Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Леклер – чэмпіён? Што можа значыць перамога Шарля і непрыемнасці Макса Ферстапена на Гран Пры Аўстраліі

Леклер – чэмпіён? Што можа значыць перамога Шарля і непрыемнасці Макса Ферстапена на Гран Пры Аўстраліі

Візіт у Мельбурн выйшаў для Шарля Леклера па-сапраўднаму трыумфальным – ён не проста перамог, а заваяваў свой першы Вялікі шлем. А вось дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен ізноў не дабраўся да фінішу. Мы ўжо ведаем новага чэмпіёна?

12 апреля 2022, 01:12
Леклер – чэмпіён? Што можа значыць перамога Шарля і непрыемнасці Макса Ферстапена на Гран Пры Аўстраліі

Візіт у Мельбурн выйшаў для Шарля Леклера па-сапраўднаму трыумфальным – ён не проста перамог, а заваяваў свой першы Вялікі шлем. А вось дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен ізноў не дабраўся да фінішу. Мы ўжо ведаем новага чэмпіёна?

На самой справе, хто выйграе ў Формуле 1 у гэтым годзе – пытанне пакуль што адкрытае. Затое дакладна можна сказаць, што ў барацьбе супраць захопнікаў перамагла Украіна. Яна моцна параненая і працягвае пакутаваць ад ваенных злачынстваў ворага, але не скарылася і абараніла свае гонар і годнасць.

Спроба рабоў загнаць у імперскі палон вольных украінцаў правалілася, а новыя спробы прывядуць толькі да новых ганьбы і сораму. На вялікі жаль, чым забіваць украінцаў, у ворага пакуль ёсць, і ён працягне гэта рабіць. Толькі забіваць, гвалціць і рабаваць – гэта ўсё, на што вораг здольны. Ваяваць і перамагаць умеюць свабодныя людзі, а не здзічэлыя рабы.

Думкі ўсіх сумленных беларусаў зараз з украінцамі, а таксама з беларусамі, якія дапамагаюць украінцам бараніць іх зямлю, у Батальёне Кастуся Каліноўскага, палку «Азоў», атрадах Тэрытарыяльнай абароны, а таксама з тымі, хто працуе валанцёрамі і дапамагае ўкраінскім бежанцам у Польшчы, Літве і іншых краінах. Вораг у беларусаў і ўкраінцаў адзіны, яго знішчэнне прынясе свабоду нам усім. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

У Формуле 1 нічога расійскага болей не засталося: ні гоншчыкаў, ні гонак. А вось Аўстралія, якая Украіне дапамагае, у гэтым годзе нарэшце пасля паўзы ў два гады чэмпіянат свету ў сябе прыняла. Аўстралійцы так сумавалі па гонках, што за ўік-энд трасу Альберт-Парк у Мельбурне наведала амаль 420 000 чалавек. І кожнаму з іх было цікава, як будуць адчуваць сябе баліды, створаныя па новым рэгламенце на абноўленым аўтадроме.

Гонкі на ім у дапандэмійныя гады вялікай колькасцю абгонаў не адрозніваліся, ды і да кола высакахуткасных ён не належаў. Таму перад новым сезонам, у якім Формула 1 нарэшце вярнулася ў Аўстралію, яго крыху перабудавалі. У прыватнасці, знікла шыкана дзявятага і дзясятага паваротаў, і доўгая хуткасная дуга цяпер пачынаецца адразу за восьмым. Крыху перароблены быў былы трынаццаты паварот і пашыраныя некалькі іншых.

Даўжыня трасы практычна не змянілася, і цяпер складае 2 278 метраў, аднак сярэдняя хуткасць заўважна ўзрасла. У выніку ў кваліфікацыі час поўлу, які заваяваў Шарль Леклер, склаў 1:17,868. Для параўнання, Льюіс Хэмілтан у 2019 годзе ўзяў поўл з вынікам 1:20,486. Цікава, дарэчы, што Леклер перад пачаткам гэтага Гран Пры Аўстраліі хваляваўся, што старая канфігурацыя пасавала Ferrari лепей, а на новай хутчэй будуць хлопцы з Red Bull.

Тыя ў сваю чаргу, як і многія, сапраўды спадзяваліся на тое, што новая канфігурацыя зробіць гонкі весялейшымі, а абгоны прасцейшымі. Тым боль што ўпершыню ў гісторыі Формулы 1 зон DRS планавалася ажно чатыры: на галоўнай прамой, на адрэзку пасля звязцы першага і другога паваротаў, на хуткай пасля восьмага і паміж новымі дзясятым і адзінаццатым (былымі дванаццатым і трынаццатым). Але трэцяя з іх выкарыстоўвалася толькі ў пятніцу, а ў суботу раніцай ад яе па меркаваннях бяспекі адмовіліся.

Многім гэта не спадабалася, хаця ў нядзелю выявілася, што, па-першае, абганяць там можна і без DRS, а па-другое, проста дапрацаваць канфігурацыю трасы не заўсёды бывае дастаткова, каб гонкі сталі цікавымі і падзейнымі. Таму што калі дамінаванне адной каманды змяняецца дамінаваннем іншай…

Вось у мінулым годзе, калі Mercedes і Red Bull біліся прыкладна на роўных, у Альберт-Парку магло б быць сапраўды цікава. На сёння ж, здаецца, мы пакуль што маем Ferrari і ўсіх астатніх. Праблемы са стартарам у Карласа Сайнса, праз якія ён у фінале позна выехаў на трасу і не паспеў прагрэць шыны, кваліфікаваўшыся толькі дзявятым, не ў лік. Таму што ў цэлым хутчэй за ўсіх былі ў мінулы ўік-энд менавіта гоншчыкі Скудэрыі.

Макс Ферстапен раздзяліў с Леклерам першы шэраг, але саступіў манэгаску без малога 0,2 секунды. І атрымайся ўсё ў Сайнса, немаведама, ці быў бы дзейсны чэмпіён другім. Затое даволі нечакана ўсё атрымалася ў Ланда Норыса і McLaren – малады брытанец кваліфікаваўся чацвёртым, а яго напарнік Даніэль Рыкарда сёмым, парадаваўшы сваіх суайчыннікаў на трыбунах.

Дый у Фернанда Алонса былі шанцы размясціцца на пазіцыі вышэй за дзясятую, калі б не перашкодзілі праблемы з гідраўлікай на яго балідзе Alpine, праз якія двухразовы чэмпіён у фінальным сегменце патрапіў у аварыю і стаў нявольным віноўнікам чырвоных сцягоў. Нават у Mercedes справы пайшлі лепей, і Льюіс Хэмілтан цяпер не толькі прайшоў у фінальны сегмент, але і паказаў нядрэнны пяты вынік, а яго напарнік Джордж Расэл размясціўся следам.

На старце на наступны дзень сяміразоваму чэмпіёну нават удалася апярэдзіць не толькі Норыса, які крыху праваліўся, але і загадзя хутчэйшага за яго Перэса, які стартаваў чацвёртым. Што, зрэшты, мала што вырашала для Льюіса, бо Mercedes як мінімум пакуль што Рэд Булу на самой справе саступае. І ўжо на дзясятым кругу Чэка вярнуў сабе пазіцыю, а праз чатырнаццаць кругоў, калі спачатку ён, а потым Льюс з’ездзілі на піт-стопы, паўтарыў атаку на брытанца, прычым правёў яе на той самай хуткаснай дузе, дзе мусіла быць зона DRS. Але мексіканец справіўся і без яе дапамогі.

Зрабіў гэта пілот Red Bull, трэба адзначыць, своечасова, бо праз імгненні пасля гэтага на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі – у першым павароце ў аварыю патрапіў Себасцьян Фетэль, які нарэшце вярнуўся ў лад, прапусціўшы Гран Пры Бахрэйна і Саудаўскай Аравіі праз каронавірус. Толькі вяртанне выйшла так сабе, і нават калі б чатырохразовы чэмпіён клецісты сцяг пабачыў, наўрад ці адмашку ім ён бы атрымаў у першай дзясятцы. Цяперашні Aston Msrtin гэтага відавочна не дазваляе.

Але не гэтая падзея ў тым месцы трасы мела сапраўды важнае значэнне. Макс Ферстапен увесь час хоць і не мог угнацца за Леклерам, які на старце захаваў лідарства і потым без бачных праблем кантраляваў адрыў, а другую пазіцыю займаў даволі ўпэўнена. Пакуль на трыццаць дзявятым кругу на яго балідзе не ўзнікла ўцечка з паліўнай сістэмы, праз якую балід амаль загарэўся. Пашчасціла, што нідэрландзец спыніўся каля маршальскага паста за другім паваротам, дзе быў вогнетушыцель, і полымя было аператыўна ліквідаванае.

А вось ліквідаваць адставанне па ачках ад лідара ў чэмпіянаце ў Макса не атрымалася. Леклер ізноў узяў максімум, атрымаўшы таксама бонусны бал за лепшы круг. За Вялікі шлем ніякіх бонусаў не прадугледжана, але і яго ўпершыню ў сваёй кар’еры Шарль заваяваў, бо пралідзіраваў ад старту і да фінішу, не саступіўшы першай пазіцыі нават на піт-стопе. І пакуль што не выглядае, што яго пазіцыі неяк пахіснуцца на бліжэйшых этапах, бо ў Red Bull прызнаюць наяўнасць праблем. У прыватнасці – з лішняй вагой, якая перашкаджае адбалансаваць балід.

Часткова адыграўся за каманду з Мілтан-Кінса толькі Перэс, які заняў другое месца. Дзякуючы яму Red Bull з’ехаў з Мельбурну не з «абаранкам», а калі ўлічыць, што не поўным саставам фінішавалі і Ferrari, бо яшчэ на другім кругу памыліў, вылецеў з трасы і сышоў з дыстанцыі Сайнс, то страты ў камандным заліку адносна Скудэрыі атрымаліся не такімі ўжо і вялікімі. Але Mercedes па-ранейшаму наперадзе, бо яго прадстаўнік ізноў патрапіў на подыум. Толькі гэтым разам такі гонар выпаў Расэлу, які правёў выдатную гонку, а Хэмілтан задаволіўся чацвёртым месцам.

Нарэшце дзвюма машынамі ачкі набралі і McLaren – Норыс заняў пятае месца, Рыкарда шостае. У чарговы раз нядрэнна выступілі таксама Эстэбан Акон, Валтары Ботас і П’ер Гаслі, якія фінішавалі на пазіцыях з сёмай па дзявятую адпаведна. Але ўзнагарода за лепшую ролю другога плану па праву дастаецца Алексу Албану!

Пілот Williams стартаваў апошнім, бо і хуткасці ў яго чакана не было, ды яшчэ і дыскваліфікацыю атрымаў, затое што пасля кваліфікацыі суддзі злілі з яго баліда 0,33 літра паліва замест неабходнага для аналізу цэлага літра. Аднак у гонцы ў камандзе пайшлі на звышрызыкоўную стратэгію. Алекс стартаваў на жорсткіх шынах і правёў на іх 57 кругоў з пяцідзесяці васьмі, толькі на апошнім перайшоўшы на Soft. Так ён і зарабіў першае ў сезоне ачко для сябе і для каманды.

Болей жа за ўсіх – 71 – гэтых ачкоў зараз мае Леклер. Галоўны пераследнік у яго новы – Расэл, у якога 37 ачкоў. Сайнс праз свае непрыемнасці застаўся з 33 баламі і апусціўся на трэці радок, а Ферстапен, які, атрымаўшы перамогу і 25 ачкоў за яе ў Джыдзе, ужо дабраўся быў да першай тройцы, разам праваліўся на шостую пазіцыю.

Ferrari са 104 баламі засталася лідарам Кубку канструктараў. Mercedes, у якога цяпер 65 ачкоў, захаваў другую пазіцыю і да дзесяці балаў павялічыў адрыў ад Red Bull, які застаўся трэцім.

Праз два тыдні чэмпіянат свету працягне свой сезон, і ужо ў Еўропе – чацвёртым этапам стане Гран Пры Эмільі-Раманьі. Ён пройдзе на Аўтадроме імя Энца і Дзіна Феррары, які ўсяго тыдзень таму ўжо прыняў вялікія гонкі – першы этап серыі GT World Challenge Europe. Будзем спадзявацца, што гонка Формулы 1 на ім пройдзе не меней цікава.

Другие посты блога

Все посты