Tribuna/Футбол/Блогі/Спорт в соцсетях/Дзядуля ўпершыню за дзесяцігоддзі пабываў на «Сант'яга Бернабеу» і не стрымаў эмоцый. Цяпер ён зорка ўсяго Мадрыда
Відэа

Дзядуля ўпершыню за дзесяцігоддзі пабываў на «Сант'яга Бернабеу» і не стрымаў эмоцый. Цяпер ён зорка ўсяго Мадрыда

«Калі я памру сёння, я памру шчаслівым».

Аўтар — Alex Zagorski
6 верасня, 15:58
Дзядуля ўпершыню за дзесяцігоддзі пабываў на «Сант'яга Бернабеу» і не стрымаў эмоцый. Цяпер ён зорка ўсяго Мадрыда

2 верасня мадрыдскі «Рэал» упершыню згуляў на адноўленым стадыёне «Сант'яга Бернабеу». У матчы 4-га тура Ла Лігі «слівачныя» прымалі «Хетафэ» і ў валідольнай канцоўцы атрымалі перамогу: на 95-й хвіліне яе прынёс гол Джуда Белінгема. 20-гадовы англічанін увогуле набраў добры ход у Мадрыдзе, адзначыўшыся 5 галамі і аднім асістам у 4-х сустрэчах чэмпіянату, але пасля суботняй гульні інтэрнэт казаў не пра маладога паўабаронцу, а пра мілату з каляфутбола.

Хутка пасля матчу ў сацсетках з'явілася відэа з дзядулем, які наведаў адноўлены «Бернабеу» ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў і не стрымаў эмоцый. Запіс сабраў мільённыя прагляды:

«Калі я памру сёння, я памру шчаслівым чалавекам», – сказаў дзядуля, гледзячы на стадыён, і заплакаў.

Мужчыну завуць Мігель Посо Сьера, яму 85 гадоў. Ён заўзее за «Рэал» ужо 67 гадоў, з 1956-га:

– Пасля вайны мяне ў Мадрыд прывезлі сёстры. У мяне не было магчымасці вучыцца і ўсё, што я меў, гэта мяч. У 1956-м я прыйшоў на трэніроўку «Рэала» і змог пагутарыць з Альфрэдам ды Стэфана, з таго часу ўсё і пачалося, – расказаў Сьера ў інтэрв'ю Marca.

Апошнім разам мужчына наведаў «Сант'яга Бернабеу» 35 гадоў таму, але ўсё роўна падтрымліваў каманду. Любоў да «слівачных» ён прывіваў у сваіх дзяцей і ўнукаў, гледзячы з імі матчы клуба па тэлевізары. У выніку ўнучка Мігеля, Сандра, ажыццявіла даўнюю дзядулеву мару:

– Яна папрасіла мяне суправаджаць яе, каб зрабіць некалькі спраў на машыне. Увесь час паездкі яна была ціхай, што здзіўляла мяне. Праз некаторы час мы праехалі праз вуліцу, дзе ўжо быў бачны стадыён. Затым машына спынілася, і мне ўсё стала зразумела. Я не ведаў, што сказаць. Я ледзь мог зразумець, чаму я не перастаю плакаць, – расказаў Сьера.

Сам матч з камбэкам мадрыдцаў таксама не пакінуў Мігеля без незабыўных эмоцый:

– Я сказаў унучцы, што мы патрапілі ў павуцінне «Хетафэ». У другім тайме Кроас усё змяніў, і пасля гала Белінгема я сышоў з розуму. Я пачаў плакаць ад радасці!

Цяпер Мігель Сьера стаў зоркай усяго Мадрыда, на відэа з дзядуляй адрэагавалі гульцы «Рэала» Цібо Куртуа, Хоселу, Дані Карвахаль і галоўны герой сустрэчы з «Хетафе» Белінгем:

– Вось што гэта значыць! Вельмі падабаецца! – напісаў Джуд у Twitter.

– Я пайшоў выкідваць смецце, і чалавек, які праходзіў міма на вуліцы, спытаў мяне: «Вы дзядуля Мадрыда?» Я ў жаху. Мой тэлефон не перастае звінець. Я не ведаю, калі гэта скончыцца. У 85 гадоў я забаўляюся, як дзіця! І ўсім гэтым я абавязаны маёй ўнучцы, – сказаў Сьера.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты