Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Каралі Спа-Франкаршам. Экіпаж каманды United Autosports перамог на пятым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман

Каралі Спа-Франкаршам. Экіпаж каманды United Autosports перамог на пятым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман

Дваццаць другі экіпаж United Autosports, толькі крыху ў іншым складзе, быў чэмпіёнам ELMS у 2020 годзе, але потым на першы план у еўрапейскай серыі доўгіх гонак выйшлі іншыя каманды. Аднак менавіта прадстаўнікі брытанскага калектыву – Том Гамбл, Данкан Тапі і Філіп Хансан – перамаглі ў 4 гадзінах Спа-Франкаршам у апошнюю нядзелю верасня.

5 октября 2022, 01:02
Каралі Спа-Франкаршам. Экіпаж каманды United Autosports перамог на пятым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман

Фота: ELMS

Дваццаць другі экіпаж United Autosports, толькі крыху ў іншым складзе, быў чэмпіёнам ELMS у 2020 годзе, але потым на першы план у еўрапейскай серыі доўгіх гонак выйшлі іншыя каманды. Аднак менавіта прадстаўнікі брытанскага калектыву – Том Гамбл, Данкан Тапі і Філіп Хансан – перамаглі ў 4 гадзінах Спа-Франкаршам у апошнюю нядзелю верасня.

Галоўная перамога, якой зараз чакае любы сумленны чалавек у любой кропцы свету – гэта перамога Украіны над расійска-фашысцкімі захопнікамі. Нашы суседзі прынялі на сябе іх удар і пакутуюць ад іх здзекаў ужо восьмы месяц. Але пакутуе і сам агрэсар, якому аказалася замала болей чым сямнаццаці мільёнаў квадратных кіламетраў плошчы яго дзяржавы.

Усё ідзе да таго, што ад яго вызваліцца і Беларусь. Ваенная параза агрэсара разбурыць яго дзяржаўную структуру і пакіне бездапаможным мясцовага калгаснага дыктатара, узурпатара і здрадніка. Яму ніхто нічога не дараваў з беларусаў, а пасля 24 лютага шмат пытанняў да яго з’явілася і ва ўкраінцаў. І адказваць на гэтыя пытанні, верагодна, давядзецца вельмі хутка і з лавы падсудных у Гаазе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Восень выдалася багатай не толькі на добрыя навіны ад Узброеных сіл Украіны, але і на гоначныя спаборніцтвы. Іх колькасць не заўсёды дазваляе аператыўна расказваць пра ўсе з іх, і з гонкай 4 гадзіны Спа-Франкаршам адбылася менавіта такая сітуацыя. Прайшла яна яшчэ 25 верасня, і толькі цяпер у адзінага аўтара гэтага блогу з’явілася магчымасць успомніць, што ў ёй было цікавага.

А цікавае хаця б тое, што, у адрозненні ад той жа Формулы 1, стартавая пазіцыя ў такіх серыях, як ELMS, WEC або GT World Challenge Europe, рэдка мае нейкае значэнне. Такія гонкі не выйграюцца на старце, у іх значную ролю адыгрывае надзейнасць. Магчыма, у ELMS у меншай ступені, бо складаных гіперкараў, як у WEC, тут няма.

Гоначнае майстэрства, зрэшты, усё роўна важнае і тут, як і досвед. А на трасе Спа-Франкаршам досведу хапае, здаецца, усім, бо няма такога кальцавога чэмпіянату, еўрапейскага або сусветнага, які б яе не наведваў. І калі Формула 1 адмовіцца нарэшце прыязджаць у Ардэнскія горы, страціць найперш яна сама. Канфігурацыя Спа спрыяе барацьбе, і пры роўных сілах, як у ELMS, у гонках на ёй бывае на што паглядзець.

Вось і пераможцы чатырохгадзіннага заезду Еўрасерыі мусілі за сваю перамогу бароцца. Стартавалі яны чацвёртымі, але ўжо па ходу ўсталёвачнага круга сталі трэцімі, калі на яшчэ месцамі сырым пасля начнога дажджу асфальце развярнула прататып дваццаць восьмага экіпажа IDEC Sport. Ну а шэсцьдзесят пятую машыну Panis Racing Данкан Тапі, які гонку пачынаў, абагнаў ужо на старце.

Пасля гэтага пачалося супрацьстаянне дваццаць другога экіпажа United Autosports з уладальнікамі поўлу – Нікласам Кройтэнам, Е Іфэем і Нікаля Лап’ерам з трыццаць сёмага экіпажа Cool Racing. Адначасова свой прарыў з восьмай пазіцыі пачаў дзявяты экіпаж лідараў серыі з Prema Racing. Фердзінанд Габсбург, які гэтым разам выступаў разам з Хуанам-Мануэлем Карэа і Луі Дэлетразам, разам адыграў тры месцы.

Але найбольшай хвалы заслужыў у Спа, бадай, сорак трэці экіпаж Inter Europol Competition у складзе Дэвіда Хайнэмаера-Хансана, П’етра Фіціпальдзі і Фабіа Шэрэра. Праз няўдачу ў кваліфікацыі напярэдадні яны стартавалі апошнімі, і ў абсалюце, а не сярод удзельнікаў толькі катэгорыі LMP2. Аднак да канца першай гадзіны іх зялёна-жоўтая Oreca 07 (а іншых у LMP2, нагадаю, няма) ужо была на чацвёртай пазіцыі.

У трыццаць сёмага экіпажа ўсё да пары было нядрэнна, лідзіраваў ён даволі ўпэўнена, падаўшы Тапі разбірацца з Габсбургам. Аўстрыец прарваўся на трэцюю пазіцыю на першым рэстарце пасля перыяду аўтамабіля бяспекі, што выехаў на трасу ў пачатку гонкі пасля сутыкнення трох машын LMP3 у Les Combes. Непрыемнасць здарылася ў змену Лап’ера, калі ён бароўся з Хансанам. Пракол левай задняй шыны наўрад ці быў з гэтым звязаны, але ён адкінуў экіпаж Cool Racing на некалькі пазіцый назад, і фінішаваў ён у выніку пятым.

Звышхуткі экіпаж Inter Europol Competition таксама прэтэндаваў на перамогу, але, скарыстаўшыся разваротам Хайнэмаера-Хансана ў першым павароце, Філ Хансан, які ў той момант праводзіў сваю змену ў дваццаць другой машыне, здолеў адарвацца на бяспечную адлегласць ад датчаніна, ну а пазней перамог разам са сваімі калегамі па экіпажы. Пілоты сорак трэцяй машыны задаволіліся другім месцам, што зусім нядрэнна пры старце з апошняй пазіцыі. Тым больш што канкурэнтаў з Prema Racing яны стрымалі, і тыя занялі трэцяе месца.

Затое ў малодшай катэгорыі прататыпаў LMP3 камандзе Inter Europol Competition пашанцавала – яе трынаццаты экіпаж у складзе Чарльза Круза, Нікаласа Піна і Гільермэ Алівейры перамог. Стартавала амерыканска-брытанска-партугальскае трыа з трэцяй пазіцыі, і па ходу першай гадзіны застаўся без аднаго з канкурэнтаў. У выніку кантакту ў першым павароце з Хорстам Фельбемайра з пятнаццатага экіпажа RLR MSport зламалася заднія антыкрыло і падвеска на Ligier JS P320 уладальнікаў поўлу – Морыса Сміта, які ў той момант і быў за стырном, Майкла Бэнама і Мальтэ Якабсэна, у выніку чаго яны сышлі з дыстанцыі.

А трынаццаты экіпаж пазней удала правёў доўгі піт-стоп у перыяд рэжыму жоўтых сцягоў на ўсёй трасе, што прынесла яму дывідэнды пазней, і дазволіла амаль сорак дзве секунды прывезці канкурэнтам, што занялі другое месца. Зрабілі гэта Себасцьян Альварэс, Аляксандр Буханцоў і Том ван Рампуі з чацвёртага экіпажа DKR Engineering, якія выступаюць на адзіным Duqueine M30-D08. Трэцяе месца занялі Энтані Уэлс і Джэймс Літлджон з сёмага экіпажа Nielsen Racing.

У LMGTE перамог пяцьдзесят сёмы экіпаж Kessel Racing у складзе Конрада Грунвальда, Фрэдэрыка Шандорфа і Мікела Йенсэна. У гэтым выпадку першымі фінішавалі якраз тыя, хто і пачынаў гонку з поўлу, але проста пераможцам не было. Хуткія дзяўчаты Сара Баві, Мішэль Гацінг і Дорыан Пін з восемдзесят трэцяга экіпажа Iron Lynx нервавалі хлопцаў на такой жа, як у іх Ferrari F488 GTE Evo.

І да такой ступені, што адзін з іх – Конрад Грунвальд – у пэўны момант памыліўся ў Raidillon, пасля чаго яго закруціла, і ён ледзь не прыбраў з сабой Сару Баві, якой прыйшлося адрульваць. У выніку лідарства на некаторы час захапіў Ахмад Аль-Харці з шэсцьдзесят дзявятага экіпажа Oman Racing with TF Sport, у якім таксама выступаюць Сэмюэль дэ Хаан і Марка Сорэнсэн.

Грунвальд пасля сваёй памылкі адкаціўся на пятую пазіцыю, аднак хуткасці яму з калегамі хапала, і на фінальнай гадзіне ў Les Combes Йэнсэн, які ўжо прарваўся на другую пазіцыю, абагнаў Мішэль Гацінг. Але і другое месца стала для яе з каляжанкамі выдатным вынікам. Экіпаж жа Oman Racing with TF Sport на сваім Aston Martin Vantage AMR фінішаваў чацвёртым, не здолеўшы стрымаць ззаду Эндру Хар’янта, Марціна Рампа і Алесіа Пікарыела на васямнаццатай Porsche 911 RSR-19 каманды Absolute Racing.

За адзін этап да канца сезона ELMS Prema Racing і Габсбург з Дэлетразам лідзіруюць у заліках каманд і гоншчыкаў LM P2, маючы роўна 100 ачкоў. А вось Ларэнца Каломба, якога ў Спа і замяняў Карэа, цяпер аднаасобна займае другую пазіцыю з 84 ачкамі. Таму хоць Panis Racing сярод каманд на другім радку, Йоб ван Уйтэрт, Жульен Каналь і Нікаля Жамэн, якія фінішавалі ў Бельгіі чацвёртымі, замыкаюць першую тройку сярод гоншчыкаў, маючы 76 ачкоў. У камандным жа заліку з 73 ачкамі першую тройку замыкаюць United Autosports.

У LMP3 лідары новыя – гэта Inter Europol Competition і Круз, Алівейра і Піна, у якіх 79 ачкоў. Cool Racing і Якабсэн, Сміт і Бэнам апусціліся на другую пазіцыю, зарабіўшы ў Спа толькі адзін бал (за поўл), якіх у іх цяпер 60. DKR Engineering і Буханцоў з Альварэсам падняліся на трэцюю пазіцыю, у іх 52 ачкі.

Proton Competition і Крысціан Рыд, Джанмарыя Бруні і Ларэнца Ферары, якія ў Спа фінішавалі пятымі, захавалі лідарства ў LMGTE, дзе яны маюць 72 ачкі. Kessel Racing і Шандорф з Йенсэнам падняліся на другую пазіцыю, у іх 63 ачкі. Замыкаюць першую тройку Iron Lynx і Клаўдзіа Скіавоні, Давідэ Рыгон і Матэа Крэсоні, у якіх 51 ачко і якія ў Спа занялі дзявятае месца.

Фінальным этапам гэтага сезона ELMS стане гонка 4 гадзіны Парцімана, якая пройдзе 16 кастрычніка. Ужо апублікаваны і каляндар серыі на 2023 год.

Сезон ізноў складзецца з шасці этапаў, пачнецца ў красавіку ў Барселоне і фінішуе, як і гэты, у кастрычніку ў Парцімане. Прычым этап на Аўтадроме Альгарвэ ёсць і ў папярэдняй версіі календара чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць, якая таксама была апублікаваная на мінулым тыдні.

Сезон WEC плануецца пачаць у сакавіку ў Сэбрынгу, а фінішуе ён традыцыйна ў Бахрэйне ў лістападзе. Каляндар выглядае таксама больш ці менш традыцыйна, усе этапы на сваіх звычайных месцах, а ўсяго іх сем. Падзялюся толькі сваім уласным жаданнем: вельмі хочацца пабачыць сусветныя гонкі на цягавітасць на легендарным Інтэрлагасе ў Сан-Паўлу, куды яны калісьці прыязджалі.

Другие посты блога

Все посты