлі, Мацьё дэ Рабіана, Стэфан Лемерэ) і той самы дваццаць сёмы Lamborghini, які атрымалася вярнуць у гонку.

Зразумела, перыяд аўтамабіля бяспекі працягнуўся, як і эвакуацыйныя мерапрыемствы. Праз іх пелатон часам паўставаў у сапраўдных пробках прама на трасе. Няпроста ў такіх умовах было праводзіць і піт-стопы, хаця Валянціна Росі, які дэбютаваў у гонках GT у складзе Team WRT у экіпажы з Фрэдэрыкам Вервішам і Ніка Мюлерам пад яго ўлюблёным сорак шостым нумарам, пад якім ён і здабыў свае чэмпіёнскія тытулы ў MotoGP, памыліўся сам.

Да піт-стопаў Доктар не прывыкшы, таму калі ён звярнуў на піт-лэйн, то проста праехаў міма сваіх боксаў і вымушаны быў на наступным кругу пакідаць трасу ізноў. У выніку яго экіпаж фінішаваў сямнаццатым, што, зрэшты, не так і дрэнна для дэбюту. Пажадаем італьянцу прагрэсаваць і быць уважлівым, а што ў яго атрымаецца добра выступаць і на чатырох колах, ніхто не сумняваецца, бо Вале ўжо выступаў на іх добра, стартуючы ў ралі, у тым ліку на этапах чэмпіянату свету.

Што ж да Вантора, ван дэр Ліндэ і Віртса, то яны давялі справу да перамогі, пачаўшы сезон з пазітыву. Другое месца заняў восемдзесят восьмы экіпаж каманды Akkodis ASP Team у складзе Рафаэле Марчэла, Даніэля Хункадэлы і Жуля Гунона на Mercedes-AMG GT3, якія ад пачатку гонкі трымаліся ў групе лідараў і не дапусцілі крытычных памылак. Замкнуў першую тройку экіпаж таксама на Mercedes – другі каманды GetSpeed, у якім выступалі Мара Энгель, Стэйн Шотхорст і Лука Штольц.

Team WRT пасля першага этапу з 28 ачкамі лідзіруе ў камандным заліку серыі. Akkodis ASP Team саступаюць ім дзесяць балаў і займаюць другую пазіцыю, GetSpeed, у якіх яшчэ на тры балы меней, трэція. Вітс, ван дэр Ліндэ і Вантор лідзіруюць у заліку гоншчыкаў, маючы 26 ачкоў, Гунон, Хункадэла і Марчэла другія, Штольц, Шотхорст і Энгель трэція, колькасць іх ачкоў супадае з колькасцю ачкоў іх каманд.

Наступны этап серыі GT World Challenge Europe пройдзе 30 красавіка – 1 мая ў брытанскім Брэндс-Хэтчы. І гэта будзе першы ў новым сезоне этап Кубку Sprint з дзвюма асобнымі кароткімі гонкамі.

Другие посты блога

Все посты