Tribuna/Футбол/Блогі/Подержи мое пиво/Філігранная атака ад сваёй брамы пад моцным прэсінгам з шэдэўральным завяршэннем – так забівае «Іпсвіч», адна з галоўных сенсацый у Чэмпіёншыпе
Відэа

Філігранная атака ад сваёй брамы пад моцным прэсінгам з шэдэўральным завяршэннем – так забівае «Іпсвіч», адна з галоўных сенсацый у Чэмпіёншыпе

Тытульны спонсар клуба – зорны спявак Эд Шыран.

Аўтар — Alex Zagorski
4 кастрычніка, 15:25
Філігранная атака ад сваёй брамы пад моцным прэсінгам з шэдэўральным завяршэннем – так забівае «Іпсвіч», адна з галоўных сенсацый у Чэмпіёншыпе

У другім па моцы дывізіёне Англіі пакуль што адбываецца таблічная сенсацыя – на першым радку Чэмпіёншыпа ідзе «Іпсвіч», які ў мінулым сезоне стаў другім у Д3. У актыве «трактарыстаў» 8 перамог, 1 нічыя і 1 параза – яны на адзін пункт апярэджваюць усім нам знаёмы «Лестер» (але ў іх на адзін матч менш).

3 кастрычніка «Іпсвіч» праводзіў матч супраць «Хала» і атрымаў чарговую перамогу – 3:0. Гледзячы на першы матч «блюз» разумееш, што іх знаходжанне на першым радку зусім не выпадковасць: гульцы разагналі прыгожую атаку прама ад сваёй брамы пад моцным прэсінгам суперніка – пачалося ўсё з фінта брамніка, а скончылася прыгожым стрэлам у дзявятку. У найлепшых традыцыях «Рэала» ці «Барсы»!

На трыбунах за каманду радаваўся зорны брытанскі спявак Эд Шыран, які з дзяцінства заўзее за «Іпсвіч», а ў траўні 2021-га стаў тытульным спонсарам любімай каманды.

Шыран – адзін з самых высокааплатных музыкаў свету. Ён нарадзіўся ў Галіфаксе, але яго сям'я пераехала ў Суфалк, калі яму было 4 гады. Іпсвіч – найбуйнейшы горад графства, галоўнай камандай якога, вядома, з'яўляецца аднайменны клуб.

Нават у статусе суперзоркі брытанскага попа застаўся фанатам «Іпсвіча», у 2019-м ён сканчваў свой тур Divide на стадыёне клуба: за чатыры дні сабраў на ім 160 (!) тысяч чалавек. Часцяком на канцэртах ён з'яўляецца ў клубнай футболцы

– Гэта важная частка мясцовай супольнасці, і гэта мой спосаб паказаць падтрымку. Мне заўсёды падабалася бываць на «Портман Роўд», – казаў Шыран пасля падпісання пагаднення з клубам. У той год «Іспвіч» боўтаўся ў сярэдзіне Д3, цяпер жа яны ўзначальваюць Чэмпіёншып.

Напэўна, апошнім разам «трактарысты» так шумелі ў англійскім футболе ў сезоне-2010/11, калі пад кіраўніцтвам Роя Кіна дайшлі да паўфінала Кубку Футбольнай лігі. Там «Іпсвічу» супрацьстаяў грозны «Арсенал», і ў першым матчы каманда з Чэмпіёншыпа атрымала сенсацыйную перамогу 1:0, але буйна саступіла ў другім – 0:3.

Вядома, што казаць пра перспектывы павышэння ў класе яшчэ вельмі рана – да канца чэмпіянату застаецца яшчэ 36 тураў. Тым не менш, такі добры старт у бягучым сезоне дорыць нейкую надзею на вяртанне ў АПЛ, дзе «Іпсвіч» не выступаў з сезона-2001/02.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты