Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першая за два з паловай гады перамога IDEC Sport і прыгоды лідараў ELMS на гонцы 4 гадзіны Монцы

Першая за два з паловай гады перамога IDEC Sport і прыгоды лідараў ELMS на гонцы 4 гадзіны Монцы

Італьянскі Храм Хуткасці, здаецца, створаны акурат для доўгіх гонак. Прынамсі трэці этап Еўрапейскай серыі Ле Ман, які Монца прыняла ў мінулы ўік-энд, атрымаўся на славу.

Першая за два з паловай гады перамога IDEC Sport і прыгоды лідараў ELMS на гонцы 4 гадзіны Монцы

Фота: ELMS

Італьянскі Храм Хуткасці, здаецца, створаны акурат для доўгіх гонак. Прынамсі трэці этап Еўрапейскай серыі Ле Ман, які Монца прыняла ў мінулы ўік-энд, атрымаўся на славу.

Пакуль па ўсім свеце праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, Украіна пакутуе ад ран, што ёй нанесла і працягвае наносіць вайна. Расійска-фашысцкія захопнікі і агрэсары руйнуюць мірныя гарады і спрабуюць прымусіць украінцаў адмовіцца ад свабоды і незалежнасці і застацца ў саўковай імперыі.

Калгасны рэжым, што пануе ў Беларусі, ужо сам прызнаўся ў саўдзеле ў злачынстве супраць суседзяў. Ён якраз здаў свабоду і незалежнасць нашай краіны і аддаў яе расійскаму дыктатару, чыё войска цяпер пануе на нашай зямлі і атакуе з яе Украіну. Тутэйшы дыктатар, які абяцаў украінцам, што з нашай тэрыторыі на іх ніхто і ніколі не нападзе, здрадзіў і ім, і беларусам.

Але сумленныя беларусы не сталі ворагамі ўкраінцам, а пачалі ім дапамагаць хто чым можа. Лепшыя нашы суайчыннікі зараз абараняюць свабоду і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, ствараючы падмурак для будучага добрасуседства паміж суседнімі народамі. Ім таксама патрэбна дапамога, прыняць удзел у яе аказанні можа кожны. Поспех украінскага народа стане дасць шанец на вызваленне і беларускаму. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дарэчы, менавіта вайна ва Украіне прымусіла арганізатараў Еўрапейскай серыі Ле Ман памяняць свае планы. Першапачаткова трэці этап бягучага сезону мусіў быў прайсці на трасе Хунгарарынг. Але праз блізкасць Вугоршчыны да месцаў баявых дзеянняў і неадэкватнасць агрэсара ён быў перанесены ў італьянскую Монцу, ад чаго, зрэшты, усе толькі выйгралі.

Узяць, напрыклад, дваццаць восьмы экіпаж каманды IDEC Sport, якая стала чэмпіёнам ELMS у 2019 годзе. Поль Лафарг, Поль-Люп Шатэн і Патрык Піле кваліфікаваліся напярэдадні толькі дзявятымі, і ці шмат пазіцый яны б адыгралі на затычным Хунгарарынгу? А ў Монцы французы цягам першай гадзіны прабіліся ў першую тройку.

Канечне, дапамаглі ім і тактыка піт-стопаў падчас шматлікіх здарэнняў і нейтралізацый заезду аўтамабілямі бяспекі. Першая сур’ёзная аварыя адбылася ўсяго праз шаснаццаць гадзін пасля старту, калі на выхадзе са звязцы Ascari адбыўся кантакт паміж пяцьдзесят пятым Ferrari F488 GTE Evo каманды Spirit of Race, якім кіраваў Данкан Кэмеран, і дзевяноста трэцім Porsche 911 RSR калектыву Proton Competition, за стырном якога знаходзіўся Майкл Фасбэндэр.

Аўтамабіль апошняга развярнула, кінула на адбойнік, пасля чаго ён адляцеў на трасу і там прыбраў трыццаты прататып Oreca 07 каманды Duqueine Team пад кіраваннем Мэма Рохаса і трыццаць другую Ferrari каманды Rinaldi Racing, якой кіраваў П’ер Эрэт. Больш за ўсё не пашанцавала экіпажам Proton Competition і Duqueine Team – іх машыны былі моцна пашкоджаныя і яны сышлі з дыстанцыі.

Трыццаць першы экіпаж каманды TDS Racing x Vaillante у складзе Філіпэ Сімадамо, Матіаса Бэша і Тіймэна ван дэр Хельма, які напярэдадні заваявалі поўл, аварый пазбеглі, але для іх гонка пайшла няўдачна ад пачатку. Ужо на старце на ўваходзе ў першую шыкану Rettifilo Сімадамо абагнаў Жульен Каналь з шэсцьдзесят пятага экіпажа каманды Panis Racing, у якім таксама выступаюць Йоб ван Уйтэрт і Нікаля Жамэн. А на другім кругу Філіпэ абышоў і Ніклас Крутэн, які разам з Нікаля Лап’ерам і Е Іфэем выступае ў трыццаць сёмым экіпажы Cool Racing.

Крутэн абгонам Сімадамо, дарэчы, не абмежаваўся, і ўжо на наступным кругу адабраў лідарства ў Каналя. А ззаду з шостай пазіцыі прабіваўся Фердінанд Габсбург з дзявятага экіпажа Prema Racing, у якім разам з ім выступаюць таксама Ларэнца Каломба і Луі Дэлетраз. З розніцай у адзін круг наследны аўстрыйскі прынц абагнаў Данкана Тапі з дваццаць другога экіпажа United Autosports і Каналя, падняўшыся на другую пазіцыю.

Крутэн для Габсбурга аказаўся больш крэпкім арэшкам, і першую пазіцыю так лёгка не саступіў, хоць Фердзінанд насядаў на немца даволі доўга, вымушаючы таго памыляцца. Зрэшты, як і Ніклас, Габсбург і сам адзін раз зрэзаў шыкану. І толькі перад самым першым выездам аўтамабіля бяспекі гоншчык Prema Racing выйшаў наперад.

Праз тры кругі пасля нейтралізацыі гонкі, у адпаведнасці з правіламі, быў адкрыты піт-лэйн, чым многія і скарысталіся, адправіўшыся на піт-стопы. Пасля іх хвалі будучыя пераможцы і апынуліся на трэцяй пазіцыі. А ўлічваючы, што Бэнт Віскаль з дзевятнаццатага экіпажа Algarve Pro Racing, які лідзіраваў, быў на іншай стратэгіі і боксы не наведаў, змаганне дваццаць восьмага экіпажа з трыццаць сёмым стала змаганнем за першую пазіцыю.

Лап’ер і Піле ў наступны раз адначасова наведалі боксы таксама падчас нейтралізацыі гонкі, але ўжо жоўтымі сцягамі па ўсёй трасе. І тут усё склалася на карысць экіпажа IDEC Sport, чые механікі адпрацавалі выдатна. Тады як Лап’ер сам сапсаваў гонку свайму экіпажу, не заглушыўшы матор падчас дазапраўкі, за што атрымаў штрафныя дзесяць секунд на наступны піт-стопе.

Таму за перамогу дваццаць восьмы экіпаж змагаўся ўжо з дзявятым. І Шатэну ўдалася абагнаць Дэлетраза непасродна на трасе на чарговым рэстарце. Цікава, што штрафы на апошняй гадзіне гонкі атрымалі абодва экіпажы, прычым IDEC Sport правініліся парушэннем правіл у рэжыме жоўтых сцягоў па ўсёй трасе, за што адхапілі ажно дваццаць секунд на наступным піт-стопе. Prema Racing напракудзілі толькі на дзесяць, парушыўшы працэдуру піт-стопа.

Тым не менш менавіта IDEC Sport лідзіравалі перад апошнім піт-стопам, тады як канкурэнты з Prema Racing адкаціліся былі на чацвёртую пазіцыю. Першую ж тройку на апошніх хвілінах замыкалі Маціас Кайзэр, Тома Ларан і Уга дэ Вільдэ з дваццаць першага экіпажа каманды Muehlner Motorsport. Дэлетраз працягваў барацьбу з Ларанам амаль да самага канца гонкі і хоць і з другой спробы (у першай швейцарац зрэзаў першую шыкану і мусіў быў вярнуць пазіцыю суперніку), але абагнаў француза.

Праўда, ужо пасля фінішу дзявяты экіпаж атрымаў 10-секундны штраф за небяспечны заезд на піт-лэйн, што адкінула яго на пятае месца, а трыа Muehlner Motorsport вярнулася на трэцяе. Каналь Уйтэрт і Жамэн фінішавалі другімі, ну а Лафарг, Шатэн і Піле перамаглі.

Цікава ў Монцы разварочваліся падзеі не толькі ў старэйшай катэгорыі прататыпаў LMP2, але і ў малодшай LMP3. Тут іх трынаццаты стартавы нумар стаў для прадстаўнікоў Inter Europol Competition Нікаласа Піна, Чарльза Круза і Гільермэ Алівейры. Стартавалі яны з другой пазіцыі, і ўжо ў пачатку гонкі Чарльз, які быў за стырном Ligier JS P320 у той момант, пакінуў ззаду сямнаццатую машыну ўладальнікаў поўлу з Cool Racing Морыса Сміта, Майкла Бэнама і Мальтэ Якабсэна.

Больш ці менш роўна трыа брытанца, амерыканца і партугальца правяло ўсе чатыры часы, хаця Алівейры на яго фінальным адрэзку прыйшлося пастарацца, каб нагнаць шосты прататып каманды 360 Racing, якім кіравалі Тэрэнс Вудвард, Рос Кайзэр і Марк Рычардс. Гільермэ дапамаглі новыя шыны і яго майстэрства, дзякуючы якім ён хутка ліквідаваў 20-секунднае адставанне і абагнаў экіпаж брытанцаў за шэсць хвілін да сканчэння часу гонкі. Вудвард, Кайзэр і Рычардс фінішавалі другімі, а замкнулі першую тройку Макс Кёбольт і Мэцью Бэл з адзінаццатага экіпажа EuroInternational.

У катэгорыі LMGTE камандзе Proton Competition усё ж пашанцавала. Толькі не Майклу Фасбэндэру і Захары Рабішону з Рыхардам Літцам, якія ў выніку нават за стырном не пасядзелі, а семдзесят сёмаму экіпажу ш складзе Крысціана Рыда, Ларэнца Ферары і Джанмарыі Бруні.

Яны стартавалі з поўлу і па ходу гонкі спаборнічалі з экіпажамі каманды Iron Lynx на Ferrari. Вось шасцідзясяты ў складзе Клаўдзіа Скіавоні, Матэа Крэсоні і Давідэ Рыгона фізічна і перасек фінішную лінію першым – Рыгон на 0,9 секунды апярэдзіў Ферары! Але па дарозе ў боксы спыніўся на трасе, і да боксаў машыну дапамагала піхаць Рахель Фрэй з восемдзесят трэцяга экіпажа, які фінішаваў пятым. А правіламі гэта забаронена, праз што шасцідзясятая машына была дыскваліфікаваная.

У выніку семдзесят сёмы экіпаж Proton Competition стаў пераможцам. Другое месца занялі Такешы Кімура, Фрэдэрык Шандорф і Мікел Йенсэн з пяцьдзесят сёмага экіпажа каманды Kessel Racing, якія выступаюць на Ferrari, а экіпаж васямнаццатага Porsche каманды Absolute Racing у складзе Эндру Хар’янта, Марціна Румпа і Алесіа Пікарыела стаў трэцім. Аднак вынікі гэтыя пакуль што папярэднія, бо прадстаўнікі Iron Lynx падалі апеляцыю.

Пакуль жа можна засведчыць становішча ў чэмпіянаце акурат на сярэдзіне сезона. У турнірнай класіфікацыі каманд LMP2 Prema Racing працягвае лідзіраваць, маючы 60 ачкоў. А вось IDEC Sport, у якіх 47 ачкоў, разам ускочылі на другую пазіцыю. Яны на два ачкі апярэджваюць калектыў Panis Racing, які цяпер замыкае першую тройку. Тая ж колькасць балаў і ў Габсбурга, Каломба і Дэлетраза, Піле, Лафарга і Шатэна і ван Уйтэрта, Каналя і Жамэна, якія займаюць у заліку гоншчыкаў тыя ж пазіцыі, што і іх каманды.

Cool Racing засталіся лідарамі ў камандным заліку LMP3, дзе ў іх 43 ачкі, але RLR MSport, якія падняліся на другую пазіцыю, ужо блізка – яны маюць 39 балаў, на восем апярэджваючы United Autosports, якія апусціліся на трэцюю пазіцыю. Адпаведна, Якабсэн, Сміт і Бэнам лідзіруюць сярод гоншчыкаў LMP3. Алекс Кападзіа, Міхаэль Йенсэн і Нік Адкок, якія ў Монцы фінішавалі пятымі, займаюць другую пазіцыю, на трэцяй Эндру Бэнтлі і Кай ван Бэрла, якія да фінішу гэтым разам не дабраліся, бо іх партнёр па трэцяму экіпажу Джэймс МакГуайр патрапіў у аварыю на выхадзе з Ascari. Колькасць ачкоў ва ўсіх выпадках таксама тая ж, што і ў каманд гоншчыкаў.

Proton Competition захапілі лідарства ў камандным заліку LMGTE, дзе ў іх 44 ачкі. Rinaldi Racing апусціліся на другую пазіцыю і маюць 36 балаў. Oman Racing with TF Sport захавалі трэцюю, але ў іх 28 балаў – столькі ж, колькі і ў Kessel Racing і Iron Lynx. Адпаведна, сярод гоншчыкаў у LMGTE лідзіруюць Рыд, Бруні і Ферары, Эрэт з Нікаласам Варонэ другія, трэцюю пазіцыю фармальна займаюць Ахмад Аль-Харці, Марка Сорэнсэн і Самюэль дэ Хаан, але ачкоў у іх пароўну з Шандорфам, Йенсэнам і Кімурай, а таксама з Мішэль Гацінг, Рахель Фрэй і Сарай Баві.

Наступны этап Еўрапейскай серыі Ле Ман пройдзе 26-28 жніўня ў Барселоне. Але і з Монцай не развітваемся не толькі мы (наперадзе ж Гран Пры Італіі Формулы 1), але і гонкі на цягавітасць. Ужо ў бліжэйшы ўік-энд Храм Хуткасці прыме чацвёрты этап WEC, на якім нарэшце адбудзецца вяртанне каманды Peugeot.

Другие посты блога

Все посты