Tribuna/Футбол/Блогі/Анімэ-святкаванні – трэнд у футболе. Што глядзяць зорныя гульцы і што азначаюць іх дзіўныя рухі

Анімэ-святкаванні – трэнд у футболе. Што глядзяць зорныя гульцы і што азначаюць іх дзіўныя рухі

Захапленні шматлікіх футбалістаў сталі часткай іх вобраза.

24 чэрвеня, 04:30
Анімэ-святкаванні – трэнд у футболе. Што глядзяць зорныя гульцы і што азначаюць іх дзіўныя рухі

Многія зорныя футбалісты з'яўляюцца фанатамі анімэ, што часта дэманструюць у сваіх сацсетках, адзенні і нават на футбольным полі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму падобныя святкаванні галоў можна было ўбачыць толькі ў японскім чэмпіянаце, то зараз гэта – папулярная з'ява і ў Еўропе.

Разабраліся, хто з селебрыці што глядзіць і што азначаюць іх святкаванні.

Ібраіма Канатэ

Абаронца «Ліверпуля», мяркуючы па яго твітэры, з'яўляецца прыхільнікам анімэ Dragon Ball, Demon Slayer і Attack on Titan. Галоўны герой апошняга, Эрэн Егер, натхніў Канатэ на святкаванне гола ў вароты «МЮ» на «Уэмблі» ў 2022-м, а пасля матча футбаліст апублікаваў у сацсетках культавую фразу персанажа – Shinzou Wo Sasageyo («Прысвяці сваё сэрца»).

Здаецца, наступным разам убачым святкаванне ўжо ў стылі Dragon Ball. Звярніце ўвагу на позу – мы да яе яшчэ вернемся.

Юльян Брант

Ці не самае папулярнае ў свеце анімэ One Piece мае больш за 1060 эпізодаў і 15 поўнаметражных фільмаў, унесенае ў кнігу рэкордаў Гінэса за найбольшую колькасць прададзеных экзэмпляраў мангі, а апошні фільм пабіў касавыя рэкорды спачатку ў Японіі i многіх іншых краінах свету. А ў канцы жніўня выйдзе першы сезон экранізацыі з жывымі акцёрамі ад Netflix.

У футбольнай супольнасці ёсць нямала зорак, якія фанацеюць ад гэтага анімэ: Поль Пагба, Серж Гнабры, Курт Зума, Жафрэ Кандагбіа, Карым Адэемі і шмат іншых. Але галоўным амбасадарам One Piece у футболе, без сумневаў, з'яўляецца Юльян Брант з «Барусіі» Дортмунд.

Юльян неаднаразова ў гэтым сезоне святкаваў свае галы ў стылі тэхнік героя анімэ Трафальгара Ло. Гэта стала вірусным спачатку ў тыктоку, а затым і ў іншых сацсетках. Афіцыйныя старонкі «Барусіі» падтрымалі трэнд.

Юльян заўсёды святкуе ў стылі камбінацыі тэхнік Ло – ROOM і Takt. З дапамогай першай персанаж акрэслівае празрыстай сферай зону, у межах якой працуюць астатнія прыёмы, а другой запускае ў паветра і свабодна перамяшчае ўсё, што знаходзіцца ў сферы.

Аднойчы Брант выканаў гэтае святкаванне ў калабарацыі з Адэемі – Карым адлюстраваў галоўнага героя One Piece Монкі Д. Луфі, які на працягу апошніх некалькіх гадоў знаходзіўся ў альянсе з Трафальгарам.

Карым Адэемі

Адэемі недалёка адышоў ад аднаклубніка – у адным з інтэрв'ю настолькі захапіўся дыялогам пра анімэ, што сам пачаў распытваць журналіста, што той ужо прагледзеў, і параіў абавязкова дагледзець One Piece.

Сам Карым аддае перавагу Луфі – галоўнаму герою, які імкнецца стаць каралём піратаў і чыё цела здольнае расцягвацца, як гума. У «Барусіі» класна раскруцілі гэтую тэму ў сацсетках і стабільна выпускаюць вірусныя эдзіты са сваімі гульцамі ў ролях іх любімых персанажаў.

Пʼер-Эмерык Абамеянг

Абамеянг аддае перавагу не менш знакамітаму анімэ – Dragon Ball. Культавы продак сучасных японскіх баявых фэнтэзі накшталт One Piece хоць і скончыўся ў сярэдзіне 1990-х, але ўсё роўна мае вялікую фанацкую базу – у тым ліку сярод футбалістаў (не без дапамогі сіквела Dragon Ball: Super, якім ужо іншы аўтар рэанімаваў франшызу ў 2015-м). Габонец даўно пачаў дэманстраваць сваю захопленасць гэтым творам – у яго ёсць мерч і тату з галоўным героем Сонам Гоку.

Святкаванне ў стылі анімэ ў Абамеянга мела кранальны кантэкст. У Эль Класіка П'ер-Эмерык пасля гала як быццам узяў у руку «драконаву пярліну» (такая выконвае жаданні) і прыклаў два пальцы да лба (жэст тэхнікі тэлепартацыі). Пазней футбаліст патлумачыў, што прысвяціў гол «Рэалу» сваім бабулі і дзядулю, якіх ужо няма ў жывых. Такім чынам ён паказаў, што хацеў бы, каб яны былі побач.

Мэйсан Маўнт

Пасля перамогі «Чэлсі» над «Ліверпулем» у 2021-м, калі адзіны гол запісаў у свой актыў Мэйсан Маўнт, ён паказаў незвычайнае святкаванне ў пары з Бэнам Чылуэлам. Спосаб паходзіць з таго ж Dragon Ball, а тэхніка называецца «Камехамеха» (падчас яе выкарыстання з рук выпускаецца вялізны паток энергіі).

Пазней Мэйсан растлумачыў, адкуль узялася ідэя:

«Мы з Чылі заўсёды сядзім разам ззаду Зума ў самалёце. Ён заўсёды глядзіць мультфільмы, напрыклад, анімэ, таму мы звычайна глядзім ззаду і смяёмся з яго. Мы дамовіліся, што калі нехта з нас заб'е, мы гэта зробім».

Пазней футбалісты абмяняліся сторыз на гэтую тэму. Маўнт запосціў паведамленне з подпісам: «Hadouken – let's go boys» («Хадукен – наперад, хлопцы»; Хадукен – тэхніка Ру, галоўнага героя серыі відэагульняў Street Fighter, падобная жэстам і эфектам да Камехамеха), а Чылуэл адказаў: «Kamehameha! Ups the Chels» («Камехамеха! Наперад, Чэлсі»). Не забыліся і пра Зума, які натхніў іх на перфоманс.

Фота: «Чэлсі», «Барусія» Дортмунд, Squawka, Мэйсан Маўнт, Курт Зума, Ібраіма Канатэ, ESPN, Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты