Tribuna/Футбол/Блогі/Пепэ ў 40 (!) гадоў падоўжыў кантракт з «Порту». Усё яшчэ гулец асновы – дапамагае сяброўства з Крышціяну і мёд

Пепэ ў 40 (!) гадоў падоўжыў кантракт з «Порту». Усё яшчэ гулец асновы – дапамагае сяброўства з Крышціяну і мёд

Нават выклікаецца ў зборную.

26 красавіка 2023, 05:45
Пепэ ў 40 (!) гадоў падоўжыў кантракт з «Порту». Усё яшчэ гулец асновы – дапамагае сяброўства з Крышціяну і мёд

У лютым Пепэ споўнілася 40 гадоў, а днямі ён яшчэ на год працягнуў кантракт з «Порту». Цікава, што ў складзе «драконаў» ён не проста выконвае ролю мудрага старца ў распранальні, а з'яўляецца адным з лідараў каманды на полі.

У кагосьцi партугальскі цэнтральны абаронца дагэтуль асацыюецца з выспяткамі ляжачаму Хаўеру Каскеру з «Хетафэ». Хаця цяперашні Пепэ захаваў усё тое, за што яго шанавалі ў Мадрыдзе, і дадаў жыццёвую мудрасць, зрывы ўсё яшчэ здараюцца. Як, напрыклад, летась, калі падчас пяціхвіліннай бойкі з прадстаўнікамі «Спортынга» ён з нагі заехаў аднаму з дырэктараў лісабонцаў.

Нават калі на лысіне Пепэ з'явіцца сівізна, агеньчык азарту ў ім не згасне ніколі.

Праводзіць па 30 матчаў за сезон, гуляе за зборную і б'е гульцоў «Спортынга»

Магчыма, нехта ўжо паспеў забыцца, што Пепэ бразілец, а яго поўнае імя гучыць так: Кеплер Лаверан Ліма Ферэйра. Прычым першыя два імя – гэта палёт фантазіі яго бацькі, які вырашыў назваць сына ў гонар нямецкага астранома Іагана Кеплера і французскага фізіёлага Шарля Лаверана. «З такім імем ён дакладна стане вучоным», – выхваляўся бацька будучага футбаліста. Але сын пачаў гуляць у футбол – і апынуўся ў Партугаліі ў клубе «Марытыму».

А далей з'явіўся той самы Пепэ, якога мы ўсе ведаем: хуткі і няўступчывы абаронца, які транзітам праз «Порту» зайграў у «Рэале», дзе выйграў тры ЛЧ, і ў зборнай, з якой узяў ЧЕ. Калі ў 34 гады Пепэ абвясціў, што пакідае Мадрыд, то падавалася, што яго кар'ера хутка скончыцца, бо атрымаў ён амаль усё. Але пасля паўтарагадовага знаходжання ў «Бешыкташы» абаронца вярнуўся ў «Порту» – і ў ім зноў прачнуўся азарт.

У складзе «драконаў» ён здабыў яшчэ два залатыя дублі і стаў капітанам каманды. Выбар на карысць ветэрана быў відавочны пасля таго, як Данілу Перэйру перайшоў у «ПСЖ», а Тэлес пераехаў у «МЮ». Пепэ ўсё яшчэ праводзіць па 30 гульняў у сезон і здзіўляе моладзь сваёй хуткасцю.

Часам ён дае волю эмоцыям. Акрамя вышэйзгаданай сітуацыі з дырэктарам «Спортынга» ў 2021-м, ён пастаўленым ударам у сківіцу адправіў у накдаўн гульца тых жа «львоў» Каатэса.

Пепэ працягваюць выклікаць у зборную Партугаліі, дзе ён таксама кашы не псуе. Нават Серхіа Рамас прызнаваўся, што зайздросціць Пепэ, бо трэнер яго нацыянальнай каманды не глядзіць у пашпарт. А вось яго былога калегу па абароне «Мадрыда» ўжо лічаць састарэлым для зборнай.

На ЧС у Катар ветэран ехаў гульцом запасу, але траўма Данілу Перэйры дазволіла яму выходзіць у аснове ва ўсіх матчах, акрамя стартавага. У 1/8 супраць Швейцарыі Пепэ нават забіў мяч – i стаў найстарэйшым аўтарам гола ў плэй-оф турніру. Агулам у гісторыі ЧС ёсць толькі адзін старэйшы галеадор – камерунец Ражэ Міла.

Наступны матч супраць Марока выдаўся трагедыяй для Партугаліі, але мог стаць трыумфам для Пепэ, які ў адсутнасць Крыша ў старце быў капітанам. На 97-й хвіліне гулец меў шанц зраўняць лік, але не забіў галавой. Мараканскі абаронца ажно пацалаваў яго ў лысіну за гэта.

На наступны дзень стала вядома, што ветэран дагульваў матч са зламанай рукой. Пасля паядынку яму дыягнаставалі пералом косткі локця. Ды няўжо гэта можа спыніць Пепэ, які ўсё яшчэ поўны сіл?

«Не магу сказаць, што чэмпіянат свету ў Катары – апошні, на якім згуляю. Я тут для таго, каб атрымаць асалоду ад турніру. Гэта прывілей – рабіць тое, што ты любіш, гуляць у футбол», – казаў гулец падчас турніру.

Сакрэты футбольнага даўгалецця: сяброўства з Крышціяну і бразільскі мёд

Пепэ не раскрывае нейкiх надзвычайных сакрэтаў свайго футбольнага даўгалецця. Але ж вядома, што гулец надае вялікую ўвагу сну і аднаўленню. Тут адбіваецца шматгадовае сяброўства з Раналду. «Мы з Крышціяну прыходзілі пасля матчаў у дзве ночы, апускаліся ў халодную ваду, каб аднавіцца да наступнай гульні. Цяпер для гэтага ёсць спецыяльныя халадзільныя машыны. Раней трэнер па фізпадрыхтоўцы быў для мяне дрэнным хлопцам, таму што ўвесь час даваў нагрузку, але цяпер гэта мой першы саюзнік для добрай гульні», – распавядаў Пепэ журналістам у 2020-м.

Гулец адзначае, што футбол даўно ўжо не толькі 90 хвілін матча, але і аднаўленчая праца ў спартзале. Асаблівую ўвагу ён надае ежы: «У мяне ёсць сябар, які прывозіць мне мёд з поўдня Бразіліі. Ён традыцыйны для гэтага рэгіёна, з такім мёдам у вас з'яўляецца імунітэт да шматлікіх рэчаў», – распавядае Кеплер.

Калі сябры кажуць яму пайсці на трэнерскія курсы, Пепэ адказвае, што зараз сканцэнтраваны толькі на гульні і можа думаць толькі пра гэта. Нядзіўна, што ў «Порту» вырашылі яшчэ на год падоўжыць дамову з легендай партугальскага футбола.

Фота: Ivan Del Val/Global Look Press, Tom Weller/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты