Tribuna/Футбол/Блогі/Найлепшы мяч 2022-га забіў паляк, які страціў нагу ў ДТЗ. Да інцыдэнту гуляў брамнікам у 4-м дывізіёне Польшчы

Найлепшы мяч 2022-га забіў паляк, які страціў нагу ў ДТЗ. Да інцыдэнту гуляў брамнікам у 4-м дывізіёне Польшчы

Цяпер – выйграў прэмію Пушкаша раней за Левандоўскага.

28 лютага 2023, 13:40
Найлепшы мяч 2022-га забіў паляк, які страціў нагу ў ДТЗ. Да інцыдэнту гуляў брамнікам у 4-м дывізіёне Польшчы

Премію Пушкаша ФІФА ў 2022 годзе ўпершыню выйграў прадстаўнік футбола людзей з інваліднасцю – амп-футбола (спаборніцтваў сярод людзей з ампутаванай нагой на мыліцах). Гол – удар праз сябе паляка Марціна Алексі ў матчы познаньскай «Варты» супраць ржэшаўскай «Сталі» ў Экстраклясе па амп-футболе.

Як страціў нагу: быў дарожным работнікам, на нагу наехаў 81-гадовы кіроўца

Алексі некалі быў паўпрафесійным футбалістам. Пачынаў кар'еру ў «Арцы» Нова Суль, а на момант канца кар'еры – у сярэдзіне 2010-га – выступаў за «Карону» Кажухуў з 4-га дывізіёна. Гуляў на пазіцыі брамніка – яго тагачасны трэнер Анджэй Савіцкі адклікаўся пра падапечнага з ухвалай: «На поле, з пункта гледжання брамніцкіх якасцяў, ён быў сапраўдным талентам. Ён, вядома, мог дазволіць сабе гуляць у вышэйшай лізе, а не ў чацвёртай, і я кажу без усялякай ветлівасці. Ён дапамагаў выйграць нашы матчы выдатнымі сэйвамі. Ён быў вельмі моцным бокам нашай каманды».

Але лёс цяжкі: на жыццё не хапала, а разрывацца паміж падпрацоўкамі і футболам не было магчымасці – таму скончыў кар'еру футбаліста, каб засяродзіцца на працы дарожным работнікам. Ужо праз паўгода, у лістападзе 2010-га, адбылася бяда: падчас працы на шашы на выездзе з Зялёнай Гуры яго пераехаў 81-гадовы кіроўца Fiat 126 – «народнай» машыны ў 90-х – пачатку 00-х у Польшчы. Марціну было тады ўсяго 23 гады.

«Я сядзеў у інвалідным вазку, паліў, плакаў і пытаўся: «Чаму гэта адбылося менавіта са мной?» – узгадвае Алексі.

Магчымасць вярнуцца ў футбол з“явілася ўжо ў 2019-м – далучыўся да познаньскай «Варты», якая як раз адкрыла каманду па амп-футболе ў клубе. «Памятаю свой першы прыезд на трэніроўку «Варты». Я ехаў у Познань, не ведаючы, як гэта будзе выглядаць, ці я ўвогуле падыходжу. Я разлічваў, што мне давядзецца даганяць рабят у навыках. Таму што іншыя раней гулялі ў амп-футбол, а я не», – згадваў Алексі першы досвед у гульні.

Удалося: ужо ў 2021 годзе яго прызналі адкрыццём сезона ў Экстраклясе па амп-футболе, а ў 2022-м – выклікалі ў зборную Польшчы, у тым ліку на ЧС у Турцыі.

Цяпер Алексі – (ненадоўга) галоўны футбаліст у Польшчы наогул: атрымаў узнагароду з рук Дэль П'ера, не можа паверыць у дасягненне

Калі відэа гала Алексі завірусілася ў інтэрнэце, намінацыя на прэмію Пушкаша ўжо здавалася непазбежнай. Аднак сам Марцін усё роўна не мог у гэта паверыць: «Мне цяжка паверыць у намінацыю на прэмію ФІФА! Гэта неверагодна, і я ўсё яшчэ не ўсвядоміў гэта», – дзяліўся ён сваімі ўражаннямі ў пачатку студзеня.

Распавёў ён і пра тое, як менавіта забіваў гэты мяч: «Мой аднаклубнік Давід Новак аддаў пас. Калі я ўбачыў мяч, я ведаў, што буду першым. Я падключыўся вельмі чыста. Усё было ідэальна. Калі я ўдарыў па мячы, я назіраў за ім да канца і ўбачыў, як ён уляцеў у кут сеткі. Я заўсёды хацеў забіць прыгожы гол. Вы маглі ўбачыць гонар на маім твары пасля таго, як я забіў. Я ўстаў, выпнуў грудзі. Я быў такі шчаслівы».

Выйграў прэмію ён у сур'ёзных канкурэнтаў – Дзімітры Паета з «Марселя» і Рышарлісана са зборнай Бразіліі. З абодвума ён нават сфатаграфаваўся перад цырымоніяй, яшчэ не ведаючы, што менавіта ён стане пераможцам.

Узнагароду ён атрымаў з рук легенды сусветнага футбола Алесандра дэль П“ера. Гэтым ён устанавіў адразу два гістарычныя дасягненні: стаў першым прадстаўніком амп-футбола і першым палякам, які выйграў прэмію Пушкаша. Так, да Левандоўскага.

У сваёй прамове ён падзякаваў сваім родным, якія дапамаглі вярнуцца да жыцця пасля траўмы, а таксама ўсёй супольнасці амп-футбола: «Мне цяжка было нават марыць пра такую ўзнагароду. Я сёння яе атрымаў. Я прысвячаю яе Эвеліне, Томеку, Тосе. Дзякуючы ім пасля аварыі я ўстаў, падняўся, і я на гэтым месцы, забіваю прыгожыя мячы. Дзякуй усёй супольнасці амп футбола».

А што ўвогуле з амп-футболам? Выдумалі выпадкова, першы еўрапейскі міжнародны прайшоў у Кіеве

Футбол для людзей з ампутаванымі канечнасцямі (амп-футбол) вынайшаў у 1982 годзе амерыканец Дон Бэнэт з ампутаванай нагой. Дапамог выпадак: яго сын гуляў у двары ў баскетбол, мяч пакаціўся, і Дон на мыліцах і без пратэза яго змог дагнаць і пхнуць нагой назад сыну. А далей з групай сямі лыжнікаў з ампутаванымі канечнасцямі вырашыў гуляць у гэтую гульню летам – каб трымаць сябе ў форме ў чаканні зімовага лыжнага сезона.

Але гульню падхапілі – і ўжо ў 1988-м правялі першы чэмпіянат свету, які выйграў Сальвадор. Пра спаборніцтвы вядома мала – фактычна толькі згадванні на старонцы міжнароднай федэрацыі амп-футбола.

Сваю ролю ў станаўленні гульні таксама адыграла Украіна: Першы адкрыты еўрапейскі турнір (рэальна першыя еўрапейскія спаборніцтвы) былі праведзены ў 1999 годзе ў Кіеве. А рэкорд наведвальнасці спаборніцтваў устаноўлены ў Турцыі: у 2017 годзе на першым афіцыйным ЧЕ на стадыён «Бешыкташа» пераможны фінал турніру супраць Англіі прыйшлі глядзець 41 188 гледачоў.

Фота: REUTERS/Sarah Meyssonnier

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты