Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Абмяняліся ветласцямі. От Цянак адказаў Кале Раванпэры перамогай на Ралі Фінляндыя

Абмяняліся ветласцямі. От Цянак адказаў Кале Раванпэры перамогай на Ралі Фінляндыя

Амаль увесь бягучы сезон чэмпіянату свету па ралі праходзіць пад дыктоўку маладога фіна з завадской Таёты Кале Раванпэры. Аднак на хатнім этапе перамагчы ў яго не атрымалася – там бліснуў гоншчык Hyundai От Цянак.

10 августа 2022, 21:46
Абмяняліся ветласцямі. От Цянак адказаў Кале Раванпэры перамогай на Ралі Фінляндыя

Фота: wrc.com

Амаль увесь бягучы сезон чэмпіянату свету па ралі праходзіць пад дыктоўку маладога фіна з завадской Таёты Кале Раванпэры. Аднак на хатнім этапе перамагчы ў яго не атрымалася – там бліснуў гоншчык Hyundai От Цянак.

Якія б цікавыя ў свеце ні праходзілі гонкі, не варта забывацца, што ў гэты ж час агрэсар катуе Украіну. Замутнены розум расійскага дыктатара і яго комплекс непаўнавартаснасці прывялі яго да думкі, што наспеў час пашыраць тэрыторыю сваёй імперыі, і што усе вакол яму падпарадкуюцца, як гэта даўно зрабіў мясцовы калгасны дыктатар, які прадаў яму Беларусь, каб усядзець на троне.

З Украінай і ўкраінцамі ў вар’ята атрымаўся аблом, і замест бліцкрыгу рускі фашызм атрымаў пастку, з якой не будзе прымальнага для яго выйсця. Толькі і застаецца, што шантажаваць свет ядзернай катастрофай і слаць на верную смерць новае гарматнае мяса. Украіна – не Расія, і яе грамадзяне сваю радзіму любяць па-сапраўднаму, таму вызваленне яе захопленых частак застаецца пытаннем часу.

Такім жа пытаннем ёсць і ваенная параза агрэсара, а значыць, і вызваленне Беларусі, рэжым у якой апошнія два гады трымаецца выключна за кошт свайго расійскага гаспадара. Беларусы дапамагаюць украінцам разбіць яго, і змагаюцца і за нас. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Сваёй дурнотай Расія дабілася, каб яе спартсменаў, у тым ліку гоншчыкаў, або выганялі з сусветных серый, або забаранялі ім выступаць пад расійскай сімволікай. А на Ралі Фінляндыя карыстацца ёй забаранілі нават расійскім балельшчыкам, хаця ім гэтым разам балець не было за каго. Усё шоу рабілі ў асноўным мясцовыя зоркі і суседзі з Эстоніі, як той жа от Цянак.

Гэты сезон WRC выдаецца складаным для ўсёй каманды Hyundai. Сам чэмпіён 2019 года перамог дагэтуль толькі на Ралі Сардынія, а вось на сваім хатнім эстонскім ралі саступіў лідару чэмпіянату – юнаму і таленавітаму Кале Раванпэры і яго партнёру па Таёце Элфіну Эвансу. Фін натуральна наважваўся парадаваць і сваіх суайчыннікаў, і, па вялікім рахунку, справіўся з задачай, хоць і не падняўся на вяршыню подыуму хатняга ралі.

Павольным Раванпэра на гравійных дарогах у наваколлях Ювяскюля не быў. Хаця на самым пачатку не быў і ў ліку самых хуткіх, хіба што на шэйкдаўне лепшы час паказаў. На першым жа допе – суперспэшле ў чацвер – на першай пазіцыі апынуўся Цьеры Нэвіль. Але ўжо раніцай наступнага дня бельгіец аддаў ініцыятыву свайму партнёру па камандзе Цянаку.

От лідзіраваў таго самага моманту і да фінішу апошняга суперспэшла ў нядзелю. Не перашкодзіла яму нават непрадказальнае надвор’е у суботу, якое ўсё ж выявілася пэўнай складанасцю для Раванпэры. Што, аднак, не перашкодзіла яму апярэдзіць Эванса і яшчэ аднаго прадстаўніка Таёты Эсапеку Лапі і падняцца на другую пазіцыю па выніках шаснаццатага спецучастка.

З таго моманту ўсё ішло роўна і для Кале, а ў нядзелю на тым самым фінальным суперспэшле ён нават стаў найхутчэйшым, зарабіўшы пяць бонусных балаў, а адставанне ад Цянака скараціў да 6,8 секунды. Нядрэнна выступіў і Лапі, які заняў трэцяе месца. Не перашкодзіў яму ў гэтым нават пераварот на перадапошнім дваццаць першым допе, у выніку якога яго GR Yaris Rally1 застаўся без лабавога шкла. Фінальны доп экіпаж пераадольваў без яго і ў мотакросавых масках.

Поспех Цянака, канечне, не пахіснуў лідарства Раванпэры ў чэмпіянаце – у Кале 198 ачкоў супраць 104 у Ота. Затое эстонец разам падняўся на другую пазіцыю. Нэвіль, які ў Фінляндыі заняў пятае месца, у турнірнай табліцы цяпер трэці, ад Цянака ён адстае на адзін бал. Toyota ўсё так жа ўпэўнена лідзіруе ў заліку вытворцаў, маючы 339 ачкоў. Hyundai на другой пазіцыі з 251 балам, у M-Sport Ford 174 ачкі, ён трэці.

Hyundai у Фінляндыі адзначыліся былі перамогай і ў катэгорыі WRC2, але… Мясцовы любімец Цеему Сунінен, як і Цянак, пралідзіраваў ад старту да фінішу, а потым быў дыскваліфікаваны за парушэнне тэхнічнага рэгламенту. Пярэдні бампер яго i20 N Rally2 замест мінімальна дапушчальных 4 510 грамаў важыў 3 931. Дэталь была вырабленая не Hyundai Motorsport і была ўсталяваная для тэстаў, а потым па недагляду не была замененая арыгінальнай.

Перамога ў выніку адышла таксама да фіна – Эміля Ліндхольма. Ён на сваёй Škoda Fabia Rally2 увесь час быў не надта павольнейшым за Сунінена, і на фінішы саступіў таму ўсяго 7,7 секунды. Пры гэтым эстонца Эгона Каура на Volkswagen Polo GTI, які заняў другое месца, Ліндхольм апярэдзіў амаль на дзве хвіліны, а былога ўдзельніка галоўнага чэмпіянату Хэйдэна Пэдана на Hyundai i20 N Rally2 – крыху болей чым на дзве.

У WRC3, дзе ўсе ўдзельнікі стартуюць на аднолькавых Ford Fiesta Rally 3, абышлося без парушэнняў правіл і дыскваліфікацый, і яшчэ адзін прадстаўнік Фінляндыі Лаўры Йоона перамог чыста. Чэха Яна Чэрнага, які заняў другое месца, ён апярэдзіў болей чым на чатыры хвіліны, а свайго суайчынніка Генры Ціманена – болей чым на васямнаццаць. Чысцейшая перамога, іначай і не скажаш. Такая, якая чакае Украіну.

Удзельнікаў жа чэмпіянату свету па ралі чакае яшчэ пяць этапаў. Наступным стане Ралі Грэцыя, яно ж Ралі Акропаліс, якое пройдзе 18-21 жніўня.

Другие посты блога

Все посты