Tribuna/Футбол/Блогі/Самы няўдачлівы футбаліст топ-ліг – парваў «крыжы» ў трэці (!) раз за 5 гадоў

Самы няўдачлівы футбаліст топ-ліг – парваў «крыжы» ў трэці (!) раз за 5 гадоў

Саша Калайджыч прапускае палову матчаў у кар'еры.

20 лютага, 17:23
Самы няўдачлівы футбаліст топ-ліг – парваў «крыжы» ў трэці (!) раз за 5 гадоў

87-я хвіліна жнівеньскага матча «Эвертан» – «Вулверхэмптан» у 3-м туры АПЛ гэтага сезона. Лік 0:0, атака «ваўкоў», на флангу з мячом Педру Нету, а ў штрафную забягае форвард Саша Калайджыч, які выйшаў на замену дзве хвіліны таму. Саша паднімае руку, сігналізуючы партнёру, што гатовы прыняць пас. Ідзе падача, Каладжыч адрываецца ад апекі Таркоўскага і галавой перапраўляе мяч у сетку брамы Пікфарда.

Пераможны гол на апошніх хвілінах прынёс не толькі перамогу «Вулверхэмптану», але і шчасце форварду, для якога гэта быў першы гол за 469 дзён. Амаль увесь гэты час аўстрыйскі нападаючы залечваў траўму крыжоў. А яшчэ – гэта быў першы гол Калайджыча за «ваўкоў». Ён прыйшоў у клуб у 2022-м за 15,5 млн еўра са «Штутгарта», але толькі праз год здолеў вызначыцца дэбютным забітым мячом.

Пасля матча галоўны трэнер «Вулвз» Гары О'Ніл сказаў: «Ён вельмі шмат працаваў. Відавочна, што ён усё яшчэ знаходзіцца на шляху вяртання да поўнай фізічнай формы. Аднак на цяперашні момант ён не той, каго можна выкарыстоўваць усе 90 хвілін».

На жаль для форварда, з таго моманту ён так і не змог стаць гульцом стартавага складу. Толькі раз выйшаў у аснове ў АПЛ, хоць і паспеў вызначыцца яшчэ адным голам – забіў пераможны ў гульні з «Борнмутам». І зноў у канцы, і зноў пасля выхаду на замену: на 82-й з'явіўся на поле, на 88-й забіў. Але ў Калайджыча не набралася і 200 хвілін за «Вулверхэмптан» у гэтым сезоне.

Таму зімой ён сышоў у лігу, дзе раскрыў свой талент. «Айнтрахт» арандаваў форварда ў студзені. Тут яго пачалі выкарыстоўваць у ролі асноўнага футбаліста, ён згуляў 6 матчаў за месяц, паспеў вызначыцца голам у Лізе канферэнцый і асістам у гульні з «Дармштатам».

У мінулую суботу ён выйшаў у аснове на матч з «Фрайбургам» (3:3). Але праз некалькі хвілін пасля стартавага свістка ўпаў на газон і схапіўся за калена. Не было нават кантакту з кімсьці з гульцоў суперніка. Калайджыч пакінуў поле ў суправаджэнні медыкаў ужо на 11-й хвіліне, а пазней вярнуўся на лаву з бандажам на калене.

19 лютага на сайце «Айнтрахта» з'явілася навіна – Саша Калайджыч атрымаў разрыў крыжападобных звязкаў. Вельмі непрыемная траўма для любога футбаліста, але для аўстрыйца – утрая непрыемная. Справа ў тым, што гэта ўжо трэці яго разрыў «крыжоў» з ліпеня 2019-га.

Першы ён атрымаў яшчэ ў складзе «Штутгарта», другі – у складзе «Вулвз», і вось трэці – у складзе «Айнтрахта».

Але гэта далёка не ўсе сур'ёзныя траўмы ў кар'еры 26-гадовага нападаючага. Калі адкінуць дробныя пашкоджанні (першае з якіх ён атрымаў яшчэ ў лістападзе 2017-га), то карціна выглядае так:

❌ 8 сакавіка 2018 – 13 верасня 2018 – пералом плюсневай косткі (лячыўся 189 дзён)

❌ 5 лістапада 2018 – 25 лютага 2019 – разрыў сіндэсмозу (лячыўся 112 дзён)

❌ 18 ліпеня 2019 – 6 красавіка 2020 – разрыў крыжападобнай звязкі (лячыўся 263 дні)

❌ 19 жніўня 2021 – 3 студзеня 2022 – траўма пляча (лячыўся 137 дзён)

❌ 4 верасня 2022 – 5 чэрвеня 2023 – разрыў крыжападобнай звязкі (лячыўся 274 дні)

❌ 19 лютага 2024 – разрыў крыжападобнай звязкі

З гісторыяй траўм і статыстыкай Калайджыча можаце азнаёміцца па спасылцы

Да 26 гадоў двухмятровы форвард згуляў 182 матчы за клубы і зборную Аўстрыі. А 159 матчаў прапусціў праз траўмы. І колькасць такіх матчаў яшчэ павялічыцца. Хутчэй за ўсё, нават параўнаецца з колькасцю згуляных матчаў да моманту аднаўлення ад новай сур'ёзнай траўмы. На поле пасля такога вяртаюцца не раней, чым праз паўгода. Але гэта ў найлепшым выпадку. Улічваючы, што гэта ўжо не першы разрыў «крыжоў», аднаўленне можа заняць значна больш часу.

Калі ў студзені Калайджыч сышоў у арэнду, спартыўны дырэктар «Вулверхэмптана» Мэт Гобс сказаў, што аўстрыйскаму форварду «неверагодна не шанцавала» і «найлепшае, што можа адбыцца ў доўгатэрміновай перспектыве для нас з Сашам – гэта каб ён шмат гуляў у футбол». У найбліжэйшы час гэтага, на жаль, не будзе.

Некалькі гадоў таму «Баварыя» разглядала Калайджыча як замену Роберту Левандоўскаму. Цяпер форварду з такім спісам траўм цяжка разлічваць на цікавасць з боку буйных клубаў, нават нягледзячы на тое, што яму ўсяго 26 гадоў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты