Усе навіны

«Пляжнік» Брышцель: «Наша пакаленне двор усяму вучыў, асабліва характару. Цяпер усё інакш, таму і футбалістаў добрых менш»

26 траўня, 11:16

Сяміразовы ўладальнік звання лепшага іграка Беларусі ў пляжны футбол Ігар Брышцель у «пакаяным» інтэрв'ю галоўнаму рэдактару «Прэсбола» Сяргею Лісічкіну параўнаў сябе ў юным узросце з сучаснымі дзецьмі.

– Дрэнна, калі дзіця прыходзіць са школы і адразу апускаецца ў віртуальны свет. Такіх, на жаль, большасць. Паглядзіце на якое падрастае пакаленне. Усе высокія, нейкія дохлыя, сутулыя. Спартовага ў постаці нічога няма. Вазьмі мяч, выйдзі на двор, пакліч хлопцаў. Мы дзейнічалі менавіта так. Па выходных і падчас вакацыяў раніцай сыходзілі з дому і вярталіся, калі рабілася цёмна.

Трэніроўкі доўжыліся па дзесяць гадзін з перапынкамі. Таму прыходзілі ў секцыі падрыхтаванымі, і двухгадзіннымі заняткамі нас ніхто ўжо не мог спалохаць. Тым больш у тэхнічным плане ўсё ўмелі. База была закладзена неверагодная. Двор усяму вучыў, асабліва фармаванню характару. Прайграваць наша пакаленне нікому не збіралася. Цяпер усё інакш, на жаль. Таму і футбалістаў добрых менш стала. Усё ўзаемазвязана.

У мяне сыну дзесяць год, футболам займаецца. Вось ён іншы. Для яго мяч – гэта ўсё. Нічога не трэба: ні камп'ютар, ні планшэт, толькі белы кругляш перад вачыма.

– Такіх хлопцаў зараз адзінкі.

– Вы маеце рацыю. Спадзяюся, знойдуцца энтузіясты, якія здолеюць пераламаць гэтую сітуацыю, і футбол у краіне зменіцца. Не забывайце, што патрэбная яшчэ селекцыя. Каб у секцыю не набіралі, а адбіралі. Большасць чэмпіёнаў адкуль? З рэгіёнаў. Трэнеры раней ездзілі па вёсках і раёнах і знаходзілі таленты. Хто зараз каго наведвае? Пры гэтым не варта забываць, што таленавітых дзяцей трэба адбіраць да 10 гадоў – далей у іх можа рэзка ўзрасці перыяд сталення, скачок у арганізме. І ўжо нічога не зробіш, – сказаў Брышцель.