Tribuna/Футбол/Блогі/Подержи мое пиво/Футбольная казка з Літвы: Кубак узяла каманда 2021 года заснавання і чымсці падобная да «Іслачы»

Футбольная казка з Літвы: Кубак узяла каманда 2021 года заснавання і чымсці падобная да «Іслачы»

Але з еўракубкамі можа чакаць аблом.

Аўтар — Alex Zagorski
3 кастрычніка, 13:05
Футбольная казка з Літвы: Кубак узяла каманда 2021 года заснавання і чымсці падобная да «Іслачы»

1 кастрычніка ў Літве адбыўся фінал Кубку краіны, у якім «ТрансІНВЕСТ» атрымаў перамогу над «Шаўляем» – 2:1. Гісторыя прыгожая ўжо тым, што каманда з Д2 абгуляла суперніка з эліты, але сапраўдную казачнасць яна набывае пры тым факце, што новаспечаны ўладальнік трафея быў заснаваны менш чым тры гады таму.

Генеральным спонсарам «ТрансІНВЕСТ» з'яўляецца літоўская лагістычная кампанія «Трансэкспедыцыя». Напрыканцы 2021-га нікому невядомая каманда падала заяўку на ўдзел у літоўскім Д3 і адразу выйграла яго ў сезоне-2022, зарабіўшы такім чынам павышэнне ў класе. Першапачаткова «ТрансІНВЕСТ» быў зарэгістраваны ў вёсцы Галіна (дзе і генеральны спонсар), цяпер жа клуб гуляе ў невялікім гарадку Шырвінтас, што непадалёк ад Вільнюса, з насельніцтвам каля 6 тысяч чалавек. Умяшчальнасць тамтэйшага стадыёна – 1 тысяча, у планах «ТрансІНВЕСТ» пабудаваць сваю арэну на 1,5 тысячы. Атрымліваецца нейкі літоўскі варыянт «Іслачы» – Вільнюскі раён супраць Мінскага.

У Кубку Літвы-2023 «ТрансІНВЕСТ» стартаваў з 1/16 фіналу: там разграмілі «Нявежыс» з другога месца свайго дывізіёна – 5:1. У наступнай стадыі таксама быў разгром, 3:0 супраць мінорнага «Навігатарая». З чвэрцьфінала «ТрансІНВЕСТ» гуляў з супернікамі вышэйшага класа – 2:1 з «Бангай» і 1:0 у паўфінале супраць «Джугаса» (прычым вырашальны мяч забілі на 90+3 хвіліне).

У фінале «ТрансІНВЕСТ» чакаў сур'ёзны супернік – «Шаўляй», які займае трэцяе месца ў вышэйшай лізе. На 40-й хвіліне андэрдог прапусціў першым, але адгуляўся і вырваў перамогу ў другім тайме дзякуючы галам на 54-й і 80-й хвілінах. Пагадзіцеся, неверагоднае дасягненне для клуба з невялічкага мястэчка на другі год існавання.

Акрамя таго, «ТрансІНВЕСТ» дзякуючы перамозе ў Кубку атрымаў права згуляць у кваліфікацыі Лігі Еўропы, але наўрад ці гэта адбудзецца – каб атрымаць ліцэнзію, клуб павінен існаваць не менш за тры гады. Але раптам для літоўцаў зробяць выключэнне?

Тым часам «ТрансІНВЕСТ» ва ўсю імчыць у эліту: за 7 тураў да канца Д2 каманда лідаруе ў чэмпіянаце з адрывам ад вышэйзгаданага «Нявежыса» ў 14 пунктаў, розніца мячоў па выніках 23 тураў – 68:19 (у таго ж «Нявежыса» – 38:24). Тое, што ўзровень «ТрансІНВЕСТ» значна вышэйшы за Д2, прызнаў і галоўны трэнер суперніка па фінале Кубка Міндаўгас Чэпас:

– Выпадковасцяў не бывае. Іх моцныя бакі – як у лініі абароны, так і наперадзе. Яны забілі 68 галоў у першай лізе, не бывае выпадковасцяў... Што ёсць, то ёсць. «ТрансІНВЕСТ» з пункту гледжання якасці гульцоў, глыбіні – гэта каманда вышэйшага дывізіёна, якая сёння гуляе ў Д2, – прызнаў коўч «Шаўляя».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты