Tribuna/Футбол/Блогі/У Італіі забаранілі нумар 88 – гэтае чысло асацыююць з неанацыстамі. Закране траіх гульцоў Серыі А

У Італіі забаранілі нумар 88 – гэтае чысло асацыююць з неанацыстамі. Закране траіх гульцоў Серыі А

У ЧБ такiх прыкметна больш.

29 чэрвеня, 13:00
2
У Італіі забаранілі нумар 88 – гэтае чысло асацыююць з неанацыстамі. Закране траіх гульцоў Серыі А

Італьянскі футбол у летняе міжсезонне рэдка дае падставу згадаць пра сябе. Але вось з“явiлася, бадай, першая нагода з моманту фіналу ЛЧ – цяпер у Iталii гульцам забаронена выкарыстоўваць нумар 88. Гэта было зроблена ў рамках праграмы па барацьбе з антысемітызмам. Рашэнне пацверджана прэзідэнтам Федэрацыі футбола Італіі Габрыэле Гравінам, міністрам унутраных спраў краiны Матэа П“янтэдозі, міністрам спорту і моладзі Андрэа Абодзі і нацыянальным каардынатарам па барацьбе з антысемітызмам Джузэпэ Пекарарам.

«Свет футбола аб'ядноўваецца ў барацьбе з антысемітызмам і ўсімі формамі дыскрымінацыі. Гэтай заявай мы яшчэ раз пацвярджаем, што наш від спорту павінен быць усё больш інклюзіўным і адначасова незвычайным сродкам для станоўчых паведамленняў.

Дзякуючы сваім найглыбейшым каштоўнасцям і выключнай камунікатыўнай моцы футбол прапануе сябе як інструмент грамадзянскай свядомасці для выхавання ў прыняцці і павазе. У гэтых пытаннях мы не адступаем ні на крок, таму што давер да футбола, які таксама пацярпеў ад дыскрымінацыйных паводзін, мае прамы ўплыў на італьянскае грамадства», – сказаў Гравіна.

Чым не задавальняе лік 88? Ён доўгі час асацыяваўся з неанацыстамі і выкарыстоўваўся як шыфр для вiтання «Heil Hitler» («Хайль Гітлер»), таму што H – восьмая літара ў лацiнiцы.

Гэтая забарона закране толькі трох футбалістаў, якія будуць выступаць у Серыі А ў наступным сезоне: харватаў Марыа Пашаліча з «Аталанты» і Тома Башыча з «Лацыа», а таксама паляка Матэвуша Прашэліка з «Вероны». Галоўным аматарам гэтага нумара ў Серыі А доўгі час быў Томас Рынкон з «Сампдорыі», якая ўжо вылецела. Венесуэлец выступаў пад ім у 9 з 11 сваіх сезонаў у Італіі, але канчаткова перайшоў на адну васьмёрку ў мінулым годзе.

Акрамя забароны на выкарыстанне нумара 88, таксама ўведзеныя іншыя сродкі барацьбы з антысемітызмам. Напрыклад: матчы павінны быць спыненыя, калі на трыбунах раздаюцца антысеміцкія скандзіраванні. Гэтая праблема ў Італіі рэальная. У сакавіку «Лацыа» пажыццёва дыскваліфікаваў трох заўзятараў з-за выпадкаў дыскрымінацыйных і антысеміцкіх паводзін падчас дэрбі супраць «Ромы». Сярод іх быў адзін чалавек, які насіў футболку з нумарам 88 і надпісам «Гітлерсан».

Дарэчы, упершыню ў італьянскім футболе абмеркаванне гэтага нумара было ўзнята яшчэ ў 2000 годзе. Галоўнай дзейнай асобай тады быў галкіпер «Пармы» Джанлуіджы Буфон. Ён абраў футболку з нумарам 88, аднак пад ціскам грамадскасці змяніў нумар на 77.

А калi б такую забарону ўвялi зараз у беларускай вышэйшай лiзе? Прыйшлося б клапацiцца 8 з 15 каманд турнiру! Ад пачатку кар“еры пад 88 нумарам гуляе паўабаронца «Нёмана» Павел Савiцкi. Таксама гэтую лiчбу для футболкi абралi расiянiн Кiрыл Глушчанкоў з «Тарпеда-БелАЗ», Мiкалай Рабых са «Славii», Аляксандр Гуз з «Iслачы», Глеб Рассадкiн са «Смаргонi», Сяргей Русак са «Слуцка», Кiрыл Кiрыленка з «Нафтана» i Мiкiта Люкевiч з брэсцкага «Дынама».

Вяртаючыся да iтальянскага футбола, варта адзначыць, што гэта ўжо не першае абмежаванне ў італьянскім футболе датычна гульнявой формы.

Напрыклад, перад мінулым сезонам у Серыі А забаранілі зялёныя камплекты форм для палявых гульцоў – яны выклікалі незадаволенасць брадкастэраў, паколькі гэты колер зліваўся з газонам. У «Сасуола» ўжо запанікавалі, але аказалася, што забарона распаўсюджваецца толькі на запасныя камплекты, але не на хатнюю форму. Свежая ў памяці і гісторыя з «Венецыяй», якая гуляла без эмблемы на футболцы, паколькі ліга прызнала надпіс «Venezia» на месцы тытульнага спонсара як лагатып клуба.

А з сезона 2024/25 у клубаў Серыі А будзе яшчэ больш абмежаванняў, якія датычацца дызайну гульнявых камплектаў:

👕 паласатым можа быць толькі адзін камплект формы;

👕 хатняя і запасныя формы павінны будуць кантраставаць. Напрыклад, умоўны чырвона-чорны «Мілан» абавязкова павінен зрабіць выязную форму ў светлых тонах;

👕 адзін з трох камплектаў павінен быць аднатонным. Напрыклад, умоўная «Рома» павінна будзе зрабіць выязную форму з белымі гетрамі, белымі шортамі і белымі футболкамі.

Фота: Fabrizio Corradetti/Global Look Press, Claudio Furlan/Global Look Press, Roma Today

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты