Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Кудравец атрымаў прыбаўку ў 5 разоў, Анцілеўскі – у 4, і Грамыку не пашкадавалі. Колькі беларусы зарабляюць у замежных лігах

Кудравец атрымаў прыбаўку ў 5 разоў, Анцілеўскі – у 4, і Грамыку не пашкадавалі. Колькі беларусы зарабляюць у замежных лігах

Часам у разы болей, чым дома.

Аўтар — bytribuna com
29 студзеня, 06:29
1
Кудравец атрымаў прыбаўку ў 5 разоў, Анцілеўскі – у 4, і Грамыку не пашкадавалі. Колькі беларусы зарабляюць у замежных лігах

Сверб укаціць за мяжу – звыклы для беларускіх футбалістаў, асабліва ў апошнія сезоны. Проста калі раней нашыя гульцы яшчэ нешта выбіралі і разважалі, а ці варта, то цяпер яны хапаюцца ледзь не за любую магчымасць: хоць Азія, хоць Д3 Расіі – практычна ў любым іншым турніры можна зарабіць больш, чым удома. Ну, вядома, бо лукашэнкаўскія чыноўнікі клапоцяцца пра моц нацыянальнага чэмпіянату.

Расказваем, дзе і якія ўмовы прапануюць беларусам, і ў колькі разоў расце іх заробак, калі параўноўваць з тым, што яны атрымлівалі на Радзіме (у некаторых выпадках – у разы).

Ізраіль

Да нядаўняга часу Беларусь у ізраільскім Д1 была прадстаўленая толькі абаронцам Дзянісам Паляковым, які абараняе колеры «Хапаэля» з Хайфы, куды перайшоў яшчэ ў снежні 2022-га і застаўся, нягледзячы на вайну з ХАМАС. А не так даўно да яго далучыўся суайчыннік Дзмітрый Анцілеўскі. У мінулым годзе форвард праявіў сябе і ў БАТЭ (11 галоў, 8 перадач у 37 матчах), і ў зборнай Беларусі (2+1 у трох матчах).

Па нашых звестках, у «Хапаэле» Ацілеўскі будзе атрымліваць нядрэнныя па мерках Ізраіля грошы – каля 12 тысяч долараў «бруднымі». Прэміяльных (ні за перамогі, ні за выкананне якіх-небудзь задач па выніках сезона) у камандзе няма, аднак клуб забяспечвае кватэрай і машынай.

12 тысяч долараў – гэта паказнік крыху вышэй за сярэдні па чэмпіянаце. Наколькі нам вядома, шмат у чым на лічбы ў кантракце легіянера паўплывала яркае выступленне ў зборнай, а калі дакладней, у кастрычніцкім матчы са Швейцарыяй, у якім Анцілеўскі забіў сам і асіставаў пры голе Эбонга.

«Трансфермаркт» паведамляе, што кантракт з ізраільскім клубам разлічаны да 30 чэрвеня 2025 года.

У БАТЭ заробак нападаючага знаходзіўся на ўзроўні 3 тысяч долараў, праўда, без уліку прэміяльных.

Узбекістан

Для беларускага футбола гэты пакуль не самы папулярны кірунак, хаця там і можна зарабіць куды больш, чым сёння ў ЧБ. Гэтай зімой ва Узбекістан з Беларусі ніхто не зʼехаў, аднак трое гульцоў з сінім пашпартам прадоўжаць выступленне ў мясцовым элітным дывізіёне.

Паўабаронца Аляксей Наско на правах арэнды гуляў у «Бунёдкоры» (2 галы ў 25 матчах), а ў міжсезонне разарваў кантракт з БАТЭ, якому належаў, і стаў паўнавартасным гульцом каманды з Ташкенту. Дакладную суму зарплаты Наско мы не ведаем, аднак спецыялісты, якія валодаюць сітуацыяй у мясцовым футболе, запэўнілі, што нават у серадняку (а «Бунёдкор» ім і зʼяўляецца) менш за 5 тысяч долараў у месяц дакладна атрымліваць не будзе (хутчэй – каля 7 тысяч). Плюс у клубе прадугледжаныя прэміяльныя – дзесьці 1-2 тысяч долараў за перамогу.

У «Пахтакоры» з мінулага года гуляе брамнік Павел Паўлючэнка. Першапачаткова ён сядзеў у запасе і меў зусім ужо сумныя перспектывы.

Аднак здолеў адваяваць месца ў аснове і з кастрычніка па снежань 2023-га правёў дзевяць матчаў, паўдзельнічаўшы ў чэмпіёнстве свайго калектыва. Паводле нашых звестак, заробак беларуса ў «Пахтакоры» перавышае 10 тысяч долараў без уліку прэміяльных.

Абаронца Арцём Сокал мінулы сезон правёў у «Тэрмезе» з Сурхона (адзін гол у 22 матчах), а гэтай зімой перайшоў у «Дынама» з Самарканда – каманду, якая па выніках мінулага сезона папоўніла Д1. У новым калектыве ў Сокала заробак будзе на ўзроўні 7-8 тысяч долараў плюс прэміяльныя. Гэта якраз сярэдні па ўзбекістанскім футболе паказнік. Пры гэтым варта сказаць, што самыя высокааплатныя футбалісты ў чэмпіянаце – гэта як раз легіянеры. Мясцовыя ж гульцы (і маладыя, і дасведчаныя) атрымліваюць куды менш за сярэдняе па Д1.

Казахстан

У апошнія гады – адзін з самых папулярных напрамкаў у беларускіх футбалістаў. Хаця і ў зваротным кірунку ёсць пераходы.

Гэтай зімой некалькі беларусаў ужо перабраліся ў Казахстанскую прэмʼер-лігу. Але калі раней турнір быў «залатой жылой» у параўнанні з Беларуссю (зарплаты топавых легіянераў маглі значна перавышаць 20 тысяч долараў), то сёння магчымасці мясцовых клубаў праселі, хаця і да іх калектывам ЧБ далёка.

У Д1 Казахстана нядаўна пераехаў экс-капітан «Шахцёра» Мікіта Корзун – папоўніў склад наавічка КПЛ «Елімая» з горада Сямей. Як расказалі спецыялісты з казахстанскага футбола, нягледзячы на маладосць клуба (праводзіць другі прафесійны сезон, а першы ў эліце толькі правядзе), грошы там круцяцца прыстойныя – як дзякуючы мясцовым уладам, так і спонсарам. А таму заробкі гульцам, асабліва тым, хто запатрабаваны ў зборных, прапануюцца прыстойныя. Корзун у параўнанні з «Шахцёрам» у фінансавым плане выйграў. Па нашых звестках, у Салігорску ён атрымліваў каля 12 тысячаў «бруднымі» на месяц. У «Елімаі» заробак паўабаронцы складзе прыкладна 15 тысяч долараў плюс прэміяльныя.

Памер дадатковых выплат у камандзе з Сямея нам невядомы, аднак па словах інфармаваных суразмоўцаў шмат што ў гэтым пытанні залежыць ад задач клуба. Напрыклад, у калектывах, якія вядуць барацьбу за чэмпіёнства і медалі, за перамогу даюць па тысячы долараў. Хоць у той жа «Астане» ўвогуле абыходзяцца без прэміяльных за перамогі – дадатковыя грошы даюцца толькі за дасягненне выніку ў сезоне. У камандах «сярэдняй рукі» за вікторыю звычайна можна разлічваць на 500-700 долараў. Што цікава, у серадняках і аўтсайдарах могуць прэміяваць і за нічыі.

У «Елімаі» апынуўся і паўабаронца Мікалай Золатаў, які да гэтага гуляў ва ўкраінскім «Коласе». Паводле нашых звестак, заробак беларуса ў Казахстане, як і ў Корзуна, знаходзіцца ў раёне 15 тысяч долараў без уліку прэміяльных. Колькі атрымліваў Золатаў у «Коласе», мы не ведаем, аднак, як запэўніваюць нашыя крыніцы, пераехаўшы ў Казахстан, гулец прыстойна выйграў у грошах.

За «Елімай» з мінулага сезона выступае і беларускі абаронца Валер Каршакевіч. Аднак гэта гулец далёка не топ-ўзроўню, таму, паводле звестак нашых суразмоўцаў, яго заробак знаходзіцца на ўзроўні 4-5 тысяч долараў на месяц.

Каля 3 тысяч долараў быў заробак ва Уладзіслава Ложкіна, які летась феерыў у «Туране» і дапамог з выхадам у Д1 (20+11 у 32 матчах). Справа ў тым, што ў самога клуба бюджэт не асоба буйны па мерках Казахстана, таму і выплаты ў спартоўцаў не самыя высокія.

Але ў цэлым, як кажуць нашыя крыніцы, любы беларус, нават не топавага ўзроўню, практычна ў любой камандзе Казахстана можа смела разлічваць на заробак не ніжэйшы за чатыры тысячы долараў без уліку прэміяльных. Калі гулец зацікавіў моцную каманду (а туды будуць клікаць, натуральна, таго, хто здольны даць вынік), то гаворка будзе ісці пра зарплату не ніжэй за 10 тысяч долараў.

Як нам удалося даведацца, абаронца Габі Кікі, які ў свой час гуляў у Беларусі за «Дняпро», «Рух» і брэсцкае «Дынама», у сёлетнім студзені пераехаў з тыраспальскага «Шэрыфа» ў «Актабэ» на зарплату ў 20 тысяч долараў. Суразмоўцы з казахстанскага футбола адзначаюць, што якасным легіянерам багатыя клубы гатовыя плаціць і больш.

Сярод беларусаў, паводле нашых звестак, самым высокааплатным на казахстанскіх прасторах у мінулым сезоне быў паўабаронца «Астаны» Макс Эбонг. Яго заробак у сталічным клубе быў каля 15-17 тысяч долараў. Праўда, цяпер найлепшы футбаліст Беларусі-2023 няхай і працуе з «Астаной» на зборах, але кантракту з клубам не мае.

Расія

Туды беларусы едуць стабільна, прычым у самыя розныя лігі. Адпаведна, і роскід па заробках істотны.

Калі казаць пра агульныя лічбы, то каманды другой паловы табліцы РПЛ здольныя ў сярэднім плаціць 9-15 тысяч долараў. Топ-клубы аперуюць іншымі лічбамі. Прадстаўнікі топ-7 ФНЛ могуць плаціць, у тым ліку беларусам, да 12 тысяч долараў. Ніжні парог у Д2 Расіі – звычайна каля 4 тысяч долараў за месяц плюс прэміяльныя. Пры гэтым шмат залежыць ад задач клуба. Што тычыцца ПФЛ, то-бок расійскага Д3, там заробкі знаходзяцца ў дыяпазоне ад 1,5 да 4 тысяч долараў. Дадамо, што ў РФ заробкі налічваюцца ў расійскіх рублях.

У снежні-2023 тульскі «Арсенал» (Д2) папоўнілі экс-гульцы мінскага «Дынама» Іван Бахар і Аляксей Вакуліч. Іх заробкі, паводле нашых звестак, на новым месцы складуць 6-7 тысяч долараў. Пры гэтым у Бахара была і больш выгадная прапанова – з заробкам у 10 тысяч долараў – ад іншага расійскага клуба, але падпісант за дыктатуру абраў менавіта Тулу.

У сярэдзіне студзеня-2024 у арэнду ў «Балтыку» (РПЛ) перайшоў форвард Віталь Лісаковіч, які так і не здолеў аднавіць свае пазіцыі ў «Рубіне». Паводле нашых звестак, у Калінінградзе форвард атрымлівае не менш за 10 тысяч долараў за месяц.

Калі ж вярнуцца ў верасень-2023, то варта сказаць, што раскашэлілася на Валерыя Грамыку маскоўскае «Тарпеда». Мала таго, што клуб, паводле звестак журналіста Уладзіслава Татура, заплаціў за паўабаронцу БАТЭ 100 тысяч долараў, так і выдаў яму вельмі і вельмі прыстойны заробак. Нашыя крыніцы сцвярджаюць, што аклад Грамыкі знаходзіцца на ўзроўні 17-20 тысяч долараў за месяц.

У апошнія паўгода гульцы БАТЭ актыўна едуць ва «Урал» да Віктара Ганчарэнкі. Да Ягора Філіпенкі і Дзяніса Шчарбіцкага ў пачатку верасня далучыўся Уладзіслаў Малькевіч. Арцём Канцавы замест прапановы румынскага «Сэпсі» таксама ўпадабаў Екацярынбург. Як кажуць нашыя крыніцы, «Урал» даў гульцам у разы большыя заробкі, чым у БАТЭ. Малькевіч меў у Барысаве каля трох тысяч долараў плюс бонусы, Канцавы – у раёне пяці тысяч плюс прэміяльныя. Цяпер заробак Малькевіча знаходзіцца ў раёне 15 тысяч долараў. Канцавы атрымаў менш, але колькі менавіта, мы даведацца не змаглі.

А вось іншы экс-барысавец – брамнік Андрэй Кудравец – у зарплаце дадаў вельмі значна. Галкіпер быў набыты маскоўскім «Дынама» 18 жніўня, але на правах арэнды заканчваў сезон у БАТЭ (праўда, канцоўку чэмпіянату прапусціў праз траўму). Барысаўцы змаглі зарабіць на продажы футбаліста каля 400 тысяч еўра.

Што да зарплаты падпісанта за дыктатуру, то яна ў параўнанні з БАТЭ ўзляцела ў пяць разоў. У Барысаве галкіпер атрымліваў максімальную стаўку для зборніка – каля пяці тысяч долараў на месяц. А ў Маскве яму будуць налічваць прыкладна 25 тысяч долараў.

Што да Валерыя Гарбачыка, які перайшоў з «Тарпеда-БелАЗ» у «Чэлябінск», адзін з лідараў Д3 Расіі, то там, паводле нашых звестак, гульцу прапанаваная зарплата ў 5 тысяч долараў.

Фота: hapoelhaifa.co.il, facebook.com/fcelimai, t.me/fc_baltika, Instagram Паўла Паўлючэнка

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты