Tribuna/Біятлон/Блогі/О духе времени/Нечакана грашовы сезон белбіятлона: экс-Алімбекава перамагала пры «слабінцы», Смольскі баіцца адстаць ад свету, апальныя атлеты заязджалі ў топ-10

Нечакана грашовы сезон белбіятлона: экс-Алімбекава перамагала пры «слабінцы», Смольскі баіцца адстаць ад свету, апальныя атлеты заязджалі ў топ-10

Пакуль Сола і Лешчанка разам з дзецьмі радуюцца жыццю.

Аўтар — bytribuna com
5 красавіка 2023, 19:00
2
Нечакана грашовы сезон белбіятлона: экс-Алімбекава перамагала пры «слабінцы», Смольскі баіцца адстаць ад свету, апальныя атлеты заязджалі ў топ-10

2 красавіка разам з чэмпіянатам Расіі завяршыўся чарговы сезон біятлоннай зборнай Беларусі. Ён цалкам быў заняты спаборніцтвамі толькі з расіянамі - прычына ў міжнародным бане ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022-га вядзе Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Асноўным турнірам стаў Кубак садружнасці - ён праходзіў на розных расійскіх стадыёнах і ў "Раўбічах", аб'ядноўваў снежныя і лыжаролерныя гонкі.

Гэты ўнікальны для белбіятлона год падсвятліў новыя імёны, камусьці даў адпачыць, а кагосьці падштурхнуў да новых высноў. Расказваем больш падрабязна, як ён прайшоў.

У жанчын была фактычна адна спартсменка, якая давала вынік, - шчырая лукашыстка Дзінара Алімбекава, якая па ходзе сезона ўсё ж змяніла прозвішча на Смольская. Яна выйграла агульны залік Кубка садружнасці, дзе яе найгоршым вынікам у асобнай гонцы было 7-е месца. Пры гэтым многія расіянкі, якія ездзілі на Кубак свету-2021/22 і АГ-2022, па розных прычынах прапусцілі ўвесь ці амаль увесь сезон. У другіх нумароў суседняй краіны Алімбекава-Смольская змагла выйграць.

Пры гэтым Смольская неаднаразова казала, што ў яе праблемы з матывацыяй спаборнічаць толькі з расіянамі. Пасля сезона заявіла, што ён быў "прахадным", а падчас яго прызнавалася, што "давала слабінку" і трэніравалася не заўсёды ў поўную сілу. Зрэшты, пазіцыя Дзінары з гэтай нагоды была пераменлівай: увосені 2022-га яна гаварыла, што на Кубак свету вяртацца не хочацца, а ў канцы сезона ўжо сказала, што гэта - яе галоўнае жаданне. Увогуле, мяркуючы па выказваннях, у расійскім суперніцтве Смольская паволі расчароўвалася падчас спаборніцтваў.

Дакладна пазітыў быў у Смольскай ад «дамашніх» трыбун - на этапы Кубка садружнасці ў Раўбічах, як водзіцца, цэнтралізавана збіралі лаяльную публіку, якая разам з сябрамі і знаёмымі біятланістаў давалі ім адчуванне якой-ніякой падтрымкі. У Смольскай ад такога накочвалі не бутафорскія слёзы. Адплаціла тым, хто забяспечыў ёй падтрымку, спартсменка дзяржсцягам у руках пры перамозе ў гонцы праследавання - потым яшчэ апублікавала асобна ў Instagram.

Праўда, калі наступілі ўнутраныя беларускія спаборніцтвы, заўзятараўвырашылі чамусьці не зганяць - вынікам стала пустэча на трыбунах.

А яшчэ частае знаходжанне дома дазволіла Смольскай лепей кантраляваць адкрыты ёй у кастрычніку салон прыгажосці. Праўда, сама біятланістка не заўсёды карыстаецца яго паслугамі.

Іншыя лідэры жаночай зборнай узору АГ-2022 Ганна Сола і падпісантка за Лукашэнку Ірына Лешчанка пасля Гульняў і з улікам адхілення ад вялікіх міжнародных стартаў вырашылі стаць маці - у абедзвюх атрымалася зацяжарыць, і дачкі ў выніку з'явіліся на свет з розніцай у суткі. Пасля нараджэння дзяцей Сола і Лешчанка, здаецца, зблізіліся максімальна. У іх сем'ях дачок ужо клічуць сёстрамі, а нядаўна Ірына прысвяціла Ганне асобную сторыз (тая рэпостунула з пазітыўнай рэакцыяй) - ім добра разам, а дапамагае забаўляцца сабака Лешчанкі Зак.

Праўда, у калектыве і да таго ўсе добра камунікавалі з усімі, акрамя Алімбекавай-Смольскай - праз гісторыю з сыходам мужа ад папярэдняй жонкі-біятланісткі. Праўда, Дзінара ў студзені высунула сваю версію - думае, што ёй зайздросцяць.

Калі Лешчанка пакуль не праяўляе актыўнасці наконт аднаўлення кар'еры, то Сола не раз паказвала падпісчыкам, што ўжо праводзіць лыжныя трэніроўкі. Праўда, пры абмеркаванні паўнавартаснага вяртання аджартавалася.

Астатнія спартсменкі зборнай нават на расійскім узроўні нічога асаблівага паказаць не здолелі. У студзені 2023-га трэнер жанчын, падпісант за рэжым Алег Рыжанкоў яшчэ спрабаваў падзяліць падапечных на «моладзь, якая не гатовая паказваць высокія вынікі» і групу са Смольскай і яшчэ адной падпісанткі за Лукашэнку Ірыны Кручынкінай (натуралізаваная расіянка ў пачатку сезона таксама выйшла замуж і цяпер згадваецца і як Шаклеіна). Але ўжо літаральна праз тыдзень Рыжанкоў заявіў, што "ўся адказнасць на плячах Смольскай". Кручынкіна-Шаклеіна сапраўды нічога цікавага не паказала - адзіны заезд у топ-10 у гонцы Кубка садружнасці прыйшоўся на лыжаролерны этап, на снежным найлепшы паказчык - 11-ы радок у суперспрынце. Выніковае месца ў агульным заліку - усяго 15-е.

Яе сястра-блізня, таксама падпісантка за рэжым Алена Кручынкіна доўга лячыла пашкоджанне ступні, што атрымала перад сезонам, узімку перанесла, па словах Рыжанкова, «не кавід, але моцную прастуду», і ў выніку бліснула толькі ў адной гонцы - 5-е месца у снежаньскім суперспрынце. Іншых гонак у спартоўкі было ўсяго пяць за ўвесь сезон - і ва ўсіх месцы ў трэцім дзясятку. Вынік - 31-я пазіцыя ў агульным заліку.

З іншых біятланістак найлепшы выніковы рэзультат (16-ы радок) паказала яшчэ адна натуралізаваная расіянка, яшчэ адна падпісантка за Лукашэнку Адэліна Сабітава - але тут сакрэт у тым, што яна не прапускала этапаў. Па асобку гонкі не ўражваюць: ніводнага траплення ў топ-10, а на трох апошніх этапах топавым месцам стала 19-е. Па найлепшым выніку на канкрэтным старце пасля Смольскай-Алімбекавай размясцілася навапалачанка Дар'я Кудаева - спартсменка, якой днямі спаўняецца 23, двойчы станавілася сёмай у мас-стартах, але ў агульным заліку размясцілася 20-й. А вось падпісантка за рэжым Аліна Пільчук, якая ездзіла на АГ-2022, хоць і без удзелу ў гонках, фактычна прапусціла сезон праз траўму пляча - як сказаў Рыжанкоў, біятланістка доўга трывала боль, але ў выніку ўсё ж спатрэбілася аперацыя.

Дар'я Кудаева

У мужчынскай зборнай спартыўная сітуацыя аказалася значна лепшай. Жаночая каманда адстае нават проста па колькасці - на Кубку садружнасці на пастаяннай аснове выступалі 10 беларускіх біятланістаў. Пры гэтым самае нізкае месца сярод іх у агульным заліку - 27-е, і тое яго ўладальнік, падпісант за Лукашэнку Іван Тулацін аднойчы стрэліў перамогай у суперспрынце. Ды і наогул у асобных гонках у топ-5 траплялі шэсць спартоўцаў, а ў топ-10 - дзевяць (праўда, падпісант за рэжым Раман Ялётнаў - толькі на лыжаролерах). Цалкам нядрэнна паказалі сябе 22-гадовы падпісант за Лукашэнку Павел Бялько (19-ы ў татале, ёсць 10-я пазіцыя ў студзеньскім спрынце), 25-гадовы Ілля Аўсеенка (14-ы ў агульным заліку, стаў 4-м у суперспрынце, дзе перамог Тулацін), 24-гадовы Сцяпан Данілаў (10-ы ў таталі, сёмае месца ў спрынце ў студзені і яшчэ чатыры заезды ў топ-10 на снежных гонках).

Удзельнікі АГ-2022 глядзеліся на фоне расійскіх супернікаў тым больш нядрэнна. Лідарам застаўся прыхільнік лукашызму Антон Смольскі (а яшчэ ў працэсе сезона ён афіцыйна аформіў адносіны з Алімбекавай).

Як і жонка, Смольскі цалкам мог выйграць агульны залік - расійскі наймацнейшы біятланіст Эдуард Латыпаў заваліў снежаньскі этап у Разані, таму перад сакавіцкім у Цюмені адставаў. Аднак перад стартам Смольскі падхапіў вірус - жонка азвалася абураным пастом, што «спартсмены, якія захварэлі на кавід, дазваляюць сабе трэнавацца і кантактаваць з іншымі» (дзіўная рэакцыя, бо Лукашэнка вучыць вірусаў не баяцца), а сам Антон заяўляў, што да хваробы быў у вельмі добрай форме. Латыпаў у выніку выйграў усе тры гонкі і мог узяць агульны залік і пры суперніку на дыстанцыі, але Смольскі на яе не выйшаў, праз што з'ехаў наогул на трэцяе выніковае месца - яго абагнаў яшчэ і Саід Халілі. Ну, затое рэжым адзначыў свайго героя - Смольскі атрымаў ад Лукашэнкі асобную прэмію.

Смольскі, які да сезона не раз стагнаў наконт адхілення ад Кубка свету, у працэсе спаборніцтваў неяк супакоіўся - і нават пра страчаную матывацыю, у адрозненне ад жонкі, не гаварыў. Любыя свае пропускі трэніровак і гонак тлумачыў праблемамі са здароўем, няхай і прызнаючы, што на КМ з такімі можна было б і прабегчы. Сваю мэту на сезон Смольскі апісваў так: "Бегчы хутка, страляць трапна", - а пасля яго ўдакладніў, што "патрабавалася добрае выступленне і пацвярджэнне свайго ўзроўню".

Акрамя таго, біятланіст адзначаў памяншэнне фінансавання каманды. Хаця праз змены ў правілах аб прызначэнні прызавых у сярэдзіне сезона, якія распаўсюдзіліся і на гонкі, што ўжо прайшлі, медальныя месцы ў барацьбе з расіянамі сталі набываць практычны сэнс. Толькі за Кубак садружнасці Смольскі, мяркуючы па рэжымных дакументах, атрымаў як мінімум 8 тысяч долараў, калі не лічыць магчымых павышаючых каэфіцыентаў (Алімбекавай-Смольскай, якая часцей трапляла ў топ-3, павінны былі выдзеліць пад 14 тысяч долараў). А былі ж яшчэ прызавыя месцы ў Кубку Расіі, якія таксама цяпер прыбытковыя.

Сёмае месца ў агульным заліку заняў падпісант за Лукашэнку Дзмітрый Лазоўскі, які дамінаваў на студзеньскім этапе ў Раўбічах - перамога ў спрынце (яго сябар Смольскі на снезе, дарэчы, не ўзяў ніводнай гонкі) і другія месцы ў праследаванні і мас-старце, а гэта 6 тысяч долараў рэжымнага даходу. Аднойчы Лазоўскі паскардзіўся на харчаванне на расійскім этапе - але потым сказаў, што арганізатары хутка выправілі сітуацыю. Яшчэ крыху цікавага кантэнту на тэму 14 лютага падкінула дзяўчына Лазоўскага – у гонар дня закаханых яна атрымала міні-торцік з ці то намёкам, ці то канстатацыяй факту.

Тройчы на трэцяе месца заязджаў падпісант за Лукашэнку Мікіта Лабастаў, аднак разам з некалькімі няўдалымі гонкамі і пропускам лыжаролернага этапу гэтага хапіла толькі на 11-е месца ў татале. Тлумачыў сітуацыю біятланіст адсутнасцю стабільнай стральбы і неаптымальнай формай праз хваробы.

Так што трэцім з беларускіх спартсменаў у агульным заліку Кубка садружнасці (8-м) стаў падпісант за рэжым Максім Варабей. Удзельнік АГ-2022 на снежных этапах сем разоў заязджаў у топ-15, найвышэйшае дасягненне - чацвёртае месца ў студзеньскім мас-старце ў Раўбічах. Пры гэтым Варабей, як сам зазначае, «бегае на энтузіязме». Справа ў тым, што ўвесну 2022-га пасля ўвядзення міжнароднага бана спартсмен адмовіўся ехаць на расійскія спаборніцтвы - за гэта яго адхілілі, а потым і не працягнулі кантракт са зборнай. Пазней біятланіст запэўніў, што яго рашэнне было выклікана толькі асабістымі прычынамі, і нават сустрэўся з лукашэнкаўскім міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком - але той запэўніў, што ўсё вырашае выключна трэнерскі штаб. У выніку Вараб'ю дазволілі працягнуць кар'еру, але на "стаўку" так і не паставілі.

Аналагічнае пакаранне за такую ж адмову напаткала і падпісанта за Лукашэнку Рамана Ялётнава, які на АГ-2022 ездзіў, але ў гонках не ўдзельнічаў. Аднак ён таксама ўдзельнічаў у Кубку садружнасці, хоць і без вялікіх поспехаў - пару трапленняў у топ-20 ды 23-я выніковая пазіцыя. Затое ў пачатку 2023-га 29-гадовы біятланіст паказаў слабасць беларускіх лыжных гонак - заявіўся на чэмпіянат Беларусі ды і выйграў на ім адну з дыстанцый. Хадзілі чуткі, што пасля цяперашняга сезона Ялётнаў, як і Варабей, завершыць кар'еру - Максім гэта ўжо абверг, а вось Раман каментароў не даваў.

Паводле інфармацыі крыніцы «Трыбуны», якая кантактавала з біятланістамі зборнай, галоўным ініцыятарам растання з Ялётнавым і Вараб'ём стаў 35-гадовы старэйшы трэнер мужчынскай каманды, падпісант за рэжым Раман Сінічэнка. Яго некалькі разоў публічна хваліў Смольскі, хаця пры гэтым адзначаў, што Сінічэнка ўнёс толькі невялікія карэкціроўкі ў методыку Андрэя Падзіна, пры якім быў памочнікам да канца сезона 2021/22. Сінічэнка ж запэўніваў, што яго падапечным усё роўна, дзе і з кім спаборнічаць, і называў сваёй задачай адбор чатырох чалавек, якія паедуць за медалём АГ-2026. А пры апісанні на дзяржТБ галоўных элементаў распарадку дня спартсмена на ўдакладняючае пытанне супрацоўніцы, ці дапускае "якасны трэніровачны працэс, харчаванне і сон" месца для сэксу, бадзёра адказаў: "Паміж гэтым усім".

Часам у белбіятлоне задумваюцца пра вяртанне на міжнародныя спаборніцтвы. Часцей - на ўзроўні рэплік, што трэба трэнавацца, каб быць гатовымі ў любы момант і па вяртанні паказаць клас. Аднак у лютым Рыжанкоў заявіў, што другі сезон без міжнародных стартаў ускладніць сітуацыю. А адна з апошніх заяў Смольскага пайшла зусім насуперак звыкламу наратыву прапаганды - спартсмен выдаў для сябе і партнёраў негатыўны прагноз, заявіўшы, што ў цяперашнім становішчы каманда не развіваецца.

На днях Смольскі пацвердзіў сваю пазіцыю з мінулага траўня - гатовы ехаць на турніры і ў нейтральным статусе, тым больш пасля таго, як Лукашэнка падтрымаў магчымасць такога выступу. Толькі вось Міжнародны саюз біятланістаў не спяшаецца прыслухоўвацца да новых рэкамендацый МАК аб допуску ў нейтральным статусе - гэтага пытання няма на парадку дня арганізацыі. "Бягучая сітуацыі ва Украіне паказвае, што па-ранейшаму існуюць прычыны, якія прывялі да рашэння [пра адхіленне], і яшчэ не прыйшоў час пераглядаць яго", – заявілі ў IBU.

Кіраўнік IBU Оле Далін

Тым не менш на Кубку свету ў мінулым сезоне прынялі ўдзел дзве беларускія біятланісткі - у складзе іншых зборных: Дар'я Блашко выступала за Украіну, а Анастасія Кінунен - за Фінляндыю. Для Блашко, якая была за крок ад гібелі пры абстрэлах Расіяй Чарнігава ў пачатку вайны, самым паспяховым міжнародным спаборніцтвам сезона стаў лыжаролерны ЧС - там спартсменка тройчы патрапіла ў топ-10. Ды і Кінунен там здзівіла - у 37 узяла бронзавы медаль суперспрынту.

Што да снежных гонак, у іх у Блашко зусім не пайшло - на агульны стрэс наклаліся фізічныя праблемы. У выніку ў асабістых гонках Кубка свету яна ні разу не патрапіла ў топ-40, а на ЧС, перад якім беды са здароўем узмацніліся, стала толькі 84-й у спрынце пры чыстай стральбе. А вось Кінунен, якая на ЧС таксама выступіла няўдала, на КМ не раз набірала хоць невялікія, але заліковыя пункты і ў выніку стала 52-й у татале. Тры разы за сезон Кубка свету ёй удалося заехаць у топ-20 у асабістых гонках - гэта адзін з найлепшых сезонаў у кар'еры біятланісткі. А пасля заключнай для сябе гонкі Халменколена з 19-м месцам у спрынце Кінунен аб'явіла пра завяршэнне кар'еры.

Іншыя пасты блога

Усе пасты