Tribuna/Футбол/Блогі/Спорт в соцсетях/Першы гол за «Барсу» Кансэлу прысвяціў загінулай у аўтакатастрофе маці. Ён сядзеў побач з ёй падчас трагедыі

Першы гол за «Барсу» Кансэлу прысвяціў загінулай у аўтакатастрофе маці. Ён сядзеў побач з ёй падчас трагедыі

Шчымлівая гісторыя 💔

Аўтар — Alex Zagorski
17 верасня, 14:55
Першы гол за «Барсу» Кансэлу прысвяціў загінулай у аўтакатастрофе маці. Ён сядзеў побач з ёй падчас трагедыі

29-гадовы абаронца зборнай Партугаліі Жааў Кансэлу напачатку верасня змяніў «Манчэстэр Сіці» на «Барселону», пакуль што на правах арэнды. Як расказаў сам футбаліст, трапіць у склад каталонцаў заўсёды было яго марай:

– Я хачу дабіцца чагосьці вялікага з гэтым клубам, таму што заўсёды марыў за яго гуляць. Гэта клуб маёй мары, і ўсе мае сябры ведаюць, што мае куміры выступалі за «Барселону», – сказаў Кансэлу пасля пераходу.

Ужо ў другім матчы за клуб партугалец адзначыўся дэбютным голам – 16 верасня «сіне-гранатавыя» разграмілі «Бетыс» 5:0, Кансэлу забіў пяты мяч у сустрэчы:

Пасля гульні ў Instagram футбаліст апублікаваў пост, у якім прысвяціў першы гол за каманду сваёй мары матулі:

– Заўсёды для цябе, мама. Няхай жыве «Барса», – напісаў Кансэлу, дадаўшы хэштэг mommy bless me (пер. – «Матуля, блаславі мяне»).

Усе свае поспехі партугальскі абаронца прысвячае маме не проста так. У 2013 годзе Філамена Кансэлу загінула ў аўтакатастрофе – на той момант 19-гадовы футбаліст і яго брат знаходзіліся з ёй у аўтамабілі, ім пашанцавала: яны атрымалі лёгкія траўмы. Але трагедыя настолькі ўдарыла па Жааў, што ён ледзве не забросіў футбол. У цяжкія моманты дапамаглі бацька і супрацоўнікі «Бенфікі»:

– Калі я страціў маці, я адчуваў сябе як на дне студні. Я адчуваў сябе робатам, які павінен рабіць сваю працу, потым ісці дадому, і так дзень за днём. Калі я страціў маці, я не атрымліваў задавальнення ад футбола, я гуляў, таму што павінен быў гуляць. Я сапраўды думаў аб тым, каб усё кінуць, таму што гэта ўжо не мела сэнсу.

Але супрацоўнікі «Бенфікі» стала тэлефанавалі, прасілі вярнуцца, бо верылі ў мой патэнцыял. Бацька даў мне супакоіцца, а потым пагаварыў са мной. Ён сказаў, што я патрэбен і яму, і майму брату, патрэбен, каб у мяне былі сілы працягваць, таму што бацька павінен быў застацца, ён не мог больш вярнуцца ў Швейцарыю.

Да таго часу я ўжо падпісаў прафесійны кантракт з «Бенфікай», і большая частка маіх грошай ішла на ўтрыманне сям'і, таму я вырашыў зноў гуляць. Спачатку гэта было нялёгка. У мяне не было ні сіл, ні жадання, але тая размова з бацькам і любоў да гэтага віду спорту дапамаглі мне пераадолець усё.

Мая любоў да гульні паступова пачала вяртацца, усмешка паступова вярталася. У гэтым і заключаецца сэнс жыцця. Якімі б вялікімі ні былі нашы страты, мы павінны працягваць жыць. Я шмат чытаю пра ваяроў, і некаторыя рэчы сапраўды знаходзяць ува мне водгук.

Я б вельмі хацеў мець магчымасць паразмаўляць з мамай, бо мне заўсёды чагосьці не хапае. Нават калі я дамагаюся нечага важнага, заўсёды ёсць гэтае пачуццё. Як быццам у маім сэрцы заўсёды пустата, таму што яе фізічна няма побач.

У Партугаліі я заўсёды хаджу на могілкі, каб убачыць яе. Гэта мой абавязак. Менавіта там, побач з ёй, я адчуваю сябе добра. Нават калі яе фізічна няма побач, я адчуваю сябе добра. Гэта чысціць маю душу, маю дрэнную энергію і дапамагае мне жыць шчаслівей, – расказваў Кансэлу ў адным з інтэрв'ю.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты