Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Такі розны Гран Пры Фінляндыі! Гайсэр стаў чэмпіёнам свету па мотакросе ў MXGP, а ў MX2 бітва працягваецца

Такі розны Гран Пры Фінляндыі! Гайсэр стаў чэмпіёнам свету па мотакросе ў MXGP, а ў MX2 бітва працягваецца

Гонкі ў фінскай Хювінкяа зусім па-рознаму склаліся для фаварытаў сусветнага мотакросавага першынства. Дасведчаны Цім Гайсэр правёў іх спакойна і стаў чэмпіёнам свету, а малады Яга Гіртс паспяшаўся і ўскладніў сваю задачу.

18 августа 2022, 22:20
Такі розны Гран Пры Фінляндыі! Гайсэр стаў чэмпіёнам свету па мотакросе ў MXGP, а ў MX2 бітва працягваецца

Фота: mxgp.com

Гонкі ў фінскай Хювінкяа зусім па-рознаму склаліся для фаварытаў сусветнага мотакросавага першынства. Дасведчаны Цім Гайсэр правёў іх спакойна і стаў чэмпіёнам свету, а малады Яга Гіртс паспяшаўся і ўскладніў сваю задачу.

Паставіўшы перад сабой задачу вярнуць быццам бы спрадвечна рускія землі, расійскі дыктатар, напаўшы на Украіну, зрабіў сваю задачу па захаванні імперыі невыканальнай. Замест таго, каб зрабіць Расію багатай, цывілізаванай і прывабнай для ўсіх у свеце, ён раскраў яе багацці, атруціў яе карупцыяй і зрабіў яе суседзяў яе ворагамі на пакаленні наперад.

Вар’ят вырашыў, што магчыма прымусіць украінцаў любіць яго, забіваючы іх. Ён пераканаў сябе ў тым, што яны баязлівыя рабы, і зараз не можа адмовіцца ад вайны, таму што баіцца прызнацца сабе, як цяжка ён памыляўся. Украінцы выявіліся мужнымі ваярамі, якія любяць сваю радзіму па-сапраўднаму, а не з-пад палкі, а таксама свабоднымі людзьмі, якіх скарыць немагчыма.

Беларусы два гады таму таксама паказалі ўсяму свету, што іх не вабіць дыктатура. Але супраць нас былі адразу два дыктатары, і тутэйшы, каб усядзець на троне, проста здаў Беларусь расійскаму, каб потым зрабіць яе саўдзельніцай злачынства супраць Украіны.

Тым не менш, старонку ніхто не перагарнуў, а расійска-фашысцкія захопнікі ўжо адчулі пах смажанага. Вызваленне ад іх украінскай зямлі дасць новы імпульс і для вызвалення беларускай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дарэчы, адной з прычын, чаму ў гэтым годзе ў Фінляндыю не прыехаў чэмпіянат MotoGP, этап якога мусіў быў прайсці на трасе KymiRing (чэмпіён Формулы 1 2007 года Кімі Райканен да яе ніякага дачынення не мае), называлася створаная ўсходнім суседам нестабільнасць у рэгіёне. Хаця на самой справе ўсё намнога празаічней – гоначны комплекс, які павінен быў уключаць у сябе і мотакросавую трасу, на якую сусветны чэмпіянат і збіраўся прыехаць, проста недабудаваны і не амалагіраваны FIA і FIM.

Аднак на шчасце, у Фінляндыі ёсць і іншыя трасы, як у Хювінкяа, што недалёка ад сталіцы краіны Хельсінкі. Праўда, сусветны мотакрос не бываў там з 2014 года, таму 1 680-метровы пясчаны трэк асабліва моладзі з малодшай катэгорыі MX2 быў амаль невядомым. Што, верагодна, і паўплывала на падзеі ў гонках.

Хаця кваліфікацыйная для лідара катэгорыі MX2 Яга Гіртса прайшла ўдала, як і першая ў нядзелю. У абодвух выпадках бельгіец з Monster Energy Yamaha Factory Racing перамог, хаця ў другім і не абышлося без памылкі. Таму некаторы час яго галоўны канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Том Віаль яго панерваваў.

Хаця да рэальнай атакі справа так і не дайшла, і француз задаволіўся другой пазіцыяй, што было зусім нядрэнна, улічваючы яго дзявятую стартавую. Трэцім у першым заездзе фінішаваў прадстаўнік Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф, які выйшаў пераможцам у дуэлі са сваім партнёрам па камандзе Роанам ван дэ Моосдайкам.

Першую гонку Гіртс пачаў хол-шотам, як потым і другую, якая ледзь не скончылася для яго на першым жа кругу. Яга памыліўся на выхадзе аднаго з паваротаў і апынуўся за межамі трасы, дзе перакуліўся і патрапіў пад уласны байк. На яго шчасце, хуткасць была не надта вялікай, і бельгіец гонку працягнуў, фінішаваўшы ў ёй сёмым.

Пры гэтым інцыдэнт на першым кругу апошнім для яго не быў. Калі бліжэй да фінішу гоншчык Ямахі нагнаў канкурэнта з Big Van World Kawasaki Мікела Хаарупа і паспрабаваў атакаваць яго, то проста сутыкнуўся з ім, што скончылася падзеннем для абодвух. Добра, што не сходам. Нарвежац пры гэтым нават здолеў фінішаваць шостым.

Нейкай зачараванай у другой гонцы была і першая пазіцыя. Пасля падзення Гіртса яе захапіў гоншчык Diga Procross KTM Racing Ліам Эвертс. Але яго на першым жа кругу абагнаў Віаль, які потым сам памыліўся, выехаў за межы трасы і прапусціў наперад ван дэ Моосдайка, які раней таксама апярэдзіў Эвертса. Роан меў шанцы фінішаваць першым, ён на пяць секунд апярэджваў Віаля за тры кругі да фінішу, калі памыліўся ў сваю чаргу, прапусціўшы і Тома, і дэ Вольфа і адкаціўшыся на трэцюю пазіцыю.

Віаль і дэ Вольф першым і другім адпаведна сталі і па выніках Гран Пры Фінляндыі. Гіртс заняў трэцяе месца, але захаваў лідарства ў чэмпіянаце, у якім ён мае 676 ачкоў. Віаль да яго наблізіўся, і адстае цяпер на пятнаццаць. Гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр з 535 баламі так і застаецца трэцім. У Хювінкяа ён фінішаваў дзявятым у першай гонцы і пятым у другой. GasGas утрымлівае трэцюю пазіцыю і ў заліку вытворцаў MX2, маючы 590 балаў. Лідзіруе там Yamaha, у якой 717 ачкоў, KTM, у якога 700 роўна, на другой пазіцыі.

Падзенні лідараў здараліся і ў гонках старэйшай катэгорыі MXGP, хаця лідар чэмпіянату з завадской Хонды Цім Гайсэр гэтай долі пазбег, бо нікуды не спяшаўся і за перамогамі не ірваўся. І калі славенца ў пачатку першай гонкі абагнаў Standing Construct Husqvarna Factory Racing Браян Богерс, ён зусім не расстроіўся, згубіўшы трэцюю пазіцыю.

Богерс за чэмпіянат не біўся, і мог дазволіць сабе не асцярожнічаць. Да таго, як апярэдзіць Гайсэра, ён пакінуў ззаду Глэна Колдэнхофа з Monster Energy Yamaha Factory Racing, а хутка пасля таго, як заваяваў трэцюю пазіцыю – і яго партнёра Джэрэмі Сівера. А пераможца кваліфікацыйнай гонкі і аўтар хол-шоту на старце Рамэн Фэвр з Kawasaki Racing Team MXGP, як гэта часта з ім бывае, хутка ўпаў сам, аддаўшы Браяну лідарства.

Першым ён і фінішаваў, другім стаў Колдэнхоф, бо без падзення не абышлося і ў Сівера, які ў выніку атрымаў адмашку клецістым сцягам чацвёртым. Паміж імі ўклініўся іх партнёр па камандзе Максім Рэно. Гайсэр задаволіўся шостай пазіцыяй, прапусціўшы на апошніх кругах Фэвра.

Другую гонку хол-шотам пачаў Колдэнхоф, які першым і фінішаваў, пралідзіраваўшы ўсю дыстанцыю. Фэвр адразу пасля старту быў другім, але да фінішу дабраўся толькі восьмым, ізноў не пазбегшы падзення. Таму на другой і трэцяй пазіцыях адпаведна гонку скончылі Сівер і Рэно. Гэтак жа, як і на фінішы заезду, першая тройка выглядала і на подыуме Гран Пры Фінляндыі.

Гайсэр у ёй на першых кругах апынуўся ў сярэдзіне другой дзясятцы, але затым прарваўся на сёмую пазіцыю. Вынікаў двух гонак хапіла яму для датэрміновага заваявання тытулу, і замест чырвонай таблічкі лідара сезона ён атрымаў чэмпіёнскую залатую.

У чэмпіянаце ў яго 674 ачкі, а ў Сівера, які застаецца другім, 570. Колдэнхоф падняўся на трэцюю пазіцыю, у яго 525 балаў. Yamaha з 715 ачкамі па-ранейшаму лідзіруе ў заліку вытворцаў. Honda, у якой 681 бал, на другой пазіцыі, трэці, як і практычна ўвесь сезон GasGas, які мае 549 ачкоў.

Развязка блізкая і ў MX2, бо да канца сезону засталася ўсяго два этапы, бліжэйшы з якіх пройдзе ў гэтыя выхадныя. Пройдзе ізноў у Францыі, але ўжо на трасе ў Сэн-Жан-д’Анжэлі, дзе будзе разыграны Вялікі Прыз Прыморскай Шаранты.

Другие посты блога

Все посты